1. Панятак таварнага знака
У наш час гаворку пра таварныя знакі можна пачуць досыць часта, аднак і у сродках масавай інфармацыі і на побытавым узроўні часцяком выкарыстоўваюць наступныя паняткі: “гандлёвая марка”, “таварная марка”, “гандлёвы знак”, што з’яўляецца дакладным перакладам ангельскага слова “Trademark”, таксама шырока выкарыстоўваюцца паняцці “брэнд”, “эмблема”, “фірмовы знак” і інш. У сувязі з тым, што таварны знак і знак абслугоўвання з’яўляюцца аб’ектамі інтэлектуальнай уласнасці і падлягаюць пад праўную ахову, у нашай краіне, адпаведна арт.1 Закона “Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання” павінен выкарыстоўвацца тэрмін “таварны знак (знак абслугоўвання)”.
Такім чынам, легальная дэфініцыя таварнага знака (знака абслугоўвання) змяшчаецца ў арт.1 Закона – “Таварны знак і знак абслугоўвання (далей - таварны знак) - абазначэнне, якое судзейнічае адрозненню тавараў альбо паслугаў (далей - тавары) адных юрыдычычных альбо фізічных асобаў ад аднародных тавараў альбо паслугаў іншых юрыдычных альбо фізічных асобаў”.
Акрамя гэтага існуе яшчэ шэраг дэфініцыяў таварнага знака, але яны падобныя паміж сабою, бо адлюстроўваюць яго найістотнейшыя рысы і функцыі, аднак якія падаюцца досыць цікавымі для нашага даследвання. Напрыклад, наступным чынам даваў азначэнне таварнаму знаку дарэвалюцыйны расейскі юрыст М.Брун у 1896 годзе – “Таварныя знакі – засьведчуюць паходжаньне тавара з таго альбо іншага прамысловага альбо гандлёвага прадпрыемства. Таварныя знакі адмяжоўваюць не права на фізічнае валоданне рэчамі (у гэтым іх адрозненне ад клеймаў, межавых знакаў і г.д.), а рэпутацыю ды стаўленне да кліента – паняткі бязвагавыя ды неўспрымальныя, але такія, якія служаць крыніцай маёмасных выгодаў”. [1]
Наступныя азначэнні пададзены ў энцыклапедыях Britannica і Americana:
Trade-marks are symbols adopted and used by manufactures or dealers to identify and distinguish their merchandise from the goods sold by others [2]. (Таварныя знакі – абазначэнні, якія прынятыя і выкарыстоўваюцца вытворцамі і дылерамі для ідэнтыфікацыі і адрознення іх тавараў ад тавараў, якія прадаюцца іншымі асобамі).
A trade mark is a device used by a business enterprise to identify its goods and distinguish them from those made or carried by others [3]. (Таварны знак – гэта сродак, які выкарыстоўваецца вытворцам для ідэнтыфікацыі свайго тавара і вылучэння яго з тавараў, зробленных або пастаўляемых іншымі асобамі).
Знак абслугоўвання з’яўляецца такім жа таварным знакам, але гэты тэрмін выкарыстоўваецца адпаведна не ў дачыненні да пэўных тавараў, а ў дачыненні прапануемых паслугаў. Знак абслугоўвання адрознівае аднародныя паслугі, якія прапануюцца рознымі прадпрыемствамі, арганізацыямі, прыватнымі асобамі. Напрыклад, знакі абслугоўвання выкарыстоўваюць рэкламныя агенцтвы, медычныя фірмы, студыі гуказапісу, хімчысткі, пральні, рэстарацыі, гатэлі і г.д. Роля знакаў абслугоўвання ў Беларусі паступова павялічваецца ў звязку з павелічэннем канкурэнцыі і развіццем рынку сэрвісу.
Каб быць прызнаным таварным знакам, абазначэнне павінна адпавядаць шэрагу ўмоваў. Перш за ўсё, таварнымі знакамі прызнаюцца тыя таварныя абазначэнні, якія лёгка запамінаюцца, якія змяшчаюцца на выпускаемай прадукцыі, яе ўпакоўцы ці суправаджальнай дакументацыі. Не можа лічыцца таварным знакам змяшчэнне на вырабе поўных дадзеных пра вытворцу тавара.
Неабходнай умовай для праўнай абароны знака з’яўляецца ягоная навізна. З пункту гледжання дзеючага заканадаўства, новымі будуць лічыцца толькі такія ўмоўныя абазначэнні, якія па сваім змесце не з’яўляюцца тоеснымі ці падобнымі да ступені змяшэння:
1. з таварнымі знакамі, раней зарэгістраванымі або пададзенымі на рэгістрацыю ў Рэспубліцы Беларусь на імя іншай асобы, у дачыненні да аднародных тавараў (не ўлічваючы абазначэнні, тэрмін рэгістрацыі якіх ужо скончыўся). У амерыканскіх дактрынальных крыніцах выказваецца меркаванне, што пакупнікі будуць збянтэжаныя, нават калі тоесныя або падобныя знакі будуць выкарыстоўваца на таварах, якія не стасуюцца да адной групы класіфікацыі [4];
2. з таварнымі знакамі іншых асобаў, якія ахоўваюцца без рэгістрацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, у дачыненні да аднародных тавараў
3. з таварнымі знакамі іншых асобаў, прызнанымі агульнавядомымі ў Рэспубліцы Беларусь; (Аднак абазначэнні, пералічаныя ў п.п.1-3 можна зарэгістраваць – пры наяўнасці згоды ўладальнікаў такіх знакаў. У літаратуры такія знакі называюцца “старэйшымі” [5])
4. з вядомымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фірмовымі найменнямі (або іх часткай), якія належаць іншым асобам;
5. з найменнямі месцаў паходжання тавараў, якія ахоўваюцца ў Беларусі, акрамя тых выпадкаў, калі яны ўключаны як неахоўваемы элемент у таварны знак, што рэгіструецца на імя асобы, якая мае права на карыстанне такім найменнем.
