Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Каму належыць Паўночны Каўказ? Погляд на актуальную расейскую палітыку на Паўночным Каўказе. | Сяргей Богдан | 03.10.2005

Канчаткова губляючы Паўднёвы Каўказ пасьля вываду войскаў з Грузіі і прагрэсу ў армяна-азэрбайджанскіх перамовах, Масква слабее таксама ў паўночнай частцы Каўказу. Масавыя пратэсты, сутыкненьні і арышты партызанаў сталі штодзённай рэальнасьцю ва ўсіх паўночнакаўкаскіх рэспубліках за выняткам хіба што традыцыйна прамаскоўскай Асэтыі.

Перадгісторыя

Уздым нацыянальных рухаў паўночнакаўкаскіх народаў пасьля распаду СССР Масква спачатку спрабавала выкарыстаць на сваю карысьць, нацкаваўшы паўночнакаўкаскія меншыя народы на нованезалежныя Грузію і Азэрбайджан. Крэмль заняўся разьвіцьцём створанай у лістападзе 1991 году Канфэдэрацыі горскіх народаў Каўказу (куды ўвайшлі шматлікія чаркеска-адыгскія і дагестанскія этнасы, чачэнцы і нават асэтыны), сьпярша цешачыся посьпехамі, здабытымі пры дапамозе канфэдэратаў у барацьбе з Тбілісі за Абхазію. Але гешэфты Масквы з горцамі скончыліся ўжо ў верасьні 1992 году, бо расейскае кіраўніцтва заўважыла сумнеўныя памкненьні канфэдэратаў да незалежнасьці, іх стасункі з чачэнскім кіраўніцтвам дый падазроныя сувязі і мінулае многіх канфэдэратаў.

Большая частка канфэдэратаў сьцішылася і пачала мірнае суіснаваньне зь існай уладай (напр., колішні яе прэзыдэнт Муса Шанібаў). Меншасьць працягнула змаганьне ў шэрагах чачэнскага руху (прыкладам Зялімхан Яндарбіеў і Шаміль Басаеў). Тым ня менш, да пачатку ўварваньня ў Чачэнію ў сьнежні 1994 году Паўночны Каўказ перажываў пэўнае зацішша, ішло ўнутранае разьвіцьцё нацыянальнае сьвядомасьці і палітычных рухаў каўкаскіх народаў Расеі. Першая, пераможная для чачэнцаў вайна 1994-1996 гадоў стала магутным каталізатарам росту антырасейскіх настрояў на Каўказе.

Таму пры канцы дзевяностых зьявіліся першыя грозныя прадвесьнікі канца расейскага панаваньня на Каўказе, пікам чаго была вайна 1999 году ў Дагестане. Адзін з колішніх камандзіраў Канфэдэрацыі Шаміль Басаеў разам з дагестанскімі паўстанцамі пачаў баявыя дзеяньні супраць дагестанскага прарасейскага рэжыму. Расейскі ўрад адказаў жорсткім прымяненьнем сілы і раздушыў асноўныя цэнтры супраціву – ісламісцкія джамааты Дагестану і напаўнезалежную Чачэнію. Спачатку здавалася, што Пуцін перамагае, але сёньня відавочна, што раздушаныя асяродкі проста перарадзіліся, вайна ў Чачэніі не сьціхае, а джамааты зьявіліся ўжо на ўсім Каўказе. Адзін з найбольш уплывовых закулісных расейскіх палітыкаў, заступнік кіраўніка пуцінскае адміністрацыі Ўладзіслаў Суркоў улетку 2005 году параўнаў праблему Паўночнага Каўказу з «падземным пажарам».

Масква адступае: Чачэнія, Дагестан, Адыгея...

