Як вядома, ў сьвеце турызм зьяўляецца ня толькі адной з галінаў эканомікі, якія найбольш хутка разьвіваюцца, але разам з тым прыносіць значныя прыбыткі ў эканоміку краіны. Таму нядзіўна, што шмат краінаў ў сьвеце распачалі прасоўваць свае інтарэсы на міжнародным турыстычным рынку ў якасьці найбольш прывабных да адпачынку і забаваў мейсцаў. Але дзеля таго, каб намаганьні, якія прыклала дзяржава, не былі марнымі і не "аселі" ў кішэнях некаторых асобаў, неабходна стварыць заканадаўства, здольнае рэгуляваць правадачыненьні паміж спажыўцамі й прадпрыемствамі, якія прапануюць турыстычныя паслугі.
Францыя ўжо даўно зьяўляецца прызнаным лідэрам у сфэры турызму і мае дастаткова добра распрацаванае заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасьць у сфэры турызму.
Дзеля таго, каб зразумець, як і якім чынам у Францыі рэгулюецца сфэра турызму, неабходна ведаць адміністрацыйны падзел краіны.
Францыя падзеленая на вобласьці, якія ў сваю чаргу складаюцца з дэпартамэнтаў, што аб'ядноўваюць камуны. У кожным дэпартамэнце ёсць свой прадстаўнік дзяржавы - Прэфэкт (галоўны дзяржаўны службоўца), які кіруе мясцовымі прадстаўнікамі розных міністэрстваў.
Мясцовы ўрад паступова павялічвае сваю значнасьць, але покуль ягоная кантралюючая роля дастаткова кволая ў параўнанні з кантролем з боку дзяржавы. Тым ня менш мясцовы ўрад ладзіць актыўную палітыку па прасоўваньні мясцовых рэсурсаў й субсыдуе праграмы, якія зьяўляюцца прыярытэтнымі.
За сфэру турызма адказвае цэнральны адміністрацыйны ворган. З 1995 году гэта Міністэрства Турызму (дагэтуль яно ўваходзіла ў склад Міністэрства транспарту і турызму). Афіцыйна, гэты цэнтральны адміністрацыйны ворган кіруе падрыхтоўкай і ўтрываленьнем урадавай палітыкі ў галіне турызму. Сярод яго непасрэдных функцыяў вылучаюць:
· складаньне законапраектаў, якія маюць дачыненьне да дзейнасьці турагенцыяў, гатэляў ды іншых суб'етаў, якія зьвязаныя з сфэраю турызму;
· каардынаваньне дзейнасьці і разгляд прапановаў, якія паступаюць з боку розных мясцовых урадаў і прыватных групаў і аб'яднаньняў;
· кіраўніцтва і кантроль за разьмеркаваньнем фінансаў, якія накіроўваюцца на развіцьцё турыстычнай галіны па ўсёй тэрыторыі Францыі;
· прасоўваньне Францыі як турыстычнай напрамку і г.д.
На нацыянальным узроўні, у дадатак да Нацыянальнай адміністрацыі па турызму, існуе яшчэ колькі кансультатыўных ворганаў і агенцыяў, сярод якіх:
· Французкая агенцыя па распрацоўцы тэхналёгіяў у турызме, якая займаецца кансультаваньнем наконт выкарыстаньня "ноў-хаў" ці фінансаваньнем такіх укараненьняў у францускую індустрыю турызму;
· Дом Францыі, які займаецца прамоўцыяй турызму ў Францыі сумесна з болей за 40 прадстаўніцтвамі Францыі замяжой;
· Нацыянальная Рада па турызме дае рэкамендацыі Міністэрству Турызма па шэрагу пытаньняў.
На рэгіянальным узроўні значная роля надаецца прадстаўнікам штату - Прэфэкту рэгіёну ды Прэфэкту дэпартамэнту. Яны кантралююць штодзённае выкананьне санітарных стандартаў, грамадзянскай бясьпекі і г.д. Напрыклад, Прэфэкт выдае ліцэнзіі турыстычным агенцыям, якія неабходныя для вядзеньня бізнесу, і зацьвярджае стварэньне мясцовых турыстычных арганізацыяў дзеля атрыманьня дадзеных грамадзкіх даследваньняў.
Большасьць камунаў выконвае кіраўніцкую функцыю па пытаньнях, якія робяць уплыў на турызм. Прыкладам такіх захадаў ёсьць стварэньне мейсцаў для паркоўкі, рэгуляваньне часу працы прадпрыемстваў, бясьпекі грамадзянскіх пляжаў, плянаваньне забудовы местаў і г.д.
Згодна з францускім заканадаўствам, стварэньне прафэсыяналамі турыстычнае агенцыі ці турыстычнага апэратару мае рэгулявацца наступным чынам. Для стварэньня турыстычнае агенцыі ці турыстычнага апэратару, мэтай якіх з'яўляецца атрыманьне прыбытку, спэцыялісты ў сфэры турызму мусяць даслаць мясцоваму Прэфэкту запыт на атрыманьне ліцэнзіі. Пасьля кансультацыі з камісіяй, якая складаецца з прафэсыяналаў у сфэры турызму і мясцовых дзяржаўных службоўцаў, Прэфэкт спраўджвае, ці адпавядае заява ўсталяваным патрабаваньням:
Маральнае аблічча заяўніка - ці ня меў заяўнік крымінальнага мінулага, а таксама адміністрацыйных , крымінальных ці іншых санкцыяў на вядзеньне бізнэсу;
Прафэсыйная прыдатнасьць (адпаведнасьць) - заяўнік мусіць быць прафэсыяналам у сфэры турызму і мець досьвед. Мінімальныя патрабаваньні: трохгодавы досьвед працы на кіраўніцкім узроўні альбо ступень бакаляўра ў галіне турызму і досьвед працы ў турызме, два гады альбо пяць гадоў працы ў іншай галіне;
Фінансавыя гарантыі - заяўнік мае падаць фінансавыя гарантыі ад банку, страхавое кампаніі альбо калектыўнага гаранту. Прэфэкт вызначае суму грошай, якою мае валодаць турыстычная агенцыя дзеля выкананьня сваіх абавязкаў перад кліентамі.