6. з прамысловымі ўзорамі, правы на якія ў Рэспубліцы Беларусь належаць іншым асобам;
7. з назвамі вядомых у Рэспубліцы Беларусь твораў навукі, літаратуры, мастацтва, цытаты або персанажы з іх, творамі мастацтва або фрагментамі з іх без згоды ўладальніка (уладальнікаў) аўтарскіх правоў або правапераемнікаў;
8. з назвамі зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь СМІ без згоды іх заснавальнікаў у дачыненні да аднародных тавараў;
9. з прозвішчамі, іменамі, псеўданімамі, або вытворнымі ад іх, партрэтамі і факсіміле вядомых у Рэспубліцы Беларусь асобаў без згоды гэтых асобаў або іх спадкаемцаў;
10. са знакамі сістэм сертыфікацыі, якія ахоўваюцца у заканадаўчым парадку.
Тоеснасць і падабенства таварнага знака вызначаюцца на дату прыярытэта, якая, па агульным правілы, вызначаецца па дні паступлення слушна аформленай заяўкі на рэгістрацыю таварнага знака ў Патэнтнае Ведамства Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, прыярытэт можа вызначацца па даце падачы першай заяўкі на таварны знак у замежнай краіне-удзельніцы Парыжскай канвенцыі па ахове прамысловай уласнасці [6] (канвенцыйнны прыярытэт), калі заяўка паступіла на працягу шасці месяцаў з пазначанай даты. Прыярытэт таварнага знака, змешчанага на экспанатах афіцыйных або афіцыйна прызнаных міжнародных выставаў, арганізаваных на тэрыторыі краіны-ўдзельніцы Парыжскай канвенцыі, можа вызначацца па даце пачатку адкрытага паказа экспанату на выставе, калі заяўка паступіла на працягу шасці месяцаў з пазначанай даты (выставачны прыярытэт). І, у рэшце рэшт, прыярытет можа вызначацца па даце міжнароднай рэгістрацыі таварнага знака ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі нашай дзяржавы (Арт.7 Закона).
Тоесным прызнаецца абазначэнне, якое ўва ўсіх сваіх элементах супадае з ужо вядомым таварным знакам і пры гэтым адносіцца да таго ж класа тавараў або паслуг, незалежна ад іх адрозненняў. На практыцы вызначэнне тоеснасці не выклікае значных цяжкасцей. Так, Дзяржкамвынаходніцтваў СССР калісьці адмовіў заходненямецкай фірме “Шнейдер унд Корн” у рэгістрацыі ў якасці таварнага знака слоўнага абазначэння “Chelios” для тавараў 14 класа. Прычынай адмовы было тое, што заяўленае абазначэнне было тоесным раней зарэгістраванаму таварнаму знаку фірмы “Хеліёс Дорложэры” для тавараў таго ж класа. [7]
Складаней вызначаць пытанне з падобнымі абазначэннямі. У заканадаўстве ўказваецца ў агульных рысах на недапушчальны узровень блізкасці заяўляемага абазначэння ўжо вядомаму – наяўнасць паміж імі падабенства да ступені змяшэння. Супадзенне асобных элементаў не можа служыць нагодай для адмовы. Бясспрэчна, што тавар перадусім арыентаваны на патэнцыйнага пакупніка, таму, на наш погляд, ацэнка падабенства абазначэнняў павінна праводзіцца не з прафесійнага пункту гледжання – мастака, дызайнера і т.п., якія могуць адзначыць найдрабнейшую розніцу, а з пункту гледжання простага спажыўца.
У слоўных знаках рэкамендуецца звяртаць увагу на пачатак і канчатак словаў, колькасць складоў, у выяўленчых знаках – на выяўленчыя матывы, колеры, у камбінаваных абазначэннях – на ўспрыняцце выяўленчых і слоўных элементаў як у сукупнасці, так і паасобку.
Напрыклад, літары і склады, даданыя да тоесных таварных знакаў, не змяншаюць магчымасць іх змяшэння. Так, пры экспертызе слоўнага таварнага знака “Ciresol”, заяўленага ў СССР заходненямецай фірмай для фармакалагічных прэпаратаў, было выяўлена падабенства гэтага знака з таварным знакам “Сeritol”, зарэгістраванага раней на імя амерыканскай фірмы [8].
І апошняя важная заўвага - абазначэнне можа лічыцца таварным знакам толькі ў тым выпадку, калі яно ўва устаноўленным парадку зарэгістраванае.
2. Афармленне правоў на таварны знак
Безумоўна любы вытворца прадукцыі можа выкарыстоўваць пэўнае абазначэнне для маркіроўкі сваёй прадукцыі без рэгістрацыі яго ў патэнтным ведамстве ў якасці таварнага знака, аднак ён можа разлічваць на абарону сваіх правоў у выпадку іх парушэння іншымі несумленнымі ўдзельнікамі цывільнага звароту толькі на падставе рэгістрацыі свайго абазначэння. Аднак існуюць краіны, напрыклад ЗША, Вялікая Брытанія і інш., дзе ахова абазначэнняў базуецца на “прынцыпе першага выкарыстання” – выключнае права на таварны знак прызнаецца ў сілу яго фактычнага прымянення, а не факта рэгістрацыі. Асоба, якая першай пачала прымяняць абазначэнне для маркіроўкі тавараў, ідэнтыфікацыі паслуг, робіцца ўладальнікам выключнага права. Рэспубліка Беларусь адносіцца да другой групы краін, дзе дзейнічае “прынцып рэгістрацыі” – выключнае права набываецца на падставе рэгістрацыі абазначэння ў патэнтным ведамстве. У дадзеным выпадку за рэгістрацыяй прызнаецца праваствараючае значэнне, а факт выкарыстання абазначэння ў звароце аніякага значэння не мае ўвогуле. [9] Такім чынам тэарытычна можа ўзнікнуць сітуацыя наступнага кшталту: фактычны ўладальнік незарэгістраванага таварнага знака можа стаць незаконным карыстальнікам пасля рэгістрацыі дадзенага таварнага знака іншай асобай, нават калі ён толькі захоўвае тавары, абазначаныя таварным знакам. Значыць, рэгістрацыя таварнага занка з’яўляецца неад’емнай перадумовай дзейнасці суб’ектаў цывільнага звароту. [10]
Лічыцца, што сувязь праўнай аховы таварнага знака з ягонай рэгістрацыяй у патэнтным ведамстве ёсць найбольш прыймальнай, бо дазваляе пазбегнуць шматлікіх спрэчак наконт права на таварны знак; з’яўляецца актам, які фіксуе шэраг важных рэчаў – аб’ект аховы, пералік тавараў на падставе Міжнароднай Класіфікацыі Тавараў і Паслуг (МКТП); з’яўляецца сродкам апавяшчэння іншых вытворцаў аб выключным праве на канкрэтнае абазначэнне. Акрамя таго рэгістрацыя – гэта абавязковая ўмова для падачы заяўкі на міжнародную рэністрацыю знака згодна Мадрыдскаму пагадненню аб міжнароднай класіфікацыі таварных знакаў ад 14 красавіка 1891 г.
