Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Нашчадкі Сапегі | Тацяна Фадзеева | 15.11.2004

А еслі которому народу встыд прав своіх не уметі,
поготовю нам, которые не обчым якім языком, але своім
власным права спісаные маем і кождого часу, чого нам
потреба ку отпору всякое крівды, ведаті можем.

Са звароту Л. Сапегі
да ўсіх саслоўяў,
Статут 1588г.


На пытанне пра вядомых з гісторыі беларускіх юрыстах бальшыня з нас назаве толькі Льва Сапегу. Між тым, беларуская праўніцтва багатае на славутыя імёны, бальшыня з якіх нават для адмыслоўцаў у сферы юрыспрудэнцыі ёсць terra incognita. Гэтым тэкстам мы распачынаем “друкаваць” на старонках часопіса “Праўнік” шэраг артыкулаў, прысвечаных невядомым постацям айчыннае прававеды. Цікава, што такія вядомыя асобы, як Францыск Скарына, Казімір Лышчынскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Максім Багдановіч, імёны якіх многія з нас ніколі не звязваюць з правам, таксама маюць да юрыспрудэнцыі тое ці іншае дачыненне. Гэтае самае дачыненне мы таксама – побач з забытымі ліцьвінскімі праўнікамі – збіраемся прааналізаваць і агучыць у рамах доказаў адное з падставовых тэзаў нашага маніфэсту: мадэрновая беларуская ідэнтычнасць была сфармуляваная ў вялікай ступені асобамі з юрыдычнай адукацыяй ды адпаведным кшталтам мыслення. Грамадскія і палітычныя дзеячы, дыпламаты і паэты, пісьменнікі і публіцысты, ваяры і “дактары навук”, рэвалюцыянеры і дэмакраты, яны былі тэарэтыкамі альбо практыкамі ў сферы права, мелі юрыдычную адукацыю альбо служылі справе юрыспрудэнцыі без яе.

Але ж першынства ў гіерархіі “сапраўдных” (прафесійных) беларускіх праўнікаў сапраўды мусіць належаць Льву Сапегу. І не толькі таму, што ягоны грунтоўны ўнёсак у беларускую юрыдычную навуку немажліва аспрэчыць: проста Сапега – гэта пачынальнік пэўнай традыцыі. НАШАЙ традыцыі. Традыцыі незалежнага беларускага праўніцтва, калі заўгодна. Постаць знакавая. Сапега – гэта Скарына нашага права. Сапега – гэта асоба, велічнасць якой мы яшчэ не ўсвядомелі напоўніцу. Вось жа, менавіта з артыкулу пра ягоны ўнёсак мы распачынаем знаёмства чытачоў з постацямі беларускае прававое традыцыі.

На думку Мікалая Шкялёнка, аўтара першага у беларускай гістарыяграфіі манаграфічнага нарыса пра Льва Сапегу (“У трохсотныя ўгодкі сьмерці Вялікага Канцлера Льва Сапегі”, апублікаваны ў 1933г.), эпоха Льва Сапегі, нягледзячы на культурны ўздым, ужо мела ўсе зачаткі палітычнага і культурнага заняпаду. Найвялікшай жа заслугай Сапегі з’яўляецца тое, што ён адзін бачыў прычыны будучага заняпаду і рабіў усё, каб яго прадухіліць.

Сапега вядомы найперш як укладальнік Статута 1588 г.

У 1587-1588 гадах, займаючы пасаду падканцлера, Сапега ўзначальваў соймавую камісію, што працавала над новым Статутам. Ён асабіста адрэдагаваў артыкулы Статута, стварыўшы па сутнасці новую канцэпцыю незалежнае беларускае дзяржавы.

Напрыклад, прынцып падзелу ўлад трывала асацыюецца ў нас з іменем Мантэск’ё. Насамрэч жа Леў Сапега на 200 гадоў апярэдзіў француза. Ідэі падзялення ўлады выказваліся яшчэ ў антычныя часы. Лічыцца, што ў сучасным выглядзе гэтую ідэю аформіў Мантэск’ё. Аднак Сапега пісаў ледзь не тымі ж словамі ўжо ў XVI стагоддзі!

"Але іж частокроть от прістойное своее повінності [гаспадары] отступовалі, а на свой толко пожыток речы натегаючы о сполное доброе всіх мало дбалі, оттуль то было уросло, же люді […], тыранамі оные называючы, на самом только статуте і праве опісаном все беспеченьство і доброе речы посполітое засажалі” – піша Сапега ў прысвячэнні Статута Жыгімонту. Фактычна размова тут ідзе пра злоўжыванне ўладаю, пра якое Мантэск’ё ў 1721 годзе скажа так: “Вядома ўжо з досведу стагоддзяў, што кожны чалавек, які мае ўладу, схільны злоўжываць ёю, і ён ідзе ў гэтым накірунку, пакуль не дасягне мяжы.”

