Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Чым ёсць справядлівая вайна? | Гары Ўілз | 04.8.2005

Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара

 

У традыцыйнай тэорыі справядлівай вайны разглядаюцца тры асноўныя тэмы: прычыны вайны, яе хада і наступствы. Або, калі ўжываць навуковыя клішэ, jus ad bellum, jus in bello і jus post bellum. Найбольшая ўвага сёння надаецца другому аспекту – непасрэдна вайсковым дзеянням. Менавіта на гэтым этапе лягчэй за ўсё ідэнтыфікаваць відавочныя злачынствы. Пра іх, аднак, вельмі рэдка паведамляюць грамадскасці, а караюць злачынцаў яшчэ радзей. Існуюць два правілы jus in bello. Паводле першага, камбатантаў трэба адрозніваць ад некамбатантаў і пазбягаць ахвяраў сярод апошніх. Другое правіла jus in bello – прапарцыянальнасць, што значыць сувымернасць гвалту мэтам кожнага з бакоў. Патрабаванні маралі зрэдку прымаюць пад увагу падчас бітвы, а нават калі тое здараецца, дык адразу ж стаецца прадметам гарачых спрэчак. Чаму гэта так?

 У “Вайне і міры” Талстога князь Андрэй – выкшталцоны, прагрэсіўны, валявы і гуманны чалавек. Досвед вайны не зажэрсціў яго (нягледзячы на цяжкае, амаль смяротнае раненне ў бітве пад Аўстэрліцам), князь нават спрабаваў рэфармаваць вайсковую сістэму. Але напярэдадні Барадзінскай бітвы нават разважлівы Балконскі паддаўся агульнаму настрою. Пад уздзеяннем ад разбурэнняў у сваім маёнтку, ён разважаў: “Я б не браў палонных. Які ў гэтым сэнс? Паланіць, а не забіваць – простае рыцарства. Французы разбурылі мой дом і рушаць на Маскву. Яны абражалі і кожную секунду абражаюць мяне. Яны мае ворагі, усе яны для мяне злачынцы... гуляць у вайну – вось што подла, разам з гульнямі ў высокароднасць ... Яны рабуюць дамы іншых людзей, выдаюць фальшывыя грошы, і, горш за ўсё, забіваюць маіх дзяцей, майго бацьку і пасля разважаюць пра правілы вядзення вайны... Калі б не гэтыя гульні, мы б ніколі вайну не распачыналі, акрамя выпадкаў, калі ёсць за што ісці на непазбежную смерць. Мэта ваявання – забіць”.[1]

Андрэй дасягнуў стану, неабходнага, паводле Клаузэвіца, для таго, каб ваяваць – стану Hass, нянавісці да ворага. У кожным псіхічна здаровым чалавеку закладзена нешта, што перашкаджае забіць, – баязлівасць, сумленне або разгуба ў рашучы момант. Менавіта таму падчас вайны так шмат страляюць, але не ў ворага, скідаюць так шмат бомбаў убок ад цэлі. Заданне тых, хто адказвае за вайсковыя поспехі, – прымусіць людзей пераадолець унутраны бар’ер, што не дазваляе ім забіць. Адзінамагчымы дакладны сродак ў такой сітуацыі – дэманізаваць ворага, зрабіць так, каб нянавісць да яго сталася не проста руцінай, а подзігам.

Клаузэвіц сцвярджае, што вайну жывіць эмоцыя (Gefühl), якая з цягам часу засланяе цвярозы разлік (Absicht). Так разгортваецца бясконцая спіраль (Wechselwirkung) варажнечы. Нянавісць спараджае крывавыя дзікунствы, якія выклікаюць зваротныя акты барбарства, і так далей па новым коле. З гэтага Клаузэвіц выводзіць, што вайна, па сваёй прыродзе, імкнецца да абсалютызацыі. Шэкспір быў амаль па-навуковаму дакладны, калі пісаў, што Антоні “спусціў сабак вайны” і не кантраляваў больш яе наступствы.

Іншыя даследнікі вайны маюць свой погляд на клаузэвіцаў Wechselwirkung. Вось што піша Фукідзід: “ Вайна пазбаўляе людзей рэсурсаў, на якія яны разлічвалі, і тым самым вучыць іх гвалту, гартуе людзей, каб тыя лепей прыстасоўваліся да знешніх умоваў… Боязь, што вораг першым распачне разню прымушае кожны з бакоў пераўзыходзіць на справе чуткі пра свае новыя жахлівыя прыдумкі. Здзейсніць гэта можна двума шляхамі: маланкавым наступам або надзвычай крывавай адплатай.

У фармулёўцы Абрахама Лінкальна (які ў 1854 годзе прадказваў, што будзе, калі ў ЗША распачнецца грамадзянская вайна Поўдню і Поўначы) тая ж думка гучыць  наступным чынам: “Адзін бок будзе чыніць правакацыі, другі абурацца; першы – закідаць абвінавачванні, ў адказ на што атрымае дзёрзкія выклікі. Агрэсія адных выклікае помсту іншых.” [2]

Рабункі і гвалт над мірнымі жыхарамі, катаванні і забойствы палонных – звычайныя рэчы падчас вайны. Вайсковая прапаганда ухваляе скрайнасці, д’ябалізуе вобраз врага. Менавіта таму прэзідэнт Буш апісвае вайну ў Іраку як бітву супраць самога зла. Нянавісць занадта карысны інструмент ўплыву, каб ад яго адмаўляцца. Яна часцяком адзіны сродак супраць баязлівасці і гуманнасці. Чальцы арганізацыі ветэранаў В’етнаму, якія служылі на вайсковых кацярах Swift Boat Veterans for Truth былі “збянтэжаныя, проста шакаваныя” ад адной толькі думкі, што амерыканцы здольныя на зверствы. А вось дзяржавы схільныя не заўважаць жахлівы “плён” прапагандысцкай дзейнасці сваёй вайсковай машыны. Калі я навучаўся ў афіцэрскай школе, сяржант (удзельнік бітвы пры Балдж), распавёў нам, як яму загадалі пазбаўляцца палонных, якія яму заміналі (сказалі так: “проста вырвіце загваздку і прапануйце ім падзяліць гранату між сабой”). У такой атмасферы, якія шансы на панаванне ў чалавечых думках маюць развагі пра справядлівасць?

