Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
272829
   новае на форуме
07 Стд 06.45  Пераклад Правілаў дарожнага руху паводле НЦПІ

05 Стд 02.52  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

05 Стд 02.49  Як будзе "сделка" па-беларуску?

04 Стд 09.51  задаток (маск.(рас.)) -- як Беларускаю?

17 Кас 07.26  Шукаю беларускамоўнага натарыюса

   юрыдычная кансультацыя
07 Лют 20.02  Праязны дакумэнт як аб'ект аўтарскага права

04 Кас 17.10  атрыманне пенсіі

28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Спрэчкі наконт далучэньня Турэччыны да Эўразьвязу ў нямецкіх мэдыях. | Кірыл Касьцян, Сяржук Богдан, Уладзіслаў Белавусаў | 15.12.2004

Ніжэй мы прэзэнтуем вашай увазе пераклад матэрыялаў, зьмешчаных у нямецкім часопісе “Шпігель”, ды фрагмэнты дыскусыі\рэфлексыяў (яны аформлены як камэнтары-паслоўі), што выклікалі тыя матэрыялы ўнутры рэдактарскае рады “Праўніка”. Вітаем далучэньне да тае дыскусыі й чакайма на Вашыя рэфлексіі стасоўна пытаньня “эўрапейскае палітычнае тоеснасьці”.

Спрэчкі наконт далучэньня Турэччыны да Эўразьвязу ў нямецкіх мэдыях.

16 і 17 сьнежня ў Брусэлі кіраўнікі краінаў ды ўрадаў Эўрапейскага Зьвязу мусяць вырашыць пытаньне пра пачатак перамоваў з Турэччынай наконт ейнага далучэньня да Эўразьвязу. Нямецкі канцлер Шродэр і францускі прэзыдэнт Шырак пад час сустрэчы ў Любэку на пачатку сьнежня пацьвердзілі, што перамовы наконт далучэньня Турэччыны да ЭЗ будуць распачатыя. Паводле словаў Шродэра, у часе перамоваў гаворка пойдзе пра далучэньне. Сам працэс далучэньня зойме ад дзесяці да пятнаццаці гадоў.

Шырак зазначыў, што далучэньне Турэччыны да ЭЗ зьяўляецца супольнай мэтай Нямеччыны і Францыі. У выпадку, калі турэцкі бок ня выканае ўсіх ўмоваў Брусэлю, варта разгледзець варыянты ўсталяваньня іншага кшталту стасункаў, але ў любым разе Турэччына не павінна быць адрынутая Эўропай. У нямецка-францускай сустрэчы гэтаксама ўзялі ўдзел міністры замежных справаў абедзьвюх краінаў – Ёшка Фішэр і Мішэль Барнье. У адрозьненьне ад Нямеччыны Францыя ўважае, што канчатковым вынікам перамоваў пра далучэньне не абавязкова павінна стаць паўнавартаснае чалецтва, але аднолькава магчымая верагоднасьць іншага варыянту вырашэньня пытаньня, напрыклад, праз прывілеяванае партнэрства.

Такім чынам, дэбаты на вышэйшым узроўні разгорнуцца ўжо наконт самое мэты перамоваў. Калі Нямеччына плянуе трымацца пляну Эўракамісіі, дык Францыя і Аўстрыя, паводле інфармацыі з дыпляматычных колаў, падтрымлівацьмуць альтэрнатыву поўнага чалецтва – варыянт прывілеяванага партнэрства бяз паўнавартаснага права голасу.

Паводле прапановы Камісіі, прадугледжаная магчымасьць перапыненьня перамоваў, калі траціна дзяржаваў-удзельніцаў Эўразьвязу будзе таго вымагаць. Раней перапыненьне перамоваў было прадугледжанае толькі ў тым выпадку, калі Камісія вырашыць, што дзеля таго існуюць дастатковыя прычыны. Аднак ня ўсе палітычныя колы ў Нямеччыне згодныя з пазыцыяй канцлера наконт сталае падтрымкі поўнага чалецтва Турэччыны ў Эўразьвязе.

