Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Падкоп пад бясплатнасьць вышэйшай адукацыі. | Вольга Мартыненка | 13.1.2005

Размовы пра рэформу вышэйшай адукацыі вядуцца ужо даўно. І сёньня ўсё сьведчыць пра тое, што яна сапраўды будзе праведзеная ў жыцьцё, бо для гэтага ўжо распрацаваная адпаведная заканадаўчая база - закон "Аб вышэйшай адукацыі". Ягоны праект быў ухвалены ніжняй палатай парлямэнту ўлетку 2004 году ў першым чытаньні. Аналіз гэтага законапраекту дазваляе зрабіць высновы наконт сутнасьці заплянаванай рэформы вышэйшай адукацыі.

Законапраект прапануе дзьве галоўныя навацыі ў сыстэме вышэйшай адукацыі: кантрактную сыстэму і двухузроўневую вышэйшую адукацыю. Гэтыя зьмены нібыта павінны наблізіць нашую сыстэму вышэйшай адукацыі да эўрапейскіх стандартаў і інтэграваць яе ў Балёнскі працэс. Варта зазначыць, што вызначэньне "Балёнскага працэсу" такое цьмянае, што дазваляе, калі існуе такая зацікаўленасьць, разумець яго як санкцыю на ўвядзеньне аплаты за навучаньне і скасаваньне бясплатнай вышэйшай адукацыі.

Калі прыгледзецца да тэксту прапанаванага законапраекту больш пільна, становіцца відавочна, што ягоныя мэты палягаюць у наступным: стварыць неабходную заканадаўчую перадумову для прысьпешваньня камэрцыялізацыі вышэйшай адукацыі і паступовага скасаваньня бясплатнай адукацыі.

Законапраект прадугледжвае заключэньне дамоваў паміж ВНУ і студэнтамі, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю за кошт сродкаў з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. У гэтай дамове павінны быць пазначаныя спэцыяльнасьць навучаньня, яго кошт, парадак умоваў аплаты, парадак працаўладкаваньня выпускніка, а таксама парадак і ўмовы вяртаньня панесеных выдаткаў у выпадку парушэньня бакамі ўмоваў кантракту [Артыкул 24; 1]. Мэта прапанаванага "пераходу на кантрактную форму атрыманьня вышэйшай адукацыі за бюджэтныя сродкі" наступная: абавязаць студэнтаў-бюджэтнікаў вярнуць дзяржаве зафіксаваны ў кантракце кошт навучаньня, ці то грашыма, ці то працай, бо сёньняшняя практыка разьмеркаваньня відавочна вельмі неэфэктыўная. А заключэньне канкрактаў акурат узаконіць прымусовае разьмеркаваньне (якое сёньня пярэчыць Канстытуцыі і Працоўнаму кодэксу) і ўзмоцніць дзяржаўны кантроль за дыплямаванымі "прыгоннымі", бо ўвядзе асабістую адказнасьць за ігнараваньне разьмеркаваньня. Гэта таксама дазволіць замацаваць абяцанае міністэрствам адукацыі падаўжэньне тэрмінаў працы па месцы разьмеркаваньня з сёньняшніх 2 да 5 гадоў. Што зробіць "бясплатны" дыплём яшчэ даражэйшым...

Такім чынам, заплянаваная кантрактная сыстэма несумяшчальная з прынцыпам бясплатнасьці вышэйшай адукацыі, які замацаваны ў артыкуле 49 Канстытуцыі і прадубляваны ў артыкуле 3 "Закону аб адукацыі" як "права на атрыманьне бясплатнай на конкурсным падмурку вышэйшай адукацыі"[2].

Увядзеньне кантрактнай сыстэмы  - гэта апошні наступ на бясплатную адукацыю, калі ўлічваць, што і сёньня, цераз разьмеркаваньне бюджэтнікаў як формы адпрацоўкі кошту адукацыі на дзяржаву, пра ейную бясплатнасьць можна казаць толькі абстрактна. Законапраект робіць гэтую сытуацыю тым больш абсурднай, бо прымусовае разьмеркаваньне бюджэтнікаў замацоўваецца ў ім акурат у артыкуле пра сацыяльную абарону [Артыкул 38; 1]. Гэта пры тым, што яно супярэчыць вышэйзгаданаму 49, а таксама 41 і 30 артыкулам Канстытуцыі, якія прадугледжваюць гарантыю права на выбар прафэсіі, роду заняткаў і працы, а таксама права на свабоду перасоўваньняў і выбару месца жыхарства; да таго ж, немагчымасьць для выпускніка звольніцца па ўласным жаданьні парушае прадугледжаны главой 4 Працоўнага кодэксу парадак звальненьня працоўных.

