Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Юрыдычная тэрміналёгія — стварайма разам! (па матывах форумаў praunik.org: частка 1) | Тацяна Фадзеева | 25.11.2005

 

З моманту зьяўленьня “Праўніка” на форуме “Юрыдычная тэрміналёгія — стварайма разам” абмяркоўваюцца беларускамоўныя адпаведнікі праўніцкіх тэрмінаў, якія выклікаюць дыскусіі сярод зацікаўленых, не зьяўляюцца агульнапрынятымі (калі ў гэтай галіне нешта можна лічыць агульнапрынятым) альбо якія пакуль проста ня зной- дзеныя. З часам абмеркаваньне новых тэрмінаў было адасоблена ў новыя форумы. Вашай увазе прапануецца некаторыя высновы, а ўсіх, каму неабыякавы лёс беларускіх праўніцкіх тэрмінаў, накіроўваем на http://praunik.org/forum/viewforum.php?f=3

…А пісар земскій маеть по-руску літерамі і словы рускімі

   все лісты, выпісы і позвы пісаті, а не іншім езыком і словы…

(арт. 1 р. IV Статуту 1588 г.)

Пераклад праўніцкіх тэрмінаў на беларускую мову цікавіць найперш студэнтаў праўніцкіх спэцыяльнасьцяў, маладых адмыслоўцаў, выкладаньнікаў права. Актыўна ўдзельнічаюць на форумах таксама лінгвісты, што дазваляе зірнуць на пытаньне адшуканьня найлепшых адпаведнікаў адначасова зь юрыдычнага і філялягічнага бакоў, а, значыць, — больш прафэсійна.

Праблемы зь перакладам абумоўленыя ў першую чаргу адсутнасьцю найважнейшых заканадаўчых актаў на беларускай мове (напрыклад, Цывільнага кодэксу). Зь юрыдычнага гледзішча тлумачыцца гэта тым, што ў рэдакцыі Закону “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” 1998 г. у шматлікіх артыкулах зьявіўся сумнавядомы сваімі наступствамі злучнік “і (альбо)”, што de jure дазваляе акты дзяржаўных органаў прымаць і публікаваць “на беларускай і (альбо) расейскай мовах”, а de facto вядзе да суцэльнай русіфікацыі праўніцкай сфэры. Тое ж самае датычыць і справаводзтва, і судаводзтва, і СМІ і г.д. Другая прычына — разьвіцьцё сьледам за рознымі сфэрамі грамадзкага жыцьця і юрыдычнай тэрміналёгіі, зьяўленьне новых словаў — але толькі ў расейскай мове. У той жа час пэўныя прагрэсіўныя праўныя інстытуты (напрыклад, інстытут т.зв. амбудсмана) у Беларусі адсутнічаюць, што не спрыяе зьяўленьню новых словаў. Акрамя таго пры перакладзе даводзіцца сустракацца з розным значэньнем у праўніцкай мове падобных словаў зь беларускай і расейскай моваў (напрыклад, “таварыства” і “товарищество”).

Удзельнікі форумаў знаходзяць розныя выйсьці з складаных сытуацыяў. Часта зьвяртаюцца да варыянтаў тых ці іншых тэрмінаў у іншых славянскіх мовах, да традыцыяў Статутаў Вялікага княства Літоўскага, у асобных выпадках прапануюць запазычаньні з ангельскай. Як піша адзін з наведвальнікаў Romerales, “беларускім праўнікам сапраўды ня трэба вынаходзіць ровары ды Амэрыкі. Амаль усё, што трэба, ужо ёсьць... большасьць паняткаў, на каторыя трэба знайсьці пераклад, існавалі даўным даўна, праблема застаецца... у тым, каб знайсьці той самы пераклад.”