Кіраўнікі апазыцыйных Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу/Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу (ХДЗ/ХДЗ) Анжэла Мэркель ды Эдмунд Штойбэр зьвярнуліся да канцлера Шродэра зь лістом, у якім выказалі сваю нязгоду з ягонай пазыцыяй датычна Турэччыны. Мэркель ды Штойбэр пацьвердзілі сваю цьвёрдую падтрымку працэсу турэцкіх рэформаў дый выказалі спадзяванне што да ягонай трываласьці. Яны таксама заклікалі канцлера трымацца варыянту забеспячэньня прывілеяванага партнэрства для Турэччыны. На думку хрысьціянскіх дэмакратаў, поўнае чалецтва Турэччыны занадта расьцягне ЭЗ, а пачатак перамоваў паводле традыцыйнага сцэнару прывядзе да аўтаматычнага далучэньня, працэс якога моцна абцяжарыць ЭЗ. Надта шырока крытыкі далучэньня Турэччыны (асабліва прадстаўнікі хрысьціянскіх цэркваў Нямеччыны) выкарыстоўваюць пытаньне браку рэлігійных свабодаў у Турэччыне, асабліва для хрысьціянаў і мусульманаў-шыітаў.

Паміж становішчам хрысьціянаў у Турэччыне й мусульманаў у ЭЗ пралягаюць сусьветы. Калі мусульмане Эўразьвязу могуць свабодна вызнаваць сваю веру, дык становішча турэцкіх хрысьціянаў выглядае зусім па-іншаму. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ў Турэччыне не было змуравана ані касьцёлу, ані царквы. У складаным становішчы знаходзяцца ня толькі сто тысячаў хрысьціянаў Турэччыны, але і таксама дваццаць тысячаў жыдоў ды каля мільёну мусульманаў шыіцкага адгалінаваньня. Праблемы захоўваюцца, дарма што ўрад Тайіпа Эрдагана высунуў шэраг заканадаўчых ініцыятываў, шэраг якіх датычацца юрыдычнага прызнаньня рэлігійных супольніцтваў. Аднак, Эўракамісія ўважае гэтыя захады недастатковымі. Паводле яе апошняе справаздачы: “Пакет рэформаў, накіраваных на забеспячэньне рэлігійных свабодаў, пакуль не даў аніякіх вынікаў”. Ужываючы тактыку абяцаньняў што да правоў рэлігійных мяншыняў, Анкара манэўруе ў сытуацыі, калі стаіць пытаньне чалецтва Турэччыны ў Эўразьвязе.

Каталіцкая місія дапамогі крытыкуе недастатковую абарону правоў чалавека ў галіне рэлігіі. “Хрысьціянскія мяншыні ды паасобныя мусульманскія суполкі, насуперак захадам дзяржавы, надалей церпяць дыскрымінацыю, як прыхаваную, так і адкрытую”, – сьцьвярджае віцэ-прэзідэнт Місіі Грэгар фон Фюрстэнбэрг. Аднак, зазвычай крытычная Каталіцкая місія дапамогі ўхваляе пачатак перамоваў наконт далучэньня Турэччыны. “Бясспрэчнай іх умовай мы ўважаем забеспячэньне свабоды веравызнаньня, якая ня ёсьць нейкім правам, па якім могуць яшчэ ісьці дыскусіі”, – падкрэсьліў Фюрстэнбэрг.

На думку Амкэ Дытэрт-Шойер, экспэрткі грамадзкае арганізацыі Amnesty Deutschland па справах Турэччыны, гэтая краіна паводзіць сябе так, быццам бы і не зьяўляецца сьвецкай дзяржавай. Даволі значныя дзяржаўныя рэсурсы накіроўваюцца вылучна на карысьць суніцкага адгалінаваньня ісламу. Іншым жа веравызнаньням не дазволена ані будаваць ці аднаўляць бажніцы, ані ладзіць службы й набажэнствы на іншых мовах.