Больш за тое, прынцып падзелу ўлад на заканадаўчую (Сойм), выканаўчую (Рада, князь) і судовую (судовыя органы) быў рэалізаваны праз нормы Статута Вялікага Княства 1588г.


У Статуце 1588 г. найбольш ярка (у параўнанні з яго папярэднікамі) прасочваецца разгалінаванне права. Справа ў тым, што Статуты Вялікага княства Літоўскага не былі пабудаваны па агульнапрынятай у той час у Еўропе рымскай сістэме. Будова Статутаў, то бок размяшчэнне прававых нормаў у нейкім акрэсленым парадку, адлюстроўвала існаванне іншай, падобнай на сучасную, сістэмы права. Як вядома, у прававой навуцы лічацца існуючымі дзве сістэмы права: рымская і галіновая. Рымская сістэма права была ўспрынята шматлікімі еўрапейскімі краінамі. Згодна з ёй права падзяляецца на публічнае і прыватнае. Як пісаў рымскі юрыст Ульпіан, "Publicum ius est quod ad statum rei romanae spectat, privatum quod ad singulorum utilitatem" (D.1.1.1.2.) [Публічным правам ёсць такое, каторае адносіцца да становішча рымскай дзяржавы, прыватным - [такое, якое адносіцца] да карысці канкрэтных асоб]. Сучасным крытэрам дзялення на публічнае і прыватнае права з'яўляецца характар правастасункаў паміж дзяржавай і асобай.

Галіновая сістэма зыходзіць з выдзялення ў якасці элементаў права галін, падгалін, інстытутаў і падынстытутаў. Існаванне іх абумоўлена аб'ектыўным існаваннем розных груп грамадскіх стасункаў. Традыцыйнымі, агульнапрынятымі крытэрамі выдзялення галін права з'яўляюцца прадмет і метад прававога рэгулявання. Напрыклад, сістэма права Рэспублікі Беларусь уключае такія галіны як канстытуцыйнае, адміністрацыйнае, грамадзянскае, працоўнае, крымінальнае, сямейнае, зямельнае, фінансавае, грамадзянска-працэсуальнае, крымінальна-працэсуальнае, крымінальна-выканаўчае права. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. у параўнанні са сваімі папярэднікамі больш шырока і дэталёва рэгламентаваў усе тагачасныя прававыя стасункі: ад канстытуцыйных да працэсуальных. Ён утрымліваў нормы канстытуцыйнага, вайсковага, адміністрацыйнага, судова-працэсуальнага, спадчыннага, шлюбна-сямейнага, апякунскага, зямельнага, ляснога, паляўнічага, крымінальнага права. Вядомы палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай Гуго Калантай праз больш чым два стагоддзі ахарактарызаваў Статут 1588 г. наступным чынам: "Статут робіць гонар чалавечаму розуму... складзены так разумна... што яго можна лічыць самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе."

Галоўнае значэнне ў Статуце 1588 г. належыць нормам канстытуцыйнага права. Справа ў тым, што Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. быў зацверджаны пасля заключэння Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай Люблінскай вуніі. Паводле акта Люблінскай вуніі, зацверджанага пастановай Люблінскага сойма 1 ліпеня 1569 г., Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае павінны былі ўяўляць сабою "ужо адно непадзельнае і неаддзельнае цэлае, а таксама не асобную, а адну агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвюх дзяржаў і народаў" . Акт Люблінскай вуніі прадугледжваў агульныя соймы і адну Раду. Дагаворы і саюзы з іншымі краінамі павінны былі заключацца толькі з агульнага ведама і са згоды абодвух народаў. Апроч таго, у акце былі наступныя словы: "Усе, якія б яны ні былі, статуты, па якой бы прычыне яны ні былі ўведзены ці ўхвалены ў Літве супроць польскага народа і якія звязаны з набыццём ці ўладаннем пазямельнай маёмасцю, што дасталася паляку ў Літве якім бы ні было спосабам... усе гэтыя статуты, як супярэчныя наагул праву, справядлівасці, узаемнай братэрскай любові і Уніі, роўна як і агульнаму злучэнню, ніякай сілы мець не павінны" . Насуперак акту Люблінскай вуніі Статут 1588 г. заканадаўча аформіў захаванне Вялікага княства Літоўскага як дзяржавы. Складальнікі новага Статута нібы не заўважылі ці не зразумелі акта вуніі аб уключэнні Вялікага Княства ў склад Польшчы. Статут гарантаваў эканамічную, палітычную і культурную незалежнасць Княства.