Абрахам Лінкальн не здзівіўся б, калі даведаўся, што амерыканцы ўчыняюць зверствы. У год бітвы пад Гетысбергам ён апісваў жахі вайны, якую вёў: “У галовах людзей расце бязладдзе. Квітнее і множыцца падман. Даверу людзей адзін да аднаго ўсё меней, яго месца займае усюдыісная падазронасць. Кожны адчувае цмянае жаданне забіць суседа, каб самому не быць ім забітым. Усялякае дзеянне выклікае помсту і адплату. Прычым усе згаданыя дзікунствы пануюць у асяроддзі шчырых людзей. Але ж ёсць і іншыя. У пошуках спажывы з-за мяжы злятаюцца драпежнікі, уздымае галаву кожная мярзотная пачвара. У паўсюльным хаосе яны чыняць злачынствы. Яшчэ больш пагаршаюць становішча рашучыя захады, якія падаюцца неабходнымі, але, як меншае, жорсткімі. Забойтвы за старыя крыўды і за грошы маскуюцца пад любую прычыну, што лепей пасуе да сітуацыі”. [3]

Трэба прызнаць, што існуюць пэўныя спосабы абмежаваць барбарствы, але яны збольшага прагматычныя, а не маральныя. Негуманнае стаўленне да палонных ворагаў правакуе іншы бок на тыя ж захады ў дачыненні да іх палонных. Разлік такога кшталту закладзены ў падмурак Жэнеўскай Канвенцыі. У гэтым выражаны “рэалізм”, які тэорыя справядлівай вайны пакліканая змягчыць. Дык наколькі дзейсныя аргументы jus in bello непасрэдна in bello?

Калі вайна па сваім характары імкнецца набыць скрайнія формы і не лічыцца з ідэаламі справядлівасці, асноўнай карысцю ад тэорыі справядлівай вайны мусіць быць адказ на пытанне, ці варта перш за ўсё распачынаць вайну. Аргументы, што звычайна прыводзяць у спрэчках па гэтай праблеме, (плюс справядлівыя прычыны, належныя мэты, вайна як апошні сродак і яе чаканы поспех) лічацца дастатковым абгрунтаваннем, каб абраць шлях вайны. У Сярэднявеччы, калі складаліся гэтыя нормы, найбольш спрэчным было пытанне, хто мае права абвяшчаць вайну. На яго прэтэндавалі папы, біскупы, феадалы, каралі, маркграфы і г.д. З паўстаннем нацыянальнай дзяржавы праблема знікла – як дадзенае прымаўся той факт, што права распачынаць вайну належала лідэру нацыі. Тады асноўная ўвага перайшла на справядлівасць матываў вайны. Наколькі карысная гэтая норма, каб вызначыць, ці справядлівая вайна вядзецца ў Іраку?

Прадстаўнікі Ватыкана, вядомага захавальніка і абаронцы традыцый справядлівай вайны, неаднаразова падкрэслівалі, што распачынаць вайну нельга, пакуль працягваюцца інспекцыі ААН. Джон Ален, ватыканскі карэспандэнт газеты Нэшнл Кэсэлік Рэпорт, піша, што “Святы Пасад выступае супраць вайны, інспіраванай ЗША ў Іраку з рэзкасцю, якую даўно не выклікала ніводная падзея”. [4] Ватыканскія СМІ, царкоўныя дыпламаты, прыходскія святары і сам рымскі папа заявілі, што тэорыя справядлівай вайны забараняе ірацкую вайну. Трэцяга траўня 2003 года Ян Павел Другі выправіў кардынала Пія Лангі, свайго асабістага амбасадара міру, каб у апошнюю хвіліну паўплываць на Джорджа Буша.

А вось правае крыло амерыканскіх каталікоў было ўпэўэненае, што тэорыя справядлівай вайны патрабавала распачаць аперацыю. Майкл Новак з American Enterprise Institute сцвярджаў, што вайна ў Іраку не толькі абгрунтаваная, але й неабходная. Па запрашэнні амбасадара ЗША ў Ватыкане Джэймса Нікалсана, ён паехаў у Рым, каб давесці царкоўнай вярхушцы патрэбу ў вайне. У правале сваёй місіі Новак абвінаваціў “анты-амерыканскія настроі”. Частка каталікоў, што звычайна падпарадкоўваецца волі папы – Новак, Жан Бэтке Элштайн, Джон Рычард Нойхаус – сталі абаронцамі “традыцыяў справядлівай вайны”, ад якіх, на іх погляд, Ватыкан адыйшоў. [5] Было нават абвешчана, што папа ператварыўся ў пацыфіста – нягледзячы на тое, што Ватыкан падтрымаў інтэрвенцыю ў Косава і агрэсію ў Афганістане. Стаецца незразумелым, навошта наагул патрэбная тэорыя справядлівай вайны, калі спецыялісты прыходзяць да дыяметральна супрацьлеглых высноваў наконт справядлівасці вайны ў Іраку? На самай справе, крытэр “справядлівасці” – збольшага прадукт рэфлексіі тэарэтыкаў нашага часу - мае мізэрны ўплыў на прыняцце важных рашэнняў. Прыгожыя размовы пра “традыцыі справядлівай вайны” фактычна бессэнсоўныя, бо гісторыя панятку поўная анахранізмаў і супярэчнасцей.