У той самы час экспэрт па справах Турэччыны Гайрэддзін Айдын з Брэмэнскага ўнівэрсітэту кажа пра станоўчыя зьмены. “Практычна зараз рэлігійным грамадам больш ня чыняць перашкодаў у іх дзейнасьці, да таго ж сьвятары могуць працаваць і пры амбасадах. Дый наагул адбылася лібэралізацыя”. На думку гэтага навукоўцы, далучэньне да ЭЗ значна паспрыяе далейшаму рэфармаваньню турэцкае дзяржавы. Старшыня Нямецкае канфэрэнцыі біскупаў, Кардынал Карл Легман у інтэрвію газэце “Bild am Sonntag” цьвердзіць, што Турэччына “пакуль яшчэ, на жаль, ня мае намеру быць падобнай да эўрапейскіх краінаў у сфэры правоў чалавека”. Кардынал Легман адзначае , што суньніцкі іслам зьяўляецца ў Турэччыне амаль-дзяржаўнай рэлігіяй, не зважаючы на тое што ўжо больш за восемдзесят гадоў рэлігія ў гэтай краіне адасобленая ад дзяржавы. “Хаця кожны чалавек у Турэччыне можа сам выбіраць сабе рэлігію, але хрысьціянскія цэрквы знаходзяцца ў няроўным становішчы. Кардынал у прыватнасьці патрабуе для цэркваў права набываць ды валодаць маёмасьцю.

Адметна, што каталіцкія задзіночаньні дэманструюць надзвычай рэдкае для іх адзінства зь зялёнымі ды сацыял-дэмакратамі ў пытаньні паўнавартаснага чалецтва Турэччыны ў ЭЗ, а не падтрымліваюць (як лягічна было б чакаць) хрысьціянска-дэмакратычныя партыі ХДЗ/ХСЗ зь іх прапановамі прывілеяванага партнэрства. На думку эвангелісцкага біскупа Рольфа Копэ, Турэччына не сасьпела для ЭЗ, бо “ў Турэччыне няма свабоды веравызнаньня для хрысьціянаў, што была б гарантаваная юрыдычна”.

Скарыстаныя артыкулы:

1. Türkei: EU plant Beitrittsverhandlungen mit Hintertürchen. 29.11.2004; http://www.spiegel.de/politik/ausland/0,1518,330189,00.html
2. EU: Schröder und Chirac einig über Türkei-Beitritt. 02.12.2004; http://www.spiegel.de/politik/deutschland/0,1518,330701,00.html
3. Brief an Schröder: Unionsspitze warnt vor türkischem EU-Beitritt. 04.12.2004; http://www.spiegel.de/politik/deutschland/0,1518,331057,00.html
4. Dorothée Junkers. Türkei und EU: Beim christlichen Gebet sitzen die Spitzel nebenan. 06.12.2004; http://www.spiegel.de/politik/deutschland/0,1518,330845,00.html
5.K-Frage in der CDU: Koch spricht sich gegen vorzeitige Festlegung auf Merkel aus. 06.12.2004. http://www.spiegel.de/politik/deutschland/0,1518,331201,00.html

Пераклаў й апрацаваў зь нямецкае мовы Кірыл Касьцян.


 

Камэнтар-паслоўе. Сяржук Богдан

 

Што да меркаваньняў, прадстаўленых ва ўплывовым нямецкім часопісе “Шпігель”, уважаем патрэбным зацеміць, што найбольш праблемаў з захаваньнем правоў чалавека дый наагул канстытуцыйнага ладу праўнай дзяржавы Турэцкая Рэспубліка мае не з рэлігійнымі мяншынямі. Проста рэлігійныя мяншыні (у колькі дзясяткаў тысячаў чалавек) маюць абаронцаў-адзінавернікаў у Эўропе, таму іх беды артыкулююца ў СМІ. Больш значнымі плямамі на вобразе Турэччыны зьяўляюцца:

1) Рэпрэсіі і адмаўленьне ў праве на разьвіцьцё для курдзкай нацыянальнай мяншыні, колькасьць якой дасягае дванаццаці мільёнаў чалавек, але якая ня мае магчымасьці нават для выкарыстаньня роднае мовы. Любая партыя, што апынаецца пад падозраньнем у сувязях з курдзкім нацыянальным рухам, імгненна трапляе пад забарону. Толькі колькі месяцаў таму з турмы была вызваленая колішняя (да арышту) дэпутатка парлямэнту Лейла Зана, якая адседзела ў зьняволеньні больш за дзесяць гадоў толькі за тое, што скарысталася ў парлямэнце краіны курдзкай мовай.

