Выкананні, фанаграмы і перадачы арганізацый вяшчання з'яўляюцца аб'ектамі сумежных правоў, што зазначана ў арт. 1 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". У адрозненні ад аўтарскага права, сумежныя правы не маюць даволі працяглай гісторыі, бо не больш, чым стагоддзе назад не існавала наагул ніякіх метадаў матэрыяльнай фіксацыі музычных ці іншых выкананняў. Яе пачаткам можна лічыць прыняцце ў 1961 годзе Рымскай канвенцыі аб ахове выканаўцаў, вытворцаў фанаграмаў і вяшчальных арганізацый, якая ўпершыню прызнала на міжнародным узроўні правы суб'ектаў сумежных правоў. Але, відаць, гэтая канвенцыя не змагла ў поўнай меры абараніць гуказапісваючыя кампаніі ад несанкцыянаванага капіявання іх прадукцыі, паколькі ў 60 -х гадах назіраецца павелічэнне маштабаў аўдыёпірацтва.З гэтай прычыны 29 кастрычніка 1971 года ў Жэневе была падпісана Канвенцыя аб ахове інтарэсаў вытворцаў фанаграм ад несанкцыянаванага капіявання іх фанаграм. Яна мае вялікае значэнне ў барацьбе з пірацтвам у рэкордынгавам бізнэсе, аб чым сведчыць той факт, што да яе далучыліся 72 дзяржавы, у тым ліку практычна ўсе прамыслова развітыя краіны, а таксама краіны Балтыі, Расія, Украіна. Жэнеўская канвенцыя ўпершыню патрабуе ад дзяржаў-удзельніцаў забеспячэння аховы ўсіх фанаграм, у тым ліку тых, якія былі запісаны па-за іх межамі, а таксама абавязвае дзяржавы перашкаджаць увозу на іх тэрыторыю кантрафактнай прадукцыі замежнага паходжання з мэтай яе распаўсюджвання. Нагадаем, Рымская канвенцыя прадугледжвае нацыянальны рэжым аховы:
(а) выканаўцаў, якія з'яўляюцца яе грамадзянамі, у дачыненні да ажыццяўляемых на яе тэрыторыі выкананняў, перадачы ў эфір ці першага запісу;
(б) вытворцаў фанаграм, якія з'яўляюцца яе грамадзянамі ці юрыдычнымі асобамі, у дачыненні да фанаграм, упершыню запісаных ці ўпершыню апублікаваных на яе тэрыторыі. Безумоўна, прыняцце Жэнеўскай канвенцыі і наступнае далучэнне да яе дзяржаў вядзе да пазітыўных змен на іх нацыянальных рынках гуказапісу, забяспечваючы ахову не толькі творам нацыянальных суб'ектаў, але і замежным імпартаваным таксама. Канвенцыя ўступіла ў сілу 17 красавіка 2003 года. Да гэтага моманту Беларусь, згодна нацыянальнаму заканадаўству, ахоўвала толькі фанаграмы,
(а) вытворцы якіх з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь ці юрыдычнымі асобамі, якія маюць заўсёднае месцазнаходжанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
(б) вытворцы якіх не з'яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь ці юрыдычнымі асобамі, якія маюць афіцыйнае месцазнаходжанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але якія ўпершыню апублікаваны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці апублікаваны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на працягу 30 дзён са дня іх першай публікацыі ў якой-небудзь іншай дзяржаве (п. 2 арт. 30 Закону). Беларусь, згодна з прынятымі абавязкамі, павінна ахоўваць інтарэсы вытворцаў фанаграм з іншых краін ад вырабу копій фанаграм без згоды на тое вытворцаў і ад увозу такіх копій з мэтай распаўсюджвання у дачыненні да тых фанаграм, якія былі выпушчаны пасля даты далучэння, т.б. пасля 17 красавіка 2003 года. Яшчэ адным значным, а магчыма і самым важным міжнародным актам у галіне сумежных правоў з'яўляецца Дамова САІУ па выкананнях і фанаграмах, прынятая на Дыпламатычнай канферэнцыі Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці па некаторых пытаннях аўтарскага права ў Жэневе 20 снежня 1996 года. Гэтая дамова ўпершыню на міжнародным узроўні замацавала за выканаўцамі немаёмасныя правы, што не было вызначана нават у Рымскай канвенцыі .На думку некаторых спецыялістаў, яна прэтэндуе на статус галоўнага міжнароднага пагаднення ў галіне сумежных правоў, месца якога дагэтуль займала Рымская канвенцыя. Дамова ўзяла сілу на тэрыторыі Беларусі 20 траўня 2002 года.
