Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Аблігацыі мясцовай пазыкі | Ганна Жарабцова, Кірыл Касьцян | 28.6.2005

Кожная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Рэспублікі Беларусь мае сваю інфраструктуру ў выніку асаблівасьцяў гістарычнага разьвіцьця, уплыву кліматычных умоваў, сацыяльна-эканамічных парамэтраў. Дзеля задавальненьня ўласных патрэбаў з улікам ейных асаблівасьцяў, кожная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка мае свой бюджэт. У бюджэтах знаходзяць сваё адлюстраваньне асаблівасьці сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёнаў праз устанаўленьне крыніцаў прыбыткаў і выдаткаў і памераў гэтых крыніцаў. Частка даходаў, якую атрымліваюць мясцовыя бюджэты ідзе з дзяржаўнага бюджэту, а частку адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі “зарабляюць” самастойна з дапамогай разнастайных сродкаў па-за бюджэтнага фінансаваньня.

Адной з цікавых крыніцай прыбыткаў і адначасова выдаткаў мясцовых бюджэтаў зьяўляецца выпуск аблігацыяў мясцовай пазыкі, якія яшчэ маюць назву мясцовых аблігацыяў. Праз выпуск аблігацыяў адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі прыцягваюць неабходную колькасьць грашовых сродкаў для пакрыцьця дэфіцыту ўласнага бюджэту, пакрыцьця касавых разрываў мясцовых бюджэтаў і(ці) для рэалізацыі пэўнага сацыяльна-эканамічнага праекту.

 

Частка 1. Панятак і асаблівасьці мясцовых аблігацыяў.

 

У адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь “аблігацыі мясцовай пазыкі” – даўгавыя абавязальніцтвы мясцовых Радаў дэпутатаў, якія праводзяцца з мэтай прыцягненьня свабодных грашовых сродкаў юрыдычных і фізычных асобаў для фінансаваньня выдаткаў, якія зьвязаныя з сацыяльна-эканамічным разьвіцьцём рэгіёнаў[1], пакрыцьця дэфіцыту бюджэту адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі і касавых разрываў у бюджэце рэгіёну.

Аблігацыі мясцовай пазыкі вылучаюць у якасьці самастойнага віду аблігацыяў.  Ім, як самастойнаму віду аблігацыяў, уласьцівыя пэўныя асаблівасьці. Разгледзім гэтыя асаблівасьці:

1)  У першую чаргу мясцовыя аблігацыі адрозьніваюцца ад іншых відаў аблігацыяў эмітэнтам. Эмітэнт ёсьць юрыдычная асоба, якая ад свайго імя выпускае каштоўныя паперы і мусіць выканаць абавязальніцтвы, якія вынікаюць з умоваў выпуску каштоўных папераў. Т.б. эмітэнт – даўжбіт па дамове пазыкі, аформленай шляхам эмісіі аблігацыяў. У адпаведнасьці з легальным вызначэньнем, якое дадзенае ў Пастанове Рады Міністраў № 662[2] даўжбітам, т.б. эмітэнтам, выступаюць мясцовыя Рады дэпутатаў. Але з улікам таго, што ў паўнамоцтвы Рады дэпутатаў не ўваходзіць распрацоўка і выкананьне мясцовых бюджэтаў, а толькі зацьвярджэньне яго[3], атрымліваецца, што ўласна даўжбіт нічога ня робіць – не адказвае па сваіх абавязальніцтвах. З такім жа посьпехам можна назваць даўжбітам Парлямэнт Рэспублікі Беларусь па дзяржаўных аблігацыях, з тае прычыны, што парлямэнт зацьвярджае рэспубліканскі бюджэт. Такім чынам, de facto эмітэнтам аблігацыяў выступаюць выканаўчыя ворганы, а de jure – мясцовыя Рады дэпутатаў. Такія аблігацыі ўжо нельга называць мясцовымі, бо даўжбітам зьяўляюцца дзяржаўныя ворганы, якія распрацоўваюць мясцовыя бюджэты. А чым тады адрозьніваюцца дзяржаўныя аблігацыі ад мясцовых? Ці толькі ва ўзроўні дзяржаўнага кіраваньня? Але чаму такія аблігацыі згодна з нашым заканадаўствам, нельга дапасаваць да дзяржаўных аблігацыяў.

