Эўрапейская камісія запатрабавала ад гішпанскіх уладаў спаганяць ў адпаведнасьці з нормамі ЭЗ падатак на дададзеную вартасьць з усіх угодаў каталіцкага касьцёлу.
Калі Гішпанія не выканае гэтых патрабаваньняў, Эўракамісія абяцае зьвярнуцца з пазовам у Эўрапейскі суд. Гэткае патрабаваньне супярэчыць дамове аб эканамічных дачыненьнях Гішпаніі з Ватыканам, згодна зь якой ад 1979 году Гішпанія ня толькі выплачвае касьцёлу штогод 3,5 мільярды эўра ў выглядзе субсыдыяў, але і вызваляе яго ад сплаты ПДВ. Аднак, у дадзены момант паміж касьцёлам і ўрадам Гішпаніі ўзьніклі сур'ёзныя спрэчкі ў пытаньнях далейшага фінансаваньня. Касьцёл патрабуе павелічэньня субсыдыяў і іншых ільготаў і тлумачыць гэта тым, што вядзе вялікую дабрачынную дзейнасьць у краіне.
Згодна з апытаньнямі, бальшыня гішпанцаў лічыць сябе вернікамі, але выступае супраць фінансаваньня касьцёлу за кошт падаткаплатнікаў. Яны тлумачаць гэта тым, што Гішпанія – сьвецкая дзяржава, дзе касьцёл аддзелены ад дзяржавы. Акрамя таго, удзельнікі гэтых апытаньняў уважаюць касьцёл за дастаткова багаты, які актыўна займаецца прадпрымальніцтвам і таму павінны аплачваць сваю дзейнасьць выключна за кошт ахвяраваньняў вернікаў.
