Кароль Бутану Сінгай Вангчук аб'явіў аб правядзеньні ў 2008 годзе першых дэмакратычных выбараў, пасьля якіх ён мае намер перадасьць пасад свайму сыну.
Праект Канстытуцыі каралеўства прадугледжвае ўсталяваньне дзьвюхпалатнага парлямэнту, які будзе складацца з 75 дэпутатаў Нацыянальнай асамблеі і 25 дэпутатаў Нацыянальнай рады. Кароль застанецца кіраўніком дзяржавы, але парлямэнт будзе мець права аб'явіць яму імпічмэнт дзьвюма трацінамі галасоў.
Да гэтага часу ў краіне, у якой жыве 700 тысяч жыхароў, адсутнічаюць палітычныя партыі, а большасьць сродкаў масавай інфармацыі належыць дзяржаве. Сёньняшні бутанскі манарх трымаецца вельмі асьцярожнага курсу на мадэрнізацыю каралеўства, што знаходзіцца высока ў Гімалаях паміж Кітаем і Індыяй. Паводле словаў караля, "валавое нацыянальнае шчасьце" важнейшае за валавы нацыянальны прадукт. З мэтай аховы унікальнае прыроднае спадчыны і нацыянальнае будыйскае культуры ў каралеўства штогод дапускаецца не больш за шэсьць тысячаў замежных турыстаў. Альпінізм забаронены з мэтаю аховы лясоў, якія згодна з законам 1995 года, павінны займаць 60 адсоткаў тэрыторыі краіны.
З часу атрыманьня ў 1947 годзе суседняй Індыяй незалежнасьці, ўлады гэтай краіны вызначаюць палітыку Бутану ў сфэры абароны і міжнародных стасункаў. Індыя таксама субсыдуе бутанскую эканоміку.
