Пакуль у Беларусі вырашаюць пытаньні правапісу, ў паўднёвай суседцы ў сувязі з прыходам да выканаўчай улады прадстаўнікоў Партыі Рэгіёнаў зноў узьнялася пытаньне пра статус расейскай мовы. Нядаўна ў Харкаве судзьдзя Сяргей Лазюк прызнаў законным наданьне расейскай мове статуса рэгіянальнай. Гэты судовы прэцэдэнт паставіў вельмі балючае пытаньне аб адпаведнасьці рэгіянальных гульняў зь дзяржаўнаю моваю дзейнаму ўкраінскаму заканадаўству.
Асаблівасьці моўнай сытуацыі ва Ўкраіне. Калі параўноўваць Украіну зь Беларусьсю, можна знайсьці ў сытуацыях з мовамі тытульных нацый шмат агульнага, але яшчэ больш адрозьненьняў. Агульнае тое, што сярод рэспублік былога СССР за гады савецкай русіфікацыі найбольшая колькасьць прадстаўнікоў тытульнай нацыі, якія не валодаюць моваю сваіх продкаў, сфармавалася ў Беларусі, Украіне і Казахстане. Найбольшыя посьпехі ў справе ўмацаваньня статуса дзяржаўнай мовы з трох гэтых зрусіфікаваных краін дасягнула менавіта Ўкраіна: што адбываецца ў Беларусі нам усім цудоўна вядома, тады як у Казахстане мова тытульнай нацыі, нягледзячы на жорсткую дзяржаўную палітыку, застаецца “аульнаю моваю”, а яе носьбітаў гарадзкія казахі пагардліва называюць “мамбетамі” або “каймакамі” (а іх, ў сваю чаргу казахамоўныя жыхары сялянскай мясцовасьці называюць “шала-казахамі”, “манкуртамі” “аккулакамі”).
Ва Ўкраіне на гэтым фоне ўзровень валоданьня насельніцтвам дзяржаўнаю моваю параўнальна высокі, пры гэтым, па-першае, адзначаецца вялікая колькасьць (больш за 30%) дзьвюхмоўных украінцаў, якія ў побыце карыстаюцца і ўкраінскаю, і расейскаю мовамі, па-другое, дастаткова высокі ўзровень валоданьня дзяржаўнаю моваю нятытульнымі нацыянальнасьцямі (ў першую чаргу, румынамі, малдаванамі, палякамі, уграмі, цыганамі).
Адрозьненьне ўкраінскай сытуацыі ад беларускай, у першую чаргу ў тым, што, калі ў Беларусі ў вёсках нават на памежжы з Расеяю ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласьцях размаўляюць трасянкаю, ва Ўкраіне ёсьць рэгіёны, дзе нават у глухіх сёлах украінцы не размаўляюць па-ўкраінску, і, відавочна, ніколі не размаўлялі. Гэта Крым і Данбас (Данецкая і Луганская вобласьці). Хаця, расейская мова, якою там карыстаюцца, мае рысы “суржыка” – ўкраінскага аналягу трасянкі. Аднак у астатніх рэгіёнах сытуацыя з моваю нашмат лепш, чым у Беларусі, прычым у заходніх вобласьцях нават у гарадах (у тым ліку абласныя центры Львоў і Тэрнопаль) большасьць украінцаў – носьбіты менавіта літаратурнай украінскай мовы, а ня суржыка або мясцовых дыялектаў. Некаторыя дыялекты моцна адрозьніваюцца ад літатарурнага “эталёну”, найбольшыя цяжкасьці у ўзаемапаразуменьні з іншымі ўкраінцамі ўзьнікаюць у гуцулаў і русінаў. Такім жа чынам ва “ўсходнікаў” узьнікаюць праблемы з заходнеўкраінскаю лексыкаю, якая патрапіла ў літаратурную мову: «оренда – аренда», «гелікоптер – вертоліт», «кобіта – жінка».