Гэтак, у арт. 4 р. III князь абяцаў не змяншаць тэрыторыю княства і "то, што будеть... отдалено... ку власності того Велікого князства прівесті, прівлащаті і граніці направіті".
Згодна з арт. 12 р. III, усім іншаземцам забаранялася набываць (купляць або атрымліваць як узнагароду ад вялікага князя) зямельныя надзелы, замкі ды маёнткі, а таксама гаспадарскія і духоўныя пасады на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства: "Также мы, господар, обецуем і шлюбуем под прісегою нашою [...], што ж в том паньстве Веліком князстве Літовском і во всіх землях, ему пріслухаючіх, достойностей духовных і светскіх, городов, дворов, грунтов, староств, держав, врядов земскіх і дворных посесый або в держанье і пожіванье і вечностей жадных чужоземцом і загранічніком, ані суседом того паньства даваті не маем. Але то все мы і потомкі нашы, велікіе князі літовскіе, даваті будем повінні только Літве, Русі, Жомойті, родічом старожітным і уроженцом Велікого князства Літовского і іных земель, тому Велікому князству належачых..." Такім чынам папярэджвалася пранікненне на тэрыторыю Княства ў прыватнасці палякаў, а, значыць, стрымліваўся працэс паланізацыі, распачаты ў другой палове XVI ст.

Адпаведна арт. 8 р. III кожны раз перад тым, як паехаць на сойм у Польшчу, шляхта Вялікага Княства павінна мусіла "зъезд свой вольный меті у Слоніме". Вялікакняская шляхта мела, такім чынам, магчымасць вызначыць сваю палітыку і напрамкі дзейнасці на агульным сойме Рэчы Паспалітай, а менавіта палітыку, якая не дазваляла б суседзям-палякам уплываць на жыццё Княства. Згодна артыкулам Статута, у Вялікім княстве Літоўскім працягваў дзейнічаць свой адасоблены Сойм, які выконваў ролю заканадаўчага органа.

Арт. 1 р. IV Статута гаворыць: "...А пісар земскій маеть по-руску літерамі і словы рускімі всі лісты, выпісы і позвы пісаті, а не іншім езыком і словы..." Гэтак замацоўвалася дзяржаўнасць беларускай мовы на ўсёй тэрыторыі гаспадарства.

Вельмі прагрэсіўнай была новая норма аб свабодзе хрысціянскага веравызнання, заключаная ў арт. 3 р. III, згодна якому на вялікага князя ўскладаўся абавязак ахоўваць "покой посполітый межы разорванымі і рознымі людьмі в вере і набоженьстве”. Фактычна Статутам 1588 г. было акрэслена грамадзянства Вялікага княства Літоўскага, разуменне якога дамінавала над царкоўным касмапалітызмам і існаваннем розных рэлігійных плыняў.

Акрамя таго, у Статуце 1588 г. замацоўваўся адзін з найважнейшых прынцыпаў крымінальнага права - прынцып адказнасці толькі за віну ("Не маеть ніхто ні за кого терпеті, але кождый сам за себе").Узрост крымінальнай адказнасці быў павялічаны да шаснаццаці год (арт. 11 р. XIV). Статут 1588 г. юрыдычна замацоўваў прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Так, арт. 3 патрабуе ад суда, каб той у выпадку сумневаў у віне падсуднага схіляўся да вызвалення ад пакарання: "...А вед же суд подобенства всякіе на доброй бачності меті маеть і в речах вонтплівых склоннейшій маеть быті ку вызволенью, ніжлі ку каранью". Таксама вельмі прагрэсіўнай была норма, змешчаная ў арт. 1 р. XII. Ёй ўпершыню прадугледжвалася крымінальная адказнасць за забойства шляхцічам простага чалавека ў выглядзе смяротнага пакарання ("маеть быті горлом каран"), што сведчыла аб намаганні заканадаўцы прымусіць нават людзей з прывілеяванага саслоўя паважаць закон.

Дзесяты раздзел Статута 1588 г. утрымліваў нормы, накіраваныя на ахову прыроды (напрыклад, арт. 2 - "Цена звером дікім" - устанаўліваў штрафы за паляванне ў чужых уладаннях у памеры дванадцаці рублёў грошаў за зубра, шасці - за лася, аленя альбо ланю і г.д.).

У самым першым артыкуле Статута 1588 г. замацаваны прынцып адзінства права: "Напрод мы, господар, обецуем і шлюбуем..., іж всіх княжат, панов рад, духовных і светскіх, панов хоруговных, шляхту, места і всіх подданых нашіх... почоншы от вышшого стану аж до ніжшого, тымі однымі правы і артыкулы, в том же статуте ніжей пісанымі... судіті і справоваті маем. Также чужоземцы загранічнікі Велікого князства Літовского, прыеждчые і якім кольвек обычаем прібылые люді, тым же правом мають быть сужоны ...".

