Зімбабвэ, калісьці адная з найбольш заможных дзяржаваў Афрыкі, працягвае пагоню за рэкордамі. На гэты раз краіна вызначылася ў інфляцыі нацыянальнае валюты, якая ў лістападзе 2005 году склала 502%.
У кастрычніку гэты паказьнік дасягнуў 411%, а ў верасьні – 359,8%. Зімбабвійскі даляр імкліва таньнее. Паводле дадзеных на 9 сьнежня афіцыйны курс зімбабвійскае валюты склаў 73 тыс., а на 15 сьнежня – ужо 78250 зімбабвійскіх даляраў за адзін амэрыканскі даляр. На чорным рынку гэтая цана сягае 90-100 тыс. з прычыны вострага недахопу цьвёрдае валюты.
Цэны на тавары і паслугі ў краіне ўзрасьлі ў 6 разоў у параўнаньні зь 2004 годам, прычым найбольшы рост адбыўся ў сэктары харчовых тавараў і напояў.
На думку незалежных экспэртаў прычыны цяперашняга абвалу ў арыентаванай на сельскую гаспадарку эканоміцы Зімбабвэ палягаюць ў прымусовай і бессыстэмнай канфіскацыі на карысьць дзяржавы больш за 5 тыс. фэрмаў, якія належалі белым фэрмэрам.
У сваю чаргу, зімбабвійскія ўлады на чале з Робэртам Мугабэ, які бязьзьменна ад 1980 году кіруе гэтай афрыканскай краінай, уважаюць, што прычынай найбуйнейшага эканамічнага крызысу ў краіне сталіся засуха ды санкцыі, накладзеныя заходнімі краінамі. Варта дадаць, аднак, што нягледзячы на аптымістычныя заявы зімбабвійскага кіраўніцтва наконт узроўню жыцьця і дабрабыту ў краіне, паводле шэрагу гуманітарных агенцыяў 4 мільёны жыхароў Зімбабвэ знаходзяцца на мяжы голаду.
Мугабэ а таксама значнай колькасьці зімбабвійскіх чыноўнікаў у 2002 годзе быў забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. У хуткім часе да санкцыяў далучыліся і ЗША. Для кіроўных колаў Зімбабвэ ў гэтую краіну таксама забаронены ўезд, а амэрыканскія рахункі Мугабэ арыштаваныя.
