Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дапрацоўвае да другога чытаньня законапраект аб унясеньні зьмяненьняў і дадаткаў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Урэшце на ўзроўні Кодэксу будуць вызначаныя ўмовы заключэньня шлюбнай дамовы. Акрамя таго, па-новаму рэгулююцца пытаньні ўстанаўленьня бацькоўства і паходжаньня дзяцей.
Плянуецца ўвесьці артыкул аб сурагатным мацярынстве. Сурагатным мацярынствам прызнаецца заснаванае на дамове імплянтацыя эмбрыёну, выношваньне і нараджэньне дзіцяці, калі выношваньне і нараджэньне дзіцяці генэтычнай маці немагчыма ці зьвязана з рызыкай для жыцьця. У адпаведнасьці з плянаванымі зьмяненьнямі, сурагатная маці не мае права на аспрэчваньне правоў генэтычных бацькоў.
Распрацаваныя зьмяненьні і дадаткі скіраваны на абарону правоў дзяцей. Плянуецца апэратыўнае вырашэньне пытаньняў аб месцы пражываньня дзіцяці і аб удзеле ў яго выхаваньні бацькоў, якія пражываюць асобна. Улік меркаваньня дзіцяці, якому ўжо споўнілася 10 гадоў, пры выбары месца жыхарства абавязковы.
У праекце таксама канкрэтызуецца парадак нацыянальнага і міжнароднага ўсынаўленьня. Устанаўліваецца, што дзіця можа быць перададзена на ўсынаўленьне замежным грамадзянам толькі па сканчэньні аднаго году з дню яго пастаноўкі на ўлік у Нацыянальны цэнтр усынаўленьня замест 6 месяцаў, якія прадугледжвае дзейнае заканадаўства.
У Кодэкс дадаецца артыкул, які ўстанаўлівае роўнасьць жонкі і мужа ў сямейных стасунках: “жонка і муж павінны грунтаваць свае стасункі на ўзаемнасьці і ўзаемапавазе, спрыяньні ў рэалізацыі кожнага зь іх правоў на мацярынства (бацькоўства)”.
Прадугледжваецца заключэньне шлюбнай дамовы паміж тымі, хто толькі бярэцца шлюбам, і тымі, хто яго ўжо заключыў.