У сераду 14 снежня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі ўхваліла ў першым чытанні законапраект аб барацьбе з карупцыяй. Як паведамляе БЕЛТА за гэты праект прагаласавалі 76 дэпутатаў, а 9 выказаліся супраць.
Гэты дакумент ужо не першы раз разглядаўся дэпутатамі і вяртаўся на дапрацоўку ў адпаведную камісію. Зробленыя змены на гэты раз задаволілі дэпутатаў. Напрыклад, былі ўдакладненыя некаторыя тэрміны, у тым ліку і сам тэрмін “карупцыя”. Як адзначыў Генеральны пракурор Беларусі П.Міклашевіч панятак “атрыманне маёмасных і немаёмасных выгадаў” прапаноўваецца змяніць на “атрыманне іншай выгады ў выглядзе паслугаў”. Акрамя таго, прадугледжваецца “не абмяжоўваць кола асобаў, для якіх суб’ект карупцыйных правапарушэнняў забяспечвае супрацьпраўнае атрыманне маёмасці ці іншай выгады, толькі блізкімі сваякамі”.
Законапраект таксама стварае шэраг дадатковых крытэраў для вызначэння суб’ектаў карупцыйных дзеянняў. Асобы, якія займаюць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-разпараджальных, гаспадарчых ці кантрольна-рэвізійных функцыяў прыраўноўваюцца да дзяржаўных службовых асобаў незалежна ад наяўнасці якой-небудзь долі дзяржаўнай уласнасці ў арганізацыях, дзе яны працуюць. Такім чынам, пашыраецца дзеянне закону ў прасторы, паколькі адгэтуль ён будзе распаўсюджвацца на службовых асобаў практычна ўсіх арганізацыяў недзяржаўнай формы ўласнасці.
Напэўна невыпадкова гэты законапраект быў ухвалены менавіта 14 снежня. Акурат у гэтую сераду набыла моц Канвенцыя ААН супраць карупцыі ад 31 кастрычніка 2004 году.
Гэтая міжнародная дамова замацоўвае нормы, якія рэгулююць захады ў папярэджанні карупцыі, барацьбе з адмыццём грошаў, вяртанні прыбыткаў, атрыманых нелегальным шляхам і вывезеных за мяжу. Канвенцыя таксама прадугледжвае стварэнне спецыяльнай арганізацыі ў барацьбе з карупцыяй – Канферэнцыі дзяржаваў, што бяруць удзел у Канвенцыі. Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ААН супраць карупцыі 25 лістапада 2004 года.