Адная з расейскіх недзяржаўных арганізацыяў выступіла зь нечаканай ініцыятывай: дзеля пераадоленьня дэмаграфічнай крызы ўвесці падатак на бязьдзетнаьсць у памеры 2-3 адсодкаў ад даходу.
Прадстаўнікі арганізацыі лічаць, што Расея мае высокую патрэбу ў працаздольным насельніцтве: калі зараз на аднаго дзіця ці пэнсыянэра прыпадае двое працуючых, то празь некалькі гадоў сытуацыя зьменіцца на супрацьлеглую, а гэта павялічыць падатковы цяжар.
Адным з чыньнікаў, што зможа стымуляваць нараджальнасьць, можа стаць, як лічыць арганізацыя, увядзенне падатку на бязьдзетнасьць для ўсіх асобаў, старэйшых за 22-25 гадоў без залежнасьці ад таго, ці знаходзяцца яны ў шлюбе. Ад падатку вызваляюцца асобы, што маюць мэдычнае заключэньне аб бясплоднасьці. Грошы ад падатку мусяць пайсці, напрыклад, на матэрыяльную падтрымку маладых радзінаў.
Але эксперты скэптычна аднесліся да ідэі новага падатку. Паводле іх меркаваньня такі ж падатак, які існаваў у СССР, ня быў эфэктыўным і нараджальнасьць толькі падала. Як лічаць эксперты, сёньняшнія зьмяненьні ў дэмаграфічнай сыстэме ў сьвеце адбываюцца не з-за недахопу рэсурсаў, а ад таго, што людзі зьмянілі сваё стаўленьне да гэтага. Нават у каталіцкіх і матэрыяльна забясьпечаных семьях Італіі і Гішпаніі ўзровень нараджальнасці вельмі нізкі. У Італіі на адную жанчыну прыпадае 1,07 дзiцяці, а ў Гішпаніі – 1,12. Між тым, расейскія эксперты і палітыкі зазначылі, што для рашэньня дэмаграфічнай праблемы неабходна перш за ўсё вырашыць пытаньні даступнага жыльля для маладых радзінаў і забеспячэньня моладзі працоўнымі мейсцамі.
