Інтэрамэрыканскі Суд па правах чалавека абвясьціў ўнівэрсальнае права на доступ да дзяржаўнай інфармацыі. Гэта ёсьць першым выпадкам падобнага рашэньня на ўзроўні міжнародных судоў.
Сваім рашэньнем Інтэрамэрыканскі Суд па правах чалавека па справе Claude Reyes and others vs. Chile абвінаваціў Чылі ў парушэньні права на доступ да дзяржаўнай інфармацыі. (Справа ўзьнікла ў зьвязку зь нематываванай адмовай на атрыманьне інфармацыі тром экалягічным актывістам, якія хацелі атрымаць зьвесткі аб адным праекце). Рашэньне таксама зазначае абавязак дзяржавы заканадаўча і ня толькі забясьпечваць рэалізацыю права на доступ да інфармацыі, у тым ліку ўсталяваць мінімальныя ўмовы забароны на ажыцьцяўленьне гэтага права (якія мусяць быць мінімальнымі).
Доступ да інфармацыі ёсьць адным з фундамэнтальных правоў чалавека, якое замацаванае ў шматлікіх міжнародных і рэгіянальных дакумэнтах. Гэтае права забясьпечвае ня толькі доступ грамадзянаў да сацыяльна-значнай інфармацыі, але і доступ да інфармацыі, якая непасрэдна датычыцца самога чалавека і можа ўплываць на ягонае жыцьцё. Трэба адзначыць, што гэтае права – права на доступ да інфармацыі – не рэалізуецца належным чынам у шматлікіх краінах, і людзі застаюцца не абароненымі ад парушэньня сваіх правоў. Гэта адбываецца па прычыне недастатковай распрацоўкі заканадаўства і адсутнасьці неабходных мэханізмаў рэалізацыі абароны гэтых правоў. Таму рашэньне Інтэрамэрыканскага Суда па правах чалавека ёсьць значным крокам на міжнародным узроўні ў практычнай рэалізацыі абароны права на доступ да інфармацыі, што дае нам надзею на тое, што ня толькі міжнародныя, але і нацыянальныя судовыя ўстановы прымуць да ўвагі праблемы, узьнятыя Судом, на практычным узроўні.
Для даведкі: Інтэрамерыканаскі Суд па правах чалавека быў створаны для рэалізацыі асноўных правоў і свабодаў, замацаваных у Амэрыканскай канвэнцыі па правах чалавека 1969 года. Гэтак, у 1969 годзе адбылася Спэцыялізаваная Інтэрамэрыканская Канфэрэнцыя па правах чалавека. Дэлегаты краінаў-чальцоў Арганізацыі Амэрыканскіх Дзяржаваў прынялі Амэрыканскую Канвэнцыю па правах чалавека, якая ўзяла сілу 18 чэрвеня 1978 года. Дваццаць пяць Амэрыканскіх нацыяў ратыфікавалі Канвэнцыю.
Для абароны падставовых правоў чалавека на амэрыканскім кантынэнце Канвэнцыя прадугледжвала два органы, адказныя за абароны парушаных правоў: Інтэрамэрыканская Камісія па правах чалавека і Інтэрамэрыканскі Суд па правах чалавека. Пазьней былі распрацаваныя Статут Суда і Рэглямэнт Суда.
