У чацвер (24.02.2006) прайшла першая сесія заўсёднага камітэта ЕП, які раследуе меркаваны ўдзел ЦВУ ЗША ў незаконным ўтрыманні вязняў у Еўропе. Няўрадавыя арганізацыі і афіцыйныя асобы ізноў абвясцілі аб значнай колькасці істотных сведчанняў палётаў летакоў ЦВУ праз тэрыторыю ЕЗ.
Няма “ніякіх сумневаў”, што адміністрацыя Дж.Буша-мал. брала ўдзел у выкраданні і сакрэтных утрыманнях людзей, заявіла падчас сесіі спн.Джоан Марынэр – спецыяльна запрошаная экспертка па тэрарызму ад Human Rights Watch. Важным ёсць таксама спрыянне і дапамога ў гэтых справах з боку еўрапейскіх урадаў. На думку спн. Марынэр, сведчаннем выкарыстання тэрыторыі краінаў Еўропы можа быць, напрыклад, задакументаваны факт пералёту летака ЦВУ з Кабулу (Афганістан) у паўночна-ўсходнюю частку Польшы 22 верасня 2003 года, які на наступны дзень прызямліўся на вайсковым аэрадроме ў Румыніі, а потым накіраваўся да затокі Гуантанама. У якасці крыніцаў яе звестак спн.Марынэр назвала “запісы, планы палётаў і бартавыя часопісы”. Таксама было адзначана, што да сённяшняга дню ніхто не бачыў затрыманых асобаў, акрамя тых, хто іх утрымлівае, і ўся інфармацыя аб іх прыходзіць з ускосных крыніцаў.
На сесіі прагучала пытанне аб наяўнасці відавочнай адказнасці кіраўніцтва Еўрапейскага Звязу за дадзеныя выпадкі, асабліва пасля прыняцця ў 2003 годзе пагаднення паміж ЕЗ і ЗША аб пашырэнні выкарыстання тэрыторыі краінаў ЕЗ дзеля забеспячэння вяртання злачынцаў і непажаданых замежных грамадзянаў. Менавіта яно, на думку некаторых з удзельнікаў сесіі, стала стартавай кропкай для існуючай сітуацыі, бо ўздымае пытанне, якім чынам ЗША адрозніваюць злачынцаў і непажаданых замежнікаў ад сумленных гармадзянаў.
Па падліках арганізацыі Amnesty International, існуе каля 800 задакументаваных выпадкаў палётаў над Еўропай, якія могуць мець сувязь з Цэнтральнаю Выведнаю Ўправай ЗША. Зразумела, што не ўсе яны непасрэдна звязаны з перавозкамі вязняў. Паводле дадзеных, якімі зараз валодаюць няўрадавыя арганізацыі, толькі ў 4 выпадкаў сапраўды перавозіліся людзі.
Самым вядомым з гэтых выпадкаў ёсць справа выкрадання мусульманскай духоўнай асобы Абу Амара, які ў лютым 2003 года быў схоплены на адной з вуліцаў Мілану (Італія). Перад тым, як апынуцца ў Егіпце, дзе яго доўгі час катавалі, Амар прызямляўся на вайсковых аэрадромах у гарадах Авіана (Італія) і Рамштайн (Нямеччына). Спецыяльны дакладчык рады Еўропы сп.Дык Марты назваў справу Амара “паказальнай”, таму што яна адлюстроўвае стратэгію і метадалогію, якія выкарыстоўваюцца ва ўсіх выпадках выкрадання людзей.
Напрыканцы сваёй прамовы дакладчык падкрэсліў, што “афіцыйныя асобы ЗША прызналі існаванне фактаў выкрадання людзей і выкарыстання тэрыторыі ЕЗ”. Дзяржаўны Сакратар ЗША спн.Кандаліза Райс назвала гэта “спосабам аховы грамадзянаў ЗША”. Акрамя таго, спн. Райс адзначыла, што “ЗША заўсёды прызнавалі суверэнітэт краінаў-чальцоў Еўрапейскага Звязу”, і з гэтага, на думку сп. Марты, вынікае, што “нехта на пэўных узроўнях нацыянальных урадаў краінаў ЕС павінен быў ведаць аб усіх выпадках перавозкаў асобаў”.