Пасьля Чачэніі і Інгушэціі найбольш складаная для расейцаў сытуацыя склалася ў Дагестане. Хаця палітычныя забойствы там – не навіна, але цягам апошніх 18 месяцаў іх колькасьць рэзка вырасла – з 40 на працягу ўсяго 2003 г. да 40 цягам першага паўгодзьдзя 2004 г. і 80 за першыя шэсьць месяцаў гэтага году. Вядома, некаторыя з гэтых забойстваў маюць крымінальны падтэкст, але разам з тым сёлета забіта ўжо больш за 30 міліцыянтаў, перш за ўсё супрацоўнікаў аддзелу па барацьбе з рэлігійным экстрэмізмам. Пэрыядычна афіцыйныя ўлады абвяшчаюць таксама пра арышты “экстрэмістаў” і знаходкі зброі ў Карачаева-Чаркесіі і Кабардзіна-Балкарыі. Раз-пораз адтуль прыходзяць зьвесткі і пра сутычкі зь ісламістамі.

Пра нямогласьць уладаў сьведчаць высновы “таемнага” дакладу аб становішчы на Каўказе прадстаўніка расейскага прэзыдэнта па Паўднёвай фэдэральнай акрузе Дзьмітрыя Козака. Галоўная ідэя дакладу – маскоўская палітыка на Каўказе пацярпела паразу. "Нагрувашчаньне нявырашаных сацыяльна-эканамічных і палітычных праблемаў набліжаецца да крытычнага ўзроўню. Далейшае іх ігнараваньне ўжо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве можа прывесьці да рэзкага росту колькасьці акцыяў пратэсту, да некантраляванага разьвіцьця падзеяў, лягічным заканчэньнем чаго будуць адкрытыя сацыяльна-групавыя, міжэтнічныя і канфэсійныя канфлікты".

Пра верагоднасьць такога сцэнару кажуць і вынікі апытаньняў, паводле зьвестак Усерасейскага цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі больш за палову дагестанцаў гатовыя браць удзел у дазволеных акцыях пратэсту (у сярэднім па Паўднёвай фэдэральнай акрузе (ПФА) гэты паказьнік складае 34%) і ня менш за 29% — у несанкцыянаваных (па ПФА — 10%). Пры тым 15% жыхароў Рэспублікі Дагестан, "гатовыя да экстрэмісцкіх дзеяньняў": 8% гатовы захопліваць будынкі дый перакрываць дарогі і 7% — прымяняць зброю. Зводка навінаў пра напады на міліцыянтаў і вайскоўцаў пацьвярджаюць, што гэта – не пустыя словы.

Рост паўстанцка-партызанскай і крымінальнай актыўнасьці прымушае Крэмль прымаць захады. Пуцін ужо абвесьціў пра стварэньне ў Дагестане і Карачаева-Чаркесіі двух вайсковых базаў і разьмяшчэньне там дзьвюх новых брыгадаў, а зона контартэрарыстычнай апэрацыі пашыраная на тэрыторыю ўсіх каўкаскіх рэспублікаў.

Зрэшты, часам Крамлю даводзіцца адступаць і перад больш мірнымі формамі супраціву каўкаскіх народаў. Так, у сярэдзіне траўня 2005 году Масква мусіла адмовіцца ад сваіх плянаў далучыць Адыгею да Краснадарскага краю і ліквідаваць тым самым нацыянальную аўтаномію. Нягледзячы на дамінаваньне расейцаў у Адыгеі (яны складаюць 70% жыхароў), чаркесы-адыгейцы з падтрымкай кіраўніцтва рэспублікі паўсталі супраць намераў аб’яднаньня. Масавыя акцыі пратэсту адыгаў, цьвёрдае супраціўленьне маскоўскім праектам з боку кіраўніцтва аўтаноміі і выразная салідарнасьць роднасных чаркеска-адыгскіх народаў прымусілі Маскву адступіць, хаця да гэтага Пуціну ўдалося зьліквідаваць тры нацыянальныя аўтаноміі ў паўночных раёнах Расейскай Фэдэрацыі.

Каўкаскі бунт – ці сапраўды церазь беднасьць?

Расейскія экспэрты схільныя тлумачыць рост нестабільнасьці нізкім узроўнем жыцьця, беспрацоўем, карумпаванасьцю мясцовых элітаў і падзеньнем даверу да афіцыйных установаў. Але праблема беднасьці ня ёсьць такой адназначнай, як падаецца на першы погляд. Ёсьць усе падставы казаць, што край жыве дзякуючы паралельнай фінансавай сыстэме.