Афіцыйны статус украінскай мовы. Статус украінскай мовы рэглямэнтуецца законам “Пра мовы ва Ўкраінскай ССР”, які быў прыняты ў 1989 годзе. Паводле гэтага закону, ўкраінская мова зьяўляецца дзяржаўнаю, пры гэтым гарантуецца развіцьцё і абарона расейскай мовы і моваў нацыянальных меншасьцяў. Паводле Канстытуцыі Ўкраіны ад 1996 году, ўкраінская мова зьяўляецца адзінаю дзяржаўнаю і абавязковым сродкам стасункаў на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны пры ажыцьцяўленьні паўнамоцтваў органамі дзяржаўнай улады і органамі мясцовага самакіраваньня. Аднак расейская і іншыя мовы, у залежнасьці ад рэгіянальнай спэцыфікі, могуць выкарыстоўвацца ў гэтай сфэры ў дзейснасьці мясцовых органаў выканаўчай улады, органамі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і органамі мясцовага самакіраваньня. Да таго ж, ч.5 арт. 53 Канстытуцыі Ўкраіны гарантуе нацыянальным меншасьцям права на навучаньне роднаю моваю.
У Аўтаномнай Рэспубліцы Крым расейская мова зьяўляецца моваю міжнацыянальных стасункаў. Дарэчы, пры “нацыяналісьце” Краўчуку ва ўкраінскай канстытуцыі расейская мова мела аналягічны статус, аднак расейскамоўны Кучма чамусьці скасаваў гэту пункт. Мовамі афіцыйных дакумэнтаў, якія вызначаюць статус грамадзяніна, ў аўтаноміі зьяўляюцца ўкраінская, расейская і крымскататарская. Ў астатнім моваю афіцыйных стасункаў зьяўляецца ўкраінская, аднак дэ-факта ўнутры АРК гэтую функцыю выконвае расейская мова. У абмежаваных колах усе гэтыя функцыі выконвае крымскататарская мова. Шапкі афіцыйных дакумэнтаў і шыльды на дзяржаўных установах выконваюцца на ўсіх трох мовах. Вуліцы ў прадмесьцях Сімфэропаля, Белагорска, некаторых іншых гарадоў і мястэчкаў названыя нярэдка толькі крымскататарскаю моваю, на ўкраінскую назвы не перакладзеныя.
Ва ўкраінскім заканадаўстве не даецца вызначэньня тэрміну “рэгіянальная мова”. Аднак гэты тэрмін утрымліваецца ў законапраектах, напрыклад, дэпутата Кучарэнкі ад 25.01.11. і законапраекце “Аб гарантаваньні вольнага разьвіцьця, выкарыстаньня і абароны расейскай мовы, а таксама рэгіянальных моў або моў меншасьцяў ва Ўкраіне” ад 25.02.2005. Паводле Кучарэнкі, “рэгіянальнымі мовамі ёсьць мовы, якія традыцыйны выкарыстоўваюцца ў межах пэўнай тэрыторыі грамадзянамі Ўкраіны, якія складаюць групы, колькасьцю меншыя, чым рэшта насельніцтва Украіны”. Што гэта за мовы, не тлумачыцца, аднак падкрэсьліваецца, што расейская мова мусіць быць афіцыйнаю (досыць размыты тэрмін) на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны. У другім законапраекце пералічаныя наступныя мовы: крымскататарская, малдаўская, вугорская, румынская, баўгарская, беларуская, гагауская, польская, грэцкая, нямецкая, габрэйская, славацкая. Расейская мова, зноў жа, стаіць асобна, і, фактычна, мае статус вышэйшы за статус мовы міжнацыянальных стасункаў.
