Старшыня гандлёвай палаты заявіў, што для ўступленьня ў Сусьветную Гандлёвую Арганізацыю (СГА) Расея мусіць зачыніць “пірацкую” інтэрнэт-краму AllOfMP3.com, якая “абкрадае амэрыканскія гуказапісвальныя кампаніі”. Па словах прадстаўніка амэрыканскай гандлёвай палаты Сьюзан Шваб, Расея ня можа зрабіцца чальцом СГА да таго часу, пакуль на яе тэрыторыі існуе сайт, якія настолькі відавочна парушае законы аб абароне інтэлектуальнай уласнасьці.
Згодна з дасьледваньнямі музычнага рынку Вялікай Брытаніі, якое правяло XTN Data у красавіку 2006 года, расейскі сайт AllofMP3.com па памерах продажаў саступае адно iTunes. Са студзеня 2006 года сайт пачаў укладаць наўпроставыя дамовы з праваўладальнікамі і аўтарамі музычных твораў, павялічваючы кошт на творы і пералічваючы аўтарскія ўзнагароды непасрэдна аўтарам і студыям гуказапісу. Але як лічаць спэцыялісты, сайт ёсьць легальным толькі ў адпаведнасьці з расейскімі законамі.
У Расеі ў верасні 2006 года набралі чыннасьць папраўкі ў закон “Аб аўтарскім праве і сумежных правох” ад 9 ліпеня 1993 года. Зьменены закон дазваляў не заключаць дамову з праваўладальнікам (напрыклад, з музыкам ці з гуказапісвальнай кампаніяй), прадаючы празь Інтэрнэт музычныя кампазыцыі, а проста адлічваць частку атрыманых даходаў арганізацыі па калектыўным кіраваньні правамі аўтараў.
Міжнародная фэдэрацыя вытворцаў фанаграмаў ( (IFPI), якая прадстаўляе інтарэсы заходніх рэкорд-лэйблаў (Sony BMG, Universal, Warner Music, EMI ды інш.), у 2005 годзе беспасьпяхова спрабавала судзіцца з AllOfMP3.com. У красавіку 2006 года сайт быў узгаданы ў справаздачы аб гандлёвых бар’ерах, якія перашкаджаюць Расеі ўступіць у СГА, а ў чэрвені намесьнік прадстаўніка прэзыдэнта ЗША на гандлёвых перамовах Вікторыя Эпсінэл нават заявіла, што закрыцьцё расейскага сайта AllOfMP3.com, якія гандлюе мільёнамі mp3 без дазволу праваўладальнікаў, ёсьць ключавой умовай прыняцьця Расеі ў СГА.
Зьмены ў закон былі ўнесеныя ў арт.16 (маёмасныя правы), 37 (правы выканаўца), 38 (правы вытворцы фанаграмаў), надзяліўшы апошніх выключнымі правамі на распаўсюд музычных запісаў празь Інтэрнэт. Чацьвертая папраўка датычыцца арт.39 (выкарыстаньне фанаграмы, апублікаванай у камэрцыйных мэтах, бяз згоды вытворцы фанаграмы і выканаўца), дзеяньне якога распаўсюдзілі на “паведамленьне для агульнага ведама ў інтэрактыўным рэжыме зь любога месца”.
Папраўкі ў заканадаўства набралі чыннасьць, цяпер можна закрываць сайты, якія гандлююць mp3 у парушэньне аўтарскага права, але якім чынам будзе правярацца наяўнасьць дамовы і якім чынам будуць зачыняцца інтэрнэт-крамы, уладальнікі якіх знаходзяцца ці за мяжой, ці зьяўляюцца падстаўнымі асобамі – незразумела.