2)  Паколькі “парадак выпуску, разьмяшчэньня, звароту і пагашэньня аблігацыяў рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь ад 12.03.1992 г. “Аб каштоўных паперах і фондавых біржах”[4], такія аблігацыі можна лічыць інстытуцыйнымі, т.б. аблігацыямі, пры эмісіі якіх у якасьці эмітэнта выступаюць іншыя юрыдычныя асобы.

3)  Уладальнікамі аблігацыяў могуць быць як юрыдычныя, так і фізычныя асобы ў залежнасьці ад віду мясцовых аблігацыяў. Так, уладальнікамі аблігацыяў мэтавых мясцовых пазыкаў могуць быць фізычныя і юрыдычныя асобы, а ў якасьці ўладальнікаў аблігацыяў агульных мясцовых пазыкаў могуць выступаць толькі юрыдычныя асобы.

4)  Заканадаўца задзіночвае від мясцовых аблігацыяў (іменныя ці на прад’яўніка) з формай: бездакумэнтарныя аблігацыі могуць быць толькі іменнымі, а аблігацыі на прад’яўніка, як вынікае з тлумачэньня заканадаўства, могуць быць выпушчаныя як у дакумэнтарнай, так і бездакумэнтарнай форме, бо ў адносінах да іх не ўстанаўліваюцца жорсткія патрабаваньні да формы.

5)  тэрмін звароту мясцовых аблігацыяў устанаўліваецца ў залежнасьці ад віду аблігацыі. Калі аблігацыя зьяўляецца аблігацыяй агульнай мясцовай пазыкі, то яна ёсьць доўгатэрміновай, бо тэрмін яе звароту ня можа быць меншым за адзін год. Для аблігацыяў мэтавай пазыкі заканадаўства не ўстанаўлівае абмежаваньняў. Такім чынам, яны могуць быць як кароткатэрміновымі (з тэрмінам звароту да аднаго году), так і доўгатэрміновымі (з тэрмінам звароту адзін год і больш).

6)  Нягледзячы на тое, што аблігацыі мясцовых пазыкаў лічацца інстытуцыйнымі, заканадаўца прадугледжвае спэцыяльныя ўмовы забесьпячэньня такіх аблігацыяў. У адрозьненьні ад карпаратыўных аблігацыяў, якія забясьпечваюцца закладам маёмасьці, аблігацыі мясцовай пазыкі забясьпечваюцца канкрэтнымі прыбыткавымі артыкуламі мясцовага бюджэту, а таксама матэрыяльнымі, фінансавымі і іншымі актывамі, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасьці. Згаданая акалічнасьць зьяўляецца падобнай да забясьпечанасьці дзяржаўных аблігацыяў, якія адпаведным чынам забясьпечваюцца прыбыткавымі артыкуламі з рэспубліканскага бюджэту ці іншай маёмасьцю, якая знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці. Акрамя гэтага, заканадаўства ўстанаўлівае, што гарантамі аблігацыяў мясцовай пазыкі могуць выступаць юрыдычныя асобы незалежна ад формы ўласнасьці. Як адзначана вышэй, мясцовыя аблігацыі забясьпечваюцца фактычна сродкамі мясцовых бюджэтаў і камунальнай уласнасьцю. Але паўстае пытаньне, пры чым тут гаранты і калі яны пачынаюць сваю дзейнасьць? Забесьпячэньне хутчэй за ўсё разглядаецца як магчымасьць пагашэньня і абслугоўваньня аблігацыяў мясцовай пазыкі пры несвоечасовасьці выкананьня мясцовымі ворганамі сваіх абавязальніцтваў па абслугоўваньні і пагашэньні доўгу. Выкарыстаньне паслугаў можна лічыць лягічным у тых выпадках, калі б эмітэнтамі зьяўляліся мясцовыя Рады дэпутатаў. У прыцягненьні гарантаў не ўзьнікае патрэбы, калі даўжбітамі фактычна зьяўляюцца выканаўчыя ворганы. Пры чым, прыцягненьне гарантаў ёсьць неабавязковым, т.б. па ўласным жаданьні эмітэнта.

