Для большасьці беларускіх студэнтаў, што плянуюць атрыманьне пасьлядыплёмнае адукацыі, актуальным стае пытаньне дзе і як гэта рабіць. Ужо на першым этапе паўстае дылемат: спыніць свой выбар на айчыннай установе адукацыі, альбо вырашыць на карысьць замежнае інстытуцыі. На вялікі жаль, гэтае пытаньне часьцяком ёсьць рытарычным з-за недахопу інфармацыі датычна адукацыйных магчымасьцяў іншых краінаў.
Вашай увазе прапануецца інтэрвію з Настай Курганавай, абсальвэнткай факультэту міжнародных стасункаў Беларускага Дзяржаўнага Ўніверсітэту, якая зараз атрымлівае ступень магістаркі права ў Osgoode Hall Law School Ёркскага ўнівэрсытэту, Таронта (Канада). Яна распавядзе пра некаторыя асаблівасьці канадыйскае сыстэмы права і прыярытэты праўнай адукацыі, раскрые сутнасьць курсу LLM і яго структуру. Вы таксама даведаецеся пра патрабаваньні да тых, хто хоча атрымаць ступень магістра ў галіне права, працягласьць навучаньня і ўмовы, неабходныя для атрыманьня дыплёму LLM.
"Праўнік": Перш за ўсё, чым адрозьніваюцца беларуская і канадыйская сыстэмы права?
Н. К.: У Беларусі, як і ў большасьці эўрапейскіх краінаў, прынятая гэтак званая Civil Law System або рамана-германская сыстэма цывільнага права, заснаваная на прынятых законах, аб’яднаных у кодэксы. Пры гэтым роля судзьдзі зводзіцца да вытлумачэньня законаў. А ў ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі і шэрагу іншых дзяржаваў, у асноўным гэта былыя Брытанскія калоніі, дзейнічае англа-саксонская сыстэма агульнага права альбо Common Law System. Яна заснаваная на судовых прэцэдэнтах, і, у часе разгляду справы, судзьдзя кіруецца ў першую чаргу мінулымі рашэньнямі ў аналягічных справах.
"Праўнік":Што азначае ступень LLM і дзе яе можна атрымаць?
Н. К.: На эўрапейскім кантынэнце носьбіты замежных (англа-саксонскіх) юрыдычных ступеняў LLM (Master of laws, магістар права) лічацца спэцыялістамі-ўнівэрсаламі, бо праграмы LLM дазваляюць вывучыць спэцыфіку менавіта агульнага права.
Ні для каго не сакрэт, што найпрэстыжнейшыя LLM – у амэрыканскіх школах права. У ЗША налічваецца каля 85 праграмаў такога кшталту, кожную з якіх штогод наведвае ад 20 да 80 студэнтаў. Вялікай папулярнасьцю карыстаюцца школы права пры ўнівэрсытэтах Columbia, Harvard, Pennsylvania, Cornell, Wake Forest і інш. Канада займае другое, пасьля ЗША, мейсца у сусьветным рэйтынгу сыстэмаў вышэйшае адукацыі.
"Праўнік":А чаму лепей праходзіць курс LLM менавіта ў Канадзе?
Н. К.: Атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Канадзе мае сэнс шмат з якіх прычынаў. Гэта адная з краінаў, чые унівэрсытэцкія дыплёмы, як бакаляўрскія, гэтак і магістэрскія, прызнаюцца ва ўсім сьвеце. Сярод сотні ўнівэрсытэтаў і прыроўненых да іх каледжаў, натуральна, ёсьць свае безумоўныя лідэры, але пры гэтым – цяжка паверыць, але тое факт! – няма аўтсайдэраў. На гэткім збольшага добрым фоне цяжка вылучыцца, тым не менш, своеасаблівая "табэль аб рангах" існуе і для канадыйскіх вышэйшых навучальных установаў. Яе складае аўтарытэтны часопіс Maclean’s Weekly Magazine, які два разы на год публікуе рэйтынгі ўнівэрсытэтаў.
"Праўнік":Цікава, на які тэрмін разьлічаны курс LLM і колькі ён каштуе?
Н. К.: Што да працягласьці і кошту такіх праграмаў, дык у залежнасьці ад установы праграма LLM доўжыцца ад 9 да 12 месяцаў. Звычайна, гэта два сэмэстры аўдыторных заняткаў (з верасьню па красавік) і тры месяцы - напісаньне дысэртацыі. Кошт навучаньня вагаецца ад 10 да 25 тысячаў даляраў: чым прэстыжнейшая ВНУ, тым даражэйшая праграма. У большасьці выпадкаў гэты кошт не ўключае аплату за жыльлё, харчаваньне, мэдычную страхоўку, неабходную літаратуру і штодзённыя выдаткі.
Для беларускіх студэнтаў вельмі актуальным будзе пытаньне, ці можна атрымаць стыпэндыю на пакрыцьцё кошту навучаньня. Калі так, дык як пра яе можна даведацца?
