Вялікая Брытанія атрымала яшчэ адну перамогу ў доўгачасовай барацьбе з Гішпаніяй з пытаньня статусу Гібралтара. У аўторак Эўрапейскі Вярхоўны суд прызнаў выбарчыя правы жыхароў Гібралтара, якія цяпер могуць браць удзел у агульнаэўрапейскіх выбарах, як і грамадзяне краіны-чальца Эўразьвязу.
Дагэтуль грамадзяне гэтай брытанскай заморскай тэрыторыі ня бралі ўдзел у выбарах у Эўрапейскі парлямэнт. Вялікая Брытанія ўключыла жыхароў Гібралтара ў паўднёва-заходнюю акругу, што выклікала рэзкую незадаволенасьць Мадрыда. У 2003 годзе Вялікая Брытанія ўнесла зьмены ў свае законы, якія датычацца выбарчага права, што дазволіла жыхарам Гібралтара ўдзельнічаць у эўрапейскіх выбарах, нават калі яны не зьяўляюцца грамадзянамі Эўрапейскага Зьвязу.
Гішпанія падала скаргу ў Суд з мэтай давесьці незаконнасьць гэтых дзеяньняў. У выніку Суд абвесьціў, што кожная дзяржава мае права вызначаць тых, хто можа ўдзельнічаць у выбарах у Эўрапейскі Парлямэнт. Гішпанскі бок настойваў на тым, што Вялікая Брытанія парушыла эўрапейскае заканадаўства, калі ўключыла Гібралтар у сваю паўднёва-заходнюю акругу. Але гэтая пазыцыя таксама была адхіленая судзьдзямі. Гішпанія, якая на працягу трохсот год прэтэндуе на Гібралтар, зьвярнулася ў Эўрапейскі Вярхоўны суд з пратэстам.
Нягледзячы ні на што, гішпанскі бок і Вялікая Брытанія вядуць перамовы па пытаньні Гібралтара. У панядзелак у Кардобе Вялікая Брытанія, Гішпанія і Гібралтар падпісалі трохбаковае пагадненьне, адзным з важнейшых пунктаў якога зьяўляецца гістарычнае рашэньне аб супольным выкарыстаньні аэрапорта Гібралтара. Пагадненьне было падпісанае міністрам замежным справаў Гішпаніі Miguel Angel Moratinos, брытанскім міністрам па справах Эўропы Geoffrey Hoon і кіраўніком урада Гібралтара Peter Caruana. Гэтая дамова ёсьць вынікам папярэдніх двухгадовых перамоваў, якія адбываліся ў межах трохбаковага форуму па Гібралтары, які быў створаны ў 2004 годзе пасьля прыходу да ўлады ў Гішпаніі Сацыялістычная працоўнай партыі. Сытуацыя вакол Гібралтара заставалася напружанай праз адмову на рэфэрэндуме 2002 года ад плянаў пераходу тэрыторыі пад супольна гішпанска-брытанскае кіраваньне.
Гібралтар, калёнія на поўдні Гішпаніі, адышла да Вялікай Брытаніі ў 1713 годзе згодна з Утрэхцкім мірным пагадненьнем. Аднак Гішпанія да цяперашняга часу прэтэндуе на вяртаньне гэтай тэрыторыі. Штодня блізу чатырох тысячаў гішпанцаў перасякаюць мяжу Гібралтара. Сучасная дамова дапаможа вырашыць сумесныя праблемы выкарыстаньня гібралтарскага аэрапорта, спрашчэньня перасячэньня межаў бяз пашпартнага кантролю, выплаты пэнсіяў і мадэрнізацыі камунікацыяў.
Паводле: www.euronews.net