На нацыянальным узроўні ахова фанаграм забяспечваецца Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, а таксама Законам "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" у рэдакцыі 1998 года (далей Закон). Апошні адзначае ў арт. 4 , што вытворцам фанаграмы лічыцца фізічная ці юрыдычная асоба, якая ўзяла на сябе ініцыятыву і адказнасць за першы гукавы запіс якога-небудзь выканання ці іншых гукаў; пры адсутнасці доказаў іншага вытворцам фанаграмы прызнаецца асоба, імя ці найменне якой было пазначана на гэтай фанаграме. Вытворцамі фанаграм з'яўляюцца збольшасці гуказапісваючыя кампаніі, якім выканаўцы перадаюць выключныя правы на выкарыстанне фанаграмы. Найбольш буйнымі кампаніямі, якім належыць каля 90 % сусветнай музыкі, з'яўляюцца EMI, PolyGram, Sony Music Intertainment, Warner Music, BMG, MCA Music, аб'яднаныя ў Міжнародную федэрацыю вытворцаў фанаграм (IFPI). Яна была створана ў 60-х гадах з мэтай аховы інтарэсаў міжнароднай музычнай індустрыі. Па-за межамі ўплыву "вялікай пяцёркі" застаецца толькі Індыя, дзе існуюць моцныя нацыянальныя музычныя кампаніі, а таксма краіны Афрыкі, дзе вытворцы фанаграм не маюць магчымасці атрымліваць прыбытак з прычыны эканамічнай нестабільнасці ў рэгіёне.
Фанаграма вызначана законам як любы выключна гукавы запіс выкананняў ці іншых гукаў або адлюстраванняў гукаў. Фанаграмай не з'яўляецца запіс гукаў, уключаны ў аўдыёвізуальны твор (арт. 4 Закону). Панятак адлюстравання гукаў у дадзеным азначэнні уяўляе сабой магчымасць з дапамогай лічбавых тэхналогій генерыраваць гукі, нават калі такія гукі не мелі месца насамрэч, што магчыма толькі з дапамогай пэўных музычных электронных інструментаў.
Выкарыстанне фанаграмаў прыносіць прыбытак толькі ў тым выпадку, калі яны былі выраблены і распаўсюджаны са згоды і з ведама праваўладальніка. У іншым выпадку, такія фанаграмы лічацца кантрафактнымі і прыносяць прыбытак толькі самім парушальнікам закону. Згодна ч. 2 арт. 39 Закону асобнікі твору, запісанага выканання, фанаграмы, перадачы арганізацыі эфірнага і кабельнага вяшчання, выраб, распаўсюджанне ці іншае выкарыстанне якіх цягне за сабой парушэнне аўтарскага права і сумежных правоў, з'яўляюцца кантрафактнымі. У побыце іх нярэдка называюць пірацкімі, а пірацтвам - адпаведна незаконнае выкарыстанне аб'ектаў, якія ахоўваюцца аўтарскім і сумежным правам, пераважна тыражаванне (выраб) і распаўсюджанне (продаж). На сённяшні дзень, па прыблізных падліках, беларускі рынак аўдыё- і відыёпрадукцыі на 80% складаецца з кантрафактнай прадукцыі. Існаванню такой сітуацыі спрыяе наяўнасць агульнай мяжы з Расіяй- - краінай, якая па звестках Міжнароднай федэрацыі вытворцаў грамафоннай прадукцыі, займае першае месца па вырабу пірацкіх касет і дыскаў. Практычна поўная адсутнасць зацікаўленасці дзяржавы ў распрацоўцы эфектыўных метадаў аховы нацыянальнага рынку ад кантрафактнай прадукцыі, адсутнаць дзейсных механізмаў барацьбы з парушальнікамі закону робіць айчынных вытворцаў фанаграм, выканаўцаў і аўтараў безабароненымі для піратаў. Малаэфектыўнай барацьбу робіць той факт, што па абарону парушаных правоў у суд можа звярнуцца толькі сам праваўладальнік, а таксама прадстаўнік ці іншая асоба, якая атрымала па дамове выключныя маёмасныя правы (арт. 40 Закону). У апошнім выпадку размова ідзе пра арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі. У нашай краіне такой арганізыцыяй з'яўляецца Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства інтэлектуальнай уласнасці (РУПІУ).