 

“Традыцыя”

 

Вялікія імёны, звязаныя з традыцыяй, - Аўрэлі Аўгустын  і Святы Тамаш Аквінскі. Аўгустын не пакінуў асобных твораў, прысвечаных вайне. Месцамі, у развагах пра вайну, ён не выходзіць за межы канкрэтных падзеяў і не йдзе далей за разгляд асобаў, да таго ж яго ідэі значна сказілі каментатары. [6] У сваіх прамовах Аўгустын заклікае не адказваць гвалтам на гвалт і адмаўляе чалавеку ў праве, якое шмат хто лічыць галоўным апраўданнем справядлівай вайны – праве на самаабарону. [7] Жаданне абараніць сябе – гэта ўцялесненне сябелюбства, што для Аўгустына заўсёды ліха. Але калі чалавек бачыць, што нехта пагражае іншаму, ён можа абараніць ахвяру з любові да яе – але пры гэтым мусіць любіць і агрэсара. [8] З апошняга вынікае, што кожная вайна, падмуркам якой клаузэвіцаў Hass, паводле Аўгустына, несправядлівая. Больш за тое, нават абараняючы іншых, нельга дзейнічаць “па сваёй ініцыятыве”- за такімі дзеяннямі хаваюцца эгаістычныя памкненні. Чалавек забавязаны чакаць, пакуль правамоцная ўлада не павядзе яго за сабой, і пасля ні ў якім разе не катаваць і не забіваць палонных і нявінных. [9]

Погляды Аўгустына на вайну найпаўней выкладзеныя ў пяці прастраных параграфах “Адказа Фаўсту”. Там ён палемізуе з маніхейцамі, якія закідаюць абвінавачванні габрэйскім патрыярхам, і абараняе мараль майсеевых і іншых войнаў. Аўгустын сцвярджае, што яны былі дазволеныя богам, а чалавек павінен падпарадкоўвацца волі бога, нават калі не разумее сэнсу загадаў – як Авраам быў гатовы паслухмяна забіць свайго сына. [10] Сёння такое вучэнне больш падыходзіць “іншаму боку” – радыкальным ісламістам, якія вядуць “святую вайну”.

Тамаш Аквінскі для нас ненашмат карыснейшы. Ён вылучае 3 абавязковыя характарыстыкі вайны, якую можна трываць: яна мусіць быць абвешчаная законнай уладай, мець справядлівую прычыну і добрую мэту. [11] Апошняя тлумачыцца як дзеянне, скіраванае на “сцвярджэнне дабра або недапушчэнне зла”, чым можна апраўдаць вайну як інструмент сацыяльнага інжынірынгу (т.б. для распаўсюджвання дэмакратыі і адпора тыраніі). Таму не дзіва, што Аквінскі ўхваліў праект сацыяльнага інжынірынгу свайго часу – крыжацкія паходы (якія мелі мэтай распаўсюдзіць хрысціянства і даць адпор мусульманству). Ягоныя ідэі зноў-такі больш прыдатныя для распаўсюднікаў ідэі джыхада, чым прыхільнікаў свецкай дэмакратыі. [12]

Радзей за Аўгустына або Тамаша згадваюць Францыска дэ Віторыю (1486-1546), чалавека, які зрабіў вялікі ўнёсак у тэорыю справядлівай вайны. Гэты гішпанскі дамініканец смела выказаўся супраць заваявання яго суайчыннікамі абедзвюх Амерыкаў, а асаблівую ўвагу надаваў процідзеянню дыскрымінацыі і абмежаванню гвалта. [13] Але нават калі ўключыць Віторыю ў шэраг “заснавальнікаў традыцыі”, усё роўна праблематычна будзе скласці нешта большае за спіс пэўных ідэяў і фармулёвак, некаторыя з якіх настолькі неканкрэтныя і цьмяныя, наколькі гэтага жадаюць тыя, хто распачынае войны. Менавіта па гэтай прычыне ўплыў традыцыі на рэальныя войны быў настолькі слабы. А можа тэорыя справядлівай вайны – усяго толькі пустая абстракцыя? Калі  верыць Майклу Уолцэру і пагадзіцца з аргументамі, прыведзенымі ў яго новай кнізе, гэта ўсё ж не так.

 

  Уолцэр

 

Уолцэр пазбягае “спіскавага” падыходу да так званай традыцыі – ён не выкладае аргументы па пунктах у выглядзе пэўнай схемы. У сваёй кнізе 1977 году “Справядлівыя і несправядлівыя войны”, як і ў новай працы “У спрэчках пра вайну”, ён, наадварот, абвяргае ўніверсальнасць некаторых фундаментальных асноваў тэорыі справядлівай вайны. Вось што Уолцэр піша пра вайну ў Персіцкай затоцы:

 “[Пацыфісцкі] рух высоўвае на першы план два пастулаты тэорыі [справядлівай вайны]. Па-першае, вайна мусіць быць “апошнім сродкам”. Па-другое, нельга, каб колькасць ахвяраў як сярод жаўнераў, так і мірных жыхароў была неадэкватна большая за заяўленыя мэты вайсковай аперацыі. Як на маю думку, ніводны з пастулатаў не дапамагае нам правесці жаданую маралёвую рысу”.

