Портыдж, ЗША – Дзьвюм жанчынам, якія кацілі зламаны аўтамабіль, было высунута абвінавачваньне ў нецьвярозым кіраваньні транспартным сродкам, пасьля таго як іхны аўтамабіль на вельмі нізкай хуткасьці урэзаўся ў іншую машыну, якая знаходзілася на стаянцы.
Як паведамілі ў паліцыі штату Індыяна, 34-гадовая Кэйлін Кізі з гораду Гары пхала заглухлы аўтамабіль, тымчасам яе сяброўка, 32-гадовая Мэліса Фрыдэнбург, кіравала ім зь нязручнага правага сядзеньня. У пятніцу ранкам жанчыны кацілі машыну на стаянку бліжэйшага матэлю.
У паліцыі сьцьвярджаюць, што ў крыві абедзьве жанчыны мелі дозу алькаголю, якая ўдвая перавысіла норму, дапушчальную законам. Нават нягледзячы на той факт, што рухавік быў заглушаны, жанчынам закідваецца кіраваньне ў нецьвярозым стане. Аднак пракурор, які вядзе справу, прызнаўся, што на судзе абвінавачваньню прыйдзецца як сьлед папацець, каб даказаць віну аўтааматарак і аматарак выпіць.