Нагадаем, што бюджэтныя сродкі, якія дзяржава выдаткоўвае на адукацыю і якія студэнты нібыта павінныя вярнуць, фармуюцца за кошт падаткаў грамадзянаў, у тым ліку бацькоў студэнтаў. Адукацыя адпавядае інтарэсам і з'яўляецца перадумовай развіцьця і дабрабыту як кожнай асобы, так і ўсяго грамадзтва. Таму фінансаваньне адукацыі як бясплатнай сацыяльнай паслугі павінна адбывацца за кошт пераразьмеркаваньня сацыяльнага прыбытку, якое ажыцьцяўляецца дзяржавай, і неабходна, каб усім грамадзянам быў гарантаваны роўны доступ да адукацыі. Як зафіксавана ў артыкуле 13 Канвэнцыі ААН аб эканамічных, сацыяльных і культурных правох, вышэйшая адукацыя зьяўляецца правам чалавека і павінна быць даступнай для кожнага, каму яна патрэбная. Увядзеньне аплаты за навучаньне - гэта замацаваньне маёмаснай дыскрымінацыі. Так, паводле меркаваньня ESIB, эўрапейскага аб'яднаньня 48 нацыянальных студэнцкіх прафсаюзаў, "у краіне, дзе ўводзіцца плата за навучаньне, абмяжоўваецца доступ да вышэйшай адукацыі людзей зь ніжэйшым сацыяльна-эканамічным падмуркам і тых, хто традыцыйна знаходзіцца па-за вышэйшай адукацыяй" [6]. У нашым выпадку, дзякуючы кантрактнай сыстэме, тыя выпускнікі, у якіх няма фінансавых магчымасьцяў заплаціць выкуп - вярнуць дзяржаве сродкі, выдаткаваныя рэспубліканскім ці мясцовым бюджэтам на іхную адукацыю, будуць вымушаныя, як прыгонныя, ехаць у якую-небудзь "чарнобыльскую зону" працаваць па кантракце.

Паступовы працэс камэрцыялізацыі вышэйшай адукацыі мы назіраем ўжо сёньня: пры росьце агульнай колькасьці студэнтаў набор на бюджэт скарачаецца, у тым ліку дзякуючы магчымасьці гнуткай інтэрпрэтацыі прынцыпу "конкурснага падмурку". Адпаведна, працэнт студэнтаў, якія навучаюцца за грошы, кожны год павялічваецца: платнікі ужо складаюць каля паловы ўсіх студэнтаў, а на некаторых "прэстыжных" спэцыяльнасьцях нават больш. Ва ўмовах недастатковага бюджэтнага фінансаваньня дзяржаўныя ВНУ пачынаюць ператварацца ў звычайныя прадпрыемствы па аказаньні платных адукацыйных паслугаў.

Паводле прапанаванага законапраекту, ВНУ атрымліваюць яшчэ большую "эканамічную самастойнасьць" у распараджэньні "заработанымі" грашыма. Відавочна, што гэта ня зробіць вышэйшую адукацыю больш даступнай. Калі ж усе бюджэтнікі будуць пераведзеныя на кантракт, бюджэтнае навучаньне ператворыцца ў платнае ня толькі фактычна, але і юрыдычна.

Другая значная прапанова, прадугледжаная законапраектам, - увядзеньне двухузроўневай сыстэмы падрыхтоўкі спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй (бакаляўрыят і магістратура) [Артыкул 8; 1]. Двухузроўневая сыстэма вышэйшай адукацыі з прамежкавымі іспытамі на права, атрымаўшы дыплём бакаляўра, працягваць адукацыю, калі колькасьць бясплатных месцаў у магістратуры (былы 5-ы курс) абмежаваная, стварае фільтар для адсейваньня большасьці студэнтаў, і супярэчыць прынцыпу роўнага доступу да вышэйшай адукацыі. Відавочна, што такая магчымасьць перавесьці студэнтаў-бюджэтнікаў на платнае навучаньне "па адзнаках" будзе падтрымліваць існаваньне сыстэмы эканамічнага шантажу.