У сяньняшніх эканамічных умовах самому зарабіць на магістэрскую праграму даволі цяжка, таму найбольш аптымальны варыянт – шукаць стыпэндыю на навучаньне. Падчас паступленьня на любую магістэрскую праграму, разам з неабходнымі заявамі, ВНУ прапануе Вам спэцыяльныя формы для афармленьня заявы на стыпэндыю. У Канадзе існуе вялікая колькасьць праграмаў і фундацыяў, што фінансуюць студэнтаў. Пры жаданьні вы можаце нават узяць банкаўскі крэдыт на навучаньне, але калі вас цікавіць канкрэтная праграма ў канкрэтным ВНУ, самы надзейны варыянт атрымаць стыпэндыю – зьвярнуцца ў ВНУ. Уся інфармацыя пра ўмовы атрыманьня стыпэндыю найчасцей выкладзеная на афіцыйным сайце ВНУ.
"Праўнік":Якім акадэмічным патрабаваньням мусяць адпавядаць тыя, хто хоча прайсці курс LLM?
Н. К.: Наяўнасьць вышэйшай юрыдычнай адукацыі – адное з галоўных патрабаванняў канадыйскіх юрыдычных школаў. Падчас паступленьня ў любую юрыдычную школу прыемная камісія зважае на адзнакі ў дыплёме, досьвед працы па спэцыяльнасьці і наяўнасьць навуковых працаў або публікацыяў. Больш за тое, абавязковым патрабаваньнем ёсьць напісаньне эсэю на дадзеную тэму, прадстаўленьне рэкамендацыяў і характарыстыкаў. Яшчэ адное значнае патрабаванне – пісьмовае абгрунтаваньне і вусная абарона тэмы дысэртацыі, над якой вы зьбіраецеся працаваць.
Іспыт з ангельскай мовы для замежнікаў (TOEFL) – таксама абавязковая ўмова. Падчас навучаньня прыйдзецца мець справу з юрыдычнай лексыкай, таму бал за іспыт TOEFL мусіць быць не меншым за 85-90%. У некаторых школах кандыдатам прыйдзецца здаць і тэст з права LSAT. Ён паказвае узровень веды ў галіне права і разьвітасьць праўнага мысьленьня кандыдата.
"Праўнік":Відавочна, што падыходы да юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Канадзе значна розняцца. Чым гэта тлумачыцца?
Н. К.: Мэтады юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Паўночнай Амэрыцы істотна розьняцца. У Паўночнай Амэрыцы пануе гэтак званы "сакратаўскі мэтад", то бок лекцыя вядзецца у рэжыме свабоднага дыялёгу: кожны студэнт вольны ў часе лекцыі задаць пытаньне, лектар гэтаксама можа зьвяртацца да аўдыторыі з пытаньнямі. Гэта зьвязана з карэннай розьніцай ў падыходзе да юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Паўночнай Амэрыцы. У Беларусі на лекцыі прафэсар раскрывае студэнтам значэньне праўных нормаў. У Амэрыцы выкладчык падштурхоўвае студэнтаў да таго, каб яны самастойна раскрылі сэнс праўных нормаў грунтуючыся на вывучаным матэрыяле (патрабуецца, каб да кожнай лекцыі студэнты ўжо вывучылі належны матэрыял, прыкладна 150-300 старонак тэксту, якія неабходна, вядома, ня проста прачытаць, а дэталёва вывучыць, адзначыць ключавыя моманты, магчыма, падрыхтаваць case brief і г.д.). Пры гэтым студэнты ў Паўночнай Амэрыцы (у адрозьненьні ад беларускіх), звычайна вывучаюць не нормы канкрэтных законаў і іншых нарматыўных актаў, а агульныя палажэньні права, набываюць досьвед працы з юрыдычным матэрыялам як такім, спэцыялізацыя і зьвязанае з гэтым вывучэньне нормаў канкрэтных законаў ажыцьцяўляюцца падчас курсу падрыхтоўкі да паступленьня ў адвакатуру (bar admission course).
"Праўнік":На чым грунтуецца такая розьніца?
Н. К.: Канцэптуальнае адрозьненьне юрыдычнай адукацыі ў Беларусі і Паўночнай Амэрыцы часткова зьвязанае з спэцыфікай функцыянаваньня агульнага права, дзе першасным ёсьць юрыдычны прэцэдэнт, і будучым юрыстам неабходна разабрацца ў асаблівасьцях тэкстаў судовых рашэньняў. Аднак адрозьненьні выкліканыя ня толькі гэтым. Падставовая канцэпцыя беларускай юрыдычнай адукацыі палягае ў практыцы выкладаньня савецкага часу. За савецкім часам юрыспрудэнцыя мела шэраг асаблівасьцяў, сярод якіх неабходна найперш падкрэсьліць фактычную адсутнасьць колькі-небудзь разьвітага дамоўнага і камэрцыйнага права. Дамовы паміж паасобнымі прадпрыемствамі заключаліся паводле тыпавых формаў, а спрэчкі вырашаліся дзяржаўным арбітражам. Такім чынам, праца юрыста збольшага зводзілася да веданьня адпаведных формаў, а таксама інструкцыяў і правілаў іх выкарыстаньня, якія не мяняліся цягам гадоў.
