Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Міжнароднае права
Складанае грамадзянства | Hugo Che Piu Deza | 30.5.2005

Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара

Уводзіны

Тэндэнцыі да глабалізацыі і ўзаемапранікнення краінаў, якія характарызуюць сучасны свет, вымушаюць перагледзець пэўныя прынцыпы і канцэпцыі, якія раней прымаліся і выкарыстоўваліся аднагалосна суб’ектамі міжнароднага права. Гэта адбываецца і з прынцыпам міжнароднага прыватнага права, які сцвярджае, што “ніхто не можа мець два грамадзянствы”, і які па сутнасці ўяўляе сабой усяго толькі адмоўную фармулёўку іншага прынцыпа міжнароднага прыватнага права, які аднагалосна  прымаўся дактрынай права амаль да канца дваццатага стагоддзя; прынцыпа, паводле якога “кожная асоба павінна мець грамадзянства”. Такім чынам, да канца 20-га стагоддзя міжнароднае прыватнае права прызнавала за асобай права мець толькі адно грамадзянства, адпаведна, не было магчымым прызнаць за адной асобай больш за адно грамадзянства.

Грамадзянства, паводле найбольш распаўсюджанай канцэпцыі, павінна разглядацца як натуральны стан чалавечай істоты, і гэта не толькі фундаментальны камень палітычнай, але і грамадзянскай праваздольнасці. Грамадзянства – гэта “становішча прыналежнасці да супольнасці пэўнай нацыі”. Традыцыйна лічыцца, што вызначэнне і рэгуляванне грамадзянства з’яўляецца кампетэнцыяй кожнай дзяржавы. Такім чынам, развіццё класічнай дактрыны, дзе грамадзянства трактуецца як характарыстыка, якую дзяржава надае сваім падданым, працягваецца да сучаснай канцэпцыі грамадзянства, у якой акрамя кампетэнцыі дзяржавы, гэта яшчэ права кожнай чалавечай асобы.

Грамадзянства праз усталяванне звязку з пэўнай дзяржавай надае індывіду юрыдычнае заступніцтва у міжнародных стасунках. Гэта значыць, што грамадзянства можа быць вызначана як  палітычна-праўны звязак, якая аб’ядноўвае асобу з пэўнай дзяржавай. Гэты звязак прадугледжвае ажыццяўленне дзяржавай функцыяў ахоўніка асобы ў дыпламатычных стасунках, аднак патрабуе ў адказ вернасці і адданасці. З пункту гледжання дактрыны міжнароднага права, грамадзянства стварае паміж асобай і дзяржавай звязак такой інтэнсіўнасці і памеру, што немагчыма нават марыць аб двух ці трох грамадзянствах, дзвюх ці трох радзімах.

Нягледзячы на гэта, калі мы збочым са шляху разгляду дактрыны і засяродзім увагу менавіта на практычна-праўным аспекце грамадзянства, адразу ж паўстае пытанне: “Ці не можа індывід мець гэты праўны звязак з болей чым адной дзяржавай?”

Дыскусіі наконт аднаго ці болей звязкаў з дзяржавай не з’яўляюцца новым пытаннем; ужо ў антычнасці існавалі розныя падыходы да гэтай праблемы. Выключная прырода грамадзянства ў Рыме, якая вызначалася словамі “Duarum Civitatum civis esse, nostro jure civile,nemo potest”, у Грэцыі, наадварот, змянялася магчымасцю мець некалькі грамадзянстваў. На працягу Сярэднявечча і далей, праз Навачассе, гэта тэма праходзіць у межах спаборніцтва адзначаных вышэй падыходаў. Напрыклад, у 19 стагоддзі Нямеччына дазваляла мець некалькі грамадзянстваў адначасова, а заканадаўства Венецыі, нааадварот, утрымлівала палажэнні, якія забаранялі жыхарам мець болей чым за адзін юрыдычны звязак з дзяржавай.


Падвойнае грамадзянства

З усіх варыянтаў складанага грамадзянства падвойнае грамадзянства з’яўляецца найбольш распаўсюджаным і простым. Яно прадугледжвае спалучэнне ў адным чалавеку двух праўных звязкаў з дзвума пэўнымі дзяржавамі і сярод яго чыннікаў звычайна вылучаюць наступныя:

1. Першапачатковае набыццё – калі чалавек нараджаецца на тэрыторыі дзяржавы, дзе дзейнічае jus soli, а яго бацькі ці нехта з іх з’яўляюцца грамадзянамі краіны, дзе існуе jus sanguinis. Напрыклад, дзіця, якое  нараджаецца на тэрыторыі Мексыкі (jus soli), мае  бацькоў – грамадзянаў Балівіі (jus sanguinis) і пражывае ў Балівіі, мае двайнае грамадзянства – мексыканскае і балівійскае.