Тэрміны, што абмяркоўваюцца на форумах, можна ўмоўна падзяліць на наступныя групы:

• тэрміны, якія маюць адпаведнікі, але адпаведнікі якіх не задавальняюць большасьць удзельнікаў форумаў (такія, як, напрыклад, дагавор”, “здзелка”, “абавязацельства”, “грамадзянскі”...);

• тэрміны, якія істотна розьняцца ў розных прававых сыстэмах (расейскай і ангельскай мовах) — гэта, у прыватнасьці, датычыць тэрмінаў банкаўскага права (вексель, тратта, платежное требование...);

• тэрміны, што пакуль не актуальныя на Беларусі (напрыклад, амбудсман).

З найбольш распаўсюджанымі праўніцкімі тэрмінамі ўзьнікае ці не найбольшая колькасьць пытаньняў: большасьць наведвальнікаў супраць ужываньня калькаваных слоў. Асабліва гэта датычыць тэрміналёгіі “грамадзянскага права”. Сама назва — “грамадзянскае права”— падаецца менш слушнай за права “цывільнае”. Цікавыя дыскусіі разгарнуліся вакол словаў “убытки-ущерб-вред”, “праваадносіны”, “здзелка”. Так, слова “сделка” слоўнікамі перакладаецца як “здзелка”, але гэтая відавочная калька не задавальняе ўдзельнікаў форуму, некаторыя зь якіх ужываюць яе ў практычных тэкстах таму, што іншы агульнапрызнаны варыянт ня знойдзены. Замены прапануюцца наступныя: угода, кантракт, транзакцыя, апэрацыя (гешэфт), умова etc. “Кантракт” касуецца адразу, бо ёсьць сынонімам дагавору. “Гешэфт” часова пакінуты без разгляду (калі ня ўлічваць прапанову так і перакласьці адзін з артыкулаў ЦК: “Непаўнагадовыя... могуць учыняць дробныя побытавыя гешэфты...”). Што да тэрміну “угода”, то яно пакрысе ўвайшло ў праўніцкі абег. Але нягледзячы на тое, што “ўгода” ёсьць варыянтам покуль найболей прыймальным, некаторыя супярэчнасьці яшчэ існуюць. Як пішуць дасьведчаныя наведвальнікі, маецца на ўвазе нейкае пагадненьне, а ў выпадку са “сделкай” гэтага пагадненьня можа і ня быць, бо існуюць аднабаковыя “сделки”. Як сьведчыць яшчэ адзін актыўны ўдзельнік тэрміналягічных спрэчак, сэнс “сделки” ня ў тым, каб “делать”, а ў тым, што “сделано”, то бок “дамоўлена”, “зроблена”. У такім разе цудоўным адпаведнікам будзе “ўмова”. Аднак, як у такім разе — заўважае наступны ўдзельнік — сказаць “умовы здзелкі”? У ангельскай і польскай ужываюць слова “трансакцыя”. Пытаньне застаецца адкрытым.

Са спэцыяльнымі — у дадзеным выпадку банкаўскімі — тэрмінамі ўсё яшчэ больш складана. Наведвальнікі адмысловага форуму прыйшлі да высновы, што ў розных сыстэмах права (кантынэнтальнай і ангельска-амэрыканскай) спэцыяльныя тэрміны маюць сваю гісторыю і, адпаведна, гучаць па-рознаму. Што браць за падмурак для распрацоўкі беларускай тэрміналёгіі, улічваючы, што бізнэс-мова сьвету — ангельская? Відаць, распаўсюджаныя міжнародныя тэрміны (инкассо, чек) у гэтай (як і ў іншых) галіне лягічна запазычыць. Але дыскусіі толькі пачынаюцца.