Адразу заўважым, што ў Рэспубліцы Беларусь існуюць дзве сістэмы рэгістрацыі знакаў – нацыянальная і міжнародная, працэдура якой прадугледжаная Мадрыдскім пагадненнем аб міжнароднай класіфікацыі таварных знакаў ад 14 красавіка 1891 г. Згодна статыстыцы міжнародная сістэма карыстаецца большым попытам – у 2003 г. па працэдуры Мадрыдскага пагаднення было пададзена 4371 заяўка, а па нацыянальнай – 2852 заяўкі.[11] Гэта абумоўлена пэўнымі плюсамі міжнароднай працэдуры – значна меньшы памер пошліны, гэта займае меньш часу (каля аднаго году), дваццаць гадоў аховы з правам шматразовага працягнення гэтага тэрміну, і ахова можа быць распасюджана на большую тэрыторыю, г.зн. у тым ліку і на тэрыторыю пэўных краін-удзельніц Мадрыдскага пагаднення[12]. Аднак у адпаведнасці з тэмай гэтага артыкула намі падрабязна будзе разгледжана перадусім працэдура нацыянальная.
Пры складанні і падачы заяўкі на рэгістрацыю абазначэння, якое прэтэндуе на таварны знак, яно павінна адпавядаць патрабаванням аховаздольнасці, якія сфармуляваныя ў арт.арт.4-5 Закона, якія тычацца падставаў для адмовы ў рэгістрацыі. Існуе дзве групы такіх падставаў – абсалютныя ды іншыя (т.зв. адносныя). Да абсалютных падставаў адносяцца тыя, якія абсалютна пазбаўленыя індывідуалізуючай уласцівасці, а гэта значыць, не могуць быць зарэгістраваныя ў якасці таварных знакаў абазначэнні:
1. якія не маюць прыкметаў рознення (напрыклад, простыя геаметрычныя фігуры, простае рэалістычнае выяўленне тавара);
2. агульнавыкарыстоўваемыя абазначэнні для тавараў пэўнага віду (у выніку працягалга прымянення гэтыя словы сталіся родавымі або відавымі паняткамі – цэлафан, нейлон, тэрмас, магнітафон. [13] Для таго, каб таварны знак стаў відавым або родавым паняткам неабходна тры ўмовы: выкарыстанне абазначэння ў якасці назвы тавара спецыялістамі адпаведных галінаў вытворчасці, гандлярамі; прымяненне назвы ў дачыненні аднаго і таго ж тавара ад розных вытворцаў, працягласць часу прымянення. Спецыялісты прагназуюць, што ў будучым такім словам можа стаць зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь таварны знак “шэйпінг” для абазначэння пэўнага комплексу практыкаванняў для цягліцаў [14]);
3. агульнапрынятыя сімвалы і тэрміны (напрыклад, тэрміны International, General, Special, а сімвалы – змяя і кубак – сімвал медыцыны);
4. якія складаюцца выключна са знакаў або пазначэнняў, што выкарыстоўваюцца для абазначэння віда, якасці, каштоўнасці і інш. (Напрыклад, словы “натуральны”, “найлепшы”)
5. якія ўяўляюць сабою форму тавара або яго ўпакоўку, што вызначаюцца выключна або галоўным чынам існасцю або прыродай тавару, неабходнасцю дасягнення тэхнічнага выніку, істотнай каштоўнасцю тавара (напрыклад, форма пальчатак для пальчатак, аднак магчыма зарэгістраваць аб’емнае абазначэнне, якое выяўляе вырабы, якія адносяцца да істотна іншага класа МКТП)
Апісаныя вышэй абазначэнні могуць быць улучаны ў таварны знак у якасці неахоўваемых элементаў, калі яны не займаюць у ім дамінуючага палажэння.
6. якія ўяўляюць сабою дзяржаўныя гербы, сцягі, эмблемы, афіцыйныя назвы дзяржаваў, сцягі, эмблемы і скарочаныя або поўныя назвы міжнародных міжурадавых арганізацыяў, афіцыйныя кантрольныя, гарантыйныя і прабірныя клеймы, узнагароды і іншыя знакі годнасці. Могуць быць у складзе таварнага знака ў якасці неахоўваемага элемента толькі са згоды кампетэнтнага органу або ўладальніка;
7. якія з’яўляюцца ілжывымі, то бок могуць ўвесці спажыўцоў у зман адносна тавара, месца яго паходжання або вытворцы (напрыклад, абазначэнне natural для тавараў са штучных матэр’ялаў, надпіс Italian для тавараў, вырабленых у іншай краіне);
8. якія ўяўляюць сабой або складаюцца з месца паходжання вінаў або моцных спіртовых напояў, што ахоўваюцца у сілу міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь.