Рэпрэсіі супраць курдзкага насельніцтва на ўсходзе краіны многімі міжнароднымі назіральнікамі (у тым ліку, “Міжнароднай амністыяй”) ацэньваліся як этнічныя чысткі, з зьнішчэньнем тысячаў курдзкіх вёсак і гвалтоўным перасяленьнем дзясяткаў тысячаў чалавек.

2) Фашыстоўская дзяржаўная ідэалёгія кемалізму, што фармуе пачуцьцё турэцкай перавагі над іншымі народамі. Кемалізм ёсьць абавязковым для ўсіх грамадзянаў краіны вучэньнем, крытыка якога караецца, як крымінальнае злачынства.

3) Мякка кажучы, нестабільны палітычны лад у краіне з актыўнай роляй вайскоўцаў у палітычным жыцьці. На гэта накладаецца значная карумпаванасьць палітыкаў і іх повязі з крымінальным сьветам і войскам (згадайма пра скандальны выпадак, што адбыўся ў Сусурлуку ў 1996 г., стаўшы неабвержным доказам адзінства крыміналу, войска і палітыкі). Дзейнасьць партыяў, няўрадавых арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў знаходзіцца пад пільным наглядам і кантролем дзяржавы.

4) Гістарычная спадчына Турэччыны. Маем на ўвазе генацыд армянскага народу, у якім бралі актыўны ўдзел заснавальнікі Турэцкай Рэспублікі, у тым ліку Ататурак. У выніку генацыду (возьмем толькі найбольш вядомы яго этап – 1915 г.) было фізічна вынішчанае і выгнанае армянскае насельніцтва на большай частцы армянскае этнічнае тэрыторыі – у Заходняй Армэніі і Кілікіі. Дагэтуль Турэччына не толькі не перапрасіла за учыненыя мільённыя забойствы на нацыянальна-рэлігійнай глебе, але і не прызнала факту генацыду. Афіцыйнае прызнанне Турэччынай факту генацыду было, згодна з пастановай Эўрапарлямэнту ў 1987 г. (і паўторна ў 2000 г.), прызнанаеyt неабходнай умовай уступлення ў ЭЗ. Дарэчы, менавіта армянскі генацыд 1915 г. меў за прыклад Гітлер, плануючы вынішчэньне ўсіх жыдоў.

І гэта толькі найбольш выбітныя супярэчнасьці.

 

 

Камэнтар-паслоўе. Кірыл Касьцян

 

Датычна туркаў і Турэччыны вaртa звaжaць  на такі aспэкт, як гaтоўнaсьць туркaў інтэгрaвaццa ў эўрaпейскaе грaмaдзтвa.

Турэцкія эмігрaнты прыносяць  у Эўропу ня толькі свaю рэлігію й культуру, aле й свaе нaцыянaльныя звaдкі. Яскравым прыкладам ёсьць Бэльгія. Эмір Кір, Брусэльскі дзяржaўны сaкрaтaр ёсьць вядомым турэцкім нaцыянaлістым, які ненaвідзіць aрмянaў. Ён неаднаразова брaў удзел у дэмaнстрaцыях, удзельнікі якіх пaтрaбaвaлі зруйнaвaць aрмянскі мaнумэнт у Брусэлі. Гэты мaнумэнт пaўстaў у пaмяць прa 1,5 мільёны aрмянaў-хрысьціянaў, якія стaліся aхвярaмі турэцкaгa гэнaцыду ў 1915 р. Помнік быў устaлявaны aрмянaмі, якія знaйшлі прытулaк у Бэльгіі пaсьля першaе сусьветнaе вaйны й стaліся зaконaпaслухмянымі й зaможнымі грaмaдзянaмі гэтaе крaіны. Бэльгійскія aрмяне aніколі не пaтрaбaвaлі перaдзелу нa свaю кaрысьць ці нaaгул aтрымaньня якое-кольвек сaцыяльнaе дaпaмогі (redistributional solidarity).