7)  У выніку неакрэсьленасьці заканадаўства па валюце выпуску аблігацыяў атрымліваецца, што мясцовыя аблігацыі могуць быць намінаванымі як у замежнай, так і ў нацыянальнай валюце.

8)  Уладальнік мае права на атрыманьне ва ўстаноўлены тэрмін згодна з ўмовамі выпуску фіксаванага адсотку, які налічаны па аблігацыі, і намінальнага кошту за аблігацыі. Аднак, эмітэнт мае права на ўстанаўленьне іншага парадку выплаты адсоткаў па аблігацыях мясцовай пазыкі.

    Зь мясцовымі аблігацыямі існуе больш пытаньняў, чым адказаў. У практыцы звароту ёсьць аблігацыі мэтавых аблігацыйных пазыкаў, але ці зьяўляюцца яны насамрэч “мясцовымі”? Акрэсьлім асноўныя праблемы, што зьвязаныя з паняткам “аблігацыі мясцовай пазыкі”. У першую чаргу, сам легальны панятак, дадзены ў Пастанове Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь № 662[5], не адпавядае ня толькі іншым нарматыўна-прававым актам Рэспублікі, але і самому сабе ў часцы вызначэньня даўжбіта. Па-другое, з улікам таго, што ў якасьці эмітэнтаў выступаюць выканаўчыя  ворганы, дадзеныя каштоўныя паперы зьяўляюцца інстытуцыйнымі, т.б. каштоўнымі паперы, якія эмітуюцца іншымі юрыдычнымі асобамі.[6] Але як адзначаецца ў Законе Рэспублікі Беларусь “Аб каштоўных паперах і фондавых біржах”[7], выпуск аблігацыяў магчымы толькі пад заклад маёмасьці. У якасьці ж забесьпячэньня па мясцовых аблігацыях выступаюць артыкулы мясцовага бюджэту і камунальнай маёмасьцю, але не заклад маёмасьці. Трэцім калізійным момантам у рэгуляваньні мясцовых аблігацыяў зьяўляецца магчымасьць прадастаўленьня гарантыяў юрыдычнымі асобамі любых формаў уласнасьці пад аблігацыі мясцовага заёму. Па-першае, гарантыя не прадугледжаная ў якасьці мэханізму забесьпячэньня інстытуцыйных аблігацыяў, па-другое, адсутнічае сэнс гарантыяў, таму што эмітэнтамі зьяўляюцца выканаўчыя ворганы і, як вынік, абслугоўваньне і пагашэньне аблігацыйнага заёму ажыцьцяўляецца з сродкаў мясцовых бюджэтаў.

 

Частка 2. Віды мясцовых аблігацыяў.

 

У залежнасьці ад мэтаў, зь якімі праводзіцца эмісія, ажыцьцяўляецца выпуск агульных і мэтавых мясцовых аблігацыяў.

Аблігацыі агульнай мясцовай пазыкі - даўгавыя абавязальніцтвы мясцовых Радаў дэпутатаў па прыцягненьні грашовых сродкаў юрыдычных асобаў, для пакрыцьця часовых касавых разрываў паміж прыбыткамі і выдаткамі мясцовых бюджэтаў.

Тэрмін звароту аблігацыяў агульнага мясцовай пазыкі ня меншы за адзін бюджэтны год.

Аблігацыі мэтавай мясцовай пазыкі - даўгавыя абавязальніцтвы мясцовых Радаў дэпутатаў па прыцягненьні грашовых сродкаў фізычных і юрыдычных асобаў для фінансаваньня канкрэтных праектаў.

Мэтавыя мясцовыя аблігацыі могуць быць кароткатэрміновымі (ня больш за адзін год звароту) і доўгатэрміновымі (адзін год і больш).

Мэтавыя мясцовыя аблігацыі ў тэорыі называюцца праектавымі[8], бо выпускаюцца для фінансаваньня якога-небудзь канкрэтнага праекту (бачнае падабенства з легальнай дэфініцыяй, якая дадзеная у Пастанове Рады Міністраў № 662[9]).

