Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Падсудавасьць справаў гаспадарчаму суду. | Ганна Жарабцова | 10.4.2005

У зьвязку зь нядаўнім набыцьцём моцы новай рэдакцыяй Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу, мы распачынаем на старонках часапісу прэзэнтацыю шэрагу артыкулаў, прысьвечаных аналізу падставовых гаспадарча-працэсуальных інстытуцыяў у беларускім заканадаўстве. Сэрыю адкрывае артыкул-агляд, прысьвечаны рэглямэнтацыі базыснага панятку любога працэсу – падсудавасьці.

 

Калі нормы аб падведамнасьці ўстанаўліваюць кола справаў, дапасаваных да разгляду і вырашэньня гаспадарчымі судамі як асобнай сыстэмы юрысдыкцыйных ворганаў, то інстытуцыя падсудавасьці ў гаспадарчым працэсе дазваляе размеркаваць справы, падведамныя гаспадарчым судам, паміж рознымі элемэнтамі гаспадарча-судовай сыстэмы. У залежнасьці ад таго, якая прыкмета бярэцца за падставу такога размеркаваньня: узровень гаспадарчага суду ў сыстэме ці месца (тэрыторыя) разгляду справы – падсудавасьць падзяляецца на два віды: родавую і тэрытарыяльную.

1.        Родавая падсудавасьць – размежаваньне кампэтэнцыі паміж ніжэйстаячым і вышэйстаячым судамі.

Гаспадарчыя суды Рэспублікі Беларусь складаюцца з двухузроўневай сыстэмы: абласныя суды і прыроўненыя да іх, т.б. Менскі гарадзкі гаспадарчы суд, і Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь.

Справы, падведамныя гаспадарчаму суду, разглядаюцца па першай інстанцыі гаспадапчымі судамі абласьцей і г. Менску, за выключэньнем справаў, якія дапасуюцца да падсудавасьці Вышэйшага Гаспадарчага Суду Рэспублікі Беларусь.

Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь разглядае ў якасьці суду першай інстанцыі наступныя катэгорыі справаў:

1) справы аб аспрэчваньні ненарматыўных прававых актаў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Рады Рэспублікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ураду Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскіх ворганаў дзяржаўнага кіраваньня і іншых рэспубліканскіх ворганаў, якія не адпавядаюць закону і закранаюць правы і законныя інтарэсы заяўляльніка ў сфэры прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасьці;

2) гаспадарчыя (эканамічныя) спрэчкі паміж Рэспублікай Беларусь і адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Рэспублікі Беларусь, а таксама паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Рэспублікі Беларусь;

3) справы, зьвязаныя зь дзяржаўнымі таямніцамі;

4) калі адным з бакоў у спрэчцы зьяўляецца замежная юрыдычная асоба і іншая арганізацыя, у тым ліку міжнародная, замежны грамадзянін, асоба без грамадзянства, якія ажыцьцяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасьць, калі месца іх заўсёднага знаходжаньня ці жыхарства знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь (акрамя дзяржаваў-удзельніцаў СНД) і пагадненьнем бакоў вырашэньне спрэчкі не дапасавана да падведамнасьці іншых ворганаў;

5) іншыя спрэчкі, якія дапасуюцца да падсудавасьці Вышэйшага Гаспадарчага Суду Рэспублікі Беларусь заканадаўчымі актамі.

Дадзены пералік зьяўляецца адкрытым, што дае магчымасьць у далейшым пашырыць пералік катэгорыяў справаў, якія падсудны Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду Рэспублікі Беларусь. Але пакуль што іншага не прадугледжана.

Акрамя таго Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь мае права прыняць да сваёй вытворчасьці і вырашыць любую справу. Дадзеная акалічнасьць, на нашую думку, парушае прынцып дыспазытыўнасьці.

2.        Тэрытарыяльная падсудавасьць дазваляе размежаваць прадметную кампэтэнцыю гаспадарчых судоў аднаго ўзроўню паміж сабой. Тэрытарыяльная падсудавасьць можа быць падзелена на некалькі відаў:

1)      агульная тэрытарыяльная падсудавасьць фармулюе асноўнае правіла размежаваньня кампэтэнцыі гаспадарчых судоў аднаго ўзроўню. Пазоў прад’яўляецца ў гаспадарчы суд па месцы жыхарства адказьніка (арт. 49 Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь[1]). Але нам не зразумела, чаму заканадаўца, устанаўліваючы правілы агульнае падведамнасьці, у ч.2 арт. 49 вызначае альтэрнатыву: пазоў да юрыдычнай асобы, які вынікае зь дзейнасьці яе адасобленага падразьдзяленьня, можа быць прад’яўлены па месцы знаходжаньня адасобленага падраздзяленьня юрыдычнай асобы. Акрамя таго, панятак “месца жыхарства” ўжываецца да фізычных асобаў, а для юрыдычных асобаў слушна ўжываць панятак “месца знаходжаньня”, т.б. юрыдычная адрэса.