Справа ў тым, што на Дагестан, дзе зафіксаваны самы нізкі намінальны заробак (2 973,7 руб.), прыпадае самы буйны аб'ём апэрацыяў па абмене валюты ў Расеі. За апошнія два гады выдаткі насельніцтва на набыцьцё замежнай валюты павялічыліся з 1,6 млрд. руб. да 8,8 млрд. руб. Толькі паводле афіцыйных зьвестак рэшткі валютных укладаньняў у цэлым па Паўночна-Каўкаскім банку Ашчадбанку Расеі за мінулыя чатыры гады павялічыліся ў 2,7 раза, а ў Дагестанскім аддзяленьні рост склаў 17,5 разаў! Абураны памерамі ценевай эканомікі, паўнамоцны прадстаўнік Пуціна Козак нават прапанаваў абмежаваць фінансавыя паўнамоцтвы рэгіёнаў, дзе памер ценевай эканомікі складае больш за 60 адсоткаў. Фактычна ў рэспубліцы існуе іншая эканоміка, непадкантрольная афіцыйным уладам.

Афіцыйная ж эканоміка выклікае толькі роспач і пытаньні што да сапраўдных яе функцыяў. Справа ў тым, што фармальна бюджэт патэнцыйна мяцежных рэгіёнаў Каўказу сёньня моцна залежыць ад датацыяў цэнтру (у Дагестане сродкамі фэдэральнага цэнтру забясьпечваюцца 84% краёвага бюджэту). За апошнія чатыры гады фінансавая дапамога зь бюджэту Фэдэрацыі павялічылася ў разьліку на аднаго жыхара Каўказу ў 3,5 разы, дарма што афіцыйныя даходы грамадзянаў па-ранейшаму ў паўтары разы ніжэй за сярэднерасейскія.

Але датацыі занадта малыя, каб спадзявацца на нейкі сыстэмны ўплыў. Так, напрыклад, на аднаўленьне эканомікі Чачэніі ў сёлетнім бюджэце прадугледжана толькі 5,8 млрд. рублёў – у два разы менш, чымся на падрыхтоўку да сьвяткаваньня 1000-годзьдзя Казані. Згадайма, што аднаўленьне часам адбываецца толькі на паперы, бо за адбудову разбуранага адказваюць некалькі ведамстваў і ніхто асабіста. У выніку ўладныя кланы паціху прысабечваюць сродкі, якія наагул не даходзяць да насельніцтва. Крэмль фактычна купляе такім чынам ляяльнасьць мясцовых баронаў.

Насельніцтва ж жыве дзякуючы іншай эканамічнай сыстэме. Тым самым закладваюцца падваліны эканамічнай незалежнасьці. Таму супраць Расеі на Каўказе сёньня дзейнічаюць ужо ня толькі такія эфэктныя (але ці эфэктыўныя?) чыньнікі як паўстанцка-партызанскі рух ці брак легітымнасьці ўлады сярод мясцовага насельніцтва, але і эканамічныя працэсы. Гэтыя працэсы прыцягваюць да сябе менш увагі СМІ, аднак маюць шмат большае значэньне для лёсу расейскай дзяржавы, асабліва ў доўгатэрміновым пляне. Існаваньне ценявой эканомікі падточвае сілы любой дзяржавы, але калі ценевая эканоміка апынаецца пераважна ў руках нацыянальна сьвядомых нацмэнаў і становіцца, кажучы Марксавай тэрміналёгіяй, «базысам» для ідэйнае «надбудовы» пэўнай нацменшасьці, што імкнецца да аддзяленьня ад гэтай дзяржавы, у такім разе ценевая эканоміка ператвараецца ў складнік незалежніцкага руху і, пераплёўшыся з палітычным і культурніцкім элемэнтамі, лёгка можа зьнесьці на шляху свайго разьвіцьця векавое панаваньне «чужынцаў» – нацыі, што зьяўляецца апірышчам цэнтральнага ўраду.