Нарэшце, амбудсман — спэцыяльная службовая асоба, што выбіраецца альбо прызначаецца для кантролю за ажыцьцяўленьнем правоў чалавека адміністрацыйнымі ворганамі, а часам і прыватнымі асобамі. Слова гэтае паходзіць ад швэдзкага ombudsman — прадстаўнік чыіх-кольвек інтарэсаў. На Беларусі такі інстытут пакуль што адсутнічае, што не замінае дыскусіям наконт выбару слушнай назвы. Справа ў тым, што, нягледзячы на сваё швэдзкае паходжаньне, амбудсман называцца ў кожнай краіне па свойму (вынятак — скандынаўскія краіны). У Гішпаніі і Калюмбіі гэта народны абаронца, у Францыі — пасярэднік, у Румыніі — адвакат народу. У Расеі падобны інстытут мае назву ўпаўнаважанага па правох чалавека, у Польшчы — rzecznik praw obywatelskich, у Чэхіі — veřejný ochránce práv (грамадзкі абаронца правоў). Беларускі адпаведнік яшчэ чакае на свайго аўтара.

Падсумоўваючы, заўважым, што абмяркоўваюцца на форумах збольшага цывільна-праўныя тэрміны. Аўтары допісаў рупяцца ня толькі пра адыход ад калькаваньня, але і пра ўлік палажэньняў заканадаўства, і пра адценьні словаў у розных мовах. Здараецца, нават знаходзяць цікавыя неадпаведнасьці кшталту “неосновательного обогащения” (замест беспадстаўнага маем нібыта недастатковае — неосновательное).

Увогуле ж абмеркаваньне на форуме дазваляе бачыць мноства меркаваньняў і выказваць свае думкі — каб пасьля прыйсьці да пэўнай высновы і займець свае адпаведнікі ў юрыдычнай мове. Таму ўсіх ахвотных ласкава просім далучацца!

 

Дадатак

 

Ці ведаеце Вы, што...

Пераклад Скарынай Бібліі на беларускую мову, як падкрэсліваюць дасьледнікі афіцыйнай мовы Вялікага княства, паклаў пачатак пераўтварэньню на беларускіх землях сытуацыі царкоўнаславянска-беларускай дыгласіі ў сытуацыю царкоўнаславянска-беларускага дзьвюхмоўя, што ў выніку мела вырашальнае значэньне для фармаваньня старажытнабеларускай мовы. Пасьля ж выхаду выданьняў Буднага і Цяпінскага разьвіцьцё гэтых дзьвюх моваў пайшло сваімі незалежнымі шляхамі, што станоўча адбілася на раьзвіцьці беларускай мовы. Найбольш пашыранай галіной ужытку беларускай мовы ў 2-й палове XVI ст. была дзелавая пісьменнасьць — у выніку ажыцьцяўленьня арганізацыі вялікакняжацкай канцылярыі канцлерам Ільвом Сапегам. Аб аўтарытэце дзелавой пісьменнасьці на беларускай мове ў гэты пэрыяд сьведчаць як яе аб’ём (Мэтрыка Вялікага княства), так і важнасьць асобных твораў (Статуты 1529, 1566 і 1588 г., Галоўны Літоўскі Трыбунал 1581 г.), што і стала прычынай гордай заявы Сапегі ў прадмове да Статуту 1588 г.: “А еслі которому народу встыд прав своіх не уметі, поготовю нам, которые не обчым якім языком, але своім власным права спісаные маем...” Самадастатковасьць і высокі аўтарытэт мовы Статутаў падкрэсьлены таксама выданьнем гэтых зводаў законаў асобным курсіўным шрыфтам, у адрозьненьне ад традыцыйнага кірылічнага, які замацаваўся за выданьнямі рэлігійнага зьместу. (Паводле Уладзімір Сьвяжынскі. Праблема ідэнтыфікацыі афіцыйнай мовы Вялікага княства Літоўскага // METRICIANA: Дасьледаваньні і матэрыялы Мэтрыкі Вялікага княства Літоўскага. Vol. I (ATHENAEUM:Commentarii Historiae et Culturae. 4, 2001)

________________________________________

Тацяна Фадзеева (нар. у 1984 г. у Менску) — бакаляўрка права, навучаецца на курсе аддзяленьня “правазнаўства” юрыдычнага факультэту БДУ. Галіна навуковых інтарэсаў — гісторыя права Беларусі, беларуская праўная тэрміналёгія, экалягічнае права



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!