Зараз вызначым, якія правы належаць вытворцам фанаграм. Так, згодна арт. 32 Закону выключнае права на выкарыстанне фанаграмы азначае права здяйсняць або дазваляць здзяйсняць наступныя дзеянні:
рэпрадукаваць (наўпростава або ўскосна) фанаграму;
перарабляць або іншым чынам перапрацоўваць фанаграму;
распаўсюджваць арыгінал ці асобнікі фанаграмы праз продаж ці іншую перадачу права маёмасці;
імпартаваць асобнікі фанаграмы ў мэтах распаўсюджання, у тым ліку асобнікі, якія зроблены з дазволу вытворцы гэтай фанаграмы;
здаваць у пракат арыгінал ці асобнікі фанаграмы;
давадзіць да ведама фанаграму па правадах або сродкамі бяздротавай сувязі такім чынам, каб прадстаўнікі публікі маглі ажыццяўляць да іх доступ з любога месца і ў любы час па іх уласным выбары.
Вось жа, толькі сам вытворца фанаграм вырашае, у якой колькасці рэпрадукаваць сваю прадукцыю і якім чынам яе выкарыстоўваць. Аднак п. 3 арт. 32 змяшчае ўмовы, пры якіх права на распаўсюджанне больш не належыць праваўладальніку (т.з. вычарпанне права). Так, калі асобнікі правамерна апублікаванай фанаграмы ўведзены з дазволу выканаўцы і вытворцы фанаграмы ў грамадзянскі абарот праз іх продаж ці іншую перадачу права ўласнасці, то дазваляецца іх далейшае распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі без дазволу выканаўцы і вытворцы фанаграмы і без выплаты ім узнагароджання. Пры гэтым права на пракат належыць выканаўцу і вытворцу фанаграмы незалежна ад прыналежнасці права ўласнасці на арыгінал або асобнікі твору. Таму, калі вытворца фанаграмы заключыў пагадненне з арганізацыяй, якая займаецца рэалізацыяй аўдыё- і відыёпрадукцыі, прадаў асобнікі апублікаванай фанаграмы, то такая арганізацыя ўжо сама мае права заключаць пагадненні аб пастаўцы прадукцыі гуртам і паасобна іншым прадпрымальнікам. Але трэба памятаць, што размова ідзе аб пераходзе права ўласнасці на матэрыяльны носьбіт, а не на самі творы як аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, таму ўсе суб'екты гэтага патэнцыяльнага ланцугу прадаўцоў - пакупнікоў маюць права толькі на перапродаж і ні ў якім разе на тыражаванне.
Зараз спынімся на такім праве вытворцы фанаграмы, як рэпрадукаванне. Рэпрадукаванне - гэта выраб аднаго ці болей асобнікаў твору ці аб'екта сумежных правоў у любой матэрыяльнай форме, у тым ліку заўсёднае ці часовае захаванне ў лічбавай форме ў электронным сродку. Згодна са згадагым пагадненнем, прынятым на Дыпламатычнай канферэнцыі, размяшчэнне фанаграмы у лічбавай форме ў электронным сродку таксама лічыцца рэпрадукаванне. Гэта значыць, што калі асоба, якая валодае асобнікам фанаграмы, размяшчае яе ў выглядзе камбінацыі нулёў і адзінак, напрыклад, у Інтэрнэт, то гэта таксама ёсць рэпрадукаваннем. А паколькі выключнае права на рэпрадукаванне належыць вытворцу фанаграмы, то і размяшчэнне музычных файлаў у Інтэрнэт павінна быць зроблена з дазволу праваўладальніка. Інакш, такая асоба з'яўляецца парушальнікам аўтарскіх і сумежных правоў і павінна несці пакаранне у адпаведнасці з заканадаўствам. З іншага боку, размяшчэнне фанаграм у Інтэрнэт робіцца з мэтай давядзення іх да ўсеагульнага ведама, што магчыма без дазволу, але з абавязковай выплатай узнагароды праваўладальніку . Тэрмін давядзення да ўсеагульнага ведама тут (як і ў самі законе) ужываецца ў сэнсе спосабу паведамлення да ўсеагульнага ведама праз размяшчэнне твору менавіта ў лічбавай форме (у Інтэрнэт), права на якое зафіксавана ў арт. 33 Закону. Акрамя таго, згаданае пагадненне не мае сілы дамовы, таму ў такіх выпадках належыць карыстацца менавіта арт. 33 і размяшчаць фанаграмы ў Інтэрнэт толькі з выплатай узнагароды праваўладальніку. Тут хацелася б узгадаць справу аўтара і каардынатара неафіцыйнага ўэб-сайту Песняры.com сп. Фёдара Караленкі, які размяшчаў на ім гіперспасылкі на музычныя файлы, што знаходзіліся на іншых серверах. Адказчык быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і павінен быў выплаціць штраф у памеры 3 базавых велічынь. Беларусь, такім чынам, стала першай краінай, дзе да адказнасці была прыцягнута асоба, якая размяшчала ў Інтэрнэт не самі музычныя файлы, а толькі спасылкі на сайты, на якіх такія файлы размяшчаліся. Адказчык, здаецца, не зрабіў ніякага дзеяння, якое падпадала б пад пералік выключных маёмасных правоў пазыўніка, таму ён і не парушаў нічыіх правоў, але суд вырашыў інакш.