9. якія пярэчаць публічнаму парадку, прынцыпам гуманнасці і маралі (напрыклад, выявы і тэксты, якія маюць парнаграфічны характар, расісцкія лозунгі, нецэнзурныя словы, эмблемы фашыстоўскіх арганізацыяў).
Іншыя падставы, акрамя абсалютных, для адмовы ў рэгістрацыі, прадугледжаны арт.5 Закона. Аднак мы іх падрабязна разглядалі, характэрызуючы навізну таварнага знака.
Прававое рэгуляванне рэгістрацыі таварных знакаў ажыццяўляецца на падставе нарматыўных актаў патэнтнага ведамства - Нацыянальнага Цэнтра Інтэлектуальнай Уласнасці (НЦІУ):
1.Правила составления и подачи заявки на регистрацию товарного знака (знака обслуживания), утверждены постановлением Государственного патентного комитета Республики Беларусь 23.02.2001г. №7 [15];
2.Правила ведения дел по заявке на регистрацию товарного знака (знака обслуживания) с Государственным патентным комитетом Республики Беларусь, утверждены постановлением Государственного патентного комитета Республики Беларусь 23.02.2001г. №7 [16];
3.Правила признания товарного знака общеизвестным в Республике Беларусь, утверждены постановлением Государственного патентного комитета Республики Беларусь 9.08.2001г. №2 [17];
4.Правила рассмотрения заявки на регистрацию товарного знака (знака обслуживания) в Государственном патентном комитете Республики Беларусь, утверждены постановлением Государственного патентного комитета Республики Беларусь 31.08.2001 №3. [18]
Заяўка на рэгістрацыю таварнага знака падаецца юрыдычнай або фізічнай асобай, якія называюцца “заяўнікі”, у патэнтны орган непасрэдна або могуць быць адпраўленыя па пошце. Таксама заяўка можа быць пададзена патэнтым павераным, як, часцей за ўсё, і робіцца на практыцы. Патэнтны павераны аказвае свайму давяральніку юрыдычную і тэхнічную дапамогу пры афармленні і падачы заяўкі на рэгістраванне таварных знакаў. А заяўнікі, якія маюць заўсёднае месца жыхарства або месца знаходжанне за мяжой, абавязаны карыстацца паслугамі патэнтных павераных (п.12 Пастанаўлення БелДзяржПатэнта ад 23.02.2001 №7). Даверанасць на прадстаўніцтва перад патэнтным органам не патрабуе натарыяльнага засведчання, акрамя выпадкаў перадаверу. Даверанасць ад замежнага заяўніка перакладаецца на беларускую або расейскую мову, слушнасць пераклада засведчуецца самім патэнтным павераным.
У склад заяўкі ўваходзяць:
1.Заява аб рэгістрацыі абазначэння ў якасці таварнага знака з пазначэннем заяўніка і яго месца знаходжання;
2.Заяўляемае абазначэнне
3.Спіс тавараў або паслуг, для якіх робіцца рэгістрацыя, згрупіраваных згодна МКТП.
Заяўка падаецца на беларускай або расейскай мове, у адным асобніку на бланку, які бясплатна выдае патэнтны орган.
Да заяўкі прыкладваюцца наступныя дакументы:
1.Дакумент, які падцверджвае сплату пошліны (арыгінал або копія, засведчаная банкам). Стаўкі пошліны вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь [19];
2.Выяўленне заяўляемага на рэгістрацыю абазначэння ў колькасці 10 асобнікаў, акрамя асобніка, змешчанага ў самой заяве.
3.Палажэнне аб калектыўным знаке, калі заяўка падаецца на рэгістрацыю калектыўнага знака;
4.Дакумент, які падцвярджае паўнамоцтвы патэнтнага паверанага (даверанасць).
5.Дакумент, які падцвярджае правамоцнасць патрабавання канвенцыйннага, выставачнага прыарытэта;
6.Дазвол адпаведнага кампетэнтнага органа ці ўладальніка на выкарыстанне ў таварным знаку дзяржаўнай сімволікі, назваў міжнародных арганізацый і г.д., калі пералічаныя элементы падобныя з заяўляемым абазначэннем да ступені змяшэння;
7.Дазвол вышэйзгаданых асобаў і органаў на выкарыстанне клеймаў, пячатак і г.д.
8.Выяўленне разлічных праекцый аб’ёмнага абазначэння (або яго ўзор). [20]
Наступным крокам на шляху рэгістрацыі правоў на таварны знак з’яўляецца экспертыза. У залежнасці ад аб’ёма экспертнай праверкі адрозніваюць явачную і праверачную сістэмы экспертызы. Пры явачнай сістэме патэнтнае ведамства даследуе паўнату і слушнасць прадстаўленых дакумантаў, а потым проста публікуе заяўленыя абазначэнні і на працягу пэўнага часу любая асоба мае права аспрэчыць яго рэгістрацыю, калі гэтага не адбываецца, абазначэнне лічыцца зарэгістраваным таварным знакам. Такая сістэма дзейнічае ў Летуве, Ліване, Марока і інш. У большасці дзяржаваў, у тым ліку і ў Рэспубліцы Беларусь, дзейнічае праверачная сістэма, пры якой спраўджанню падлягаюць не толькі фармальныя прыкметы заяўкі, але даследуецца і матэр’яльная частка – наяўнасць у абазначэнняў патрабуемых якасцяў, асаблівасці абазначэнняў. Праверачная сістэма ў большай ступені забяспечвае ахову зарэгістраваных таварных знакаў, бо на зацікаўленых асобах у дадзеным выпадку не ляжыць клопат адсочваць у публікацыях, ці не заяўлены на рэгістрацыю знак, падобны або тоесны да іхнага. [21]
Экспертыза заяўкі, што ажыццяўляецца НЦІУ, уключае ў сябе папярэднюю экспертызу і экспертызу заяўленага абазначэння, якія праводзяцца ў адпаведнасці з Законам і Правіламі разгляду заяўкі на рэгістрацыю таварного знака (знака абслугоўвання) ў Дзяржаўным патэнтным камітэце Рэспублікі Беларусь, зацверджаныя Пастановай Дзяржаўнага патэнтнаго камітэта Рэспублікі Беларусь 31.08.2001 №3.