2)      падсудавасьць па выбары пазыўніка ці альтэрнатыўная падсудавасьць (арт. 50 ГсПК) азначае, што пазыўніку даецца магчымасьць выбару гаспадарчага суду, у які будзе прад’яўлены пазоў. Пазыўнік можа выбіраць паміж гаспадарчым судом па месцы знаходжаньня адказьніка і іншым гаспадарчым судом.

Ø       Позывы да адказьнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі розных вобласьцяў Рэспублікі Беларусь ці вобласьцяў (вобласьці) і гораду Менску, прад’яўляюцца па выбары пазыўніка ў гаспадарчы суд па месцы знаходжаньня ці месцы жыхарства аднаго з адказьнікаў ;

Ø       Позывы да адказьніка, месца знаходжаньня ці месца жыхарства якога не вядомы, можа быць прад’яўлены ў гаспадарчы суд па месцы знаходжаньня ягонай маёмасьці ці па ягоным апошнім вядомым месцы знаходжаньня ці месцы жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь;

Ø        Позыў да адказьніка аб пакрыцьці шкоды, нанесенай маёмасьці юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка, можа быць прад’яўлены таксама ў гаспадарчы суд па месцы нанясеньня шкоды;

Ø        Позыў да адказьніка, які зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы, можа быць прад’яўлены ў гаспадарчы суд па месцы знаходжаньня ці месцы жыхарства пазыўніка ў Рэспубліцы Беларусь ці па месцы знаходжаньня маёмасьці адказьніка ў Рэспубліцы Беларусь;

Ø       пазоў да адказьніка, які вынікае з дамовы, у якой пазначана месца выкананьня, можа быць таксама прад’яўлены па месцы выкананьня дамовы.

3)      выключная падсудавасьць (арт. 51 ГсПК) “выключае” магчымасьць выбару пазыўніком іншай падсудавасьці, акрамя той, якая ўстанаўліваецца заканадаўствам, т.б. імпэратыўна.

4)      падсудавасьць па сувязі справаў мае месца ў выпадку шчыльнай сувязі апошніх, наяўнасьць якой дазваляе разгледзіць усе патрабаваньні ў адным працэсе. Так, сустрэчны пазоў прад’яўляецца ў гаспадарчы суд па месцы разгляду першапачатковага пазова. Але айчынны заканадаўца ізноў зьдзіўляе: занатаваўшы падсудавасьць па сувязі справаў у артыкул па агульнай тэрытарыяльнай падсудавасьці.

5)      дамоўная падсудавасьць. Правілы аб дамоўнай падсудавасьці (арт. 52 ГсПК) дазваляюць бакам па ўзаемным пагадненьні вызначыць месца разгляду спрэчкі. Але ёсьць абмежаваньні: бакі ня могуць зьмяніць родавую і выключную падсудавасьць. Так было да прыняцьця новай рэдакцыі Гаспадарчага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасьці з новай рэдакцыяй (а фактычна гэта новы кодэкс) ч.2 арт. 52 ГсПК абмяжоўвае дамоўную падсудавасьць бакоў: выбар бакамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі розных вобласьцяў Рэспублікі Беларусь ці вобласьцяў (вобласьці) і гораду Менску, гаспадарчага суду, у якім зьбіраюцца вырашаць патэнцыйны канфлікт паміж сабой, абмяжоўваецца выбарам паміж гаспадарчым судом па месцы знаходжаньня адказьніка (ягонай філіі) і гаспадарчым судом па месцы знаходжаньня пазыўніка (ягонай філіі). Т.б. фактычна даецца магчымасьць дамовіцца па альтэрнатыўнай падсудавасьці.

Ня ведаем, добра гэта ці кепска, але, мабыць, заканадаўца хваляваўся за патэнцыйную перагружанасьць гаспадарчых судоў г. Менску і Менскай вобласьці, бо ў гэтых судах, быццам бы, больш кампэтэнтныя судзьдзі і знаходзяцца яны бліжэй да цэнтру, таму справа мусіць быць разгледжана хутчэй і больш слушна. На нашую думку, гэткі падыход пакідае шмат пытаньняў датычна ягонай рацыянальнасьці.

Такім чынам, у катэгорыях гаспадарчага працэсу, падсудавасьць – размежаваньне кампэтэнцыі справаў, падведамных гаспадарчаму суду, паміж вышэйстаячымі судамі і ніжэйстаячымі і судамі аднаго ўзроўню паміж сабой. І новая вэрсія ГсПК мае істотныя заканадаўчыя навэлы стасоўна гэтага працэсуальнага інстытуту.



[1] Хозяйственный процессуальный кодекс Республики Беларусь (в ред. Закона от 06.08.2004 года). – Мн.: Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 2004.

 

____________________________________

 

Ганна Жарабцова (нар. у 1983 г. у м. Буда-Кашалёве) – навучаецца на IV курсе аддзяленьня “эканамічнае права” юрыдычнага факультэта БДУ і ІІ курса аддзяленьня філязофіі Беларускага калегіюма. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў – грамадзянскае, гаспадарчае, працоўнае права, прававыя аспэкты эканамічнае дзейнасьці.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!