Паводле нарвэскае інфармацыйнае агенцыі NTB грамадзянін Фінляндыі ў Нарвэгіі караўся штрафам ажно 99 разоў. Аднак штораз штраф заставаўся нявыплачаным. Такім чынам сума штрафаў, што засталіся бяз выплаты, цалкам склала рэкордную для Нарвэгіі лічбу ў 95 тыс. тамтэйшых каронаў (каля 12 тыс. эўра).
Апошні свой штраф грамадзянін краіны Суомі атрымаў на гэтым тыдні, калі быў затрыманы паліцыянтамі ў аўтобусе ў другім паводле колькасьці насельніцтва нарвэскім месьце Бэргэне за хуліганства і парушэньне грамадзкага спакою.
Як паведамляе нарвэская паліцыя, гэты грамадзянін Фінляндыі быў ужо шматкроць дэпартаваны з Нарвэгіі. Але ён штораз без перашкодаў вяртаўся ў скандынаўскую краіну, бо абедзьве краіны ўваходзяць у Шэнгенскую зону, а таму аніякага памежнага кантролю між Фінляндыяй і Нарвэгіяй няма.