У прысвячэнні Статута каралю і вялікаму князю Жыгімонту і звароце да ўсіх саслоўяў Леў Сапега тэарэтычна абргунтаваў прынцып вяршэнства права, які знайшоў увасабленне ў нормах Статута. Прынцып вяршэнства права заключаецца ў тым, што ніхто, ніякая службовая асоба ці дзяржаўны орган, не выключаецца з-пад уплыву права, а наадварот, абавязваецца дзейнічаць у адпаведнасці з прававымі нормамі. Ідэя вяршэнства права, якая мае непасрэднае дачыненне да прававой дзяржавы, стала сапраўдным здабыткам юрыдычнай думкі ў Вялікім княстве Літоўскім XVI ст.

Спасылаючыся на Арыстотэля, Сапега пісаў у прысвячэнні, што "там бельлуа, а по-нашому дікое звера, пануеть, где чоловек водлуг уподобанья своего владность свою ростегаеть. А где опять право або статут гору маеть, там сам бог всім владнеть". На думку Сапегі, дзякуючы выключна праву могуць людзі жыць бяспечна ў спакоі, ніякага гвалту і крыўды, як здароўю, гэтак жа і маёмасці, не церпячы, "бо то цель і скуток усіх прав ест і маеть быті на свете, абы кождый добрую славу свою, здоровъе і маетность в целості мел, а на том всем жадного ущірбку не терпел".


Выдаўшы Статут (надрукаваўшы на свае грошы ў друкарні Мамонічаў), Сапега старанна бараніў выкананне яго артыкулаў. Пра гэта сведчыць наступны прыклад. У 1590 годзе на месца памерлага кракаўскага каталіцкага біскупа Жыгімонт Ваза запрасіў адданага беларускага каталіка Юрыя Радзівіла, які займаў дагэтуль віленскую кафедру і прапанаваў, нібы наўзамен, на вакантную пасаду ў Вільню паляка Бярнарда Мацяеўскага. Статутам жа забаранялася даваць пасады, у тым ліку царкоўныя, іншаземцам. Абураны ўчынкам манарха, Сапега ўльтыматыўна заявіў, што ён ніколі не дасць згоды на прысутнасць Мацяеўскага на віленскай кафедры, і катэгарычна адмовіўся замацоўваць гаспадарскай пячаткай Княства рашэнні біскупа-паляка. Пачаўся працяглы канфлікт Сапегі з Жыгімонтам III. Скончыўся ён толькі праз дзесяць гадоў: 26 красавіка 1600 года на віленскую каталіцкую кафедру заступіў беларус Бенедыкт Война. Сімвалічныя ў сувязі з гэтым словы Сапегі, выказаныя ім у адным з лістоў: “Я каталік і з ласкі Божай каталіком хачу памерці, але спакой Айчыны сваёй да скону дзён сцерагчы буду.”

Статут 1588 г. прадзейнічаў на тэрыторыі Беларусі амаль 250 год: у Віцебскай і Магілёўскай губернях ён быў скасаваны расейскімі акупантамі ў 1831 годзе, а ў Менскай, Гродзенскай і Віленскай - у 1840. Важнейшыя ідэі Статута былі пазней успрыняты Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай; Статут таксама значна паўплываў на развіццё права суседніх дзяржаў: Польшчы, Украіны, Расіі, Латвіі, Эстоніі.


Дзякуючы рознабаковаму таленту і шточасовым намаганням Льва Сапегі -- гэтага незвычайнага чалавека -- беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае ў цяжкія для яе часы захоўвала незалежнасць і шмат у чым была ўзорам для тагачасных краін свету. Заняпаду, які прадбачыў Сапега, яна не пазбегла, але ў спадчыну нам засталіся Статуты і прыклады адданага служэння Бацькаўшчыне, на якія мы маем раўняцца. Спадзяемся, што калі-небудзь на галоўным пляцы сталіцы беларускай дзяржавы з’явіцца ўрэшце помнік гэтаму волату беларускага праўніцтва. Да гэтага помніку цудоўна пасавалі б словы Андрэя Рымшы з панегірыку да герба Сапегаў: “Жівіте ж, Сапегове, всі в многіе лета, Ваша слава слыть будеть, покуль станеть света!” Вось жа, зацныя калегі, мы маем працягнуць выдатную ліцьвінскую прававую традыцыю, абарваную ліхалеццямі чужынскага права. Варта ўсвядоміць, што будучыня беларускага праўніцтва ў Вашых рукох, Сапегавічы!


Тацяна Фадзеева нарадзілася ў 1984 годзе ў Менску. Навучаецца на IV курсе аддзяленьня “правазнаўства” юрыдычнага факультэта БДУ. Галіна навуковых зацікаўленасьцяў – гісторыя права Беларусі, беларуская прававая тэрміналёгія, экалягічнае права.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!