1 ліпеня 1569 г. быў абвешчаны акт Люблінскай вуніі, празь якую адбылося аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў – Польшчы ды Вялікага Княства Літоўскага – у адзіную Рэч Паспалітую.
Сярод прычынаў, што прымусілі Княства пайсьці на вунію з Польшчай, на першае месца выходзяць супярэчнасьці паміж буйной ды дробнай шляхтай (апошняя жадала валодаць “шляхецкімі вольнасьцямі”, якімі напоўніцу карысталася польская шляхта) ды няўдачы ў вайне з Масковіяй.
Амаль паўгады доўжыўся Люблінскі сойм. Кожны з бакоў ставіў свае ўмовы і не хацеў саступаць. І толькі пасьля гвалтоўнага далучэньня до Польшчы Падляшша, Валыні, Падольля ды Кіеўшчыны, што аслабіла і без таго падарваную Лівонскай вайной эканоміку Княства, ВКЛ вымушанае было пайсьці на значныя саступкі. Найвышэйшым органам улады станавіўся агульны Сойм, які мог зьбірацца толькі на тэрыторыі Польшчы. Асобных соймаў як для Кароны, так і для Княства не прадугледжвалася. Манарх меў тытул “караля Польскага, князя Літоўскага, Рускага, Прускага, Мазавецкага, Жмудзкага, Кіеўскага, Валынскага, Падляскага і Інфлянцкага”. Выключна да кампэтэнцыі Рэчы Паспалітай адыходзіла замежная палітыка. Усе ранейшыя законы ды дамовы, што былі накіраваныя супраць інтарэсаў кожнай з краінаў, мусілі быць скасаванымі. Акрамя таго, “статуты і ўсе якія бы то ні былі пастановы, ўхваленыя ў Літве супраць польскага народу па пытаньнях набыцьця ды валоданьня палякамі маёнткамі ў Літве, надалей не павінны дзейнічаць. Дазваляецца набываць маёнткі і валодаць імі паляку ў Літве, а літвіну ў Польшчы”.
Тым ня менш, у Княстве цалкам захоўваліся былы адміністрацыйны апарат, асобнае заканадаўства і судовае ўладкаваньне, тытул і пячатка, а таксама войска.