Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
12 Снж 06.52  EUROPEAN MODEL UNITED NATIONS/MAASTRICHT

12 Снж 06.45  Міжнародная студэнцкая школа правоў чалавека

12 Снж 06.42  Конкурс эсэ па правох чалавека (дэдлайн 1 сакавіка 2009)

09 Кас 15.00  Сьпіс юрыдычных кансультацый у г.Менску

08 Кас 14.51  Дзе ўсе праўныя блёгеры-жанчыны?

   юрыдычная кансультацыя
28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Навіны - 10.10.2005 | Усе навіны
Камітэт па правах чалавека ААН падтрымаў беларускіх крышнаітаў | Аляксандра Рагажынская

26 ліпеня 2005 года Камітэт па правах чалавека разгледзеў скаргу двух грамадзян Рэспублікі Беларусь сп. Сяргея Малахоўскага ды сп. Аляксандра Пікуля № 1207/2003 на дзейнасць дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь.

Заяўнікі – прадстаўнікі адной з 7 дзеючых на тэрыторыі краіны суполак крышнаіцкага напрамку – лічаць, што дзейнасць дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь па рэгістрацыі (у дадзеным выпадку – нерэгістрацыі) гэтых суполак у якасці рэлігійнага аб’яднання парушае нормы, замацаваныя ў параграфах 1 і 3 артыкула 18 і параграфах 1 і 2 артыкула 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

2 жніўня 2002 Камітэт па рэлігіях і нацыянальнасцях Рэспублікі Беларусь пасля разгляду заявы сп. Малахоўскага і сп. Пікуля адмовіў у рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднання крышнаіцкага напрамку на падставе адсутнасці зарэгістраванай юрыдычнай адрэсы, якая мусіць існаваць у супольнасці рэлігійных грамадаў, бо прызнаў несапраўднай юрыдычную адрэсу, якая была замацаваная за суполкамі Менскім гарадскім выканаўчым камітэтам, бо памяшканні не адпавядалі нормам жыллёвага заканадаўства (нормы па санітарнай і пажарнай бяспецы). Усе скаргі сп. Малахоўскага і сп. Пікуля ў судовыя ўстановы краіны наконт дзейнасці Камітэта па рэлігіях і нацыянальнасцях Рэспублікі Беларусь былі адхіленыя. Акрамя таго, 31 кастрычніка 2002 былі ўхваленыя папраўкі да Закона Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, якія прадугледжваюць у якасці неабходнай падставы для рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднання адпаведную колькасць суполак, якія яе складаюць (не менш за 10), і тэрмін існавання на тэрыторыі краіны хаця б адной з іх ( не менш за 20 гадоў).

Такім чынам, сп. Малахоўскі і сп. Пікуль разам з іншымі вернікамі 7 крышнаіцкіх грамадаў Беларусі былі пазбаўленыя магчымасці ствараць духоўныя адукацыйныя ўстановы, манастыры і місіі, запрашаць прадстаўнікоў замежных суполак, бо гэткімі правамі карыстаюцца толькі рэлігійныя аб’яднанні (арт. 15 Закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”). На думку заяўнікоў, патрабаванні да рэлігійнага аб’яднання, прадугледжаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, уяўляюць сабой незаконныя абмежаванні права заяўнікоў на спавяданне сваёй рэлігіі і свабоду аб’яднання. Той факт, што безвыніковы працэс па рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднання доўжыўся 2 гады, з’яўляецца пацверджаннем дыскрымінацыйнай палітыкі дзяржавы ў дачыненьні да рэлігійных меншасцяў.

Рэспубліка Беларусь у якасці адказніка па скарзе адмаўляе ў наяўнасці парушэнняў артыкулаў 18 і 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дзейнасць Камітэта па рэлігіях і нацыянальнасцях Рэспублікі Беларусь, а таксама судовых установаў краіны ёсць правамоцнай, у рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднання было адмоўлена на падставе адсутнасці ў рэлігійных суполак юрыдычнай адрэсы, якая б адпавядала спецыяльным патрабаванням, якія існуюць для правядзення калектыўных мерапрыемстваў рэлігійнага характару – рэлігійныя цырымоніі, рытуалы і г.д.

Камітэт па правах чалавека разгледзеў скаргу сп. Малахоўскага ды сп. Пікуля, азнаёміўся з заявамі абодвух бакоў і па сутнасці справы вырашыў наступнае:

1. Артыкул 18 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах не дазваляе абмяжоўваць свабоду думкі і сумлення ці свабоду па ўласным выбары абіраць пэўную рэлігію. З іншага боку, права на свабоду спавядання рэлігіі можа падлягаць пэўным абмежаванням, але толькі калі гэта прадугледжваецца законам ці неабходна для захавання грамадскай бяспекі, парадку, здароў’я ці падставовых правоў і свабодаў іншых. Умова, па якой права рэлігійнага аб’яднання на ажыццяўленне сваёй дзейнасці залежыць ад наяўнасці памяшкання, якое павінна адпавядаць патрабаванням грамадскага здароў’я і бяспекі, ёсьць абмежаваннем, якое неабходна для захавання грамадскай бяспекі. Аднак незразумела, чаму дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь звязваюць рэгістрацыю рэлігійнага аб’яднання з фактам наяўнасці памяшкання, якое адпавядае не толькі нормам санітарнага і пажарнага характару, але і спецыяльным патрабаванням, якія існуюць для правядзення калектыўных мерапрыемстваў рэлігійнага характару. На думку Камітэта, памяшканні, прыдатныя для такіх мерапрыемстваў, могуць быць набытыя заяўнікамі і пасля рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднання.

2. Улічваючы наступствы адмовы ў рэгістрацыі рэлігійнага аб’яднання (немагчымасць ствараць духоўныя адукацыйныя ўстановы, манастыры і місіі, запрашаць прадстаўнікоў замежных грамадаў), Камітэт па правах чалавека вырашыў, што адмаўленне ў рэгістрацыі ёсьць, паводле параграфаў 1 і 3 артыкула 18, неадпаведным абмежаваннем правоў заяўнікоў на спавяданне сваёй рэлігіі. Такім чынам, правы сп. Малахоўскага і сп. Пікуля, замацаваныя параграфам 1 артыкула 18 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, былі парушаныя дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь.

3. На падставе выкладзеннага вышэй, Камітэт па правах чалавека адмовіўся разглядаць скаргу заяўнікоў на парушэнне іх правоў, замацаваных артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Паколькі Рэспубліка Беларусь прызнае кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека вызначаць, ці існуюць парушэнні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама нясе абавязак забяспечваць асобам, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі ці пад яе юрысдыкцыяй усе правы, прадугледжанныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, Рэспубліка Беларусь павінна ў 90-дзённы тэрмін праінфармаваць пра захады, якія былі зроблены на падставе рашэння Камітэту.

Падрыхтавала Аляксандра Рагажынская на падставе рашэння 84-й сэсіі Камітэту па правах чалавека ААН (11-29 ліпеня, 2005 г.)




   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!