13 сакавіка расейскі прэзыдэнт Пуцін падпісаў фэдэральны закон “Аб рэкляме”. Гэты закон рэгулюе агульныя патрабаваньні да рэклямы і ейнага распаўсюду, абмяжоўвае рэкляму паасобных відаў тавараў, а таксама вызначае падставы дзяржаўнага кантролю ў гэтай сфэры.
Закон месьціць шэраг навацыяў. Так, адгэтуль спонсарам можа быць выключна фізычная ці юрыдычная асоба, што зробіць немажлівай рэкляму паасобных тавараў у якасьці спонсару таго ці іншага мерапрыемства. Акрамя таго забараняецца рэкляма гэтак званых парасонавых брэндаў. У гэтым выпадку замест аднаго тавару прапагандуецца іншы, рэкляма якога забароненая ці абмежаваная. Найперш гэтая забарона датычыць алькагольных вырабаў.
У той жа час закон накладае абмежаваньні што да рэклямы алькаголю ў СМІ. Так, забаронена рэклямаваць алькагольныя напоі на першых і апошніх палосах газэтаў і часопісаў. Акрамя таго не дапушчальнай ёсьць рэкляма алькаголю, слабаалькагольных кактэйляў і тытуню ў тэлевізіі, вонкавай рэкляме ды на ўсіх відах транспартных сродкаў. Закон забараняе дэманстрацыю працэсаў паленьня ці ўжываньня алькагольных напояў у якой-кольвек рэкляме. Больш жорстка рэгулюецца адгэтуль і рэкляма піва. Вытворцам гэтага напою забаранілі фундаваць спартовыя мерапрыемствы. У дадатак закон прадугледжвае забарону на сумяшчэньне рэклямы з дарожнымі знакамі ў абодвух напрамках руху.
Акрамя таго зьмяніліся патрабаваньні што да рэклямы лекаў, у якой забаронена выкарыстоўваць вобразы мэдычных работнікаў. Гэтаксама абмежоўваецца ўжываньне вобразаў непаўнагадовых ў рэкляме алькаголю, тытуню ды іншых тавараў, што могуць стацца сацыяльна шкоднымі. Заканадаўца спрабуе не дапусьціць “дыскрэдытацыі аўтарытэту бацькоў” праз тое, што забараняе рэклямы, ў якіх дзеці пераконваюць бацькоў набыць той альбо іншы тавар.
З 2008 году колькасьць рэклямы ў расейскіх электронных мэдыях ня мусіць сягаць 15% адсоткаў ад этэрнага часу на гадзіну. Такім чынам рэклямны блёк не перавышацьме 4 хвілінаў, а агулам на ўсялякія віды рэклямы пакідаецца ня больш за 9 хвілінаў на гадзіну. Больш за тое, трансляцыю рэклямы мае папярэджваць паведамленьне аб гэтым.
Выкананьне расейскага заканадаўства аб рэкляме кантралявацьме Фэдэральная антыманапольная служба, якая мае на гэта адпаведныя паўнамоцтвы.