Прынцып бясплатнасьці будзе парушаны, такім чынам, яшчэ раз. Да таго ж, дыплём бакаляўра адпавядае толькі няпоўнай вышэйшай адукацыі. Бакаляўры - гэта "недавучаныя спэцыялісты", якім будуць плаціць меней, чым спэцыялістам і магістрам, і якія ня будуць мець права займаць высокія пасады. Таму відавочна апраўдаюць сябе спадзяваньні на вялікі попыт на платныя месцы ў магістратуры, бо тыя, у каго ёсьць грошы, будуць імкнуцца атрымаць "нармалёвыя" дыплёмы. Праўда, магістры, у сваю чаргу, зьяўляюцца "недавучанымі" асьпірантамі.

У БДУ, дзе на старэйшых курсах адбываецца экспэрымэнт з увядзеньнем ступеняў бакаляўра, дыплямаванага спэцыяліста і магістра, гэта ўжо сёньня нэгатыўна адбіваецца на якасьці адукацыі. Ажыцьцяўленьне падрыхтоўкі на бакаляўра за чатыры гады стала магчымым толькі за кошт значнага скарачэньня аб'ёму навучальных праграмаў, скасаваньня шматлікіх спэцкурсаў, павелічэньня колькасьці матэрыялаў, якія пакідаюць на "самастойнае вывучэньне". Дзеля таго, каб запоўніць усе тыя прагалы, якія застаюцца ў выніку такой прысьпешанай нізкаякаснай падрыхтоўкі, нібыта прымеркаваная магістратура, куды трапляюць толькі адзінкі. Такім чынам, элітарную ступень вышэйшай адукацыі - магістратуру - спрабуюць узьвесьці на падмурку нізкаякаснай масавай вышэйшай адукацыі першай ступені.

Заплянаваны падзел беларускай сыстэмы вышэйшай адукацыі на вышэйшую адукацыю першага і другога гатунку, калі навучаньне ў магістратуры будзе пераважна платным, спрабуюць апраўдаць спасылкамі на Балёнскі працэс. Тут стваральнікі законапраекту не зьяўляюцца арыгінальнымі - у Францыі і Нямеччыне, як паведамляе ESIB, на падставе Балёнскага працэсу ўжо адбываюцца спробы стварыць легальны мэханізм увядзеньня аплаты за навучаньне ці значнага падвышэньня ейных коштаў [6].

Вось жа, заплянаванае ўвядзеньне кантрактнай сыстэмы і дзьвюх ступеняў вышэйшай адукацыі скасуе сам прынцып бясплатнасьці вышэйшай адукацыі, у выніку якой яна канчаткова, у параўнаньні з цяперашняй нявызначанай сытуацыяй з разьмеркаваньнем бюджэтнікаў, будзе пераведзеная на рынкавыя рэйкі. Што зьвязанае з дыскрымінацыяй значнай часткі студэнтаў і будучых работнікаў, а таксама з замацаваньнем сацыяльнай няроўнасьці.