Пaводле Кірa, які стaўся сябрaм Брусэльскaгa ўрaду, aдкaзным зa публічныя мaнумэнты, “тaк звaны гэнaцыд aрмянaў” ёсьць містыфікaцыяй ды aдмысловaй прыдумкaй “імпэрыялістых”. Aле не aдзін Кір зaклікaе дa руйнaвaньня помніку. Рaзaм зь ім ідэю пaлымянa пaдтрымлівaюць шэраг вядомых бэльгійскіх палітыкаў ад лібэрaлаў да “хрысьціянскіх”-дэмaкрaтаў, якія ўсе мaюць турэцкaе пaходжaньне.

 

 

Камэнтар-паслоўе. Уладзіслаў Белавусаў

 

Пытаньне пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу мусіць разглядацца ня толькі скрозь прызму эканамічных чыньнікаў. Гэта ў першую чаргу пытаньне сацыяпалітычнай ідэнтычнасьці. Апошні бум публікацыяў у эўрапейскай прэсе стасоўна пытаньня пра мажлівасьць далучэньня Турэччыны да ЭЗ добра ілюструе, што Бэрлін і Парыж дагэтуль ня маюць акрэсьленага ўяўленьня пра найноўшую эўрапейскую тоеснасьць. Брусэль, які зь цяжкасьцю дае рады інтэграцыі ўсходняга элемэнта ў супольнасьць, які ўпарта заплюшчвае вочы на імкненьні спрадвечнай часткі эўрапейскае прасторы – Украіны, Малдовы, Беларусі – рэінтэгравацца ў сваю гістарычную калыску, які ўсё часьцей сустракаецца з праблемай мусульманскай грамады – той самы Брусэль гасьцінна прыадчыняе дзьверы кавалку аўтарытарнае палітычнае культуры азіяцкага дэспатызму, якую нясе з сабой Турэччына.

Што такое “запрашэньне стаць чальцом ЭЗ” у катэгорыях сацыяпалітычнае ідэнтыфікацыі? Ці лепей зьмяніць мадальнасьць ды спытацца, што яно мусіць азначаць ipso facto.

Пачнем з таго, што сёньняшняя палітычная культура Эўропы – гэта насамрэч ВЯЛІКІ набытак паваеннага палітычнага мысьленьня. Набытак, якога наўрад ці варта выракацца й які ёсьць асабліва відавочным з пункту гледжаньня ўсходнеэўрапейца. Гэта, між іншым, сыстэма развітой грамадзянскай супольнасьці; гэта сацыяльна арыентаванае заканадаўства; гэта талеранцыя як найвышэйшая ступень міжасабовае камунікацыі; гэта парлямэнтарызм і панаваньне прадстаўнічых формаў праўнага мэханізму; гэта перакананьне ў першаснасьці асабовага над калектыўным; гэта Эўрапейскі суд, які ўпершыню дае мажлівасьць грамадзяніну скардзіцца на дзяржаву; гэта прэзумпцыя свабоды веравызваньня й вышэйшасьці права асобы на волю над хрысьціянскай маральлю; гэта палітычная культура, для якой гендэрны балянс ёсьць натуральным складнікам; гэта эмансыпацыя ад сярэднявечага цемрашальства й постмадэрновы культурніцкі працэс. Урэшце, палітычная культура Эўропы прэзэнтуе тое, што Артэга-і-Гасэт у свой час назваў “найвышэйшай веліччу духа: гэта права, згодна якому бальшыня прызнае мяншыні, вось жа, гэта найшляхетнійшы покліч, які пралунаў на гэтай плянэце” – гэта лібэральная палітычная тоеснасьць.