У залежнасьці ад віду мясцовых аблігацыяў вызначаецца аб’ем эмісіі аблігацыяў:

1)          для агульных мясцовых аблігацыяў – сумай грашовых сродкаў, неабходных для фінансаваньня часовых касавых разрываў паміж прыбыткамі і выдаткамі мясцовых бюджэтаў, і расходаў на арганізацыю і правядзеньне пазыкі.

2)          для мэтавых мясцовых аблігацыяў - сумай грашовых сродкаў, неабходных для фінансаваньня канкрэтных праграмаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіену і расходаў на арганізацыю і правядзеньне пазыкі.

Вызначэньне віду мясцовых аблігацыяў мае ня толькі тэарэтычны, але і практычны характар. Па-першае, у залежнасьці ад віду вызначаецца патэнцыйнае кола ўладальнікаў аблігацыяў. Па-другое, вызначаецца тэрмін звароту мясцовых аблігацыяў. Па-трэцяе, у залежнасьці ад віду ўстанаўліваюцца абмежаваньні па аб’ему эмісіі. Па-чацьвертае, толькі дакладнае, правільнае і глыбокае веданьне справаў у рэгіене дазваляе правільна выбраць від мясцовай аблігацыі, што ў далейшым садзейнічае больш правільнаму і апэратыўнаму вырашэньню рэгіянальных праблемаў і, як вынік, спрыяньню сацыяльна-эканамічнаму разьвіцьцю рэгіёну.

 

Частка 3. Парадак эмісіі аблігацыяў мясцовай пазыкі.

 

Парадак эмісіі аблігацыяў мясцовай пазыкі прапісаны ў Пастанове Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25.04.1998 № 662 “Аб зацьверджаньні палажэньня аб парадку выпуску, разьмяшчэньня, звароту і пагашэньня аблігацыяў мясцовых пазыкаў”[10] і складаецца з наступных этапаў:

1)    Выканаўчы ворган уносіць прапанову адпаведнай мясцовай Радзе дэпутатаў на выпуск мясцовых аблігацыяў. Хоць пра гэта нічога не адзначаецца ў заканадаўстве, такая прапанова павінная зьмяшчаць ўсе парамэтры выпуску: аб’ем эмісіі, віды аблігацыяў, тэрмін звароту, тэрмін пагашэньня, парадак і памер налічэньня адсоткаў па аблігацыях і г.д.

2)    Адпаведная Рада дэпутатаў, якой была ўнесеная прапанова наконт выпуску аблігацыяў, на падставе прапановы выканаўчага воргана, заключэньні адпаведных камісіяў па пазыках прымае рашэньне пра выпуск аблігацыяў мясцовых пазыкаў. Для агульнай пазыкі ў якасьці ўпаўнаважанага воргану на правядзеньне экспэртызы выступае экспэртавая група пры адпаведнай Радзе дэпутатаў, для мэтавай пазыкі такім ворганам зьяўляецца спэцыяльна ўтвараная для такіх мэтаў рада па пазыках.

Рашэньне аб правядзеньні мясцовых аблігацыйных пазыкаў прымае абласная (Менская гарадзкая), гарадзкая (гарадоў абласнога падпарадкаваньня), раённая Рада дэпутатаў.

Рашэньнем мясцовай Рады дэпутатаў устанаўліваюцца:

Ø          мэта правядзеньня мясцовай аблігацыйнай пазыкі;

Ø          агульны аб’ем эмісіі аблігацыйнай пазыкі;

Ø          тэрміны правядзеньня аблігацыйнай пазыкі;

Ø          гарантыі па забесьпячэньні аблігацыйных мясцовых пазыкаў.

1.      Пасьля таго, як было прынятае рашэньне, яго неабходна ўзгадіць зь Міністэрствам фінансаў Рэспублікі Беларусь для вобласьцяў і горада Менска ці з вышэйшым ворганам мясцовага кіраваньня для гарадоў абласнога падпарадкаваньня і раёнаў. Падаецца, што гэты этап зьяўляецца непатрэбным для мясцовых аблігацыяў, бо ён паказвае немагчымасьць ворганаў мясцовага самакіраваньня прымаць самастойныя рашэньні ў выпуску аблігацыяў мясцовай пазыкі і падкрэсьлівае іхны фармальны стан.

