Еўрапейскі Звяз ёсць адным з найбольш адданых абаронцаў правоў чалавека як ў Еўропе, так і па-за яе межамі. Але ці выконвае Звяз сам тыя абавязкі, якія накладае на іншых? У рэзалюцыі, якая ацэньвае штогадовы даклад Рады ЕЗ у правах чалавека ў свеце ў 2005 годзе, прадстаўнікі Еўрапарламенту рагледзілі спецыяльныя кірункі дзейнасці, якія ладзіць ЕЗ па ўсім свеце, каб знайсці, што трэба палепшыць.
У адрозненні ад мінулых гадоў, даклад гэтага году не толькі акрэслівае існую агульную сітуацыю з правамі чалавека, але і яскрава ацэньвае дзеянні ў прапагандзе і спрыянню правоў чалавека. Ён, у першую чаргу, вылучае сферы, дзе дзейнасць Рады заслугоўвае пашаны. Напрыклад, намаганні супрацьстаяць выкарыстанню смяротнага пакарання і стымуляваць свабоду выяўлення падчас Прэзідэнцтва Злучанага Каралеўства; абяцанні “працягваць практыку дэмаршаў у дачыненні да ўсіх міжнародных партнэраў ЕЗ што да ратыфікавання міжнародных канвенцыяў, якія забараняюць выкарыстанне катаванняў” падчас Прэзідэнцтва Аўстрыі.
Прадстаўнікі ад ЕП з задавальненнем прынялі ўключэнне пытанняў правоў чалавека ў Еўрапейскую Палітыку Добрасуседства (ЕПД) і адзначаюць “узрослую эфектыўнасць назіральніцкай дзейнасці ЕЗ падчас выбараў”. Яны таксама ўхвалілі дзеяніі Рады стасоўна накладання санкцыяў на Ўзбекістан у мінулым годзе, ізноў агучылі свае асуджэнне рэпрэсій у Этыёпіі і парушэнняў правоў чалавека ў Тунісе.
Тым не менш, даклад тычыцца “пагаршэння сітуацыі ў Дарфуры”, “парушэнняў правоў чалавека” ў Кітаі, “пазасудовых смяротных пакаранняў, знікненняў і катаванняў падчас пазбаўлення волі ў Чачэніі”, і “вельмі дрэннай сітуацыі з правамі чалавека ў Іране”. Выказваецца занепакоенасць наконт парушэнняў правоў чалавека ў Іраку, але ў той жа час дэпутаты ўхвальваюць з’яўленне новага ўраду ў гэтай краіне. Акрамя таго, Парламент звярнуўся да Рады і Камісіі з патрабаваннем “заклікаць урад ЗША неадкладна зачыніць цэнтр затрыманняў у Гуантанама” і прадаставіць затрыманым справядлівае судовае разбіральніцтва.
Даклад таксама адзначае, што “мае месца агульная няздольнасць Еўрапейскага Звязу сістэматычна і заўсёдна выказваць занепакоенасць наконт парушэнняў правоў чалавека” і што “дзейнасць ЕЗ у ААН у гэтай сферы вельмі аднабаковая”. Дэпутаты ЕП патрабуюць “больш упарадкаванай сістэмы санкцыяў”, якія магчыма прымяняць да краінаў, якія парушаюць палажэнні пагадненняў з ЕЗ датычна правоў чалавека.
У будучых штогадовых дакладах Рады ЕЗ Парламент жадае бачыць ліст “краінаў асаблівай занепакоенасці”, які б утрымліваў пералік выпадкаў дыскрымінацыі на падставе этнічнай ці рэлігійнай прыналежнасці, полу ці сэксуальнай арыентацыі. Больш за тое, Парламент выказаў недвусэнсоўнае жаданне браць больш актыўны ўдзел у распрацоўцы штогадовых дакладаў і еўрапейскай палітыкі дачынена правоў чалавека наагул.
