А еслі которому народу
встыд прав своіх не уметі,
поготовю нам…
Леў Сапега
Вяршэнства права і гуманізм — адны з найважнейшых прынцыпаў права ў сучаснай тэорыі права. Гэта агульнаправавыя прынцыпы, т. б. прынцыпы, характэрныя ў роўнай ступені ўсім галінам права. Менавіта таму яны знайшлі адлюстраванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Так, у артыкуле 7 наўпрост гаворыцца: “У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.” Прынцып гуманізму закладзены ў падмурак артыкула 2: “Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.”
Прынцып гуманізму права (у сучаснай агульнай тэорыі права) мае на ўвазе прававыя сродкі забеспячэння павагі да асобы, яе гонару, годнасці, правоў і свабодаў. Перадумовай рэалізацыі гэтага прынцыпу з’яўляецца належнае замацаванне юрыдычных гарантый і захадаў юрыдычнай абароны дэклараваных правоў і свабодаў.
Статуты Вялікага княства Літоўскага з’яўляюцца помнікамі прававой думкі XVI ст. Не дзіва таму, што шматлікія нормы Статутаў сведчаць пра ўплыў ідэй рэнесанснага гуманізму і Рэфармацыі. Рэфармацыя прынесла з сабою ідэю духавай свабоды. Менавіта на ідэі свабоды грунтавалася новае гуманістычнае мысленне, што ўзнікла ў Вялікім Княстве ў пару Адраджэння. Знітаваныя паміж сабой, Рэнесанс і Рэфармацыя ўносілі карэнныя змены ва ўсе сферы грамадскага жыцця. Не было выключэннем і права.
У той жа час не варта забываць, што Статуты ўяўляюць сабой яскравыя прыклады феадальнага права, а гэта значыць, што пры ўсім магчымым гуманізме гэтыя зводы законаў былі ў першую чаргу арыентаваныя на вышэйшыя саслоўі, магнатаў і шляхту. Тым не менш, шматлікія правы і вольнасці па Статутах гарантаваліся не толькі панам-радзе, ураднікам, шляхце і рыцарству, але і мяшчанам, і ўвогуле ўсяму паспалітаму люду.
Ужо ў агульназемскім прывілеі Жыгімонта Казіміравіча 1506 г. правы і вольнасці гарантуюцца не толькі вышэйшым саслоўям і мяшчанам (як у ранейшых прывілеях, у прыватнасці Казіміра 1447 г. і Аляксандра 1492 г.), але “жыхарам і наагул асобам усякага стану і становішча”1 (арт. 2), што сведчыць аб распаўсюджанні гуманістычных ідэй, паколькі насамрэч Княства заставалася феадальнай дзяржавай і не магло па азначэнні надзяляць аднолькавымі правамі вышэйшыя і ніжэйшыя саслоўі насельніцтва. У гэтым жа прывілеі сцвярджаецца, што “... духоўныя пралаты, а таксама свецкія князі, бароны, нобілі, рыцары, вяльможы, дарадцы і іншыя падданыя і жыхары земляў нашага Вялікага Княства Літоўскага... нас [Жыгімонта], як сапраўднага наступніка і гаспадара, згодна жаданням і волі прынялі... абралі і ўзвялі на трон...”. Было б вялікай утопіяй верыць, што князя сапраўды абіралі ўсе насельнікі дзяржавы, паколькі палітычна (і не толькі) бяспраўныя ніжэйшыя саслоўі не маглі ўдзельнічаць у выбарах. Аднак змяшчэнне ў прывілеі пададзенай вышэй нормы не з’яўляецца зусім выпадковым. Яно сведчыць аб жаданні князя быць падтрыманым усімі жыхырамі і, зноў-жа, аб распаўсюджанні гуманістычных ідэй.
