У спавешчанні ўплывовай міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch за 2005, якое пабачыла свет у першай палове студзеня, фігуруюць 66 краінаў, у тым ліку Беларусь, Расія і Украіна. Асобная частка прысвечаная Злучаным Штатам Амерыкі.
Спавешчанне Human Rights Watch за 2005 можна ахарактарызавацьяк песімістычнае і адначасова сенсацыйнае. Упершыню арганізацыя гэтак шмат увагі надае асобнай краіне, якую публічна абвінавачвае ва ўхваленні катаванняў на дзяржаўным узроўні і правядзенні палітыкі падвойных стандартаў на міжнароднай арэне. Гэтай краінай, дзеянні якой шырока абмяркоўваюцца ў прадмове дырэктара HRW Кенэта Рота, стаюцца ЗША.
Прэтэнзіі прадстаўнікоў Human Rights Watch да Беларусі змешчаныя на 5 старонках. Структурна артыкул, прысвечаны нашай дзяржаве, падзелены на наступныя 6 раздзелаў: палітычныя свабоды, свабода СМІ, умяшальніцтва ў справы НДА, праваабарончая дзейнасць, лёс "зніклых" і стаўленне да сітуацыі ў краіне ключавых міжнародных актараў. У ім згаданыя асноўныя палітычныя і сацыяльныя падзеі мінулага году, што мелі дачыненне да сферы правоў чалавека.
З краінаў-суседзяў Беларусі, у спавешчанні згаданыя толькі Расія і Украіна. На 7 старонках артыкулу, прысвечанага сітуацыі ў першай закранутыя праблемы паўночнага Каўказу; ціску на НДА (у тым ліку праваабарончых) як заканадаўча, так і з боку прадстаўнікоў выканаўчай ўлады; бязладдзя ў арміі і нарастання небяспекі эпідэміі СНІДу. Жорсткую ацэнку атрымала агульная сітуацыя ў краіне – "у 2005 годзе Расія працягвала набліжацца да аўтарытарызму".
