18 кастрычніка гэтага году міжнародная арганізацыя Transparency International апублікавала чарговы рэйтынг карумпаванасці краінаў свету. У спіс увайшлі 159 дзяржаваў, сярод якіх па традыцыі была і Рэспубліка Беларусь. Рэйтынг пабудаваны па выніках 16 сацыялагічных даследванняў, праведзеных дзесяццю рознымі інстытутамі. Для таго, каб краіна была ўнесенаяў спіс, неадходны былі дадзеныя, як мінімум, трох апытанняў (для Беларусі іх былo пяць). Карумпаванасць вызначалася па дзесяцібалавай шкале, дзе дзесяццю ацэньваўся найніжэйшы, а нулём - найвышэйшы яе ўзровень.
Адзінаасобна ачольвае спіс Ісландыя з паказнікам 9,7. У першую дзесятку патрапілі толькі тры нееўрапейскія краіны - Новая Зеландыя (2), Сінгапур (5) і Аўстралія (9). За апошні год значны прагрэс у сферы барацьбы з карупцыяй назіраўся ў Эстоніі, што і абумовіла яе высокае 27 месца. У лік першых 50 краінаў уваходзіць таксама Летува (44). Латвія падзяляе 51 радок.
Што да краінаў на ўсход ад Польшы (70), дык тут з карупцыяй значна горш. З былых рэспублікаў Савецкага Саюзу найлепшыя паказнікі ў Малдовы і Арменіі (падзяляюць 88-96 месцы). У Расеі карупцыі за апошні год не паменела - сёння гэтая краіна, побач з Нігерам, займае ў спісе 126 месца.
Беларусь апынулася ў кампаніі Эрытрэі, Гандурасу, Казахстану, Нікарагуа, Палестыны, Украіны, Віетнаму, Замбіі і Зімбабвэ. Усе пералічаныя дзяржавы маюць аднолькавую колькасць балаў - 2,7. Такі паказнік, як сказана ў аналізе Transparency International, сведчыць пра "найцяжэйшыя праблемы з карупцыяй". (Для параўнання: па стане на 2002 год Беларусь займала 36 месца са 102 краінаў, у 2004 - ужо 74 са 145).
Нялішнім у гэтай сувязі было б нагадаць, што ў Беларусі рэалізуецца Дзяржаўная праграма па ўзмацненні барацьбы з карупцыяй на 2002-2006 годы, зацверджаная Указам Прэзідэнта РБ №500 ад 2 кастрычніка 2002 г. Лёс законапраекту "Аб барацьбе з карупцыяй", тройчы дасыланага беларускімі парламентарыямі на дапрацоўку, застаецца цьмяным.