У Статуце Вялікага княства Літоўскага 1529 г. прынцып гуманізму ўвасобіўся ў форме замацавання адзінства права для ўсіх падданых Княства. Норма аб адзінстве права была юрыдычна замацавана ўпершыню, яе замацоўваў арт. 9 р. I: “Тэж хочем і вставляем, і вечнымі часы маеть быті ховано, іж всі подданые наші, так вбогіе, яко і богатые, которого раду колве або стану былі бы, ровно а одностайным тым пісаным правом мають сужоны быті."2 Прынцып адзінства права, альбо усеагульнасць законнасці, з’яўляецца вельмі важным прававым прынцыпам. У дзеючай беларускай Канстытуцыі ён зафіксаваны ў арт. 22 (“Усе роўныя перад законам...”) і 52 (“Кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі”).
Прынцып падпарадкаванасці ўсіх людзей адзінаму пісанаму праву дзяржавы пацвярджаецца ў раздзеле VI Статута, што прысвечаны судоваму ладу: “Тэж уставуем, іж кождый воевода наш і староста, і маршалок земскій, і маршалок дворный, і державцы наші кождый у своем повете не мають подданых нашіх іначей судіті і справоваті, леч тымі пісанымі правы которые всім подданым нашім Велікого князьства далі..."
Статут 1566 г. замацоўвае прынцып адзінства права ў арт. 1 і 17 р. I, дадаючы, што гэтым жа адзіным правам патрэбна судзіць і чужаземцаў на тэрыторыі Княства. У арт. 39 р. III гаспадар абяцае “кождому стану всімъ заровно однакую справедлівость чініть...”3, а таксама забараняецца “статі і зычностью быті одной стороне”, патрабуецца “просто кождому справедлівость делаті", чым пацвярджаюцца палажэнні аб адзінстве права.
У арт. 2 р. III вялікі князь абяцае “всіхъ князей і пановъ радъ... і всехъ врядніковъ..., панові хоруговныхъ, шляхту, рыцарство, мещане і всіхъ людей посполітыхъ... заховаті прі свободахъ і вольностяхъ хрестіянскіхъ". І зноў, як у прывілеі Жыгімонта 1506 г., сцвярджаецца, што ўсе жыхары Княства спрадвеку абіралі сабе гаспадароў.
Падобным чынам і ў Статуце 1588 г. запісана, што “всіх князей... і всіх людей посполітых у Веліком князстве Літовском і во всіх землях того паньства, маем заховаті прі свободах і волностях хрестіяньскіх, в которых оні, яко люді волные, волно обіраючы зстародавна і з вечных своіх продков собе панов а господарей велікіх князей літовскіх, жілі і справовалісе...”4. Палажэнні гэтага артыкула падмацаваны артыкулам 5 р. III, у якім вялікі князь прысягае не адбіраць у жыхароў Княства зямель, маёмасці, вольнасцей, правоў. У артыкуле ёсць такія словы: “А где бы што одержано і вышло і якім же кольвек обычаем протів сему статуту, то с права і з суду справедлівого через нас і потомкі нашы, за радою рад нашіх Велікого князства, на сторону отложоно і в нівошто обернено быті маеть.”
Прынцып адзінства права замацаваны ў Статуце 1588 г. у самым першым артыкуле: “Напрод мы, господар, обецуем і шлюбуем..., іж всіх княжат, панов рад, духовных і светскіх, панов хоруговных, шляхту, места і всіх подданых нашіх... почоншы от вышшого стану аж до ніжшого, тымі однымі правы і артыкулы, в том же статуте ніжей пісанымі... судіті і справоваті маем. Также чужоземцы загранічнікі Велікого князства Літовского, прыеждчые і якім кольвек обычаем прібылые люді, тым же правом мають быть сужоны ...".
Уплыў гуманістычных ідэй выразна адчуваецца пры чытанні раздзела XIV Статута — “О злодействе всякого стану”, прысвечанага крымінальнаму праву. Так, у арт. 3 агаворваецца, што ў выпадку сумневаў у віне падсуднага суд павінен схіляцца да вызвалення ад пакарання (“...А вед же суд подобенства всякіе на доброй бачності меті маеть і в речах вонтплівых склоннейшій маеть быті ку вызволенью, ніжлі ку каранью”). Такім чынам Статутам 1588 г. юрыдычна замацоўваўся прынцып прэзумпцыі невінаватасці.