За ўзор пад час распрацоўкі законапраекту быў узяты закон аб вышэйшай адукацыі Расійскае Фэдэрацыі 1996 году - нават павярхоўны аналіз паказвае, што зь яго былі запазычаныя бязь зьменаў ня толькі цэлыя абзацы тэксту, але таксама два падставовыя прынцыпы, прапанаваныя беларускім законапраектам. Гэта ўсё той жа прынцып бясплатнасьці на конурсным падмурку вышэйшай адукацыі [Артыкул 2; 3] і ўвядзеньне двухузроўневай сыстэмы вышэйшай адукацыі (у расійскім варыянце паміж бакаляўрам ды магістрам існуе яшчэ прамежкавая ступень "дыплямаванага спэцыяліста") [Артыкул 6; 3]. Першапачатковы варыянт расійскага закону, у адрозьненьне ад беларускага законапраекту, які звужае пытаньне сацыяльнай абароны студэнтаў да стыпэндыяў, забесьпячэньня месцам у інтэрнаце і права на разьмеркаваньне [Артыкул 38; 1], - замацоўваў некаторыя сацыяльныя правы і гарантыі для студэнтаў, у ім было прадугледжанае недапушчэньне скарачэньня колькасьці студэнтаў, якія навучаюцца за кошт бюджэтных сродкаў [Артыкул 2; 3]. Арыентацыя на расійскую практыку рэформы сыстэмы адукацыі непакоіць таму, што летась былі прынятыя шматлікія папраўкі да закону аб адукацыі РФ, прымеркаваныя да таго, каб канчаткова ператварыць яго ў інструмэнт рынкавых пераўтварэньняў. Адзін з самых радыкальных захадаў - гэта скасаваньне дзяржаўных гарантыяў атрыманьня пачатковай і сярэдняй адукацыі, калі сыстэма адукацыі перадаецца пад кіраўніцтва рэгіёнаў. Канчатковай жа мэтай рэформы абвешчанае поўнае скасаваньне бясплатнай вышэйшай адукацыі, што будзе адпавядаць канчатковай камэрцыялізацыі вышэйшай адукацыі і стане вынікам паступовага працэсу, распачатага яшчэ ў 1996 годзе, калі зьявіўся гэты закон. Відавочнай ёсьць антыдэмакратычнасьць і антысацыяльнасьць падобных рэформаў, якія ажыцьцяўляюцца згодна зь лёгікай, зададзенай Усеагульным Пагадненьнем пра Свабоду Гандлю Таварамі і Паслугамі (GATS), што разьглядае адукацыю як камэрцыйную паслугу і скіраванае на камэрцыялізацыю і прыватызацыю сацыяльнай сфэры, у тым ліку і адукацыі.

За прыклад сацыяльна арыентаванага заканадаўства ў дачыненьні да сацыяльных правоў, гарантыяў ды ільготаў для студэнтаў можна ўзяць "Асновы заканадаўства СССР аб народнай адукацыі" і "Палажэньне аб вышэйшых навучальных установах СССР". Галоўная перавага савецкай сыстэмы адукацыі - тое, што яна, прынамсі, de jure, грунтавалася на прынцыпе роўнасьці ўсіх грамадзянаў, "незалежна ад паходжаньня, сацыяльнага і маёмаснага стану, расавай і нацыянальнай прыналежнасьці, полу, мовы, стаўленьня да рэлігіі, роду і характару заняткаў, месца жыхарства і іншых варункаў" [Артыкул 4; 4].

Роўнасьць усіх грамадзянаў СССР у праве на адукацыю была забясьпечаная бясплатнасьцю ўсіх відаў адукацыі [Артыкул 3; 4]. Першы разьдзел "Палажэньня аб вышэйшых навучальных установах СССР" пачынаецца наступным чынам: "Вышэйшая адукацыя ў СССР ажыцьцяўляецца бясплатна, на пачатках роўнага для ўсіх грамадзянаў СССР права на адукацыю" [5].

Зразумела, што савецкае заканадаўства замацоўвала заідэялягізаванасьць вышэйшай адукацыі, якую, разам з абавязковым разьмеркаваньнем бюджэтнікаў, беларуская сыстэма і атрымала ад яе ў спадчыну. Аднак у параўнаньні з прапанаваным беларускім законапраектам вышэйзгаданыя савецкія законы падаюцца звышдэмакратычнымі.

Чаму сацыяльная арыентаванасьць беларускага законапраекту, і адпаведна, клопат дзяржавы пра студэнтаў, абмяжоўваецца адно замацаваньнем прымусовага разьмеркаваньня бюджэтнікаў, якое падаецца як гарантыя "права на першае працоўнае месца"? Чаму праект закону аб вышэйшай адукацыі, ў адрозьненьне ад савецкага заканадаўства, не гарантуе "права бясплатна карыстацца лябараторыямі, кабінэтамі, аўдыторыямі, чытальнымі залямі, бібліятэкамі" [5], безь якога немагчымае пасьпяховае навучаньне? Першапачатковы варыянт закону аб вышэйшай адукацыі РФ, дарэчы, дадаваў да гэтага шэрагу таксама гарантыю бясплатна карыстацца інфармацыйнымі фондамі, паслугамі навучальных, навуковых, мэдычных падразьдзяленьняў ВНУ [Артыкул 16, 3]. У адрозьненьне ад гэтага, артыкул 37 законапраекту прадугледжвае вельмі цьмянае права на "атрыманьне дадатковых адукацыйных паслугаў", без якіх-небудзь гарантыяў іх даступнасьці для ўсіх студэнтаў.