Шмат тур-агенцыяў зьяўляюцца сябрамі Асацыяцыі Прафэсыйнае Салідарнасьці Турыстычных Агенцыяў, якая была створаная аб'яднаньнем турыстычных агенцыяў:
Убясьпечаньне - заяўнік павінен мець убясьпечаньне, якое пакрые ягоныя абавязкі ў дачыненьні да кліента, а таксама да ягоных партнэраў хаця б на адну траціну пры ўчыненьні шкоды як самім агентам, так і ягонымі супрацоўнікамі альбо ад ягонага імя;
Памер тэрыторыі пад офіс - заяўнік мусіць мець свой прыватны офіс з асобным уваходам для кліентаў, двума пакоямі і агульнай плошчай ня менш за 35 квадратных мэтраў.
Нават атрымаўшы ліцэнзыю, заяўнік можа яе страціць, калі адна з умоваў больш не выконваецца.
Згодна з францускім заканадаўствам, турыстычная агенцыя мае прадстаўляць уласным кліентам пісьмовы дакумэнт, дзе дакладна вызначаныя абавязкі кожнага з бакоў і зьмешчаны ўмовы продажу. Пастанова ад 14 чэрвеня 1982 года ўстанаўлівае гэтыя мінімальныя патрабаваньні да ўмоваў продажу.
Продаж турыстычнага пакету мае суправаджацца падпісаньнем кантракту ў 2 псобніках абодвума бакамі з пазначэньнем назваў і адрэсаў турыстычнае агенцыі, страхавое кампаніі, гаранта і арганізатара вандроўкі.
Кантракт мае зьмяшчаць наступную інфармацыю:
· Мейсца прызначэньня, апісаньне сродку транспарту;
· Катэгорыя і кляса мейсца размяшчэньня;
· Наяўнасьць харчаваньня;
· Маршрут, у выпадку, калі прадаецца тур;
· Наяўнасьць экскурсіі альбо кошт экскурсіяў, калі яны маюць факультатыўны характар;
· Мінімальны ці максымальны памер групы і дату скасаваньня вандроўкі ў выпадку, калі не назьбіраецца неабходная колькасьць чалавек (на дату, не пазнейшую за 21 дзень да ад'езду);
· Суму выплатаў і парадак аплаты;
· Умовы магчымае зьмены кантракту;
· Тэрмін адмовы ад паслугаў;
· Убясьпечаньне, якое ёсьць часткаю кантракту;
· Неабавязковае асабістае ўбясьпечаньне.
Турагенты абавязаныя ў поўнай меры выконваць свае абавязкі ў дачыненьні да кліентаў. Згодна з артыкулам 23 Закону ад 13 чэрвеня 1992 года, турагенты нясуць адказнасць за выкананьне ўсіх сваіх абавязкаў, якія зьмешчаныя ў кантракце, не залежна ад таго, ці ўласна агенты альбо іх суб-агенты мелі іх выконваць.
Агенты не нясуць адказнасьці ў выпадку, калі невыкананьне альбо выкананьне не адпаведным чынам кантракных абавязкаў было выклікана адною з прычынаў:
· Нядбайным стаўленьнем кліенту;
· Дзейнасьцю трэціх асобаў, якую немагчыма было прадбачыць і якую немагчыма было своечасова выправіць;
· Форс-мажорнымі абставінамі.
Турыстычны агент абавязаны
· Паведаміць кліенту поўную і дакладную інфармацыю;
· Аказваць дапамогу кліентам;
· Выконваць меры бясьпекі пры арганізацыі тураў;
· Узважана падыходзіць да выбару пастаўнікоў/надаўцаў мясцовых паслугаў;
· Кантраляваць належнае аказаньне паслугаў на мейсцы.
Дзеля абароны сваіх правоў, спажыўцы могуць зьвяртацца ня толькі да Закону ад 13 чэрвеня 1992 году, але таксама да Агульнага закону аб абароне правоў спажыўцоў, ды законаў аб:
1. продажы тавараў каміваяжорамі;
2. спажывецкім крэдыце;
3. рэкляме, якая ўводзіць спажыўцоў у зман.
Для пакрыцьця стратаў, спажывец зьвяртаецца з позывам альбо ў Суд па прашэньнях альбо ў Суд па вялікіх прашэньнях, у залежнасці ад памеру позыва.
Васілевіч Ганна (нарадзілася ў 1983 годзе ў Гомлі) - Навучаецца на V курсе аддзяленьня мэнэджмэнт міжнароднага турызма факультэта міжнародных стасункаў БДУ ды аддзяленьні журналістыкі Беларускага калегіюму. Прафэсыйныя зацікаўленасьці: турысцкі рынак Беларусі, эканамічныя сыстэмы партугаламоўных краінаў.