Адзначым яшчэ колькі іншых чыньнікаў уздыму антырасейскага супраціву. Па-першае, ад пачатку 1990-х гадоў на Каўказе адбываўся працэс нацыянальнага (і неааддзельна зьвязанага зь ім рэлігійнага) адраджэньня. Калі ў 1983 г. у Дагестане было 27 мячэтаў, то зараз іх налічваецца ўжо 1595, апроч таго існуюць 422 рэлігійныя навучальныя ўстановы. Адсутнасьць жорсткага дзяржаўнага кантролю і магчымасьць кантакту з вонкавым сьветам, перадусім ісламскім, прывялі да ўзьнікненьня немалой масы людзей, што могуць уявіць сабе жыцьцё па-за межамі Імпэрыі. Так, многія зь іх ісламісты, але ў краінах Усходу ісламісты маюць такую ролю, як, скажам, у Беларусі нацыяналісты, то бок зьяўляюцца адзінай сілай, здольнай супрацьстаяць тыраніі і прапанаваць годную альтэрнатыву. Праблема ў тым, што на Захадзе часам не разумеюць прагрэсыўнай ролі ані нашага нацыяналізму, ані ўсходняга ісламізму.

Побач з паўстаньнем новых інтэлектуальна разьвітых кадраў для палітычнага руху ў напрамку, адваротным пуцінскаму, на Каўказе ішло зьмяненьне самой структуры насельніцтва. На Ўсходні Каўказ павярталася мноства рэпатрыянтаў-чаркесаў, выгнаных за часы генацыду чаркескага народу. Мясцовае расейскае насельніцтва паціху вымірала-выяжджала і сёньня яго па ўсім Каўказе відавочна менш, чым калісьці. Так, у Дагестане за апошнія пятнаццаць гадоў расейцаў паменела ўдвая, і паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва расейцы ў Дагестане складаюць толькі 4,7% ад агульнай колькасьці жыхароў, альбо 120 тыс. чалавек, прычым толькі за чатыры апошнія гады з краю зьехала 20 тысячаў расейцаў. Зьвязаны гэты працэс з адсутнасьцю працы і варожасьцю мясцовага насельніцтва, а таксама агульнай крымінальнай сытуацыяй.

Вядома, выяжджалі ня толькі расейцы, але і 700 тысячаў прадстаўнікоў карэннага насельніцтва. Але, па-першае, яны ня трацяць зьвязкаў з бацькаўшчынай (сьведчаньне таму – аб'ём грашовых пераводаў), а па-другое, пры цяперашніх дэмаграфічных паказьніках Дагестану не пагражае абязьлюдненьне.

Хаця за першую палову гэтага году агульная колькасьць насельніцтва Расеі скарацілася на 400 000 чалавек, аднак на Паўночным Каўказе насельніцтва павялічылася. Колькасьць дзяцей на адну жанчыну ў Дагестане складае 1,8 дзіцяці, тады як у сярэднім па Расеі гэты паказаьнік дасягае толькі 1,3 дзіцяці. Сярэдняя працягласьць жыцьця дагестанца 68 гадоў, расейца – 58. Колькасьць карэнных народаў Каўказу за апошнія пару дзясяткаў гадоў значна павялічылася, і гэта датычыць нават невялікіх народаў. Так, чаркесаў паводле апошняга савецкага перапісу было 50,8 тыс. чалавек, а паводле першага расейскага перапісу 2002 году – ужо 61 тыс.; чачэнцаў было 957 тыс., стала 1 361 тыс.; табасаранаў было 93,6 тыс., стала 132 тыс. і г.д. Зразумела, гэта дазваляе каўкаскім народам больш упэўнена разважаць пра сваю будучыню.