Адной з самых вядомых замежных спраў была, магчыма, справа камапніі Napster, якая займалася пошукам музычных файлаў у фармаце mp-3 на цвёрдых дысках карыстальнікаў і абмена гэтымі файламі. Napster - падобныя сецівы прызначаныя для он-лайнавага абмена музычнымі файламі. Па ўсім свеце была высунута вялікая колькасць позываў вытворцамі фанаграм і выканаўцамі да такіх сайтаў , а ў апошні час пачасціліся выпадкі абвінавачванняў не саміх сайтаў, а іх непасрэдных карыстальнікаў, якіх даволі проста вылічыць па IP - адрасу, асабліва калі ў справе бярэ ўдзел суд. Кампаніі кшталту Napster апраўдваліся тым, што яны не займаліся распаўсюдам музычных файлаў, а ўсяго толькі абменьвалі іх паміж карыстальнікамі. Аднак, гэта не выратавала кампанію ад закрыцця.
Такім чынам, хацелася б адзначыць, што заканадаўчая база ў галіне аўтарскага права ў Інтэрнэт дастаткова не распрацаваная, і часам самі праўнікі не разумеюць відавочных асаблівасцяў міжнароднага сеціва і яго адрозненняў ад іншых сродкаў увасаблення аб'ектаў аўтарскага і сумежных правоў. Прымяненне нормаў аўтарскага права да аб'ектаў, размешчаных у лічбавай форме, без уяўлення іх адметнай сутнасці, без неабходных ведаў у галіне інфармацыйных тэхналогій, робіць судовую справу па ахове праў аўтараў і суб'ектаў сумежных правоў абсурднай.
Зараз падаецца неабходным закрануць межы выкарыстання спажыўцамі фанаграм. У п. 2 арт. 36 Закону зазначаецца, што любая фізічная асоба можа рэпрадукаваць фанаграму без дазволу выканаўцы і вытворцы фанаграм выключна ў асабістых мэтах. Спажывец мае права выкарыстоўвць твор аўтарскага і сумежных правоў толькі з мэтай праслухоўвання/ прагляду ў коле сям'і і/ці блізкіх сваякоў і знаёмых і рэпрадукавання ў асабістых мэтах. Гэта, як правіла, зазначаецца на самім матэрыяльным носьбіце ў выглядзе надпісу або ў другім выглядзе (напрыклад, каб інсталяваць кампутарную гульню, карыстальнік павінен згадзіцца з умовамі ліцэнзійнай дамовы, якая з'яўляецца на экране). Такое выкарыстанне не павінна прыносіць ніякай выгоды, таму тое ж праслухоўванне ці прагляд у публічных установах, напрыклад у крамах, рэстарацыях з мэтай прывабіць кліентаў лічыцца ўскосным метадам атрымання камерцыйнага прыбытку і павінна здзяйсняцца з выплатай узнагароджання праваўладальніку. У Рэспубліцы Беларусь збіранне, выдаткаванне і выплочванне ўзнагароды за публічнае выкананне і паведамленне да ўсеагульнага ведама фанаграмаў, апублікаваных у камерцыйных мэтах, ажыццяўляе РУПІУ.
Вось жа, за парушэнне аднаго з пералічаных правоў праваўладальніка надыходіць адказнасць па заканадаўстве. Фізічная ці юрыдычная асоба, якая не выконвае патрабаванняў Закону, з'яўляецца парушальнікам аўтарскага і сумежных правоў (п. 1 арт. 39). Парушэннем з'яўляецца любое дзеянне асобы, якое ажыццяўляецца без дазволу праваўладальніка; так і любы аб'ект інтэлектуальнай уласнасці лічыцца кантрафактным, калі ён зроблены без дазволу аўтара ці суб'екта сумежных правоў.
