У Беларусі з 17 чэрвеня набылі моц новыя правілы раздробнага гандлю нехарчовых тавараў, якія ўжо былі ў выкарыстанні. У адпаведнасці з пастановай Рады Міністраў Беларусі ад 6 сакавіка 2006 г. №317 гандаль імі будзе ажыццяўляцца толькі ў гандлёвых аб’ектах, якія былі ўзгодненыя з тэрытарыяльнымі органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду.
Паводле новых правілаў, у кожным гандлёвым аб’екце, дзе будуць прадавацца рэчы, якія ўжо былі ў выкарыстанні, трэба стварыць спецыялізаваныя секцыі ці аддзелы. Тавары, якія ўжо былі ў выкарыстанні, павінны прайсці перадпродажную падрыхтоўку: агляд тавараў, сартаванне паводле відаў, ступені зносу, праверку якасці (па знешніх прыкметах), працаздольнасці тавараў, камплектнасці. Пры неабходнасці таксама праводзіцца хімічная чыстка, мыццё і прасаванне тавараў.
Сама галоўнай навацыяй правілаў ёсць новы пералік прадметаў сэканд-хэнду, якія ніякім чынам не могуць прадавацца ў раздроб на тэрыторыі Беларусі. У прыватнасці, гэта прадметы асабістай гігіены, тавары для навароджаных, прадметы жаночага туалету, бялізна, цацкі, парфума, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, посуд разавага выкарыстання, газавая апаратура без агляду адпаведных службаў газавай гаспадаркі, скуры звяроў без адпаведнай маркіроўкі вытворцы.
Акрамя таго, зараз уся інфармацыя, якая характаразуе становішча тавару, у тым ліку яго недахопы, павінна пазначацца на цэтліку ці іншым дакуменце. Калі набываюцца тэхнічна складаныя тавары, пакупнік павінен таксама атрымаць гарантыйны талон, які сцвярджае права пакупніка на выкарыстанне рэштаў гарантыйнага тэрміну.
