Шаноўныя наведвальнікі Праўніка,
Прапануем Вашай увазе новую інтэрактыўную рубрыку. Як Вы маглі заўважыць, гэтая рубрыка займае мейсца былой сэкцыі “Навіны”. Апошняя пераехала ў заархіваваны стан і ў будучым магчыма ізноў будзе адноўленая. На першым этапе існаваньня Праўніка (з 2004 года) мы бачылі задачу ў стварэньні прэцэдэнту беларускамоўнага юрыдычнага тэксту, назапашваньні юрыдычнай тэрміналёгіі ды задзіночаньні адпаведнага кола. Прэзэнтаваная рэформа мае адлюстроўваць новую стадыю ў разьвіцьці праекту. Перадусім нас цікавіць акцэнт на камунікацыю ўнутры беларускага юрыдычнага кола, а таксама з нашымі рэгулярнымі ды (спадзяемся!) новымі чытачамі. Такая інтэрактыўная мадэль уэб-камунікацыі ёсьць асабліва важнай для нас, бо дазваляе падтрымліваць супольнасьць беларускамоўных праўнікаў у тым ліку па-за межамі Беларусі.
Вось жа, гэтая рубрыка мае на мэце стварыць пэўную дыскусійную пляцоўку актуальных ідэяў права і палітычнай філязофіі. Штосуботу на ўэб-бачыне Праўніка будуць зьяўляцца невялічкія аўтарскія тэксты, якія можна ахарактарызаваць, як праўныя эсэі, нарысы праблематыкі альбо інтэлектуальны праўны блёґінґ. Тэксты будуць асьвятляць канкрэтныя праблемы з самых розных галінаў права (тэорыя, крымінальнае права, цывілістыка, працоўнае права, канстытуцыйная кампаратывістыка і г.д.). Праз гэтую рубрыку будуць таксама прэзэнтавацца пераклады ды аналіз судовых рашэньняў, актуальных для сучаснага міжнароднага і эўрапейскага права. Пэўная частка тэкстаў будзе прысьвечаная пытаньням палітычнай філязофіі, этычным праблемам права, сацыялёгіі і паліталягічнаму аналізу.
Калі Вы хацелі б далучыцца да пісаньня гэткіх тэкстаў, запрашаем зьвязацца з рэдакцыяй праз адрас электроннай пошты. У далейшым плянуецца публікацыя зборніку найбольш цікавых аўтарскіх тэкстаў гэтай рубрыкі. Вы таксама маеце магчымасьць падпісацца на штотыднёвую рассылку новых тэкстаў, каб сачыць за рубрыкай.
У пачатку было слова і гэтае слова было “Праўнік”. Слова мусіла адлюстроўваць прафэсійную скіраванасьць ды аб’ект дасьледаваньня праекту – ПРАВА. Таму першы тэкст у прэзэнтаванае рубрыцы задаецца простым пытаньнем – дык што такое права? Ці ведаем мы, чым займаемся, і ці патрэбнае нам наагул азначэньне?
Запрашаем усіх ахвотных узяць актыўны ўдзел у стварэньні рубрыкі ды абмеркаваньні тэкстаў!
Рэдакцыя