Папярэдняя экспертыза праводзіцца ў двухмесячны тэрмін з дня паступлення заяўкі. Падчас гэтай экспертызы спраўджаюцца склад неабходных дакумантаў, правільнасць афармлення заяўкі, сплата пошліны. Заявіўніку могуць прапанаваць унесці неабходныя выпраўленні ў пададзеныя дакуманты. Па выніках гэтай экспертызы заяўніку паведамляецца аб прыняцці заяўкі або аб адмове. Пры прыняцці заяўкі ўстанаўліваецца дата прыняцця, што з’яўляецца істотным для вызначэння прыярытэта. Рашэнне па патэнтнай экспертызе можа быць абскарджана ў Апеляцыйным Савеце патэнтнай экспертызы пры Нацыянальным Цэнтры Інтэлектуальнай Уласнасці, дзейнасць якога рэгулюецца Пастановай Камітэта па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2003 г. №2 “Аб зацверджанні палажэння аб апеляцыйным савеце пры патэнтным органе” [22]. Тэрмін разгледжання скаргі – чатыры месяцы.
Экспертыза заяўленнага абазначэння праводзіцца пасля заканчэння папярэдняй экспертызы. Падчас гэтай экспертызы ўстанаўліваецца прыярытэт таварнага знака, калі ён не быў устаноўлены, і праводзіцца спраўджанне адпаведнасці заяўляемага абазначэння усім неабходным умовам, якія былі разгледжаны намі вышэй. Па выніках гэтай экспертызы прыймаецца рашэнне аб рэгістрацыі таварнага знака або аб адмове ў гэтым. Рашэнне можа быць абскарджана ў патэнтны орган на працягу трох месяцаў. Паўторная экспертыза праводзіцца ў двухмесячны тэрмін з дня паступлення хадайніцтва заяўніка. Скарга на рашэнне паўторнай экспертызы падаецца ў трохмесячны тэрмін у Апеляцыйны савет патэнтнай экспертызы пры патэнтным органе, а рашэнне савета можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд РБ на працягу шасці месяцаў з даты атрымання рашэння.
Аналіз тэрмінаў экспертызы заяўкі на рэгістрацыю таварнага знаку дазваляе зрабіць выснову, што нават у Расійскай Федэрацыі, нягледзячы на значна большую колкасць паступаючых заявак, чым у Рэспубліцы Беларусь, гэтыя тэрміны меншыя. Мяркуем, што скарачэнне тэрмінаў рэгістрацыі таварных знакаў у Рэспубліцы Беларусь прывядзе да зацікаўлення большай колькасці патэнцыйных уладальнікаў дадзеных сродкаў індывідуалізацыі. Працэс рэгістрацыі таварнага знака ў Беларусі дастаткова складаны і працяглы (можа цягнуцца больш за пяць гадоў, звычайна складае два гады). [23]
Пры станоўчым рашэнні экспертызы заяўлены знак на працягу месяца з даты атрымання дакумента, што пацвярджае сплату пошліны, рэгіструецца ў Дзяржаўным рэестры таварных знакаў і знакаў абслугоўвання Рэспублікі Беларусь.
Пасведчанне на таварны знак выдаецца патэнтным органам на працягу аднаго месяца з даты рэгістрацыі таварнага знака ў Дзяржаўным Рэестры таварных знакаў і знакаў абслугоўвання Рэспублікі Беларусь. Рэгістрацыя дзейнічае на працягу дзесяці гадоў з даты падачы заяўкі ў патэнтны орган. Гэты тэрмін можа быць працягнуты кожны раз на дзесяць гадоў па заяве ўладальніка знака, пададзенай на працягу апошняга года дзеяння знака. Працяг тэрміна дзеяння можа адбывацца шматразова.
Звесткі, якія адносяцца да рэгістрацыі таварнага знака і ўнесеныя ў Дзяржаўны Рэестр, публікуюцца патэнтным органам у афіцыйным бюлецені на працягу трох месяцаў з даты рэгістрацыі.
Пасведчанне падцвярджае прыярытэт таварнага знака, выключнае права ўладальніка на таварны знак ў дачыненні тавараў, пазначаных у пасведчанні і змяшчае выяву таварнага знака.
3. Выкарыстанне таварнага знака і перадача правоў на яго
Сутнасць права карыстання таварным знакам складаецца з магчымасці яго неабмежаванага выкарыстання для абазначэння тавараў і паслуг, якія робяцца або рэалізуюцца ўладальнікам.