У Канадзе для юрыста важна не толькі ведаць усе прыкладныя нормы, правілы, формы і г.д., але і быць здольным выкарыстаць іх з максымальнай карысьцю для кліента (пры гэтым, вядома, застацца ў рамках закона!). Сыстэма заканадаўства (перш за ўсё, камэрцыйнага, карпаратыўнага, дамоўнага права) вылучаецца нашмат большай гнуткасьцю (у параўнаньні з савецкім правам), таму для юрыста важна ведаць ня толькі нейкую адну канкрэтную форму, напрыклад, афармленьня пажаданай угоды, а ўсе магчымыя формы, перавагі і недахопы кожнай такой формы для абодвух бакоў, магчымыя рызыкі і іншыя спадарожныя фактары.
"Праўнік":Распавядзі, калі ласка, пра структуру самога курсу LLM.
Н. К.: На LLM заняткі праходзяць штодня, акрамя выходных. На тых праграмах, дзе прадугледжана напісаньне дысэртацыі, колькасьць аўдыторных гадзінаў меншая. Першыя дзевяць месяцаў ідуць на падрыхтоўку да дысэртацыі, астатнія тры – на яе напісаньне. Студэнты, не зьвязаныя працай над дысэртацыяй, навучаюцца паводле традыцыйнае схемы: наведваюць заняткі, рыхтуюць спавешчаньні.
Праграма звычайна ўключае абавязковыя дысцыпліны і шэраг прадметаў на выбар. Магчымасьці выбару абмежаваныя толькі канфліктам раскладаў розных дысцыплінаў. Ніжэй прыведзены расклад на год:
1 сэмэстар: Альтэрнатыўныя падыходы да тэорыі права; Карпаратыўнае права; Фінансаваньне карпарацыі; Заканадаўства аб каштоўных паперах (інтэнсіўны курс); Фінансавае пасярэдніцтва (інвэстыцыйныя банкаўскія сыстэмы, узаемныя фонды, страхаваньне і г.д.) (інтэнсіўны курс).
2 сэмэстар: Заканадаўства аб каштоўных паперах; Інтэлектуальная маёмасьць; Права, якое рэгулюе індустрыю забаваў; Складаньне юрыдычных дакумэнтаў.
Канадыйскія LLM пачынаюцца з вывучэньня падставовых прынцыпаў англа-саксонскага права (канстытуцыйнае права і грамадзянскія, адміністрацыйныя і крымінальныя правадачыненьні). Пасьля пачынаецца спэцыялізацыя. Так, напрыклад, у курс "Інтэлектуальная маёмасьць" уваходзяць дысцыпліны з аўтарскага права, патэнтнага права, патэнтнага закону, гандлёвых маркаў. Тыя, хто цікавіцца ўгодамі з удзелам канадыйскіх кампаніяў, мусяць праслухаць курс з падставаў карпаратыўнага права, у межах якога разглядаюцца базавыя прынцыпы міжнародных угодаў, антыманапольная палітыка, банкруцтва і іншыя.
Іспыты звычайна маюць форму тэстаў – здаваць іх трэба напрыканцы кожнага сэмэстру альбо пасьля вывучэньня канкрэтнага курсу. Да заданьня прапаноўваецца некалькі варыянтаў адказаў, вельмі падобных адзін да аднаго, таму памыліцца ў выбары проста. Неабходна мець сапраўды грунтоўныя веды ў прадмеце, каб зразумець, які з адказаў слушны.
"Праўнік":Ці насамрэч заходняя адукацыя мае такую вялікую вартасьць для беларускага студэнта?
Н. К.: Бясспрэчна, што ў новых эканамічных умовах заходняя юрыдычная адукацыя, што дапамагае студэнту разьвіць лёгіку, здольнасьць творча пераасэнсаваць і вырашыць прапанаванае заданьне на максымальна карысных умовах, прадстаўляе для Беларусі найбольшую каштоўнасьць. З пункту гледжаньня набыцьця такога досьведу і разьвіцьця такіх здольнасьцяў заходняя юрыдычная адукацыя і можа быць найбольш карыснай. Аднак самае галоўнае – памятаць, што заходняя адукацыя дасьць вам столькі, колькі вы здолееце ад яе ўзяць.
"Праўнік":Дзякуй, што знайшла час адказаць на нашыя пытаньні. Посьпехаў табе ў тваіх творчых пачынаньнях.
Пытаньні падрыхтаваў Аляксандар Мартынаў