2. Набыццё вытворнае –н абыццё грамадзянства дзякуючы любому факту, які адрозніваецца ад нараджэння, напрыклад, шлюб, натуралізацыя і г.д. У гэтых выпадках падвойнае грамадзянства залежыць ад свабоднага волевыяўлення асобы, якое аб’ядноўвае яе з яшчэ адной пэўнай палітычнай супольнасцю, яе культурай, стылям жыцця і яе сістэмай каштоўнасцяў. Напрыклад, грамадзянін Нямеччыны, які паводле закону Дельбрука пры наяўнасці згоды з боку дзяржавы мае магчымасць набыць другое грамадзянства без неабходнасці скасоўваць нямецкае грамадзянства, можа набыць грамадзянства Калумбіі, паколькі заканадаўства гэтай краіны таксама не патрабуе скасавання грамадзянства паходжання.

3. Набыццё па пагадненні – калі існуюць пэўныя двухбаковыя ці шматбаковыя пагадненні аб двайным грамадзянстве, якія могуць быць генеральнага тыпу, напрыклад, пагадненне паміж Гішпаніяй і Чылі, Перу, Парагваем, Гватэмалай, Балівіяй, Нікарагуа, Эквадорам, Гандурасам, Аргенцінай і Калумбіяй, ці памежавага тыпу, якое, напрыклад, замацавана ў Палітычнай Канстытуцыі Калумбіі ў дачыненні да памежнага насельніцтва.


Мультыграмадзянства

Рашучыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя змены, з якімі сутыкнулася чалавецтва, прывялі да небачнага раней узроўню міграцыі. Бесперапынныя узаемапранікненні і глабалізацыя даюць падставы меркаваць, што гэты працэс будзе працягвацца і далей. Усё гэта прыводзіць да таго, што сёння ёсць верагоднасць існавання не толькі двайнога грамадзянства, але і мультыграмадзянства – калі індывід згодна з канстытуцыйнымі законамі розных краінаў мае больш за два грамадзянства адначасова. Наступны прыклад даводзіць, як любая асоба з Лацінскай Амерыкі можа з’яўляцца ўладальнікам больш за двух юрыдычных звязкаў з пэўнымі дзяржавамі:

Калі, напрыклад, перуанскі дыпламат бярэ шлюб з бразільскай жанчынай, і ў іх на мексыканскай тэрыторыі нараджаецца хлопчык, то гэты хлопчык будзе мець адразу тры грамадзянства – перуанскае, бразільскае і мексыканскае. Бацькі гінуць, і дзіця застаецца сіратой; яго усынаўляе грамадзянка Эквадору. Такім чынам ён набывае чацьвёртае сваё грамадзянства і далей, напрацягу свайго жыцця, гэты хлопчык таксама можа атрымаць яшчэ  шэраг. Напрыклад, ён вырашае ажаніцца з грамадзянкай Венэсуэлы і праз гэта атрымлівае пятае грамадзянства. У выпадку смерці сваёй  жонкі, ён не страчвае свайго грамадзянства Венэсуэлы, нават калі вырашыць нацыяналізавацца ў Калумбіі. Больш за тое, калі ён вырашыць ажаніцца ізноў на, напрыклад, прадстаўніцы Балівіі, ён стане уладальнікам адразу сямі розных грамадзянстваў адначасова. Сітуацыя яшчэ больш ускладніцца, калі ён перад гэтым атрымае двайное грамадзянства ў Гішпаніі.


Надграмадзянства

Гэты феномен адрозніваецца ад мультыграмадзянства паколькі не азначае мноства грамадзянстваў, якія належаць аднаму чалавеку, а, наадварот, адно граммадзянства, якое належыць пэўнай колькасці людзей розных нацыянальнасцяў, але якія ўтвараюць юрыдычную адзінку sui generis, як напрыклад, Commonwealth ці гэбрайскі народ.