Падставы для аптымізму дае мо' пакуль і несамавітае, але самастойнае разьвіцьцё Паўднёвага Каўказу, што вызваляецца ад расейскіх уплываў. Трубаправод ад Баку да Джэйхана пахаваў расейскія спадзяваньні пра вяртаньне ў Азэрбайджан. Дагестанцы ж пабачылі побач новую незалежную дзяржаву, што яшчэ нядаўна жыла зь імі ў адной няволі. Таму ўздым антырасейскага руху на Каўказе ня варта зводзіць да эканамічнага дэтэрмінізму, свой унёсак зрабілі і іншыя чыньнікі. А кажучы пра эканоміку, трэба прыгледзецца лепей, бо кепска жывуць ня толькі на Паўночным Каўказе, але і на “нацменнай” Поўначы, але сапраўды бунтуюцца чамусьці толькі на Каўказе. Кепска жыць таксама можна па-рознаму.

Прэч ад Масквы да ісламізму

На тле неэфэктыўнасьці дзяржаўнай расейскай улады на Каўказе яе інстытуцыі ўспрымаюцца выключна як карупцыйны мэханізм па перапрацоўцы фэдэральных датацыяў. Рэгіянальная і фэдэральная ўлада амаль пазбаўленая легітымнасьці, і сытуацыя абвастраецца тым, што практычна ва ўсіх рэгіёнах Каўказа складана зьмяніць першых асобаў, бо любы рух выкліча барацьбу за перадзел сфэраў уплыву й кантролю.

Так, напрыклад, у Дагестане паўнамоцтвы кіраўніка краю, 75-гадовага Магамэдалі Магамэдава, афіцыйна скончацца наступным летам, і непазьбежная замена старшыні Дзяржсавету прывядзе да крызысу складанай схемы міжэтнічных і міжкланавых стасункаў палітычнай і эканамічнай сыстэмы Дагестану. Існая сыстэма, калі пэўныя пасады займаюць прадстаўнікі дакладна вызначанай нацыянальнасьці, дазволіла краю зь цяжкасьцямі, але ператрываць крызы апошніх пятнаццаці гадоў. Але на наступных выбарах дэстабілізацыя непазьбежная, як пры захаваньні ў Махачкале клану Магамэдава, так і пры яго замене.

Будучыні ў цяперашняга нібыта этнічнага, а насамрэч вузкакланавага панаваньня няма, і сёньняшняя сыстэма ня можа забясьпечыць стабільнага разьвіцьця на дастаткова доўгі тэрмін. Каб выратаваць сваю ўладу, Масква павінна стварыць новую эфэктыўную бюракратычную сыстэму кіраваньня, заснаваную на эфэктыўнасьці, а не на кланавасьці. Такую самую па-закланавую і па-заэтнічную падпольную дзяржаву ўжо сёньня прапануюць ісламісты, і ствараюць яе ў выглядзе джамаатаў. Пакуль што першынство – за ісламістамі. Гэта значыць, паўтараецца сытуацыя сярэдзіны ХІХ ст., калі імам Шаміль аб'ядноўваў пад рэлігійнымі лёзунгамі Дагестан і Чачэнію, ламаючы супраціў прадажных князькоў, што калябараваліся з Масквой.

Сёньня Крэмль блізкі да таго, каб увесьці ў паўночнакаўкаскіх рэгіёнах зьнешняе кіраваньне з Масквы і паспрабаваць стварыць дзейсную бюракратычную сыстэму. Але ва ўмовах жорсткай барацьбы мясцовых кланаў за ўладу наўпростае прызначэньне кіраўнікоў рэгіёнаў можа прывесьці да яшчэ большай дэстабілізацыі становішча, бо калі крамлёўскі прызначэнец ня мае надзейнай мясцовай каманды, дык на Каўказе гэта раўназначна адсутнасьці рэальных сувязяў і рычагоў улады. Выканаць сваю місію эфэктыўнага кіраваньня рэгіёнам змогуць толькі самастойныя лідэры, якіх так ня любіць Масква. Кіраваныя, але няздольныя кіраваць могуць толькі пагоршыць становішча. Інгушскі прыклад, калі ў Назрань замест самастойнага Аўшава быў прыведзены кагэбіст Зязікаў, паслухмяны Крамлю і пазбаўлены напачатку кланавых і карупцыйных рычагоў, выразна тое паказаў – рэспубліка зараз жыве ад тэракту да тэракту.

