Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30
   новае на форуме
12 Снж 06.52  EUROPEAN MODEL UNITED NATIONS/MAASTRICHT

12 Снж 06.45  Міжнародная студэнцкая школа правоў чалавека

12 Снж 06.42  Конкурс эсэ па правох чалавека (дэдлайн 1 сакавіка 2009)

09 Кас 15.00  Сьпіс юрыдычных кансультацый у г.Менску

08 Кас 14.51  Дзе ўсе праўныя блёгеры-жанчыны?

   юрыдычная кансультацыя
28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Каляндар - 21.11.2006 | Усе падзеi
1926 год. "Інбелкультаўская" акадэмічная канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу

    21 лістапада 1926 скончылася правядзенне акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, скліканай  па ініцыятыве Інбелкульта, - першага буйнога мерапрыемства на гэтым шляху. Менскі мовазнаўчы форум выклікаў да сябе вялікую зацікаўленасць не толькі навукоўцаў рэспублікі. У яго працы бралі ўдзел рэктар Летувіскага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Біржышка, пясняр з Латвіі Ян Райніс, прафесары М.Фасмер (Берлінскі ўніверсітэт), Ю.Галомбек (Варшаўскі ўніверсітэт), П.Растаргуеў (Маскоўскі ўніверсітэт), Гарчынскі (Ленінградскі ўніверсітэт), дацэнты Німчынаў (Харкаўскі ўніверсітэт), Е.Блесе (Латвійскі ўніверсітэт). А вось аўтара першай граматыкі беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча суседняя нам Польшча на канферэнцыю не адпусціла. Пазіцыю польскага ўрада не падтрымалі многія навукоўцы гэтай краіны, а таксама газета «Кур'ер Віленскі». У перадавым артыкуле «Мядзьвежая палітыка» ад 24 лістапада 1926 года яна пісала, што ў «палітычных дачыненьнях польскі ўрад зрабіў сабе шкоду ў поглядах на нас (г.зн. палякаў. - Л.Л.) Эўропы, а таксама ў поглядах на нас беларускага жыхарства тут (г.зн. у Польшчы. - Л.Л.) і за кардонам».

     Прафесійны інтарэс амаль усіх замежных гасцей меў тое ці іншае дачыненне да беларускай мовы. Праўда, ніхто з іх не валодаў апошняю ў такой ступені, каб ужываць яе ў час выступлення на канферэнцыі. Большасць, калі лічыла немэтазгодным карыстацца сваёй нацыянальнай мовай, звярталася да слухачоў па-расейску. На расейскай мове выступаў нават П.Растаргуеў, які, як вядома, у 1918 годзе чытаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве курс лекцый па беларускай мове.

     Хочацца падкрэсліць і такую асаблівасць канферэнцыі, як удзел у яе працы вядомых прадстаўнікоў беларускай культуры, што па розных прычынах апынуліся ў іншых краінах. Гэта - рэдактар часопіса «Крывіч» (Коўна) В.Ластоўскі, рэдактар газеты «Голас Беларуса», старшыня Беларускага навуковага таварыства ў Латвіі К.Езавітаў, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Летуве Галавінскі, рэдактар часопіса «Прамень» (Прага) У.Жылка.

На адрас канферэнцыі паступілі 23 прывітанні, у тым ліку з Вільні ад Таварыства Беларускай Школы (старшыня Р.Астроўскі), Таварыства палітычных эмігрантаў Заходняй Беларусі (Масква), Беларускага (Крывіцкага) Культурнага Таварыства (Прага чэшская), Савета Нацыянальных меншасцяў (Масква). Усё гэта падкрэслівае прынцыпова важнае навуковае і практычнае значэнне канферэнцыі. Як бачым, патрэба ў навядзенні парадку ў маладой беларускай літаратурнай мове добра разумелася не толькі яе законнымі носьбітамі, але і шырокімі коламі сусветнан грамадскасці.

