Нагадаем, што непрызнанае Прыднястроўе, якое ўзначальвае Ігар Смірноў (які называе сябе “прэзыдэнтам”) займае ўсяго адну восьмую ад тэрыторыі Малдовы, але выпрацоўвае 40 % яе прамысловай вытворчасьці. Прыднястроўе ёсьць вузкай паласой тэрыторыі на левым беразе ракі Дняпро, якая мяжуе з Украінай. У 1991 годзе ПМР абвясьціла сваю незалежнасьць ад Малдовы. З таго часу яна карыстаецца вайсковай, палітычнай і фінансавай падтрымкай Расеі. Міратворчую ролю тут адыгрывае 14-я расейская армія. З тых часоў права на “незалежнасьць рэспублікі” не падтрымала ніводная з эўрапейскіх ўрадавых структураў, а напярэдадні плебісцыту Брусэль заявіў, што не прызнае яго вынікаў.
На рэфэрэндум былі вынесеныя два пытаньні:
1. Ці падтрымліваеце Вы курс на незалежнасьць Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі і далейшае далучэньне Прыднястроўя да Расеі?
2. Ці лічыце Вы магчымым адмову ад незалежнасьці Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі з далейшым уваходжаньнем у склад Малдовы?
Па першым пытаньні рэферэндума “за” выказаліся 97,1 %, “супраць” 2,3 %. Па другім пытаньні “супраць” выказаліся 94,6 %, “за” – 3,4 %.
Міжнародныя назіральнікі, якія бралі ўдзел у маніторынгу рэферэндума, падпісалі ў нядзелю заключэньне, у якім адзначаецца, што “падчас рэферэндума парушэньня прынцыпаў усеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні не было выяўлена”. “Прынцып правядзеньня выбараў выбарчымі органамі напоўніцу рэалізаваны, фактаў уплыву на іх дзейнасьць з боку органаў дзяржаўнай улады Прыднястроўскай Малдаўскай рэспублікі і органаў мясцовага самакіраваньня не зафіксавана,” – адзначаецца ў заключэньні. Падчас усенароднага апытаньня, па меркаваньню міжнародных назіральнікаў, “выконваліся прынцыпы свабодных і справядлівых выбараў, прынцып адкрытасьці і галоснасьці рэферэндума ў дастатковай ступені рэалізаваны, інфармацыя, у тым ліку афіцыйная, аб рэферэндуме была даступная ўсім зацікаўленым асобам”. У маніторынгу ўдзельнічалі больш за 130 міжнародных назіральнікаў з краінаў СНД і Заходняй Эўропы.
Міністэртсва замежных справаў і эўрапейскай інтэграцыі (МЗСЭІ) Малдовы заявіла, што не прызнае вынікі гэтага рэферэндума. Па словах кіраўніка МЗСЭІ А.Стратана, малдаўскія ўлады “дамагаюцца дэмакратызацыі прыднястроўскага рэгіёна, а Міністэрства будзе і далей праводзіць палітыку рэінтэграцыі краіны”.
Эўрапейскі Зьвяз не прызнаў рэферэндум у ПМР. “Эўрапейскі Зьвяз у любым выпадку ня можа прызнаць ні сам рэферэндум, ні ягоныя вынікі” – сказаў прадстаўнік Эўракамісіі Pietro Petrucci журналістам у панядзелак у Брусэлі. Пры гэтым ён зазначыў той факт, што ПМР не прызнаная як незалежнае недзяржаўнае стварэньне “ніводнай з краінай сьвету”.
У любым выпадку цікава – які статут можа мець ПМР у складзе Расеі і за якую незалежнасьць аддавалі свае галасы жыхары Прыднястроўя? Час пакажа.
