Урад Індыі мае намер пашырыць сфэру ўжываньня санскрыту – адной з найстаражытнейшых моваў плянэты, надаўшы ёй статус “клясычнай мовы”.
Магольская імпэрыя, якая папярэднічала ўсталяваньню ўлады Усходняй Індыйнскай кампаніі была шматмоўнай імпэрыяй. Часы Паніні даўно адышлі й санскрыт выконваў барджэй сакральную функцыю. Султаны, якія кіравалі ў розных частках Індыі, карысталі ў судох і справаводзтве з пэрсыдзкай і арабскай, але ў апошнія некалькі стагодзьдзяў кіраваньня маголаў прагрэсыўнае разьвіцьцё артрымала ўрду – мова й гаворка, якая ўяўляла зь сябе мяшанку пэрсыдзкае, арабскае ды гіндзі, што забясьпечыла сынтаксычны і лексычны падмурак. Урду пераўтварылася ў мову зносінаў падчас кіраваньня Акбару. На час, калі Ўсходнеіндыйская Кампанія зрабілася паўнаўладнай гаспадыняй у Індыі, тут размаўлялі прынамсі на 14-16 найбольш распаўсюджаных мовах у розных каралеўствах ды княствах. Блізу 15% насельніцтва вызнавала іслам.
Існавалі й іншыя значныя рэлігійныя мяншыні, такія як сікхі, каторыя карысталіся мовай ды графікай, што істотна розьніліся ад мовы судоў і адміністрацыі. Акрамя ісламскага насельніцтва, найбольш распаўсюджанымі супольнасьцямі былі гіндуісты ды не-гіндуісты, якія таксама былі добра знаёмыя з урду. Рэлігійная ляяльнасьць часьцяком суправаджалася моўнай, асабліва ў выпадку гіндуістаў ды мусульманаў у паўночнай Індыі. Пэўны час ангельцы актыўна культывавалі пэрсыдзкую, якая была надта папулярнай у асяродках тагачасных эўрапейскіх арыенталістаў, пакуль ангельская не зрабілася мовай навучаньня ў дзяржаўных школках, што адкрывала каляніяльная адміністрацыя. У такі спосам, ангельшчына хутка заняла тую нішу, якую яна сёньня ўпарта трымае ў шэрагу посткаляніяльных полімоўных краінах (напрыклад, у Нігерыі). Падобную функцыю посткаляніяльных моваў выконваюць зараз у сьвеце шчэ’ француская, гішпанская, партугальская, галяндзская і, вядома, расейская.
Як мяркуюць экспэрты, новы статус мовы старажытнай Індыі будзе спрыяць яе вывучэньню ў школах, унівэрсытэтах ды ВНУ, а ў пэрспэктыве, магчыма, санскрыт нават стане мовай міжнацыянальных зносінаў Індыі разам з ангельскай і гіндзі. Падобны статус мела расейшчына ў Беларусі згодна з Канстытуцыяй 1994 году ды мае дагэтуль у Канстытуцыі Ўкраіны, што ёсьць цудоўнаю альтэрнатывай праўнаму псэўда-білігвізму. Калі б сучасныя канстытуцыйныя канструкцыі былі распаўсюджаныя ў Княстве Літоўскім, то тамака, пэўна, ролю “міжнацыянальнай” таксама выконвалі б сакральныя мовы: царкоўнаславянская (элемэнты якой шчэ’ вельмі моцныя ў тых жа Статутах) ды лаціна (нездарма ж вяліся спрэчкі наконт мэтазгоднасьці пісара земскага ўсё літарамі “рускімі пісаті”).