У захаваньні крызыснай сытуацыі на Каўказе сёньня зацікаўленыя тры палітычныя сілы. Першая – гэта дзейная рэспубліканская ўлада, якая бачыць у напружанасьці магчымасьць захаваць сваё гаспадарскае становішча на няпэўны тэрмін. Другая – ўнутраная апазыцыя, якая ўспрымае кожны канфлікт, як магчымасьць зганьбіць існы рэжым. Трэйцяя — гэта новыя чачэнскія эліты прарасейскай арыентацыі, якім выгадны кантраст умоўнага міру ў выглядзе "кадыраўскай стабілізацыі" з Дагестанам, што скатваецца ў хаос.

Вядома, што гэтыя калябарацыянісцкія чачэнскія эліты зьвязаныя з пэўнымі групамі ўплыву ў Маскве, у тым ліку фэдэральнымі сілавымі органамі, што спрабуюць маніпуляваць сытуацыяй на Каўказе ў сваіх інтарэсах. Злоўжываць каўкаскімі бедамі няцяжка, калі ўлічыць, што большасьць грамадзянаў Расеі ўспрымаюць канфлікт на Каўказе як хранічную немач нейдзе на бясьпечнай пэрыфэрыі. Па апытаньнях Фонду грамадзкай думкі 54% апытаных лічаць, што сытуацыя на Паўночным Каўказе застаецца нязьменнай; а 57% на пытаньне "Ці атрымаецца неўзабаве нармалізаваць каўкаскі канфлікт?" далі адмоўны адказ.

Чачэнія ўжо паказала, што дзеля яе "замірэньня" спатрэбіўся амаль увесь баяздольны расейскі вайсковы кантынгент. Таму для Расеі фатальна небясьпечна дапускаць стварэньне на Каўказе іншых «кіруемых канфліктаў», не маючы стратэгічных рэзэрваў.

Нараджэньне новых дзяржаўных утварэньняў

Як адзначыў аглядальнік газэты "Время новостей" Іван Сухаў, на тле эканамічнае дэпрэсіі ў каўкаскіх рэспубліках і татальнай крызы даверу да ўлады адбываецца імклівая прыхаваная сэпарацыя ад астатняе Расеі. Сёньня мясцовае насельніцтва толькі імітуе вонкавую ляяльнасьць да дзяржаўнай улады, насамрэч жа расьце трывалае адчужэньне ад фэдэральнай улады і астатняй часткі краіны. На Каўказе фармуецца паралельная сацыяльна-палітычная і праўная прастора, што толькі фармальна знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Масквы.

Нездарма адміністрацыйная мяжа Дагестану, Чачэніі і Інгушэціі з Стаўрапольскім краем і Асэтыяй ахоўваецца амаль як дзяржаўная, а ў мове жыхароў гэтых рэспублікаў любая вандроўка на поўнач называецца "паездкай у Расею". Тым самым уздоўж паўднёвай мяжы Расеі хутка фармуецца "шэрая зона", умоўна кантраляваная Крамлём. І хаця ніхто з рэгіянальных элітаў не кажа ўслых аб неабходнасьці неадкладнага аддзяленьня Каўказу, ступень іх ляяльнасьці надта ўмоўная, як і іх кантроль над насельніцтвам.

У рэгіёне імкліва разьвіваюцца паралельныя ўладныя структуры ў выглядзе пабудаваных па рэлігійных прынцыпах джамаатаў. Гэтыя грамады вернікаў зусім не абавязкова схільныя да тэрарыстычных мэтадаў ці радыкальнага фундамэнталізму, але яны ствараюць асобую сацыяльную прастору, дзе расейскія сацыяльныя і праўныя нормы ўжо ня дзейнічаюць. Няздольнасьць дзяржавы забясьпечыць на сваёй тэрыторыі вяршэнства ўласных законаў азначае страту сувэрэнітэту. А гэта выразны сымптом хуткай страты кантролю над тэрыторыяй.

