Канстытуцыйнае права ведае дзве класічныя формы канстытуцыйнага кантролю: амерыканскую, дзе кантроль праводзіцца судамі агульнай юрысдыкцыі, і еўрапейскую, дзе для ажыццяўлення кантроля ўтвараецца спецыялізаваны ворган – Канстытуцыйны суд, Дзяржаўная рада ці Трыбунал -, які звычайна адносіцца да галіны судовае ўлады. У Еўрапейскім звязе – як асаблівым наддзяржаўным утварэнні – паўстае своеасаблівы механізм ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю. У пэўнай ступені гэты механізм абумоўлены і тым, што ў Еўрапейскі звяз уваходзяць дзяржавы, якія маюць як амерыканскую (Вялікая Брытанія, Фінляндыя, Швецыя), так і еўрапейскую (Францыя, Грэцыя, Польшча) сістэму канстытуцыйнага кантролю.
Адным з інстытутаў Еўрапейскага звязу ёсць Еўрапейскі суд. Яго афіцыйная назва – Суд Еўрапейскіх Супольнасцяў (літаральныя пераклады могуць быць і такія: Палата правасуддзя, Судовая палата). Такім чынам, гэта суд Супольнасцяў, а не Звязу, паколькі юрысдыкцыя Суду канцэнтруецца ў межах кампетэнцыі Еўрапейскіх Супольнасцяў, хаця зараз ён разглядае справы і ў рамках трэцяга апірышча Еўрапейскага звязу – сферы паліцэйскага і судовага супрацоўніцтва ў пытаннях крымінальнага права, – а таксама некаторыя праўныя канфлікты, што тычацца Звязу ў цэлым. Другое апірышча Еўрапейскага звяза – супольная знешняя палітыка і палітыка бяспекі - выключана з кампетенцыі Еўрапескага суда. Еўрапейскі суд можна разглядаць адначасова і як канстытуцыйны суд, адміністрацыйны суд, суд у цывільных справах, арбітра пры разглядзе спрэчак паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі, а таксама як экспертную інстанцыю.
Асаблівасцю Еўрапейскага суду ў сферы канстытуцыйнага судаводзтва ёсць тое, што інстытуты Звязу не функцыянуюць паводле прынцыпу падзелу ўлады на тры галіны. Напрыклад, Еўрапейская камісія, якая фармальна належыць да выканаўчай улады, валодае выключным правам заканадаўчай ініцыятывы, а таксама правам правяраць на адпаведнасць Дамове аб Супольнасці новыя нарматыўныя акты краін-удзельніц. Між тым, пры ажыццяўленні канстытуцыйнага правасуддзя Еўрапейскага суду ёсць шэраг важных асаблівасцяў. Па-першае, ня гледзячы на тое, што Еўрапейскі суд прызнаў Дамову аб Еўрапейскай Супольнасці канстытуцыйнай граматай, у Еўрапейскім звязе пакуль не існуе адзінага дакументу, які можна было б назваць паўнавартаснай адзінай Канстытуцыяй. Па-другое, прадметам канстытуцыйнага кантролю ёсць акты наднацыянальных інстытутаў і ворганаў. Па-трэцяе, прадмет кантролю ствараюць таксама акты краін-удзельніц, у чым, несумненна, выяўляецца ўмяшанне Еўрапейскага суда ў нацыянальны суверэнітэт краін-удзельніц.
Еўрапейскі суд быў утвораны ў 1951 годзе пасля ўсталявання Еўрапейскай Супольнасці вуглю і сталі. Рымская дамова 1958 году абвесціла Еўрапейскі суд галоўным ворганам як для Еўрапейскай эканамічнай Супольнасці, так і для Еўрапейскай Супольнасці ў атамнай энергіі. Згодна з Пагадненнем аб зліцці Еўратаму, ЕЭС і ЕСВТ 1965 года Еўрапейскі суд стаў адзіным ворганам для ўсіх трох супольнасцяў. У 1989 годзе дзеля палёгкі працы Еўрапейскага суду быў створаны Суд першай інстанцыі, у кампетэнцыю якога ўваходзіць разгляд скаргаў прыватных асобаў і справаў, звязаных з парушэннем правілаў канкурэнцыі на рынку.
Праўнай падставай дзейнасці Суду, згодна з арт. 1 Статута Суду, ёсць: Дамова аб Еўрапейскім Звязе, Дамова аб Еўрапейскай Супольнасці, сам Статут. Акрамя таго Суд прымае Правілы працэдуры. Задача Суда палягае ў забеспячэнні законнасці пры тлумачэнні і прымяненні Дамовы аб Супольнасці і арт. 46 Дамовы аб Еўрапейскім Звязе.
Канстытуцыйна-праўны працэс Еўрапейскага суду можна акрэсліць як такую форму правасуддзя, у межах якога разглядаюцца спрэчкі паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі, спрэчкі паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі і інстытутамі ці ворганамі Супольнасцяў, а таксама паміж самымі інстытутамі і ворганамі Супольнасцяў з прычыны тлумачэння і прымянення заканадаўства Супольнасцяў. У канстытуцыйна-праўным працэсе можна вылучыць наступныя віды судаводзтва: простая юрысдыкцыя, прэюдыцыяльная ці ўскосная юрысдыкцыя і папярэдні “канстытуцыйны” кантроль. Да простай юрысдыкцыі адносяцца пазовы аб прызнанні несапраўднасці і пазовы аб бяздзейнасці .
