Адной з самых значных міжнародных навінаў суботы і, напэўна, апошніх месяцаў стала прыняцце МАГАТЭ рашэння аб cкіраванні ў Раду Бяспекі ААН усіх дадзеных аб дзеяннях, якія Іран ажыццяўляе ў межах сваёй праграмы ва ўзбагачэнні ўрану. Падставай для вынясення гэтага рашэння сталася, як замацавана ў самой рэзалюцыі, "адсутнасць упэўненнасці ў тым, што іранская праграма ажыццяўляецца выключна з мірных мэтаў".
МАГАТЭ аб’ядноўвае 35 краінаў свету, у тым ліку і Беларусь, і зараз менавіта ад яго залежыць перспектывы развіцця стасункаў міжнароднай супольнасці і Ірана. Сённяшняе рашэнне МАГАТЭ прадастаўляе магчымасці для ўсебаковага разгляду справы адным з вядучых органаў ААН – Радай Бяспекі, якая, як вядома, мае права ўводзіць эканамічныя і палітычныя санкцыі.
27 з 35 чальцоў МАГАТЭ сёння прагаласавалі за скіраванне справы Ірана ў Раду Бяспекі, у тым ліку, краіны ЕЗ, ЗША, Кітай, Індыя і Расія. Пры гэтым, Расія і Кітай пагадзіліся з рэзалюцыяй МАГАТЭ толькі пры ўмове, што Рада не пачне разгляд справы раней за сакавік 2006. Куба, Сірыя і Венесуэла былі тымі краінамі, што галасавалі супраць рэзалюцыі. Яшчэ пяць дзяржаваў свету – Алжыр, Беларусь, Інданэзія, Лівія і ПАР – выкарысталі свае права ўстрымацца ад прыняцця рашэння.
Па сутнасці рэзалюцыя МАГАТЭ патрабуе ад Ірана:
1. Яшчэ раз спыніць на пэўны час узбагачэнне ўрану і звязаных з гэтым дзеянняў;
2. Разгледзець прапанову не будаваць рэактар на цяжкай вадзе, бо ён можа выкарыстоўвацца ў якасці крыніцы плутонію для ядравай зброі;
3. Афіцыйна прыняць пагадненне з МАГАТЭ аб яшчэ большай супрацы з інспектарамі арганізацыі;
4. Прадаставіць МАГАТЭ яшчэ большыя паўнамоцтвы для разгляду іранскай атамнай праграмы.
Афіцыйныя прадстаўнікі Ірана не пагадзіліся з рэзалюцыяй МАГАТЭ і паабяцалі ажыццявіць неадкладныя дзеянні ў адказ: спыніць супрацу з інспектарамі МАГАТЭ і распачаць дзеянні ў паўнамаштабным ўзбагачэнні ўрану. Яшчэ ў пятніцу было агучана меркаванне іранскага боку, што пасля прыняцця рэзалюцыі аб скіраванні справы ў Раду Бяспекі Іран пакіне разглядаць прапанову міжнароднай супольнасці ажыццяўляць узбагачэнне ўрана на тэрыторыі Расіі. Аднак сёння прадстаўнікі Ірана заявілі аб працягу супрацы ў гэтым напрамку.
Як ужо адзначалася вышэй, Беларусь апынулася сярод краінаў, якія ўстрымаліся ад галасавання ў пытанні. Такая пазыцыя можа быць растлумачана пэўнымі знешнепалітычнымі, і эканамічнымі чыннікамі. Як вядома, да Ірана на Беларусі ставяцца даволі добра і наша краіна яшчэ раз прадэманстравала нежаданне губляць сваіх замежных партнёраў. Акрамя таго, сам факт недалучэння Беларусі да аднаго з меркаванняў у пытанні (За ці Супраць) ніякім чынам істотна не паўплываў на прыняцце рэзалюцыі, што было відавочна з самага пачатку. Але такі падыход адразу быў ахарактэрызаваны як мяккая форма нязгоды з палітыкай МАГАТЭ і міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Ірана.
