17 сакавіка грузінскі парлямэнт прыняў пастановы дзьве пастановы “Аб стварэньні дзяржаўнае камісіі ў справе падліку ўрону, які панесла Грузія ў выніку абхаскага і паўдзённа-асэтынскага канфліктаў” і “Аб аб’яўленьні міжнароднага тэндэру на вызначэньне праўнае фірмы, што рэпрэзэнтавацьме інтарэсы Грузіі ў Эўрапейскім судзе ў правох чалавека ў справе аб пакрыцьці ўрону, які панесла Грузія ў выніку абхаскага і паўдзённа-асэтынскага канфліктаў”.
Праекты гэтых пастановаў былі распрацаваныя камісіяй парлямэнту ў пытаньнях аднаўленьня тэрытарыяльнае цэласьці Грузіі. Парлямэнт краіны адзінагалосна падтрымаў прапанаваныя камісіяй дакумэнты.
У папярэдніх ацэнках пазоў складацьме 15 мільярдаў даляраў. Паводле старшыні камісіі ён будзе скіраваны супраць Расеі і расейскіх кампаніяў, што ад пачатку 90-х гадоў і дагэтуль ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць на тэрыторыях, што і надалей застаюцца непадкантрольнымі Тбілісі. Паводле парлямэнтароў, адказнасьць нясе Расея, што ажыцьцяўляе фактычны кантроль над памянёнымі тэрыторыямі.
Застаецца нагадаць, што ў Абхазыі і Паўдзённай Асэтыі знаходзяцца расейскія міратворчыя сілы. Тбілісі абвінавачвае Расею ў падтрымцы абхаскага і паўдзённа-асэтынскага рэжымаў (што супярэчыць рашэньню саміту СНД аб забароне любых кантактаў з сэпаратыстамі), у той час як Масква цьвердзіць, што гэтыя кантакты адбываюцца на недзяржаўным узроўні. Тым ня меней, большасьць палітыкаў прызнае, што Абхазыя і Паўдзённая Асэтыя сталіся інструмэнтам для ціску Расеі на Грузію.
