27 ліпеня 1990 г. была прынятая Дэклярацыя Вярхоўнага Савету БССР “Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, якая прызнавала вяршэнства народу ў вызначэньні свайго лёсу, абарону нацыянальнай дзяржаўнасьці беларускага народу.
Дзяржаўны сувэрэнітэт абвяшчаўся ў імя вышэйшай мэты – свабоднага разьвіцьця і дабрабыту, годнага жыцьця кожнага грамадзяніна рэспублікі. Артыкулы Дэклярацыі мелі глыбокі філязофска-праўны падтэкст, сьцьвярджаючы, што калі няма сувэрэнітэту, то ня можа быць і дабрабыту грамадзянаў. У адпаведнасьці з Дэклярацыяй, зямля, нетры, іншыя прыродныя рэсурсы на тэрыторыі БССР зьяўляюцца ўласнасьцю беларускага народу, а тэрыторыя БССР ёсьць непадзельнай, недатыкальнай і ня можа быць зьмененая або выкарыстаная бяз згоды БССР.
Дэклярацыя ўсталёўвала вяршэнства Канстытуцыі БССР ды законаў БССР. Гэта значыла, што ў выпадку, калі будзе мець месца разыходжаньне ці супярэчнасьць паміж законамі рэспублікі і Савецкага Зьвязу, мусяць прымяняцца законы рэспублікі.
Важнейшым прынцыпам існаваньня БССР як прававой дзяржавы прызнаваўся прынцып падзяленьня ўладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Усталёўвалася пасада Генэральнага пракурора Беларускай ССР, які прызначаўся Вярхоўным Саветам.
Прынцыпы аховы прыроды ды мінімізацыі шкодных наступстваў чарнобыльскай катастрофы замацоўваліся ў артыкуле 8 Дэклярацыі.
Дэклярацыя забавязвала БССР забясьпечыць функцыянаваньне беларускае мовы ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця, захоўваньне нацыянальных традыцыяў і вяртаньне гістарычнай сымболікі. Гэты артыкул быў зьменены ў выніку рэфэрэндуму, праведзенага ў 1995 годзе.
Вельмі важнае значэньне для ўмацаваньня нацыянальнага сувэрэнітэту меў арт. 10, які падкрэсьліваў, што БССР мае свае вайсковыя сілы, парадак і ўмовы службы ў якіх вызначаюцца самой рэспублікай. Беларуская ССР ставіць мэтаю зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а рэспубліку – нэўтральнай. Артыкул 11 замацоўвае права рэспублікі самастойна ажыцьцяўляць права на добраахвотныя зьвязы зь іншымі дзяржавамі і вольны выхад з гэтых зьвязаў.
Апошні 12 артыкул канстатаваў, што што ўсе палажэньні Дэклярацыі мусяць быць рэалізаваныя Вярхоўным Саветам праз прыняцьце новай Канстытуцыі і законаў БССР.
Пазьней, 25 жніўня, Вярхоўны Савет прыняў закон “Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закона Дэклярацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, які прадугледжваў, што калі артыкулы дзеючай Канстытуцыі БССР уваходзяць у супярэчнасьць з палажэньнямі Дэклярацыі, трэба кіравацца Дэклярацыяй як канстытуцыйным законам (Паводле Я.А. Юхо//”Гісторыя дзяржавы і права Беларусі”).