Калі Уолцэр крытыкуе традыцыю, дык навошта ён наагул бярэцца за тэму справядлівай вайны? Па яго словах, праз свой пратэст супраць в’ятнамскай вайны ён прыйшоў да разумення таго, што трэба знайці шлях крытыкаваць дзеянні як амаральныя, а не толькі за іх “неэфектыўнасць” у межах тэорыі палітычнага рэалізму. Гэта значыць зноў і зноў звяртацца да базавых пытанняў, сярод якіх і аўгустынава – у якіх выпадках дазволена (калі дазволена наагул) забіваць іншых людзей?

Глыбока падсвядома Уолцэр падзяляе веру Аугусціна ў тое, што ніякая тэорыя справядлівай вайны не здымае з жаўнераў віну за забойствы. Яны, магчыма, вымушаныя забіваць, але іх дзеянні пры гэтым ўсё роўна застаюцца злачынствамі, бо нават справядлівая вайна – крыніца зла. Паводле Аўгустына:

“Кожны, хто з болем сузірае настолькі аграмаднае, жахлівае, дзікунскае зло, мусіць усведамляць трагічнасць вайны. Калі ж нехта адчувае зло, ці нават бачыць яго, і застаецца некранутым, яго стан яшчэ больш трагічны, бо гэты чалавек прамяняў спакой на чалавечнасць”.  

Уолцэр у падобным стылі сцвярджае, што ўсе войны парушаюць пэўныя маралёвыя правілы. Але нават калі людзі вымушаныя іх парушаць, правілы застаюцца правіламі: “Выхад за межы маралі пакідае пачуццё віны як доказ значнасці зробленага”. У межах “традыцыі” ваяўнічасць падчас справядлівых войнаў часта ўспрымаецца як маралёвая, што спараджае шавіністычныя настроі і ўра-патрыятызм. Уолцэр адмаўляе народу ў праве на самаўсхваленне. Ён даводзіць, што нават справядлівая вайна “прымушае чалавека - у той ступені, наколькі тое патрэбна – апраўдваць сябе немаралёвай высновай, што мы робім тое, што мусім рабіць (і ўсе магчымасці пазбегнуць гвалту вычарпаныя).” Парадаксальным чынам, чалавек, які спрабуе дзейнічаць маралёва, усведамляе сваю амаральнасць.

Можа, мы імкнемся да недасягальнага ідэалу? Так можна было б лічыць, калі б не прыклад Лінкальна. У адрозненні ад большасці лідэраў, ён намагаўся прыгасіць нянавісць да ворага падчас вайны, бо добра ўсведамляў, што зло чыняць абодва бакі. У сваіх вялікодных зваротах Лінкальн заклікае нацыю весці сумленную вайну, “памятуючы з сорамам пра нашыя грахі і  злачынствы.” [14] Падчас в’ятнамскай вайны сенатар Марк Хартфілд прапанаваў рэзалюцыю з заклікам да ўсіх нацыяў павініцца ў вайсковых злачынствах. Яго абвінавачвалі ў непатрыятызме, закідалі яму намер дапамагчы ворагу і апраўдаць яго дзеянні, пакуль Хартфілд не прывёў у сваю абарону цытаты з Лінкальна. Уолцэраўская маралёвая чуйнасць мае (між іншых) адную асаблівую прычыну. Нягледзячы на яго цверджанні, што кніга 1977 года напісаная пад уздзеяннем ад жудасных падзеяў В’ятнаму (выкарыстання напалма, агент Аранжа і інш.), Уолцэра непакоіць тэндэнцыя павелічэння колькасці вайсковых акцыяў Ізраіля. Ён аналізуе мэтазгоднасць рэйдаў на Хіб’ю  (1953) і Энтэббэ (1965), шасцідзённай вайны (1967) і  атакі на бейруцкі аэрапорт (1968). Уолцэр прыйшоў да высновы, што ва ўсіх выпадках, акрамя Хіб’і, дзеянні ізраільцянаў абгрунтаваныя, але адзначыў небяспечнае грэбанне мараллю з іх боку. [15] У новай кнізе Уолцэр асуджае залішне жорсткую рэакцыю Ізраіля на першую інтыфаду:

Па сваёй сутнасці яна не была тэрарыстычнай, што прызнаў нават Іцхак Рабін. Моладзь, якая штодзень ладзіць акцыі пратэсту нельга прыраўноўваць да спецыяльна падрыхтаваных легіёнаў забойцаў. З кожнай сям’і на вуліцу ідуць дзеці, чыі дзеянні падтрымлівае насельніцтва і разгалінаваная сетка мясцовых ворганаў кіравання... Шырокі народны рух, у адрозненні ад купкі тэрарыстаў, мае права сцвердзіць сябе, і палестынцы нарэшце здолелі арганізаваць такі рух. Ізраільцяне прыблізна майго узросту памятаюць, як шпурлялі камяні ў брытанскіх жаўнераў. Гэта карысныя, хаця й навязлівыя ўспаміны...

Уолцэр сцвярджае, што ізраільскія ўлады, замест таго, каб карыстацца з гонару палестынцаў і ўсталяваць кантакт з грамадскім рухам, палічылі для сябе абразай мець за ворагаў дзяцей і “узнамерыліся не толькі падавіць рух супраціву, але і прымусіць палестынцаў прызнаць сваю паразу – “сцерці ўсмешку з іх твараў””. Ізраільцяне абралі шлях навязвання міру, а не абмеркавання яго ўмоваў, што пасля значна ўскладніла для іх вяртанне ў рэчышча перамоваў.

