Кожная краіна па-свойму змагаецца з хабарам у шэрагах праваахоўных ворганаў. Цікавы спосаб барацьбы з зьявай, якая ахапіла шырокае кола супрацоўнікаў, вынайшлі ўлады Малайзыі.
У межах агульнанацыянальнай кампаніі ў барацьбе з карупцыяй сярод супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў, малазыйскія паліцыянты забавязаны насіць прычэпленую да формы плястыкавую картку з надпісам “Я не бяру хабару”. Матарызаваныя падразьдзелы Каралеўскай паліцыі Малайзыі атрымалі налепкі аналягічнага зьместу – “Паведамі пра факт карупцыі” – для зьмяшчэньня на заднім і бочным шкле сваіх аўтамабіляў. Нашэньне значкаў і налепак зьяўляецца абавязковым. За невыкананьне дадзенага правіла на парушальніка будзе накладацца дысцыплінарнае спагнаньне.
Другім элемэнтам у барацьбе за чысьціню шэрагаў супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў стаў масавы распаўсюд прапагандысцкіх плякатаў дзеля падвышэньня маральнага духу паліцэйскіх, якія працуюць у тэрытарыяльных падразьдзелах. Асноўнымі надпісамі на плякатах зьяўляюцца наступныя: “Шчыры супрацоўнік паліцыі вышэйшы за карупцыю”, “Не давай і не бяры хабару”, “Паліцыя непадкупляльная” і “Карупцыя пакаральная”.
Улада краіны выкарыстала таксама дапамогу сродкаў масавай інфармацыі. Так, сродкам масавай інфармацыі рэкамендавана давесьці да ведама насельніцтва тры нумары тэлефонаў даверу, празь якія грамадзянін здолее паведаміць пра вядомыя яму правапарушэньні паліцэйскіх.
