Чарговы Ўказ дадае да паўнамоцтваў Прэзыдэнта шэраг пытаньняў, якія ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам уваходзяць у кампэтэнцыю іншых дзяржаўных ворганаў.
Дадаткова за Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь нарматыўна замацаваныя яго фактычныя паўнамоцтвы ў рэглямэнтацыі асноўных пытаньняў у бюджэтнай, падатковай і грашова-крэдытнай сфэрах.
Гэтыя зьмены адбыліся ў адпаведнасьці з Указам кіраўніка дзяржавы “Аб удасканаленьні прававога рэгуляваньня асобных стасункаў у эканамічнай сфэры”, які ён падпісаў 3 лістапада 2005 года.
Вызначана кола пытаньняў, прыняцьце рашэньня ў якім належыць да выключнай кампэтэнцыі Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта дзяржаўная падтрымка юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў у любой форме: прадастаўленьне адтэрміновак, растэрміновак, нарматыўнага разьмеркаваньня ўтаргоўкі, падатковага крэдыту, выдзяленьне субсыдыяў і сродкаў на капітальныя ўкладаньні і г.д., а таксама прадастаўленьня рознага кшталту прэфэрэнцыяў, зацьверджаньне дзяржаўных праграмаў у сфэры аховы і выкарыстаньня земляў, лясоў, водаў, расьліннага і жывёльнага сьвету, атмасфэрнага павэтра, нэтраў.
Указ пералічвае пытаньні, рашэньні ў якім могуць прыймацца толькі ў парадку, вызначаным Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь і/ці законамі.
Уласна Ўказ набывае моц празь 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня, але рэалізацыя замацаваный Указам сыстэмы паўнамоцтваў у поўным аб’ёме будзе ажыцьцяўляцца зь 1 чэрвеня 2006 года.