Але спачуванне першай, або дзіцячай, інтыфадзе не змягчае рэзкага асуджэння Уолцэрам пазнейшай палітыкі тэрору, абранай палестынцамі, і, у прыватнасці, арганізацыю выбыхаў тэрарыстамі-смяротнікамі. Ён сцвярджае таксама, што тэрарызм, забойства бязвінных людзей з мэтай выказаць свае палітычныя погляды, у прынцыпе не можа быць апраўданым. Адначасова Уолцэр адчувае небяспеку ў супрацьстаянні тэрору вельмі жорсткімі гвалтоўнымі сродкамі, бо гэта радыкалізуе грамадства. “Спярша тэрарыстычныя дзеянні апраўдваюць існаваннем ціску, а пасля да ціску зварачаюцца, каб пакласці канец тэрарызму. Першы аргумент прыводзяць левыя радыкалы, другі – нэакансерватары з правага краю.”

Удумлівая і сумленная шчырасць, як у гэтым выпадку, надала Уолцэру статус паважанага эксперта ў маралёвых аспектах вайны. Менавіта таму шмат хто чакаў яго парадаў у сітуацыі, калі адміністрацыя Буша распачала агрэсію ў Іраку. Прадказаць яго вердыкт было няпроста. Першую кнігу Уолцэра разглядалі як аргумент за тое, што ён ухваліць дзеянні Буша. Той меў на ўвазе прэвентыўную вайну, а Уолцэр падтрымаў шасцідзённую вайну 1967 года, такую ж па характары, і ізраільскі прэвентыўны рэйд на ірацкую атамную станцыю ў 1981 годзе. Ён ганіць пацыфізм за адмову ад маралёвых абавязкаў. Уолцэр падтрымаў вайну ў затоцы і інтэрвенцыю ў Косава. Ён падпісаў ліст, складзены Жанам Бэтэ Элштайнам і тымі каталікамі, што абаранялі тэорыю справядлівай вайны, у падтрымку акупацыі Афганістана. Таму якія яго падставы выступіць супраць вайны, якая была ў інтарэсах сяброў Ізраіля?

Але Уолцэр сказаў аперацыі ў Іраку “не”. У пяці лекцыях-эсэях, пісаных напрацягу ўсёй вайсковай акцыі, (яны склалі заключную частку кнігі “У спрэчках пра вайну”), ён ганіць вайну яшчэ на яе пачатковай стадыі, напрацягу вайсковых дзеянняў і пасля ўсталявання акупацыйнага рэжыму. Уолцэр кваліфікуе дзеянні ЗША як injustum ad bellum, injustum in bello, injustum post bellum.

1. Ad bellum. Уолцэр, нібыта сапраўдны рэспубліканец, бязлітасна крытыкуе французскае кіраўніцтва і адміністрацыю Клінтана за іх бяздзеянне ў дачыненні да Ірака напрацягу 1990х гадоў. Час пужаць Саддама вайсковай аперацыяй і правесці яе пры неабходнасці, быў згублены Клінтанам і французамі, калі той перашкаджаў інспектарам ААН, якія знайшлі шмат узбраенняў і знішчылі іх, а пасля наагул выкінуў міжнародную камісію з краіны. Выкарыстанне ўзброенных сілаў у гэтай сітуацыі не было б парушэннем мандату і хутчэй умацавала б пазіцыю ААН. Але “добрыя дзядзькі” праміргалі патрэбны момант. Каб выправіць гэтую памылку, трэба было накласці санкцыі, абвесціць усю краіну беспалётнай зонай і падмацаваць патрабаванні новых праверак вайсковай сілай. Такая тактыка спрацавала ў 2002 годзе, калі інспектары былі зноў дапушчаныя ў Ірак, а ўзгодненая пазіцыя дзяржаваў зрабіла немагчымым для Саддама здзейсніць яго агрэсіўныя планы, калі такія былі. Стражэйшыя (хаця й абмежаваныя) санкцыі, беспалётная зона над усёй краінай, разам з настойлівымі патрабаваннямі не перашкаджаць працы інспектараў уяўляліся відавочна больш лагічнай альтэрнатывай паўнамаштабнай вайсковай аперацыі. “Не важна, знойдуць інспектары зброю масавага паражэння ці не (а некаторыя яе віды вельмі лёгка схаваць), самая іх прысутнасць перашкодзіць размясціць такія ўзбраенні.”

Але пэўныя людзі ў адміністрацыі Буша не падтрымлівалі правядзенне інспекцыяў. Яны кпілі з Ганса Блікса. Не маючы надзейных крыніцаў інфармацыі ў самім Іраку, гэтыя людзі паверылі ў існаванне там недазволеных ўзбраенняў, і ўпарта не жадалі, каб нехта ставіў пад сумнеў іх кампетэнцыю. У бушавым асяродку шукалі апраўданне тактыкі папераджальнага ўдару для барацьбы з тэрарызмам па ўсім свеце. Яны перакруцілі словы Дэніэла Уэбстэра, каб сцвердзіць свае права распачаць абгрунтаваную папераджальную (preemptive) вайну. [16] Уолцэр аналізуе гэтую  цытату ў першай кнізе пра справядлівыя войны і цалкам слушна адрознівае папераджальную ад прэвентыўнай (preventive), або неабгрунтаванай папераджальнай, вайны. Ён даводзіць, што Буш абраў апоші варыянт (пры якім небяспека не відавочная), у той час як вёў гаворку пра першы. [17]