У законапраекце не прапісанае адтэрмінаваньне службы ў войску. Засяленьне іншагародніх студэнтаў у інтэрнаты таксама ніхто не гарантуе - "забесьпячэньне месцам у інтэрнаце ажыцьцяўляецца пры наяўнасьці адпаведнага жыльлёвага фонду ВНУ" [Артыкул 38; 1]. Што да платнай адукацыі - у законапраекце можна прасачыць толькі клопат дзяржавы пра тое, каб дыплём камэрцыйных навучальных установаў адпавядаў дзяржаўнаму стандарту, дзеля чаго і прадугледжаная працэдура дзяржаўнай акрэдытацыі. Аднак законапраект не прыроўнівае статус студэнта камэрцыйнай ВНУ у акадэмічных правах і акадэмічных свабодах да статусу студэнта дзяржаўнай ВНУ.

Тэндэнцыя да ўзмацненьня камэрцыялізаванасьці вышэйшай адукацыі і пераводу яе на рынкавыя рэйкі ў першую чаргу адбіваецца на прадстаўніках найменш забясьпечаных матэрыяльна групаў насельніцтва. Скасаваньне сацыяльных правоў і гарантыяў, замацаванае ў законапраекце, фактычна, зачыняе перад імі дзьверы навучальных установаў, і пакідае ім адзіны выбар: прыняць умовы кантракту і ператварыцца ў бяспраўных прыгонных.

Такі чынам, "Закон аб вышэйшай адукацыі", магчыма, фармальна і набліжае нас да эўрапейскага ўзору вышэйшай адукацыі, калі пад гэтым разумець адно двухузроўневую вышэйшую адукацыю, а не наяўнасьць перадусім рэальных акадэмічных правоў і свабодаў. Сутнасьць жа заплянаванае рэфомы вышэйшай адукацыі, што будзе адбывацца на ягоным падмурку, у наступным: пакінуць нязьменнымі ўсе тыя самыя горшыя  моманты, якія былі ў савецкай сыстэме адукацыі, але пры гэтым скасаваць тую галоўную перавагу, у якой ёй нельга адмовіць: магчымасьць бясплатнага і роўнага доступу да вышэйшай адукацыі.

Чыноўнікі, якія рапрацоўваюць і разглядаюць законапраект ў парлямэнце, атрымалі вышэйшую адукацыю бясплатна. Чаму ж яны імкнуцца пазбавіць гэтай магчымасьці нашае пакаленьне?

Крыніцы:

1. Проект закона Республики Беларусь "О высшем образовании" (зьмешчаны на сайце http://pravo.by).
2. Закон Республики Беларусь об образовании (с изменениями и дополнениями, внесенными 4 августа 2004 г.) (зьмешчаны на сайце Міністэрства адукацыі http://www.minedu.unibel.by).
3. Федеральный закон о высшем и послевузовском профессиональном образовании (ад 22 жніўня 1996 году) (зьмешчаны на сайце http://www.dvgu.ru).
4. Основы законодательства Союза ССР и союзных республик о народном образовании (В редакции закона СССР от 27 ноября 1985 г.) - Ведомости Верховного Совета СССР 1985 г., № 48. - с. 918.
5. Положение о высших учебных заведениях СССР / Свод законов СССР, том 3. - С. 394 - 410.
6. ESIB -National Unions of Students in Europe (інтэрнэт-сайт http://www.esib.org).

Вольга Мартыненка - навучаецца на IV курсе аддзяленьня філязофіі факультэта філязофіі і сацыяльных навук БДУ. Дасьледніцкая і перакладніцкая дзейнасьць у сфэры сацыяльнай і палітычнай філязофіі вызначаная інтарэсам да крытычнай тэорыі, перадусім у такіх яе ўвасабленьнях, як філязофія Франкфурцкае школы, радыкальны фэмінізм, посткаляніялізм і сьвет-сыстэмны аналіз І. Валерстайна.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!