На падставе пазоваў аб прызнанні несапраўднасці (арт. 230 Дамовы аб Супольнасці) Суд разглядае законнасць актаў, прынятых сумесна Еўрапейскім парламентам і Радай, актаў Рады, Камісіі, Еўрапейскага Цэнтральнага Банка, акрамя рэкамендацый, меркаванняў і актаў Еўрапейскага парламенту, якія могуць мець праўныя вынікі непасрэдна ў адносінах з трэцімі краінамі. Пазоў аб прызнанні несапраўднасці падаецца краінай-удзельніцай, Радай, Камісіяй. Падстава – недастатковасць кампетэнцыі ці перавышэнне паўнамоцтваў дзеля вынясення рашэння, а таксама істотнае парушэнне патрабаванняў працэдуры. Пазоў паводле гэтым прадмеце падаецца Еўрапейскім парламентам, Палатай аудытараў і Еўрапейскім Цэнтральным Банкам у выпадку абароны сваіх правоў. Пазоў можа падавацца і грамадзянінам ці юрыдычнай асобай супраць рашэння, што проста ці ўскосна тычыцца гэтай асобы, цягам двух месяцаў пасля таго, ак асобе стала вядома аб гэтым рашэнні. Такі пазоў першапачаткова падаецца ў суд першай інстанцыі.
Так званы пазоў аб бяздзейнасці ўсталёўваецца арт. 232 Дамовы аб Супольнасці. Ён падаецца краінай-удзельніцай ці інстытутам Супольнасці, каб засведчыць факт парушэння Парламентам, Радай ці Камісіяй абавязкаў па Дамове аб Супольнасці, якое палягае ў тым, што адпаведны суб’ект не прыняў рашэнне, якое ён павінен быў прыняць у адпаведнасці з патрабаваннямі першаснага права Супольнасцяў. Пазоў прымаецца да разгляду толькі пасля таго, як адказчыку была ўнесеная прапанова Суду аб прыняцці адказчыкам неабходных захадаў у ліквідацыі парушэнняў. Калі цягам двух месяцаў пасля ўнесеннай прапановы адказчык не вызначыўся ў сваёй пазіцыі, судовая справа можа быць узбуджана цягам наступных двух месяцаў. Па выніках канстытуцыйнага судаводзтва Суд можа вынесці рашэнне, у якім прызнае бяздзеянні адказчыка як супярэчныя Дамове аб Супольнасці і вызначае патрабаванні да адказчыка прыняць неабходныя захады для выканання рашэння Суду.
У адпаведнасці з арт. 226 Дамовы аб Супольнасці, калі Камісіі лічыць, што дзяржава-ўдзельніца не здолела выканаць абавязак згодна з гэтай Дамовай, яна прымае абгрунтаванае меркаванне па справе пасля таго, як дзяржаве была дадзеная магчымасць выказаць свае заўвагі. Калі дзяржава не ўлічвае гэтыя меркаванні ў тэрмін, вызначаны Камісіяй, Камісія можа звярнуцца з гэтым пытаннем у Суд. Прыкладам такой спрэчкі ёсць справа С-147(03): Камісія Еўрапейскіх Супольнасцяў супраць Аўстрыйскай Рэспублікі.[1]
У выніку вывучэння аўстрыйскага заканадаўства, звязанага з вышэйшай адукацыяй у Аустрыi, Камісія выявіла ў ім ўскосную дыскрымінацыю на падставе нацыянальнасці. Закон аб навучанні ва ўніверсітэтах патрабаваў, каб студэнты, што атрымалі дыплом аб сярэдней адукацыі ў іншай краіне-ўдзельніцы і хочуць навучацца ва універсітэце Аўстрыі, адпавядалі не толькі тым умовам для паступлення, што і студэнты з аўстрыйскім дыпломам аб сярэдней адукацыі, але і некаторым іншым умовам. Напрыклад, яны мелі давесці, што здольныя паступіць на адпаведны курс ва універсітэце той краіны, дзе яны атрымалі дыплом аб сярэдней адукацыі. Еўрапейскі суд разглядзеў справу і 7 ліпеня 2005 года вынес рашэнне, у якім дэкляраваў, што Аўстрыя парушае Дамову аб Супольнасці, а менавiта: арт. 12 (“у рамках сферы прымянення гэтай Дамовы і без урону для любых спецыяльных палажэнняў, змешчаных у ім, забараняецца любая дыскрымінацыя па прычыне грамадзянства”), арт. 149 (“дзейнасць Супольнасці мае на мэце спрыянне мабільнасці навучэнцаў і выкладчыкаў, inter alia праз спрыянне акадэмічнаму перызнанню дыпломаў і тэрнінаў навучання”) і арт. 150 (“дзейнасць Супольнасці ставіць сабе мэту палегчыць доступ да прафесійнага навучання і заахвочвання мабільнасці інструктараў, навучэнцаў і асабліва моладзі”). Суд таксама звярнуў увагу на тое, што Аўстрыя належыць да ўдзельнікаў Дамоваў Рады Еўропы 1953 і 1977 гадоў, што тычацца дыпломаў пры прыняцці ва універсітэты, і не можа адхіляцца ад іх. Акрамя таго, як бок, што прайграў справу, Аўстрыя мела кампенсаваць усе судовыя выдаткі.