Пры ўсёй адрознасьці мэтаў ісламскія джамааты, мясцовыя карумпаваныя кланы і арганізаваная злачыннасьць на Каўказе займаюцца сёньня тым самым — яны самі становяцца дзяржавай, мо' і ў крыху нязвыклай форме. Паралельная ўлада запаўняе паўсталую пустэчу, бярэ на сябе выкананьне функцыяў, што некалі належалі расейскай уладзе. Яна культывуе свае кодэксы гонару, варожыя ня толькі афіцыйнай дзяржаве, але і расейскаму мэнталітэту.

Неўтаймаваны іслам

Улічваючы закрытасьць дыскрэдытаваных мясцовых элітаў і адсутнасьць сацыяльнай мабільнасьці, джамааты валодаюць вялізнымі рэсурсамі для росту як носьбіты паралельнай падпольнай улады. Некалі на пачатку 1990-х гадоў іслам разглядаўся расейскай уладай, як сіла, што можа спрыяць інтэграцыі этнічнай мазаікі Дагестану. Аднак іслам так і ня стаў чыньнікам стабільнасьці, хаця дзяржава грошы на мячэты давала, і немалыя. У часе адраджэньня выявіліся падставовыя разыходжаньні паміж прадстаўнікамі «рэальнага» традыцыйнага для Дагестану суфійскага ісламу і ўсё больш шматлікімі так званымі «вагабітамі» (яны ж салафісты).

Як зазначаюць адмыслоўцы, у гэтым выпадку ідзецца не пра асаблівую рэлігійнасьць, імкненьне да чысьціні веры ці расчараваньне ў традыцыйным ісламе, але пра несправядлівасьць грамадзкага ладу. На думку расейскага ўсходазнаўцы Дз. Макарава, "вагабізм і суфійскі іслам знаходзяцца ў розным становішчы адносна існага ў Дагестане сацыяльна-палітычнага ладу, заснаванага на традыцыйных кланавых сувязях. Суфійскі іслам структурна ўпісаны ў сыстэму гэтых сувязяў. Адмаўляючы суфізм, вагабізм адмаўляе і санкцыянаваны ім сацыяльны лад". Дагестанскія вагабіты асновай сваёй прапаганды і агітацыі зрабілі крытыку прадажнай улады. Вагабізм больш рацыяналістычны, чымся містычны суфізм і таму іх крытыка ўлады ня ёсьць шаленствам, але праявай рацыянальнага падыходу.

Масавыя злоўжываньні чыноўнікаў, закрытасьць улады і яе неадчувальнасьць да патрэбаў насельніцтва сталі галоўнымі чыньнікамі, што спрыялі ўздыму джамаатаў. Вагабіты высоўваюць эфэктную альтэрнатыву існаму становішчу, фактычна прапанаваўшы новы ўнівэрсалісцкі праект. Гэта – мадэль справядлівага ісламскага грамадзтва, у якім няма месца кланам, тэйпам ды вірдам, г.зн. перавазе па этнічнасьці. Таму салафізм можа быць вельмі папулярны ў шматэтнічным і фрагмэнтаваным Дагестане.

Ім процістаяць неэфэктыўныя органы расейскага кіраваньня. У кожнай з рэспублік мясцовая міліцыя па сутнасьці успрымаецца насельніцтвам толькі як адна з бандаў, таму напады на міліцыянтаў з боку дагестанскіх ісламістаў сустракаюць падтрымку народу. Мясцовыя органы кіраваньня перадзеленыя паміж асобнымі кланамі, а органы фэдэральнага цэнтру ў выглядзе Паўнамоцнага прадстаўніцтва прэзыдэнта ў Растове пакуль вызначаюцца толькі здольнасьцю ствараць новыя канфлікты і траціць папулярнасьць, абвяшчаючы, напрыклад, пра аб'яднаньні рэгіёнаў.

***

Для Масквы важна захаваць стабільнасьць на Паўночным Каўказе, перадусім у Дагестане, таксама з увагі на рэалізацыю новых эканамічных праектаў на Касьпійскім моры (стварэньне транспартных калідораў на Касьпіі, мадэрнізацыя партоў, будаўніцтва трубаправодаў, мадэрнізацыя нафтагазаздабычы). Важным інструмэнтам вайскова-палітычнага ўплыву Масквы на Касьпійскім моры зьяўляецца Касьпійская ваенная флятылія, што базуецца ў Дагестане. Дагестанскае ўзьбярэжжа і яго інфраструктура — гэта сур'ёзны рэсурс расейскага ўплыву на цэнтральнаазіяцкія краіны, і, губляючы Дагестан, Расея адступіць ня толькі з Каўказу, але і з Цэнтральнай Азіі.