Права на таварны знак з’яўляецца абсалютным і выключным суб’ектыўным правам. То бок ягоны ўладальнік валодае манапольнай магчымасцю выкарыстоўваць таварны знак і распараджацца ім, а таксама правам забараняць выкарыстоўваць таварны знак іншым асобам. Выключэннем з’яўляецца выкарыстанне таварнага знака асобамі ў дачыненні тавараў, якія былі ўведзены ў цывільны зварот непасрэдна ўладальнікам таварнага знака або з яго згоды (п.5 арт.20 Закона). Гэтае правіла выражае вядомы ў сферы аховы прамысловай уласнасці прынцып вычарпання правоў, у адпаведнасці з якім магчымасці ўладальніка выключнага права абмяжоўваюцца ўвядзеннем вырабаў (тавараў) у цывільны зварот, які надалей ажыццяўляецца па-за ягоным кантролем.[24] Характэрным прыкладам з’яўляецца наступная справа: адзін гаспадарчы суб’ект звярнуўся у суд з позывам да іншага суб’екта аб прыпыненні парушэння правоў на таварны знак. Адказнік, па сцвярджэнні пазыўніка, выпускае ў зварот тавары таго ж класу МКТП, выкарыстоўваючы тоесны таварны знак. Адказнік не адмаўляўся ад гэтага, аднак спасылаўся на тое, што гэтыя дзеянні правамерныя, бо ён выпускае тавары з гэтым абазначэннем у межах колькасці, замацаванай дамовай паміж пазыўніком і адказнікам, заключанай да рэгістрацыі гэтага абазначэння ў якасці таварнага знака. Суд адмовіў у задавальненні пазыўных патрабаванняў. [25]
Выкарыстаннем таварнага знака лічыцца, перш за ўсё, выкарыстанне таварнага знака на таварах, для якіх гэты знак зарэгістраваны, або на ўпакоўцы тавара. Аб’ём правоў уладальніка залежыць ад таго, у дачыненні да якіх тавараў (работ, паслуг) зарэгістраванае абазначэнне. Дадзены факт устанаўліваецца на падставе дзяржаўнай рэгістрацыі і не залежыць ад фактычна ажыццяўляемай дзейнасці, наяўнасці пэўных ліцэнзій і спецыяльнай правасуб’ектнасці праваўладальніка. Калі-некалі ўзнікае сітуацыя, калі таварны знак выкарыстоўваецца для абазначэння тавараў, фармальна не пазначаных у спісе, але якія ахопліваюцца адным з тэрмінаў рэгістрацыйнага спіса ў якасці радавога панятку. Гэтае пытанне вырашаецца асобна ў кожным канкрэтным выпадку, але калі новыя тавары ўсе ж такі не заяўленыя агульным тэрмінам, то трэба падаваць новую заяўку на рэгістрацыю таварнага знака.
У розных краінах выкарыстанне разумеюць па-рознаму. У Францыі адным з доказаў рэальнага выкарыстання можа быць наяўнасць таварнага знака ў таварных накладных. У Вялікай Брытаніі выкарыстаннем была прызнаная рассылка патэнцыйным пакупнікам рэкламных праспектаў сваіх вырабаў, бо гэта дэманстравала намер выкарыстоўваць таварны знак на тэрыторыі Вялікай Брытаніі. Вызначаючы дзеянні, якія ўваходзяць у тэрмін “выкарыстанне таварнага знака”, беларускі заканадаўца базуецца на прынцыпе яго рэальнага прымянення, што дасягаецца шляхам змяшчэння яго на таварах, іх упакоўцы. Толькі пры наяўнасці паважлівых прычынаў неажыццяўлення гэтага магчымым ёсць пашырэнне правамоцтва (пералік вычарпальны) шляхам прымянення дадзенага аб’екта прамысловай уласнасці ў рэкламе, друкаваных выданнях, на шыльдах, пры дэманстрацыі экспанатаў на выставах і кірмашах, што праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь. Размяшчэнне індывідуалізуючага абазначэння на шыльдах крамаў, банкаў, кавярняў, майстэрняў таксама можа лічыцца прымяненнем таварнага знака. [26]
Такім чынам, выкарыстанне таварнага знака складаецца з:
- маркіроўка тавараў і паслуг на вырабе непасрэдна, або ўпакоўцы. Маркіроўка паслуг – шляхам размяшчэння знакаў на ўніформе персаналу, на шыльдах, на рэкламнай прадукцыі;
- увядзенне маркіраваных тавараў у цывільны зварот: выраб прадукцыі, прапанова да продажу, продаж і інш. Для знакаў абслугоўвання – непасрэднае аказанне паслугаў;
- прымяненне знака ў дакументацыі (у інструкцыі для карыстальнікаў, на бланках, дамовах)
- прымяненне знака ў рэкламных мэтах, ажыццяўляецца асобна да тавару для павелічэння попыту на яго.
Выкарыстанне таварнага знака разглядаецца не толькі як права, але і як абавязак уладальніка. Наўпрост Закон гэта не пазначае, але такую выснову можна зрабіць пасля яго аналізу. П.6 арт.20 Закона прадугледжвае датэрміновае спыненне рэгістрацыі таварнага знаку ў выпадку ягонага невыкарыстання. Аднак больш падрабязна гэтае пытанне будзе разгледжанае ў п.5 Главы 3 гэтай працы.
Пры выкарыстанні таварнага знака яго ўладальнікі могуць прастаўляць з пазначаным абазначэннем папераджальную маркіроўку. Яна паказвае на тое, што дадзенае абазначэнне з’яўляецца таварным знакам, выконвае інфарматыўную і патэнтна-праўную функцыю.[27] Папераджальная маркіроўка сведчыць пра наяўнасць выключных правоў на знак і тым самым падцвярджае яго пэўную арыгінальнасць. Акрамя таго, прымяненне такой маркіроўкі з’яўляецца і дадатковым рэкламным сродкам і для таварнага знака ўласна, і для маркіруемых тавараў, што ўплывае на прэстыж фірмы і падвышэнне попыту на тавар. З іншага боку, дзякуючы папераджальнай маркіроўцы робіцца магчымым аператыўнае ўстанаўленне факта рэгістрацыі таварнага знака. Наяўнасць такой маркіроўкі папярэджвае трэціх асоб ад парушэння выключных правоў уладальніка таварнага знака і з’яўляецца важным аргументам пры вырашэнні патэнтна-праўных спрэчак. Маркіроўка наносіцца выключна па рашэнні ўладальніка, ніхто не можа абавязаць яго да гэтага.
Закон прадугледжвае наступныя віды маркіроўкі: â - зарэгістраваны таварны знак, або змяшчэнне на тавары або ўпакоўцы простай лацінскай літары R або словаў “таварны знак” ці “зарэгістраваны таварны знак”, што сведчыць пра тое, што абазначэнне зарэгістраванае ў якасці таварнага знака ў Рэспубліцы Беларусь. Выкарыстанне такой маркіроўкі павінна быць добрасумленным. Прастаўленне маркіроўкі у тых выпадках, калі знак не зарэгістраваны, разглядаецца патэнтным органам як такое, што уводзіць спажыўцоў у зман.
