Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь сваім заключэньнем ад 4 кастрычніка 2005 года № З-189/2005 пакінуў "дазвольныя" штампы ў пашпартах фактычна на няпэўны тэрмін.
Нагадаем, што Канстытуцыйны суд прыняў заключэньне ў справе, распачатай 5 верасьня гэтага году на прапанову Рады Міністраў Рэспулікі Беларусь — аб “дазвольным” штампе ў пашпартах беларускіх грамадзянаў. У ім гаворыцца, што адказныя дзяржаўныя структуры не прынялі неабходных мераў дзеля выкананьня рашэньня Канстытуцыйнага суду аб адмене штампу з 1 студзеня 2006 году. Улічваючы прапановы Ўраду, падтрыманыя Палатай прадстаўнікоў (ініцыятарам вытворчасьці па справе), суд працягнуў выкананьне свайго рашэньня да стварэньня адпаведнай сыстэмы ўліку асобаў, якія правамерна абмежаваныя ў выезьдзе па-за межы Рэспублікі Беларусь і ўезьдзе на яе тэрыторыю. Такая фармулёўка фактычна падаўжае дзеяньня дазвольных штампаў на нявызначаны тэрмін.
Акрамя такго, Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у сваім Заключэньні зьвяртае ўвагу Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь і падведамных яму ворганаў, якія адказныя за рэалізацыю на практыцы канстытуцыйай нормы аб свабодзе руху, на неабходнасьць прыйманьня дадатковых мераў па спрашчэньні парадку прадастаўленьня дазвольных штампаў (у тым ліку і скарачэньні тэрмінаў, на працягу якіх павінны быць прыняты адпаведныя рашэньні), асабліва датычна тых грамадзянаў, у пашпартах якіх раней адзнакі былі прастаўленыя і не ануляваныя.