У Законе Ўкраіны “Аб ратыфікацыі Эўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў, або моваў меншасьцяў” таксама фігуруюць толькі мовы меншасьцяў, а не рэгіянальныя мовы. Пералічаныя наступныя мовы: беларуская, баўгарская, гагауская, грэцкая, габрэйская, крымскататарская, малдаўская, нямецкая, польская, расейская, румынская, славацкая і вугорская. Пры гэтым чамусьці ў сьпіс не патрапілі караімская, крымчацкая, цыганская, урмачэльская, урумская, армянская мовы, нягледзячы на тое, што караімы, крымчакі і ўрумы (марыупальскія грэкі, якія размаўляюць моваю, блізкаю да крымскататарскай) – народы, для якіх не існуе другой бацькаўшчыны, акрамя Ўкраіны, сюды ж можна аднесьці і урмачэль – крымскіх цыганаў.
Каго абараняе Эўрапейская хартыя? Эўрапейская хартыя рэгіянальных моў або моў меншасьцяў была ратыфікаваная Вярхоўнаю Радаю з чацьвёртага разу, толькі ў 2005 годзе пасьля беспасьпяховых паспрабаваньняў у 1999, 2001, 2002 гадах. Чамусьці з Хартыі ва ўкраінскай рэдакцыі быў выключаны пункт аб тым, што “абарона і разьвіцьцё рэгіянальных моў або моў меншасьцяў не павінныя шкодзіць афіцыйным мовам і неабходнасьці вывучаць іх”. Таксама Хартыя прызнае праўную роўнасьць моваў нацменшасьцяў незалежна ад колькасьці кожнай меншасьці. Але, нягледзячы на гэта, расейская мова займае ў законах адметнае месца. Нікому, напрыклад, не прыйшло ў галаву зрабіць у Данецкай вобласьці ўрумскую мову рэгіянальнай, а ў Адэскай вобласьці правесьці аналягічную заканадаўчую працэдуру з ідышам, малдаўскаю, гагаускаю, грэцкаю, армянскаю, баўгарскаю мовамі. Усім вядома, зь якімі цяжкасьцямі ў АРК адбываецца нацыянальнае адраджэньне крымскіх татар, колькі разоў адыёзны “Расейскі блёк” (які ачольвае напалову баўгарын, напалову габрэй Сяргей Цэкаў) патрабаваў у парлямэнце аўтаноміі зачыніць крымскататарскую радыёстанцыю “Мейдан FM”.
У выніку, мы прыйшлі да таго, што зь гледзішча міжнароднага заканадаўства, наданьне асаблівага статусу выключна расейскай мове зьяўляецца ня толькі парушэньнем арт. 10 Канстутуцыі Ўкраіны, паводле якога дзяржаўнаю моваю на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны зьяўляецца ўкраінская, але і Хартыі, паводле якой усе мовы меншасьцяў роўныя паміж сабою. Да таго ж, расейскую мову на тэрыторыі Ўкраіны можна разгледжваць як пашыраную ва Ўкраіне цераз калянізацыю, мяшаныя шлюбы, абмен спэцыялістамі і урбанізацыю, шматлікія заканадаўчыя забароны ў часы Расейскай Імпэрыі і Савецкага Саюзу. Таму расейская мова ня можа лічыцца ва Ўкраіне рэгіянальнаю, яна можа мець толькі статус мовы міжнацыянальных стасункаў. Ва Ўкраіне ёсьць толькі адзінае месца кампактнага пражываньня расейцаў – Аўтаномная Рэспубліка Крым, дзе расейская мова зьяўляецца афіцыйнаю.
Да таго ж, дзеяньні мясцовых адміністрацый ва ўсходніх рэгіёнах – наўмысная пагарда да 4 і 5 артыкулаў Хартыі, якія абвяшчаюць: “Нічога ў гэтай хартыі ня можа тлумачыцца як такое, што абмежвае альбо парушае якія-небудзь правы, гарантаваныя Эўрапейскаю канвэнцыяю па правах чалавека… ўключаючы прынцып сувэрэнітэта і тэрытырыяльнай цэласнасьці дзяржавы”.