У гэтым жа раздзеле (арт. 11) падвышаецца ўзрост крымінальнай адказнасці: з чатырнаццаці (па Статуце 1566 г.) да шаснаццаці гадоў. Гэтая норма тычыцца не толькі шляхты, але і людзей простага стану, што адлюстравана нават у фармуліроўцы назвы артыкула: “О обвіненью в злодействе шляхтіча, лет зуполных не маючого, также і о простых людях”.
Цікава, што арт. 36 р. XIV забараняе ужываць назву “чэлядзь нявольная” (відаць таму, што, як пісаў Сапега ў звароце да ўсіх грамадзян Княства, чалавеку “нічого не маеть быті дорожшого над вольность”), уводзячы новую назву для гэтай катэгорыі насельнікаў — “чэлядзь дворная”.
У арт. 1 раздзела XII Статута 1588 г. (“О забітью чоловека простого стану от шляхтіча”) утрымліваецца палажэнне, згодна з якім шляхціч, што наўмысна ўчыніў забойства чалавека простага стану, “легце поважаючі право посполітое а паствечіся над створеньем божім” (тут узгадайма ідэю самакаштоўнасці жыцця, што ідзе каранямі ў часы Рэфрамацыі), і быў схоплены “па гарачых слядах”, “за слушным доводом маеть быті горлом каран”, гэта значыць, акрамя грашовага спагнання (галоўшчыны, якая прадугледжвалася і раней) павінен быў быць пакараны смерцю.
Аб распаўсюджанні гуманізму сведчыць таксама арт. 3 р. III Статута 1588 г. — “О захованью в покою всіх подданых нашіх, обывателей того паньства з стороны розного розуменья і ужіванья набоженьства хрестіяньского”. Падобных нормаў не ўтрымлівалі папярэднія Статуты. У гэтым артыкуле вялікі князь абавязваецца захоўваць парадак у дзяржаве ў сувязі з існаваннем розных рэлігій: “А іж теж прівільем і попрісяженьем нашім ест утвержоно покою межы рознымі в реліі стеречы... А меновіте то попрісегнуті: покой посполітый межы розорванымі і рознымі людьмі в вере і набоженстве заховывать...”
Фактычна гэта словы з тэксту Варшаўскай Канфедэрацыі 1573 г., адпаведнікаў якой не было ў тагачаснай Еўропе. У той час у Вялікім княстве Літоўскім суіснавалі каталіцтва, праваслаўе і пратэстанцтва. Менавіта шляхта Княства дамаглася ўхвалы Канфедэрацыі, па якой жыхарам Рэчы Паспалітай гарантавалася свабода сумлення.
У прыкладзеных да Статута 1588 г. прысвячэнні Жыгімонту і звароце да ўсіх саслоўяў Лева Сапегі быў тэарэтычна абргунтаваны прынцып вяршэнства права, які знайшоў увасабленне ў нормах Статута. Прынцып вяршэнства права заключаецца ў тым, што ніхто, ніякая службовая асоба ці дзяржаўны орган, не выключаецца з-пад уплыву права, а наадварот, абавязваецца дзейнічаць у адпаведнасці з прававымі нормамі. Такім чынам дзяржава, усталёўваючы агульнаабавязковыя правілы паводзінаў, абмяжоўвае правам і сябе. Ідэя вяршэнства права, якая мае непасрэднае дачыненне да тэорыі прававой дзяржавы, стала сапраўдным здабыткам юрыдычнай думкі ў Вялікім княстве Літоўскім XVI ст.
