У Луганскай вобласьці Ўкраіны адбыліся цікавыя судовыя слуханьні. Прычына – ініцыятыва кіраўніка Луганскай абласной рады Валера Галенкі па скліканьні адмысловай сэсіі абласной рады, прысьвечанай прапанове надаць расейскай мове ў вобласьці асаблівы статус. Фактычна, сп. Галенка ініцыяваў увядзеньне афіцыйнага білінгвізму ў адной асобнай вобласьці Ўкраіны.
Аднак ініцыятыва выклікала шырокі грамадзкі пратэст. Апанэнтам сп. Галенкі выступіў кіраўнік Луганскай аблдзяржадміністрацыі. Дасьціпнасьць сытуацыі ў тым, што абаронца ўкраіншчыны на Луганшчыне мае характэрнае прозьвішча – Маскаль.
Пячэрскі раённы суд Кіева задаволіў позыў кіраўніка Луганскай аблдзяржадміністрацыі Генадзя Маскаля да кіраўніка Луганскай абласной рады Валера Галенка.
Адпаведнае рашэньне было ўхвалена ўчацьвер, паведамляюць украінскія СМІ.
Дзякуючы гэтай ухвале спыніла дзеяньне распараджэньне Галенка “Аб правядзеньні другой сэсіі абласной рады пятага скліканьня”.
На яе разгляд было вынесена пытаньне пра выкарыстаньне расейскай мовы на тэрыторыі Луганскай вобласьці ды звароту кіраўніка Луганскай адміністрацыі аб зьдзяйсьненьні паўнамоцтваў, дэлегаваных абласной радай пра выкарыстаньне праграмаў сацыяльна-эканамінага ды культурнага разьвіцьця вобласьці за першы квартал 2006 р.
Ухвала мусіць быць нябаўна выкананая. Папярэдні разгляд справы прызначаны на 16 траўня 2006 року.
Дакумэнты перададзеныя ў пракуратуру Луганскай вобласьці для ўсталяваньня пракурорскага нагляду за хадой сэсіі абласной рады, якая заплянаваная на 25 чэрвеня 2006 року.
Таксама копіі судовых ухвалаў перададзеныя адказьніку для нябаўнага выкананьня.
Як вядома, раней прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў пагражалі выказаць недавер губэрнатару Маскалю.