Сёння гаворка аб еўрапейскім надграмадзянстве вядзецца ў дачыненні да Еўрапейскага Звязу, стасоўна да Андскай супольнасці  і Лацінскай Амерыкі аб андскім і лацінаамерыканскім грамадзянстве адпаведна. Гэтыя юрыдычныя звязкі ўяўляюць сабой адзінае грамадзянства для колькасці роднасных нацыянальнасцяў, звязаных паміж сабой палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі, гістарычнымі, сацыяльнымі, рэлігійнымі і іншымі ланцугамі.
 

Праблемы складанага грамадзянства

Складанае грамадзянства  можа быць звязанае з даволі вялікай колькасцю праблемаў.

Па-першае, яно ўскладае на асобу шэраг абавязкаў, якія вельмі  складана ці ўвогуле немагчыма выканаць адначасова. Класічным прыкладам з’яўляецца абавязак выканання вайсковай службы, які ў мірны час патрабуецца дзвюма дзяржавамі адначасова ці ў час вайны адначасова дзвюма дзяржавамі – ворагамі (Maury 1949:69).

Па-другое, робіць  складаным і неаднабаковым вызначэнне юрыдычнага парадку, які павінен ужывацца ў дачыненні да індывіда: павінен ён лічыцца нацыянальным ці замежным элементам, а гэта з’яўляецца падмуркам пры вызначэнні правоў і абавязкаў асобы. Такім ж чынам, складана вырашыць, якое заканадаўства прымяніць, каб вызначыць юрыдычны статус і юрыдычную праваздольнасць асобы.

Па-трэццяе, асоба са складаным грамадзянствам рызыкуе апынуцца пад агнём некалькіх розных краінаў, чые супрацьлеглыя зацікаўленасці, асабліва ў сферы дыпламатычнай аховы, маюць ўсе падставы зрабіцца чыннікам непаразуменняў у міжнародных стасунках (Maury 1949:69).


Магчымыя развязанні праблемаў складанага грамадзянства

Вырашэнне праблемы складанага грамадзянства ёсць не простай справай, прынамсі, з фармальнага пункту гледжання, бо на практыцы кожны чалавек у адзін момант мае магчымасць выбраць і выкарыстоўваць дзеля самаідэнтыфікацыі, ажыццяўлення юрыдычных актаў, камунікацыі на міжнародным узроўні толькі адзінае грамадзянства і зрабіць гэта ён павінен, маючы на ўвазе тыя абмежаванні, якія ўскладае на асобу кожны юрыдычны парадак. Існуюць некалькі асноўных шляхоў вырашэння гэтай праблемы (Monroy Cabra 1995:83):

1. Прэвентыўная сістэма. Прадугледжвае наданне асобам аднолькавых нацыянальных правоў, якія распрацоўваюцца ў межах міжнародных дамоваў ці праз правядзенне рэформаў нацыянальных юрыдычных сістэмаў.

2. Права свабоды выбару. Прадугледжвае магчымасць асобы самой выбіраць паміж грамадзянствамі, якія належаць ёй, тое, якое больш патрэбнае.

3. Выбар грамадзянства ў залежнасці ад часу яго набыцця. Гэты шлях мае дзве скрайнасці: выкарыстанне толькі першага грамадзянства і выкарыстанне другога ці апошняга атрыманага грамадзянства.

4. Эфектыўнае грамадзянства. Прадугледжвае,  што асоба павінна мець правы і несці абавязкі той дзяржавы яе даміцылію, ці дзе пражывае больш часу.

Усе праблемы, звязаныя са складаным грамадзянствам яшчэ толькі пачынаюць вызначацца, аднак ужо зараз відавочна іх шматграннасць і ўзаемная інтэграванасць. Некаторыя  з іх ужо дастаткова вырашаныя, як напрыклад, праблема службы ў войску – тыя асобы, якія маюць падвойное грамадзянства праз адначасовае існаванне jus soli ды jus sanguinis, павінны несці гэты абавязак у той краіне, дзе стала пражываюць (Ferrero 1989:490). Аднак, ажыццяўленне вайсковай службы ў адной краіне не азначае вызвалення ад гэтага абавязку ў іншай.

                                                                                    Пераклад з гішпанскай А.Рагажынскай

__________________________________________________________________________________________

Аўтар – Hugo Che Piu Deza

Бакалаўр права на факультэце права і паліталогіі Вышэйшага нацыянальнага Універсітэта імя Св.Маркуса, Ліма– Перу (1995-2000).



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!