Распараджэнне таварным знакам рэалізуецца пры перадачы правоў на яго. Яно ажыццяўляецца праз саступку гэтага права або наданне яго па ліцэнзійнай дамове. Уладальніку таварнага знака надаецца поўная свабода пры вызначэнні ўмоваў і парадка перадачы абазначэння, якое яму належыць.
Саступка таварнага знака абазначае поўную перадачу правоў на яго іншай асобе на падставе цывільна-праўнай дамовы, згодна з якой уладальнік адмаўляецца ад далейшага выкарыстання таварнага знака і перадае ўсе правы іншай асобе, якая, у сваю чаргу прыймае на сябе ўсе правы і абавязкі ўладальніка. На практыцы саступка таварнага знака часцей за ўсё абумоўлена маючай адбыцца ліквідацыяй або зменай профілю дзейнасці ўладальніка знака.[28] Дамова можа быць выплатнай або не (аднак неабходна памятаць пра забарону дамовы дарэння паміж камерцыйнымі арганізацыямі, прадугледжаную п.4 арт. 546 ГК). Таварны знак можа перадавацца вольна (без прадпрыемства) і залежна (разам з прадпрыемствам).[29] Таксама саступка правоў падзяляецца на поўную – у дачыненні да ўсіх тавараў або паслуг, для якіх зарэгістраваны знак, і частковую – у дачыненні да іх часткі.
Забараняецца саступка правоў на калектыўны знак, а таксама ў тых выпадках, калі дадзеная саступка можа з’явіцца прычынай увядзення спажыўца ў зман наконт тавара або яго вытворцы (п.п. 2, 3 арт.22 Закона).
Акрамя саступкі правоў на таварны знак, уладальнік таварнага знака можа надаць права на выкарыстанне абазначэння іншай асобе па ліцэнзійнай дамове. Такая дамова – гэта юрыдычная згода ўладальніка на перадачу права карыстання таварным знакам. Згодна з Законам, права на выкарыстанне таварнага знака можа быць нададзена ўладальнікам таварнага знака (ліцэнзіярам) іншай асобе (ліцэнзіяту) па ліцэнзійнай дамове для ўсіх або часткі тавараў, у дачыненні да якіх зарэгістраванае абазначэнне. Права карыстання надаецца на абумоўлены дамовай тэрмін. Пры гэтым ліцэнзіяр захоўвае права на знак і нясе ўсе абавязкі ўладальніка, а на ліцэнзіята якіх-небудзь дадатковых абавязкаў, акрамя прынятых па ліцэнзійнай дамове, звычайна не ускладаецца. Па сваім тыпе і адпаведнасці з арт. 985 ГК ліцэнзія можа быць выключнай (за ліцэнзіярам застаецца права выкарыстання таварнага знака ў частцы, неперададзенай ліцэнзіяту, без права выдачы ліцэнзіі іншым асобам) і невыключнай (застаецца і права карыстання таварным знакам, і права выдачы іншых ліцэнзій). Ліцэнзія лічыцца невыключнай, калі ў дамове не прадугледжана іншае. Умовы ліцэнзійнай дамовы вызначаюцца бакамі, аднак заканадаўства абавязвае іх уключыць у дамову дзве наступныя ўмовы: па-першае, якасць тавараў ліцэнзіата будзе не ніжэй якасці тавараў ліцэнзіяра, і па-другое, ліцэнзіяр павінен ажыццяўляць кантроль за выкананнем папярэдняй умовы.
Закон таксама прадугледжвае асаблівыя патрабаванні да формы дамовы і саступкі правоў, і ліцэнзійнай дамовы – яны абавязкова павінны быць зарэгістраваныя ў НЦІУ, інакш дамова будзе лічыцца несапраўднай. Больш падрабязна гэтае пытанне рэгулюецца Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб рэгістрацыі ліцэнзійных дамоваў, дамоваў саступкі і дамоваў закладу правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці” ад 22 траўня 2003 г. № 681 у рэдакцыі 8 чэрвеня 2004 г.[30]
4. Спыненне права на таварны знак
Згодна Закону існуе два віда спынення правоў на таварны знак – прызнанне рэгістрацыі таварнага знака несапраўднай (арт.25) і ўласна спыненне дзейнасці таварнага знака (арт.26). Акрамя таго, дзеянне рэгістрацыі таварнага знака можа быць спынена датэрмінова ў дачыненні да ўсіх або часткі тавараў, пазначаных у рэгістрацыі, у звязку з невыкарыстаннем таварнага знака без уважлівых прычынаў бесперапынна напрацягу любых пяці год з даты рэгістрацыі на падставе рашэння Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Заява аб датэрміновым спыненні рэгістрацыі можа быць пададзена любой асобай пры ўмове, што таварны знак не выкарыстоўваецца да падачы такой заявы. Пры вырашэнні дадзенага пытання пад ўвагу могуць быць прынятыя доказы ўладальніка аб тым, што таварны знак не выкарыстоўваўся па незалежачых ад яго абставінах (п.п. 6-7 арт. 21 Закона).
У наступных выпадках рэгістрацыя таварнага знака прызнаецца несапраўднай: у выпадку парушэнняў арт. 2 Закона; а таксама парушэнняў абсалютных і ішых падставаў для адмовы ў рэгістрацыі таварнага знака (арт.арт. 4,5); у выпадку пераўтварэння знака ў абазначэнне, што ўваходзіць ў агульны ўжытак як абазначэнне тавараў пэўнага віду; калі дзеянні, звязаныя з рэгістрацыяй, будуць прызнаныя недобрасумленнай канкурэнцыяй; у звязку з паступленнем заяўкі, якая мае ранейшы прыярытэт, – напрацягу ўсяго тэрмімна дзеняння рэгістрацыі. Любая асоба можа падаць пярэчанне супраць рэгістрацыі таварнага знака ў Апеляцыйны савет. Рашэнне Апеляцыйнага савета можа быць абскарджана ў Судовую калегію па патэнтных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь напрацягу шасці месяцаў пасля атрымання рашэння.