У выпадку з Саддамам неабгрунтаванай была нават гуманітарная інтэрвенцыя, бо на той час сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, як у дачыненні да курдаў або пасля вайны 1990 году, у Іраку не было, а апраўдаць карную аперацыю заўжды складаней за папераджальную. Калі б Саддам, нягледзячы на інспекцыйныя палёты і знаходжанне ў краіне міжнароднай камісіі, аднавіў масавыя забойствы, гэта сталася б ідэальным casus belli. Уолцэр крытыкаваў абмежаваны характар аперацыяў у Руандзе і Гаіці (сёння ён, безумоўна, дадаў бы да гэтага спісу і Дарфур) і нерашучасць, з якой яны вяліся. Але паралелі з гэтымі канфліктамі ў ірацкім выпадку недарэчныя, бо Буш абвесціў гуманітарную катастрофу падставай вайны толькі пасля таго, як там не знайшлі зброі масавага паражэння:

“Сёння, калі ў выніку шматлікіх намаганняў для курдаў створаная зона адносна небяспечнага пражывання на поўдні, няма больш сур’ёзнай неабходнасці ў гуманітарнай аперацыі ў Іраку. Багдацкі рэжым, бясспрэчна,  рэпрэсіўны і маралёва агідны, але ён не ўчыняе масавых забойстваў або этнічных чыстак; такіх рэжымаў у свеце шмат.”

Уолцэр напісаў гэта ў верасні 2002 года, да таго, як інспектараў зноў пусцілі ў Ірак. Пасля гэтай падзеі яго аргумент стаўся яшчэ больш важкім. Ён недвухсэнсоўна заяўляў, што распачынаць вайну на той момант было несправядліва:

“Калі працягнуцца хістанні і затрымкі, калі інспектары не вернуцца ў Ірак або вернуцца, але не здолеюць там эфектыўна працаваць, калі Саддам не ўспрыме ўсур’ёз пагрозу вайсковай аперацыі і калі нашыя хаўруснікі будуць гатовыя да актыўных дзеянняў, тады шмат хто, з вялікай неахвотай, падтрымае вайну, распачаць якую так імкнецца адміністрацыя Буша. Зараз актуальныя іншыя справы, і ў нас ёсць час, каб іх зрабіць. Вайна, якую плануе амерыканская адміністрацыя, не толькі несправядлівая, але й непатрэбная.

2. In bello. Напярэдадні  вайны, 7 сакавіка 2003 года, Уолцэр прадказваў тое, што ўсе зразумелі толькі значна пазней, а менавіта, “што ў адміністрацыі нібыта няма плана адступу, альтэрнатыўнага [вайне] варыянту.” Калі вайна распачалася, ён упэўнена сцвярджаў: “Вайна, якую вядуць амерыканцы, несправядлівая… Вайна, час якой не прыспеў, не можа лічыцца справядлівай.”

3. Post bellum. “Акупацыйныя войскі, вядома, маралёва абавязаныя сур’ёзна задумвацца, што яны робяць у іншай краіне. Відавочна, што мы не прайшлі гэтай праверкі.” “Справядлівая акупацыя вымагае грошай, а не прыносіць захопнікам прыбытак.” У кожнай вайне, што праўда, ёсць свае “мясцовыя каршакі”, тыя, хто спадзяецца скарыстацца сітуацыяй. У выпадку з Іракам Буш і яго ўрадоўцы актыўна спекулююць на настроі большай частцы электарату. Яны сцвярджаюць, што нясуць Іраку дэмакратыю, нам усім пры гэтым застаецца толькі спадзявацца на іх поспех. Але зараз відавочна, што перш за ўсё амерыканцы прынеслі туды сваю мадэль капіталізму…

Размеркаванне вайсковых кантрактаў сярод блізкіх да ўлады кампаніяў не можа не абураць… [З гэтай мэтай] лепш за ўсё было б звярнуцца да вядомай бесстароннай міжнароднай арганізацыі, або хаця б стварыць кангрэсавую камісію па гэтым пытанні.

З іншага боку, Уолцэр упэўнены, што дзяржава-завёўніца нясе адказнасць за хаос, прынесены яе войскам на захопленую тэрыторыю, і таму не мае права вывесці іх у зручны для сябе момант. Такія дзеянні былі б вышэйшай несправядлівасцю, якая вянчае ўсе астатнія.  

Уолцэр прыводзіць пераканаўчыя аргументы супраць таго, што распачынанне, вядзенне і заканчэнне вайны былі справядлівыя. Але дабіўся ён не большага за Ватыкан. Таму ці не з’яўляюцца яго аргументы гэткімі ж бессэнсоўнымі, як і пастулаты тэорыі справядлівай вайны? Спадзяюся, што не. Паразы не пазбаўляюць нас складаных маралёвых пытанняў, а Уолцэр уздымае абсалютова новыя пытанні. Яго меркаванні што да вайны, між іншым, прыкладальныя і ў іншых сферах існавання сучачнай дэмакратычнай дзяржавы.

 

Дэмакратычная вайна

 

Найвялікшая заслуга Уолцэра, напэўна, - яго вяртанне да праблемы таго, хто мае кампетэнцыю абвяшчаць вайну. Тыя, хто вырашыў, што гэтым правам валодае нацыянальная дзяржава, паспяшаліся. У дэмакратычнай краіне кіраваць мусіць народ. Таму павінны ён вызначаць, справядлівая вайна ці не? Нават мысляры дадэмакратычных часоў, такія, як Віторыя і Суарэз, адказвалі на гэтае пытанне станоўча, а падчас Нюрнбэргскага працэсу была ўзнятая праблема маўклівага падпарадкавання народаў несправядлівым войнам. [18] Уолцэр адзначае, што ўрад ЗША, жадаючы пазбегнуць шырокага незадавальнення выбарам на карысць вайны, паспрабаваў размежаваць ваяванне і дэмакратычныя працэдуры. Пасля адмены абавязковай службы ў войску ўплывавыя грамадзяне больш не баяліся войнаў за межамі краіны. Абяцанні выкарыстоўваць маларызыкоўную тактыку паветраных удараў і найсучасную вайсковую тэхніку накіраваныя на тое, каб паменшыць колькасць ахвяраў сярод свах жаўнераў і рызыку для кожнага з іх асабіста ў вайне, якую распачаў іх урад. Уолцэр называе агіднай сітуацыю, калі забіваць можна з нязначнай небяспекай для сябе. Такія дзеянні больш падыходзяць снайперу або найманаму забойцу, чым камбатанту.