2.      Пасьля таго, як прынятае рашэньне было ўзгодненае ў адпаведным воргане, мясцовая Рада дэпутатаў (для агульных пазыкаў) ці рада канкрэтнай пазыкі (для мэтавых пазыкаў) зацьвярджае парадак выпуску, разьмяшчэньня, звароту і пагашэньня аблігацыяў мясцовай пазыкі. Самое зацьвярджэньне, як мы мяркуем, мае характар праспэкту эмісіі. Але пра парадак распрацоўкі і зацьвярджэньня праспэкту эмісіі заканадаўства нічога ня кажа.

    3) Рэгістрацыя аблігацыяў мясцовай пазыкі. На гэтым этапе мясцовыя аблігацыі рэгіструюцца і атрымліваюць нумар дзяржаўнай рэгістрацыі ў Камітэце па каштоўных паперах пры Радзе Міністраў Рэспублікі Беларусь. Дадзены этап можна назваць адным з самых нераспрацаваных і супярэчлівых. Для рэгістрацыі кароткай інфармацыі аб правядзеньні адкрытага продажу аблігацыяў, рэгістрацыі праспэкту эмісіі і аблігацыяў у Камітэт па каштоўных паперах прадстаўляецца пакет дакумэнтаў, сярод якіх два экзэмпляры праспэкту эмісіі, а таксама дакумэнты, што пацьвярджаюць забясьпечанасьць заёму. Першае пытаньне ўзьнікае з праспэктам эмісіі. Хто яго распрацоўвае:  выканаўчы і распараджальны ворган ці то мясцовая Рада дэпутатаў? Ці ёсьць таксама патрэба ў распрацоўцы праспэкту эмісіі, калі фактычным эмітэнтам зьяўляюцца выканаўчыя ворганы і сам парадак прыняцьця рашэньня пра эмісію патрабуе ўзгадненьня ў адпаведных дзяржаўных ворганах. Другім пытаньнем, мабыць найбольш істотным вострым выступае прадстаўленьне дакумэнта аб забясьпечанасьці выпуску мясцовых аблігацыяў. Як адзначаецца ў п. 15 Пастановы Рады Міністраў[11] “аблігацыі мясцовых пазыкаў забясьпечваюцца канкрэтнымі даходнымі артыкуламі мясцовых бюджэтаў, а таксама матэрыяльнымі, фінансавымі і іншымі актывамі, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасьці”. Такім чынам, які дакумэнт павінен прадастаўляцца? П. 16 гэтай жа Пастановы ўстанаўлівае, што пры жаданьні эмітэнта, у якасьці забесьпячэньня выкарыстоўваецца гарантыя. Атрымліваецца, што гарантыя не зьяўляецца абавязковай, а пры падачы дакумэнтаў неабходнае менавіта забесьпячэньне.

    4) Пасьля рэгістрацыі каштоўных папераў эмітэнт рэалізуе сваё права на выпуск аблігацыяў мясцовых пазыкаў. У тым выпадку, калі аблігацыі маюць дакумэнтарную форму, эмітэнт сам ці па замове ажыцьцяўляе выраб аблігацыяў. Таксама пасьля рэгістрацыі эмітэнт ажыцьцяўляе разьмяшчэньне выпушчаных аблігацыяў на першасным рынку. Аблігацыі мясцовай пазыкі могуць разьмяшчацца праз установы Нацыянальнага банку, іншых банкаў і прафэсійных удзельнікаў рынку каштоўных папераў.

                 

    З усяго адзначанага можна зрабіць выснову, што парадак эмісіі мясцовых аблігацыяў зьяўляецца вельмі супярэчлівым і шмат у якіх пытаньнях недапрацаваным. Так, эмітэнтам выступаюць мясцовыя Рады дэпутатаў, якія ў палажэньні, што намі разглядаецца, маюць права толькі зацьвярджаць бюджэт рэгіёну. Акрамя таго, няма патрэбы ва ўзгадненьні рашэньня наконт эмісіі ў вышэйшым воргане ці Міністэрстве фінансаў Рэспублікі Беларусь, калі дадзеныя паперы зьяўляюцца аблігацыямі мясцовай пазыкі. Шмат пытаньняў узьнікае з праспэктам эмісіі: хто яго распрацоўвае і на якім этапе. Неакрэсьлена выглядае сытуацыя з забесьпячэньнем: чаму патрабуецца дакумэнт пра забесьпячэньне пазыкі, калі сама пазыка ў адпаведнасьці з палажэньнем забясьпечваецца канкрэтнымі артыкуламі бюджэту ці камунальнай маёмасьцю. Таксама неабходна адзначыць калізію Пастановы Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь № 662[12] і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб каштоўных паперах і фондавых біржах”[13] у галіне мэханізму забесьпячэньня аблігацыяў мясцовай пазыкі.