     У канферэнцыі бралі ўдзел 69 чалавек. Але не ўсе, хто прыехаў на яе, лічылі абавязковым рэформу беларускага правапісу і азбукі. Сярод іх быў і добры знаўца беларускай мовы С.Некрашэвіч. «Наша літаратурная мова, - гаварыў ён, - консолідаваўшы народныя гутаркі, вырасла ўжо ў сталы організм, які не патрабуе над сабой грунтоўных... опэрацый». Такі погляд у пэўнай ступені мог сфармавацца на базе яго сяброўскіх адносін з аўтарам «Беларускай граматыкі для школ» Браніславам Тарашкевічам, якую якраз і збіраліся рэфармаваць удзельнікі канферэнцыі і перш за ўсё Я.Лёсік, які меркаваў выступіць на ёй з асноўным дакладам. С.Некрашэвіч выказаўся за поўнае адхіленне праекта братоў Лёсікаў. Ён не быў прыхільнікам карэннай ломкі моўнай спадчыны, заяўляючы, што ў складзенай Б.Тарашкевічам «Беларускай граматыцы для школ» правільна вызначаны асноўныя законы беларускай літаратурнай мовы». Затое ў сінтаксісе ім бачылася «шмат неўласьцівых для беларускай мовы канструкцый пабудовы сказу». Прамоўца выказаў занепакоенасць наплывам у беларускую лексіку слоў (асабліва абстрактнага значэння) з іншых моў і стаяў за ўтварэнне такіх на базе ўласнага слоўнікавага матэрыялу з паступовай заменай усяго таго чужога, што набралася ў беларускай мове.

     Яшчэ глыбей пранік у сутнасць разгляданай на канферэнцыі праблемы Я.Лёсік, які азнаёміў прысутных з канкрэтным праектам па рэформе беларускай азбукі. Гэта ўжо было не першае выступленне Я.Лёсіка па данай праблеме. Першы даклад па ёй з'явіўся ў 1923 годзе, з якім меў магчымасць пазнаёміцца і масавы чытач у газеце «Савецкая Беларусь». У адрозненне ад С.Некрашэвіча аўтар праекта па рэформе беларускай азбукі лічыў, што апошняя «не адпавядае ўва ўсіх пунктах гукавому пісьму... ня мае ўласнага твару», таму ён прапанаваў набліжаць беларускую азбуку да гукавога пісьма, «каб не абярнуць яго ў такое мёртвае і труднае для навучаньня, якім з'яўляецца пісьмо францускае або ангельскае».

     Апанентаў у Я.Лёсіка аказалася больш, чым прыхільнікаў. Беларускую азбуку вырашылі не кранаць. З найбольш істотных паправак Я.Лёсіка, якія выклікалі шмат спрэчак, былі: увядзенне поўнага аканьня і на чужаземныя словы, скасаванне напісання «ь» паміж падвойнымі зычнымі (жыцьцё - жыццё), пасля «з» і «с» (зьвер - звер, сьнег - снег). Пасля грунтоўнага абмеркавання напісанне «а» ў ненаціскных складах іншаземных слоў зацвердзілі, што нельга не прызнаць за правільнае рашэнне. Для прыняцця яго, бясспрэчна, важную ролю адыграла цвёрдая пазіцыя сакратара Правапіснай камісіі Мялешкі, што «кожны народ вымаўляе чужаземныя словы згодна сваёй уласнай нацыянальнай акцэнтацыі», і С.Некрашэвіча, які оканне ў замежных словах разглядаў як супярэчнасць адзінству народнай і кніжнай мовы. «Калі запазычанае слова, - гаварыў ён, - дапасуецца да вымаўлення народу, то яно робіцца словам яго мовы». І далей, «оканне ў чужаземных словах парушае наш асноўны фанэтычны прынцып правапісу галосных...»

     Затое адразу высветлілася, што ў Я.Лесіка будзе вельмі мала аднадумцаў у дачыненні да мяккага знака. Першым вельмі цвёрдую апазіцыю ў гэтым заняў С.Некрашэвіч, спасылаючыся, што і ў старабеларускай мове выкарыстоўвалі «ь» у словах сьнег, зьвер і інш. «Можна многа павыкідаць значкоў, - гаварыў ён, - і дайсьці ўрэшце да кітайскай азбукі, але ж гэта не заслуга азбукі. Азбука і правапіс тады добрыя, калі яны па магчымасьці азначаюць кожныя гукі, ва ўсякім выпадку характэрныя з іх. А што нашыя мяккія зычныя, асабліва сьвісьцячыя, гукі характэрныя, аб гэтым і гаварыць не прыходзіцца».