Больш дзейсны захад, каб не дапусціць удзелу людзей у працэсе прыняцця рашэнняў – сённяшні культ сакрэтнасці. Нам кажуць, што мы мусім верыць нашым правадырам, бо не можам кампетэнтна ацаніць іх рашэнні. Ліндан Джонсан гаварыў, што калі б людзі ведалі тое, што ведаў ён, то ўхвалілі б яго дзеянні ў В’ятнаме. Але народу  яго сакрэты ведаць было нельга. Інфармацыя “класіфікавалася”. Пасля таго, як глава Аб’яднанага штабу камандвання ЗША паставіў пад сумнеў неабходнасць прыгатаванняў да вайны ў Персіцкай затоцы, Дзяржаўны сакратар Джэймс Бэйкер заявіў, што яго меркаванне не трэба браць пад ўвагу, бо той ужо доўгі час не меў доступу да дадзеных выведкі. Як тады можам мы з вамі, простыя смяротныя, мець на гэты конт свае думкі? Покрыва сакрэтнасці абароніць уладу ад любых аргументаў і закідаў. Калі ў амерыканскага міністра аховы здароў’я Томмі Томсана спыталі, чаму ён, каталік, абараняе вайну, якую зганіў Папа, урадоўца адказаў: “Пра тое, што дзеіцца ў Іраку мы ведаем значна больш за Папу”.

Здыманню адказнасці з улады спрыяе й цверджанне, што прэзідэнт “наш вярхоўны галоўнакамандуючы”, якому мы абавязаныя падпарадкоўвацца, а не несці перад ім адказнасць як грамадзяне. Паводле канстытуцыі, “прэзідэнт набывае статус галоўнакамандуючага войскам і флотам ЗША, а таксама ўзначальвае міліцыю некалькіх штатаў, калі ён закліканы ў войска ЗША”. У краіне, якая знаходзіцца ў стане няспыннай вайны, нязгода ўспрымаецца як непадпарадкаванне, а крытыка стаецца здрадай. Боязь падацца недастаткова адданымі курсу вялікіх правадыроў робіць палітыкаў і грамадскасць безабароннымі перад ілжывай інфармацыяй зверху. Нават Уільям Фулбрайт сваёй падтрымкай рэзалюцыі пра Танкінскую затоку маўкліва пагадзіўся з падманам, учыненым Лінданам Джонсанам. І толькі сенатарам Уэйну Морсу і Эрнэсту Груінгу хапіла мужнасці, каб кінуць выклік прэзідэнту і прагаласаваць супраць. Можна было б палічыць, што горкі досвед падкажа сённяшнім сенатарам насцярожана паставіцца да ініцыятывы Буша-малодшага, але адбылося іншае – Джон Керы і Хілары Клінтан аддалі свае галасы за вайну ў Іраку. Роля Морса і Груіннга дасталася сенатарам Бобу Грэхэму і прадстаўніку майго штата – “святому-пакутніку” Рычарду Дэрбіну. Пазней Керы заявіў, што чакае ад Буша адказнага стаўлення да выказанага яму даверу. Цікава, на чым грунтаваліся яго спадзевы?

У сваёй кнізе 1977 года Уолцэр даводзіў, што большасць амерыканскай інтэлігенцыі не выканала свой абавязак, а менавіта не змагалася супраць афіцыйнай прапаганды падчас в’ятнамскай вайны. [19] Абвінавачванне адрасавалася як урадоўцам, так і спецыялістам, што не ўваходзілі ў склад кабінета. Роберт МакНамара мусіў выказаць свае сумневы наконт вайны, калі яго словы маглі нешта змяніць, а не праз 30 год. Мне здаецца, тая ж сітуацыя паўторыцца з Колінам Пауэлам, адданым выканаўцам загадаў, які ўжо post facto павініўся ў сваіх дзеяннях. Дэмакраты настолькі нерашуча супрацьстаялі прэзідэнту, што дазволілі яго адміністрацыі давесці сакрэтнасць да неверагодных памераў. Калі дэмакраты яшчэ мелі большасць у Сенаце, яны чамусьці не пажадалі выклікаць у суд людзей, якія б распавялі, хто кансультаваў віцэ-прэзідэнта Дзіка Чэйні па пытаннях энергетычнай палітыкі. У сакрэце захавалі і статыстыку па ахове здароў’я.

Усё, што можа пашкодзіць прэзідэнту, сёння замоўчваецца пад прыкрыццём дзяржаўнай тайны. Інфармацыя, якая аслабіць яго пазіцыі, нібыта пагоршыць імідж прэзідэнта на міжнароднай арэне. Калі мы не абвесцім яго непагрэшным, ворагі палічаць прэзідэнта бездапаможным. Цераз тое, што дэмакратыя не можа існаваць без адказнасці, а адказнасць забяспечыць немагчыма, калі дзеянні, за якія ўрад мусіць несці адказнасць, засакрэчаныя. У выніку справядлівая вайна стаецца немагчымай, бо няма дастаткова правамоцнай улады, каб яе распачаць. Вобраз прэзідэнта, які абвяшчае войны на падставе аднабаковай інфармацыі, па асабістым выбары, а не зыходзячы з аб’ектыўнай неабходнасці, і ставіцца да сваіх супернікаў як да ворагаў дзяржавы, больш не сюрэалістычная прыдумка. Уолцэр пасунуў праблему справядлівай вайны з палітычнай перыферыі ў самы цэнтр дыскусіі пра дэмакратыю.