Прысвячэнне Жыгімонту Сапега пачынае са слоў аб тым, што гаспадароў (г. зн. кіраўнікоў дзяржавы), якія “не правом якім опісаным або статутом, але только своім зданъем і уподобанъем владность... ростегалі"5, людзі, “брыдечысе іх панованьем”, называлі тыранамі. Гэта нібыта перасцярога Жыгімонту, да гэтай самай думкі Сапега вяртаецца і ў канцы прысвячэння. Ён піша: “... за щаслівый народ себе быті почітаем... же не толко абы водлуг волі і уподобанья своего [гаспадары] над намі звірхность свою господарскую ростегаті мелі, але і самі нам поводом до того былі, абысмы собе права яко найбольшые сторожы посполітое вольності творылі і болшей владності звірхності господарской над собою не попущалі, одно покол бы ім певную граніцу панованья іх над намі права замерілі..." Гэтым падкрэсліваецца, што ўладу сваю гаспадар павінен ажыццяўляць толькі ў межах, якія яму дазваляе права. Па артыкулах Статута 1588 г. вялікі князь абавязваўся дзейнічаць згодна з яго нормамі. Прынамсі, у арт. 5 р. III, дзе размова ідзе пра захаванне маёмасці і правоў жыхароў Княства, ёсць такія словы: “А... прівільев так в посполітості, яко і кождому зособна, не маем ані будем мочі даваті протів сего статуту і артыкулов...”
Спасылаючыся на Арыстотэля, Сапега піша далей у прысвячэнні, што “там бельлуа, а по-нашому дікое звера, пануеть, где чоловек водлуг уподобанья своего владность свою ростегаеть. А где опять право або статут гору маеть, там сам бог всім владнеть”. Аднак ёсць людзі, якім “своя воля міла, а розум ім непріетелем”, якія “раді бы тое уділо з себе скінулі, а права все... раді бы внівеч обернулі". Леў Сапега прыводзіць у сувязі з гэтым прыклад з рымскай гісторыі. Ён піша так: “Показало се то на он час в оных королевічах і млоденчыках рымскіх, которые в обмыслеванью сенаторском, абы тяжкій тежар панованья королевского або тыраньского з себе зложылі, а правом опісаным, абы се реділі. Всякім способом тому забегалі млоденцы, абы жадного такого права над собою не узнавалі, бо поведалі право быті глухое і такое, которое се упросіті не дасть, естлі в чом чоловек выкрочыть, не маеть браку межы убогім а богатым. А у пана, однак, ест местце ласкі і захованья, ест взгляд на особы.” Таму, не думку “млоденчыков рымскіх”, “лепей под самою королевскою звірхностью жыті, а ніжлі ся в такое небеспеченство вдаваті, жебы на самой толко невінності жівота і постереганью прав щасте свое чоловек садіті мел". Сапега тлумачыць, што “такая... дума ест і завжды будеть людей свовольных а неукрочоных, которым гроза прав ест неміла, а втешечное іх волі завжды протівна”.
Напрыканцы прысвячэння Леў Сапега піша, што “офяруе” Статут Жыгімонту III Вазе “яко найвышому сторожу всіх прав і вольностей нашіх”, чым яшчэ раз падкрэсліваецца, што кіраўнік дзяржавы павінен не проста дзейнічаць у адпаведнасці з правам, але і быць прыкладам для ўсіх астатніх грамадзян, быць “сторажам”, т.б. гарантам правоў і свабод насельнікаў дзяржавы.
Палажэнні звароту Лева Сапегі да ўсіх саслоўяў Вялікага княства Літоўскага шмат у чым пераклікаюцца з выказанымі падканцлерам у прысвячэнні.
Распачынаецца зварот наступнымі словамі: “Обачывалі то усіх веков люді мудрые, же в кождой речы посполітой чоловеку почстівому нічого не маеть быті дорожшого над вольность.”6 Дзеля свабоды “люді почстівые” не шкадуюць ні маёмасці, ні свайго жыцця, бо не хочуць жыць “з волності своее будучі злуплені... яко невольнікі”. “Але вже мало бы на том было, іжбы чоловек з неволі от посторонного непріятеля был волен, гды бы домового непріятеля над собою терпеті мусел,” – піша Сапега далей. Каб засцерагчыся ад тыраніі і дэспатызму і “тот монштук або уділо на погамованье кождого зуфальцу есть вынайдено, абы... над слабшім і худшім не паствілсе і утіскаті его не мог.” (Тут можна ўзгадаць, што падобныя думкі выказваў і Францішак Скарына (дарэчы, па меркаваннях некаторых вучоных, магчымы аўтар першага Статута). Сэнс напісання законаў Скарына тлумачыў такім чынам: "І вчінены суть права, ілі закон, для людей злых, абы боячіся казні, усмірілі смелость свою і моці не імелі іным ушкодіті, і абы добрыі межі злымі в покоі жіті моглі".)