Дзеянне рэгістрацыі таварнага знака спыняецца на падставе:
- сканчэння тэрміну дзеяння рэгістрацыі;
- рашэння Судовай калегіі па патэнтных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе невыкарыстання таварнага знака;
- выкарыстання калектыўнага таварнага знака на таварах, якія не валодаюць агульнымі якаснымі і іншымі агульнымі характарыстыкамі;
- пісьмовай заявы аб адмове ад яе ўладальніка таварнага знака;
- ліквідацыі юрыдычнай асобы або смерці фізічнай асобы – уладальніка таварнага знака пры непераходзе правоў на таварны знак у спадчыну;
Запіс аб ануляванні рэгістрацыі таварнага знака ўносіцца ў Рэестр таварных знакаў і знакаў абслугоўвання Рэспублікі Беларусь і публікуецца. Напрыклад, у 2003 г. па нацыянальнай працэдуры спынілі сваё дзеянне 11 таварных знакаў, а па працэдуры, прадугледжанай Мадрыдскім пагадненнем, – 347.[31]
________________________________
[1] Энциклопедический словарь Ф.А.Брокгауза и И.А.Ефрона. Статья М.Бруна, 1996. - Спб, 1901. - Том ХХХIII. - с.397
[2] Encyclopedia Americana. - New York, 1968. Том 26. - с.749b
[3] Encyclopedia Britannica (A new survey of Universal Knowledge). - Chicago-London-Toronto, 1968. Том 22. - с.356
[4] Arthur R. Miller, Michael H. Davis. Intellectual property: patents, trademarks and copyright. West publishing Co., 1990. Цитируется по Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.85
[5] Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.87
[6] Интеллектуальная собственность (в 2 книгах): Промышленная собственность // сост. и коммент. В.Ф.Чигир. - Мн.: Амалфея, 1997г. - Кн.2. С.345.
[7] Брохович Л.Н. , Монастырская А.А., Трохова М.В. Ваша интеллектуальная собственность. – Спб.: Питер, 2001. - с.155
[8] Брохович Л.Н. , Монастырская А.А., Трохова М.В. Ваша интеллектуальная собственность. – Спб.: Питер, 2001. - с.156
[9] Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.75
[10] Корзюк Т.В. Не все так однозначно. Некоторые аспекты прав и обязанностей субъектов правоотношений // Интеллектуальная собственность в Беларуси. – 2001. - №1(10). – С.44
[11] Інфармацыя ўзятая з афіцыйнага сайту Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь -http://www.belgospatent.org/russian/docs/tms_ru.doc
[12] Robert E. Blankenbaker. Worldwise registration of your trademarks. NY.1997 Цитируется по Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.157
[13] Зинкевич Е.В. Из жизни знаков. Товарных // Белорусская деловая газета. –2000. - №63. – 28 апреля. – С.8
[14] Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.81
[15] Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001г. №30. 8/5205; 2003 г. №50 8/9433; 2004г. №109 8/11211.
[16] Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001г. №30. 8/5205; 2003 г. №50 8/9433; 2004г. №109 8/11211.
[17] Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001г. №85. 8/6905; 2003 г. №50 8/9433, №79 8/9743; 2004г. №78 8/10984, №109 8/11211.
[18] Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2001. № 90. 8/7192; 2003 г. №50 8/9433; 2004г. №109 8/11211.
[19] Для параўнання: за падачу заяўкі па нацыянальнай працэдуры прадугледжана пошліна ў памеры 3 базавых велічыні для фізічных або юрыдычных асобаў, якія маюць трывалае месца жыхарства або знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, для замежных заяўнікаў – 600 даляраў ЗША па курсу Нацыянальнага Банка, а таксама яшчэ 0.2 базавых велічыні і 200 даляраў адпаведна за выдачу пасведчання, рэгістрацыю ў дзяржаўным рэестры і публікацыю звестак. Па міжнароднай працэдуры за ўсе выплачваецца 600 швайцарскіх франкаў (каля 500 даляраў), што з’яўляецца адчувальна меншай сумай.
[20] Дакументы, пералічаныя у пп.6-8 падаюцца толькі у неабходных выпадках.
[21] Маевская Т.В. Некоторые аспекты права на товарный знак // De Jure. – 2002. - №20. – С.41
[22] Национальный реестр правовых актов 2003 г. №15 8/9028.
[23] Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.101
[24] Сергеев А.П. Право интеллектуальной собственности в Российской Федерации. - М., 1996 г. - с.634
[25] Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.109
[26] Комментарий к Гражданскому кодексу Республики Беларусь: В 2 кн. / Отв. Ред. В.Ф.Чигир. – Мн. – 1999. Кн.1 С.100
[27] Брохович Л.Н., Монастырская А.А., Трохова М.В. Ваша интеллектуальная собственность. - Спб.: Питер, 2001. - с.184
[28] Сергеев А.П. Право интеллектуальной собственности в Российской Федерации. - М., 1996 г. - с.641
[29] Маевская Т.В. Товарный знак (знак обслуживания) как объект промышленной собственности. Мн., 2003. С.62
[30] Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. 2003 г. № 61. 5/12505; 2004 г. №91 5/14359.
[31] Інфармацыя ўзятая з афіцыйнага сайту Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь -http://www.belgospatent.org/russian/docs/tms_ru.doc
Каткоўская Дар'я - нар. у 1982 у г. Менску, сканчвае 5-ты курс аддзяленьня “правазнаўства” юрыдычнага факультэта БДУ. Зацікаўленасьці – цывільнае права (перадусім інтэлектуальная і прамысловая ўласнасьці), цывільны працэс, гаспадарчае права.