Прэзыдэнт Ірану забараніў сваім указам трансляцыю заходняе музыкі на каналах тамтэйшых тэлевізыі і радыё.
Яшчэ ў кастрычніку Вышэйшая рэвалюцыйная культурная рада Ірану, старшынём якой таксама зьяўляецца Ахмадзінэжад, прыняла пастанову аб забароне “непрыстойнае” заходняе музыкі. Указ іранскага прэзыдэнта ўвасобіў гэтую пастанову ў жыцьцё.
Зараз Арганізацыя ў тэлевізійным і радыйным вяшчаньні Ірану мае паўгады, каб выканаць указ прэзыдэнта і зрабіць справаздачу аб ягонай рэалізацыі. Дагэтуль у іранскіх тэле- і радыёпраграмах можна было пачуць кампазыцыі заходніх выканаўцаў, аднак ультрарадыкальны ўрад Ахмадзінэжада вырашыў гэта зьмяніць.
Такія дзеяньні ўраду ня ёсьць першым падобным выпадкам у Іране. У свой час забарону на заходнюю музыку наклаў аятала Хамэйні, але праз нейкі час яна была "рэабілітаваная".