Такім чынам, Пастанову Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь неабходна лічыць дакумэнтам, які неадпавядае сутнасьці аблігацыяў мясцовай пазыкі і Закону Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь”.[14] Таму ўзьнікае неабходнасьць у прыняцьці новага нарматыўна-прававога акту ў сфэры рэгуляваньня аблігацыяў мясцовай пазыкі з улікам існуючай сыстэмы мясцовага кіраваньня і самакіраваньня.

 

 



[1] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476.

[2] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476.

[3] Карамышев А.В. Комментарий к Закону Республики Беларусь «О местном управлении и самоуправлении в Республики Беларусь» от 20.02.1991г. Мн.: Тесей, 2003. – 192с. С. 152.

[4] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476.

[5] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476

[6] О ценных бумагах и фондовых биржах Республики Беларусь: Закон Республики Беларусь от 12.03.1992 N 1512-XII (ред. от от 28.06.1996 N 487-XIII, 11.11.2002 N 148-З) // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь", 1992, N 11,ст. 194; Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь", 1996, N 24, ст. 439; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь", 20.11.2002, N 128, 2/897.

[7] О ценных бумагах и фондовых биржах Республики Беларусь: Закон Республики Беларусь от 12.03.1992 N 1512-XII (ред. от от 28.06.1996 N 487-XIII, 11.11.2002 N 148-З) // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь", 1992, N 11,ст. 194; Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь", 1996, N 24, ст. 439; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь", 20.11.2002, N 128, 2/897.

[8] С.Чижов. Муниципальные облигационные займы: цели выпуска и принципы конструирования // Рынок ценных бумаг. – 1995. - № 14. С. 22-28.

[9] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476.

[10] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476.

[11] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476.

[12] Об утверждении положения о порядке выпуска, размещения, обращения и погашения облигации местных займов: Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 25.04.1998 N 662 (с изм. и дополн. постановлений Совмина от 09.11.1999 N 1752, от 13.03.2001 N 335) // Собрание декретов, указов Президента и постановлений Правительства Республики Беларусь, 1998, N 12, ст. 330; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь,26.11.1999, N 88, 5/2008; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 26.03.2001, N 29, 5/5476.

[13] О ценных бумагах и фондовых биржах Республики Беларусь: Закон Республики Беларусь от 12.03.1992 N 1512-XII (ред. от от 28.06.1996 N 487-XIII, 11.11.2002 N 148-З) // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь", 1992, N 11,ст. 194; Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь", 1996, N 24, ст. 439; Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь", 20.11.2002, N 128, 2/897.

[14] Карамышев А.В. Комментарий к Закону Республики Беларусь «О местном управлении и самоуправлении в Республики Беларусь» от 20.02.1991г. Мн.: Тесей, 2003. – 192с.

_________________________________________________________________________________________

 

Ганна Жарабцова (нар. у 1983 г. у м. Буда-Кашалёве) – навучаецца на IV курсе аддзяленьня “эканамічнае права” юрыдычнага факультэта БДУ і ІІ курса аддзяленьня філязофіі Беларускага калегіюма. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў – грамадзянскае, гаспадарчае, працоўнае права, прававыя аспэкты эканамічнае дзейнасьці.

 

Кірыл Касьцян (нар. у 1982 г.) – атрымлівае ступень магістра ва ўнівэрсытэце Брэмэну, Нямеччына. Абсальвэнт аддзяленьня "міжнароднае права" факультэта міжнародных стасункаў БДУ. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў - права Эўрапейскага Зьвязу і дзяржаваў-удзельніцаў у кантэксьце эўрапейскага права, Эўрапейскі валютны зьвяз, сацыялёгія права.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!