Парушальнік прыцягваецца да адказнасці ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам, Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях, да яго робяцца захады, прадугледжаныя і самім Законам. Паводле арт. 9.21 КабАП адказнасць у выглядзе штрафу наступае за незаконнае распаўсюджанне ці іншае незаконнае выкарыстанне аб'ектаў аўтарскага і сумежных правоў. За такое ж правапарушэнне, якое было здзейснена на працягу года пасле накладання адміністрацыйнага спагнання, да асобы прымяняюцца захады пакарання згодна п. 2 арт. 201 КК. Крымінальная адказнасць службовай асобы, а таксама адказнасць за злачынства, якое было ўчынена групай асоб або з спрычыненнем шкоды ў памеры 500 і больш базавых адзінак, надыходзіць згодна ч. 3 таго ж артыкулу і не патрабуе адміністрацыйнай прэюдыцыі. Захады, прадугледжаныя КК і КабАП прымяняюцца ў якасці пакарання да парушальнікаў. Разам з тым, Закон аб аўтарскім праве і сумежных правах уключае даволі вялікі пералік захадаў, накіраваных на ахову аўтарскіх праў. Згодна п. 2 арт. 40 праваўладальнік мае права патрабаваць здзяйснення наступных дзеянняў:
- прызнання аўтарскага або сумежных правоў;
- аднаўлення становішча, якое існавала да парушэння правоў;
- спынення дзеянняў, якія парушаўць аўтарскія ці сумежныя правы або якія ствараюць пагрозу іх парушэння,
- пакрыцця стратаў, у тым ліку страчанай карысці;
- спагнання даходу, які атрымаў парушальнік, замест пакрыцця стратаў;
- выплочвання кампенсацыі ад 10 да 50 тыс. мінімальных заробкаў замест пакрыцця стратаў або спагнання даходу;
- прыняцця іншых захадаў, прадугледжаных заканадаўствам.
У п. 3 гэтага артыкула зазначаецца, што кантрафактныя асобнікі аб'ектаў аўтарскага і сумежных правоў падлягаюць абавязковай канфіскацыі па рашэнні суда, калі справа будзе вырашана на карысць пазыўніка. Канфіскацыю кантрафактных асобнікаў трэба адрозніваць ад іх арышту, бо ён разглядаецца ў якасці спосабу забеспячэння позываў і ажыццяўляецца кожны раз, калі ёсць дастатковыя падставы меркаваць пра незаконны выраб прадукцыі. Таму, калі такія падставы адпадаюць, яе вяртаюць уласніку.
У якасці высновы хацелася б зацеміць, што далёка не ўсё магчымае робіцца дзеля аховы праў аўтараў, выканаўцаў, вытворцаў фанаграм у нашай краіне. Безумоўна, немагчыма весці размову пра "узвышаныя" і мала каму вядомых аўтарскія правы, калі пачынаючы ад прадаўца ў шапіку і сканчваючы міліцыянтам у апошнюю чаргу падумаеш пра тое, што свае непасрэдныя дзеянні або бяздзеянні ніяк не могуць суадносіцца з павагай да правоў аўтараў і іх выкананнем У першым выпадку размова ідзе пра продаж пірацкай прадукцыі, што безумоўна вядома яе ўласніку, у апошнім - пра заключэнне т. з. "міравых пагадненняў", калі замест таго, каб разбіраць такія справы у судзе, асобныя чальцы органаў правааховы за пэўную плату ад гэтых самых уласнікаў дазваляюць ім далей займацца сваёй дзейнасцю. Малая колькасць арганізацый, якія б эфектыўна займаліся аховай інтэлектуальнай уласнасці, робіць справу абароны аўтараў замарожанай.
Крыніцы
1. Международная конвенция об охране прав исполнителей, изготовителей фонограмм и вещательных организаций - Римская конвенция 1961 г. (размешчана на сайце http://www.fips.ru/)
2. Конвенция об охране интересов производителей фонограмм от незаконного воспроизведения их фонограмм - Женевская конвенция 1971.(размешчана на сайце http://www.fips.ru/
3. Договор ВОИС по исполнениям и фонограммам - Женева 1996 (размешчана на сайце http://www.copyrighter.ru/)
4. Закон "Об авторском праве и смежным правам" в редакции 1998 г. (размешчаны на сайце http://www.ncpi.gov.by)
5. Судариков С.А. Комментарий к Закону РБ "Об авторском праве и смежных правах".// М. 2000 г.
Вольга Парфенчык - навучаецца на III курсе аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Сфэра юрыдычных зацікаўленнасьцяў: міжнароднае крымінальнае права, аўтарскае права.