У сваю чаргу ўмацаваньне незалежніцкіх тэндэнцыяў (як нацыяналістычнай, так і ісламісцкай афарбоўкі) на Каўказе спрыяцьме пашырэньню такіх тэндэнцыяў сярод іншых народаў Расеі, перадусім Башкартастану і Татарстану (дзе ўжо назіраецца шэраг зьяваў і працэсаў, ідэнтычных згаданым каўкаскім). Варта перасьцерагчы ад разгляду гэтых тэндэнцыяў выключна ў кантэксьце антытэрарыстычнае барацьбы, бо гэта моцна скажае рэчаіснасьць і зводзіць разгляд да ідэалягічных практыкаваньняў у апраўданьні існае (не заўжды апраўданай і амаль заўжды несправядлівай) рэчаіснасьці.

Іслам зьяўляецца неаддзельным складнікам нацыянальнае ідэнтычнасьці большасьці каўкаскіх народаў, таму натуральна, што любыя вызвольныя рухі будуць зьвяртацца да рэлігійных матываў у сваёй дзейнасьці. Аднак характарызаваць сёньняшнюю нестабільнасьць на Каўказе як барацьбу цывілізаванае дзяржавы з барбарамі-ісламістамі, прафундаванымі замежнымі дзяржавамі, гэта тое самае, што лічыць дзейнасьць польскае «Салідарнасьці» бунтам «падкупленых ЦРУ-шнымі далярамі» неадукаваных цемрашалаў-каталікоў супраць сьвецкае дзяржавы. 

___________________________________________

Спасылкі:

1.  http://service.spiegel.de/cache/international/spiegel/0,1518,361236,00.htm

2.  http://radiomayak.ru/schedules/6852/22752.htmlhttp://www.radiomayak.ru/schedules/17/23032.html і

      http://radiomayak.ru/05/07/11/194/ 

3.  Михаил Зыгарь. Чрезвычайное поражение/Коммерсантъ. 2005. №163.

4.  З усімі вынікамі можна азнаёміцца на сайце Інстытуту http://wciom.ru

5.  Мансур Хуадуко, Сяргей Богдан. Чаркесы бароняцца ад Масквы//Наша Ніва. 2005. №18.

6.  http://radiomayak.ru/interview/05/07/08/37780.html

7.  Паводле: Малашенко А. Исламские ориентиры Северного Кавказа.-М.,2001., і Поляков А. Влияние внешнего фактора на радикализацию ислама в России в 90-е гг ХХ в.// Ислам на постсоветском пространстве: Взгляд изнутри. - М., 2001.

8.  Зьвесткі па народанасельніцтве РФ грунтуюцца на дадзеных попісу 2002 году, зьмешчаны на http://infostat.ru/katalog/vpn/

9.  З падрабязнымі вынікамі можна азнаёміцца на сайце Фундацыі: http://fom.ru

10. http://ipma.ru/publikazii/etnosotn/729.html

11. http://inosmi.ru/stories/01/10/05/3026/139580.html

12.http://newsvote.bbc.co.uk/mpapps/pagetools/print/news.bbc.co.uk/hi/russian/press/newsid_4203000/4203372.stm

_____________________________________________

Сяргей Богдан (нар. у 1982 г. у м. Маладэчна) – абсальвэнт аддзяленьня “міжнародныя стасункі” факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Вывучае ісламскую тэалёгію. Галіна паліталягічных зацікаўленьняў – ісламскія і нацыянальна-вызвольныя рухі на Блізкім Усходзе, Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Сталы аўтар часопісу "Архэ" і тыднёвіка "Наша Ніва", перакладнік з ангельскай, нямецкай і пэрсыдзкай моваў.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!