Ці гатовая Эўропа, як пэўная сацыяпалітычная канструкцыя, інтэграваць аўтарытарную культуру сучаснае Турэччыны? “Запрашэньне стаць чальцом” ёсьць par excellence прызнаньнем адпаведнасьці праўніцка-палітычных інстытуцыяў дамінуючай палітычнай культуры ЭЗ. І справа тут зусім ня ў мусульманскасьці Турэччыны. Ня варта блытаць tertio comparationis. Справа ў існай палітычнай тоеснасьці. Францыя дагэтуль пакутуе на “сындром калянізатара”, Нямеччына, прынамсі, публічна дэманструе непрыняцьце фашыстоўкае ідэалёгіі, Гішпанія ды Вялікая Брытанія (хоць падчас вымушана) даюць усё больш аўтаноміі нацыянальным правінцыям і д.п. У гэты час Турэччына працягвае замінаць нацыянальнаму разьвіцьцю курдаў і публічна выракаецца факту генацыду армянаў. У які спосаб можна аб’яднаць аўтарытарную культуру палітычнага мысьленьня Турэччыны й акрэсьлена лібэральную палітычную тоеснасьць, напрыклад, Даніі?

Іншая эўрапейская структура, што разьвівалася паралельна з ЭЗ – Рада Эўропы – можа быць цудоўным прыкладам марнасьці спадзеваў на дэмакратызацыю азіяцкае палітычнае тоенасьці. Фактычна спачатку ўвядзеньне ў склад , а потым неўжываньне санкцыі выключэньня гэтай арганізацыяй стасоўна Турэччыны ёсьць на сёньня адным з шматлікіх доказаў недастатковай эфэктыўнасьці правядзеньня ў жыцьцё супольнага эўрапейскага погляду на правы чалавека (якія знайшлі адлюстраваньне ў Эўрапейскай канвенцыі па правох чалавека 1950 г.). Выпадак Турэччыны часта ставіцца ў дакор Радзе Эўропы, й няма жадных гарантыяў, што аднога дня Турэччына ня выканае патрабаваньне страсбургскіх судзьдзяў.

Можа для эўрапейскага палітоляга надыйшоў час разьвітацца зь ілюзыямі наконт ролі ЭЗ як унівэрсальнага дэмакратызатара, вызначыць падмуркі сваёй палітычнай тоеснасьці ды сфармуляваць, урэшце, на яе падставе акрэсьленую сыстэму стандартаў эўразьвязаўскай пэрцыпцыі дэмакратыі? Годзе цешыцца ілюзыямі ўсходняе казкі – на мяжы з Эўразьвязам ўжо напоўніцу віруе памаранчавая рэвалюцыя!..

 


Кірыл Касьцян (нар. у 1982 г.) – Атрымлівае ступень магістра ва ўнівэрсытэце Брэмэн, Нямеччына. Абсальвэнт аддзяленьня “міжнароднае права” факультэта міжнародных стасункаў БДУ. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў – права ЭЗ і дзяржаваў-удзельніцаў у кантэксьце эўраінтэграцыі.

 

Сяргей Богдан (нар. у 1982 г. у м. Маладэчна) – палітоляг-усходазнаўца, рэфэрэнт-перакладнік з пэрсыдзкае й японскае моваў, карэспандэнт газэты “Наша Ніва”, абсальвэнт аддзяленьня “міжнародныя стасункі” факультэта міжнародных стасункаў БДУ, навучаецца на факультэце тэалёгіі Тэгеранскага ўнівэрсытэту ў Іране. Галіна паліталягічных зацікаўлінасьцяў – Курдзкая працоўная партыя, актуальныя праблемы ўсходняй палітыкі. Апошняя публікацыя – рэцэнзыя на кнігу швайцарскага дасьледніка Поля Зутэра, прысьвечаную тэфсыру (сярэднявечаму перакладу Кур’ану на беларускую мову), у часопісе ARCHE, 5-2004.

 

Уладзіслаў Белавусаў нарадзіўся ў 1984 годзе ў Гомлі. Навучаецца на IV курсе аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ ды аддзяленьні філязофіі Беларускага калегіюму. Спэцыялізуецца на вывучэньні эўрапейскага права. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў – вывучэньне прававога мэханізму ўсталяваньня білінгвізму ў розных краінах, прававыя інстытуцыі Эўразьвязу, сацыялёгія права. Апошняя публікацыя – “Карысьці далучэньня да ЭЗ на прыкладзе новых чальцоў” (даступная на http://www.abcnet.com.pl/blr/artykul.php?art_id=91&token)

 



   
© 2004-2012, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!