                                                          Пераклаў з ангельскае Аляксандар Мартынаў

Заўвагі:

 

1.           Леў Талстой “Вайна і мір”. Пераклад Канстанцыі Гарнэтт (Modern Library, 1994), ст. 885-886.

2.           Абрахам Лінкальн, прамова, прысвечаная акту Канзас-Небраска, 16 кастрычніка 1854 года. Цытавана па “Прамовах і публікацыях” пад рэдакцыяй Дона Э. Ферэнбахера (Library of America), том 1, ст. 335.

3.           Абрахам Лінкальн, ліст да Чарльза Д. Дрэйка і іншых, 5 кастрычніка 1863 года, з “Прамоваў і публікацыяў” Фэрэнбахера, том 2, ст. 523.

4.           Джон Л. Аллен-малодшы, “Уся Папава світа: Ватыкан знутры” (Doubleday, 2004), ст. 372. Спіс пададзеных Аленам выказванняў прадстаўнікоў Ватыкана супраць вайны ў Іраку (ст. 313-378) ўражвае. Прыклад: Папа Бэнэдыкт XVI, нa той чaс Прэфект Кангрэгацыі Дактрыны Веры, на пытанне, ці можна лічыць ірацкую вайну справядлівай, адказаў: “У гэтых абставінах, канешне ж не”.

5.           Гл. Жан Бэтке Элштайн “Справядлівая вайна супраць тэрора: Цяжар амерыканскай магутнасці ў хутказменным свеце” (Basic Books, 2003).

6.           Пра несістэматычны характар выказванняў Аўгустына на тэму вайны і памылковай інтэрпрэтацыі іх як падмурка “традыцыі” гл. Р.А. Маркус “Погляды Аўгустына на “справядлівую вайну”” у кнізе “Царква і войны” пад рэдакцыяй У. Дж. Шэйлс (Blackwell, 1983); Мары-Франсуа Бэрруар, “Бэллум”, у “Аўгустынас-Лексікон” пад рэдакцыяй Карнэліуса Мейера і інш. (Shwabe, 1986); Фрэдэрык Х. Рассэл, “Вайна” у “Аўгустын праз годы: Энцыклапедыя” пад рэдакцыяй Алана Д. Фіцжэральда і інш. (Eerdmans, 1999).

7.           Аўгустын, “Пра свабодную волю” 1.5; “Эпісталы” 47.5; “Адказ Фаусту Маніхейцу” 22.70; “Горад Бога” 1.21.

8.           Аўгустын, “Эпісталы” 138.14.

9.           Аўгустын, “Горад Бога” 1.21; “Эпісталы” 189, 220, 229. У 229ым лісце яго знакамітае цверджанне “Лепей забіць вайну словамі, чым людзей мячамі”.

10.       У адным месцы Аўгустын цытуе Цыцэрона (Quaestionum in Heptateuchum 6.10), паводле якога “войны звычайна апраўданыя тым, што яны “звычайна” (solent) ёсць помстай за зло (ulcisci injurias). Гэтыя словы часта беспадстаўна прымаюць за выснову самога Аўгустына, хаця яны пададзеныя аўтарам толькі каб падвесці да ідэі, што войны значна больш апраўданыя, калі імі кіруе Бог, “заўжды спакойны, ён ведае дзеянні кожнага з бакоў – людзей нельга лічыць распачынальнікамі такой вайны, яны толькі ўцелясняюць волю Бога”.

11.       Тамаш Аквінскі, “Summa Theologica” 2-2 40.

12.       Аквінскі, Summa Theologica 2-2 188.3. Пра ўхваленне Тамашом дазволу Папы на крыжацкія паходы, крыжацкіх клятваў і іх прывілеяў гл. Scriptum super Sententiarum 4.32, 38; Quaestiones de Quolibet 2 8.2, Том 7.

13.       Франсіска дэ Віторыя, “Палітычныя творы” пад рэдакцыяй Энтані Пэгдэна і Джэрэмі Лаурэнса (Cambridge University Press, 1991) ст. 314-326. У словах Віторыі пра тое, што агрэсары мусяць адказваць за свае злачынствы – перадпасылкі Нюрэнбэргскага права.

14.       Абрахам Лінкальн, зварот да народа на свята Вялікдня, 12 жніўня, 1861, цытавана па Фэрэнбахеру “Прамовы і публікацыі”, Том 2, ст.264.

15.       У той кнізе ён не разглядаў зруйнаванне ірацкай атамнай станцыі, бо на той час яно яшчэ не адбылося, а ў новай кнізе Уолцэр падтрымаў дзеянні ізраільцянаў.

16.       Майкл Уолцэр “Справядліыя і несправядлівыя войны”, трэцяе выданне (Basic Books 2000), ст.74-75.

17.   Віторыя плюндруе прэвентыўную вайну: “Цалкам недапушчальна, каб чалавека забілі за грэх, які ён яшчэ не ўчыніў”. Гл. Віторыя, “Палітычныя творы”, ст. 315-316.

18.       Гл. Віторыя, “Палітычныя творы”, ст. 307: “Калі вайна падаецца суб’екту відавочна несправядлівай, ён не мусіць ваяваць, нават калі тое яму загадвае валадар.”

19.     Уолцэр, “Справядліыя і несправядлівыя войны”, ст. 287-303.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!