    Увагу ўдзельнікаў канферэнцыі прыцягнула правіла напісання «у» і «і» пасля галоснага папярэдняга слова. Вельмі катэгарычным тут быў П.Растаргуеў, сцвярджаючы, што калі ў такіх выпадках зазначаныя літары не пісаць як нескладовыя, «значыць сьцерці ў пісьмовай перадачы беларускай мовы адну з найбольш характэрных яе асаблівасьцяй». З ім пагаджаўся П.Бузук, спасылаючыся тут на ўкраінскі досвед, дзе нават «і» нескладовае пішуць у пачатку слова, калі папярэдняе канчаецца на галосны. Удзельнікі канферэнцыі не пагадзіліся з такой прапановай у дачыненні да «і».

    Пры такой саліднай гаворцы на канферэнцыі аб маючай неўзабаве адбыцца рэформе правапісу беларускай мовы не магло не ўзнікнуць і пытанне аб ужыванні лацінскага алфавіта. Сярод праціўнікаў яго былі і такія выдатныя знаўцы беларускай мовы, як В.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, П.Растаргуеў. Але дух талерантнасці, які панаваў на працягу ўсяго часу працы канферэнцыі, даў магчымасць смела выступіць і ў абарону лацінкі. Пераканаўча адстойваў яе П.Бузук: «... надыходзіць час падумаць аб лацініцы; бязумоўна, да гэтага справа дойдзе; мы эўропеізуемся, мы прынялі новы стыль, мы прынялі дзесятковую сыстэму мер, нам застаецца зрабіць апошні крок - перайсці да лацінікі».

    Асаблівым клопатам удзельнікаў канферэнцыі з'яўлялася ачышчэнне беларускай мовы ад залішніх уплываў з боку расейскай. І гэта зразумела: атрымаўшы статус дзяржаўнай, беларуская мова не магла болей заставацца на ўзроўні сапсаванай расейскай мовы. На пазіцыях сапраўднага пурытаніна ў гэтым пытанні трывала стаяў гісторык і публіцыст, у мінулым рэдактар «Нашай Нівы» В.Ластоўскі. Спецыяльна не бралі слова на канферэнцыі Янка Купала і Якуб Колас. Але вядома па выніках пайменнага галасавання і іншых крыніцах, што яны былі супраць таго, што канферэнцыя прыняла прапазіцыю С.Некрашэвіча пісаць «я» толькі ў першым складзе перад націскам і пакінула без змяненняў напісанне «не» і «без», калі яны стаяць асобна (г.зн. не падлягалі яканню). Я.Колас стаяў за пашырэнне якання і ў другім складзе пасля націску, за напісанне «німа», «ніхай», быў супроць ужывання «а» замест ненаціскнога «о» ў чужаземных словах.

    Усе дні, пакуль працягвалася работа канферэнцыі, яна была ў цэнтры ўвагі самых розных пластоў беларускага народа, што дало падставу старшыні Інбелкульта Ў. Ігнатоўскаму ў сваім заключным слове заявіць: «Мы не забылі беларускай мовы, чаго баяўся Багушэвіч... Мы павінны вызначыць вялікую зацікаўленасьць працамі канферэнцыі з боку шырокіх рабоча-сялянскіх мас Беларусі. Нашы пасяджэньні заўсёды мелі шмат гасьцей, асабліва вечарамі. Некаторыя з іх прасілі нават слова. Газэты нашы, у якіх апісвалася дэтальна праца канферэнцыі, чыталіся нарасхват і пасьля прачытаньня хаваліся ў прыватных бібліятэках».

 

(Крыніца: Леанід Лыч. Рэформа беларускага правапісу 1933 года: ідэалагічны аспект. Менск, Навука і тэхніка, 1993)

 




   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!

 
?>