Сутнасць права, на думку Сапегі, і ёсць, “абы можному і потужному не все было вольно чыніті. Яко Цыцэро поведіл, іж естесмо невольнікамі прав для того, абысмы вольності ужіваті моглі" (LEGUM SERVI ESSE DEBEMUS, UT LIBERI ESSE POSSIMUS). Гэтае палажэнне знаходзіць адлюстраванне ў артыкулах, напраўленых на абмежаванне ўлады гаспадара.
І яшчэ, дзякуючы выключна праву, могуць людзі жыць бяспечна ў спакоі, ніякага насілля і крыўды, як здароўю, гэтак жа і маёмасці, не церпячы, “бо то цель і скуток усіх прав ест і маеть быті на свете, абы кождый добрую славу свою, здоровъе і маетность в целості мел, а на том всем жадного ущірбку не терпел”. У гэтым і сутнасць нашай свабоды, на думку Сапегі, што жыццё, імя і маёмасць знаходзяцца пад абаронай, а зверху ніхто, кіруючы, правамі нашымі не злоўжывае. З гэтай прычыны права мы можам называць скарбам, дзякуючы якому “не только сусед а сполный наш обыватель в отчізне, але і сам господар пан наш жадное звірхності над намі зажіваті не можеть, одно только, колько ему право допущаеть”.
Сканчвае зварот да грамадзян Княства Сапега просьбаю Статут “вдячне пріняті", а “до судов і до трібуналов” выбіраць “не только людей добрых а тых прав нашіхъ добре умеетных”, але тых , хто б “тую вольность, которою се тешімо, в целості нам заховалі".
Прынцып вяршэнства права і згаданы вышэй прынцып адзінства права – новыя ў XVI ст. і, безумоўна, вельмі прагрэсіўныя ідэі. Ім, аднак, супярэчаць шматлікія артыкулы Статутаў (напрыклад, арт. 18 раздз. III Статута 1588 г., у якім гаворыцца, што простыя людзі, г.зн. не шляхціцы, не маюць права займаць пасады ў Княстве). Інакш і быць не магло, бо Вялікае княства Літоўскае было дзяржавай феадальнай. Тым не менш, абвяшчэнне гэтых гуманістычных ідэй – сведчанне зараджэння новай дзяржаўна-прававой тэорыі.
1 Тут і далей прывілеі цытуюцца па кн.: Дагаворы і граматы як крыніцы беларускага феадальнага права: Дапаможнік / Я. Юхо, А. Абрамовіч, Т. Доўнар, У. Сатолін. — Мн.: БДУ, 2000.
2 Тут і далей артыкулы Статута 1529 г. цыт. па кн.: Статут Великого княжества Литовского 1529 года (под ред. К.И. Яблонскиса). — Мн, 1960.
3 Тут і далей артыкулы Статута 1566 г. цыт. па кн.: Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі / Р. А. Васілевіч, Т. І. Доўнар, І. А. Юхо. — Мн.: Права і эканоміка, 2001.
4 Тут і далей артыкулы Статута 1588 г. цытуюцца па кн.: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Гал. рэд. І. П. Шамякін. – Мінск: БелСЭ, 1989.
5 Тут і далей цыт. па кн.: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Гал. рэд. І. П. Шамякін. – Мінск: БелСЭ, 1989. – с. 44-45.
6 Тут і далей цыт. па кн.: Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. / Гал. рэд. І. П. Шамякін. – Мінск: БелСЭ, 1989. – с. 47-48.
Тацяна Фадзеева нарадзілася ў 1984 годзе ў Менску. Навучаецца на IV курсе аддзяленьня “правазнаўства” юрыдычнага факультэта БДУ. Галіна навуковых зацікаўленасьцяў – гісторыя права Беларусі, беларуская прававая тэрміналёгія, экалягічнае права.
