Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Глябалізацыя кантролю над міграцыяй | Франк Дзювэль (Franck Düvell) | 29.11.2004

Перакладзена паводле тэксту, зьмешчанага на сайце: www.noborder.org.

Тэкст друкуецца з ласкавай згоды аўтара

МАМ рэкамэндавала ўраду Турэччыны “перашкаджаць незаконнай міграцыі ды змагацца з гандлем людзьмі.

(International Organisation for Migration, 1995, [1])

У Турэччыне падчас спробы нелегальна перайсьці мяжу … дзевяць чалавек застрэленыя. Пяцёра іншых параненыя. 139 чалавек з Афганістану, Пакістану ды Банглядэш спрабавалі перайсьці іранска-турэцкую мяжу.

(Tageszeitung, 11.5.2000)

Напруга, што існуе паміж правам на свабоднае перасоўваньне [2] і правам нацыянальных дзяржаваў абараняць свае межы і кантраляваць доступ на сваю тэрыторыю, як дэманструе вышэйзгаданы выпадак, - неад’емная ад пытаньня жыцьця і сьмерці. Падзея на іранска-турэцкай мяжы – зусім не выпадковасьць, а адлюстраваньне ў рэчаіснасьці той дыскусіі, што адбываецца на міжнародным узроўні. “Тыя, хто належаць да краінаў з найбольш заможнымі эканомікамі, усё болей пагаджаюца з поглядам Распайю на сьвет як на ўтвораны двума “лягэрамі”, аддзеленымі адзін ад аднаго і няроўнымі, - дзе багатыя хутка будуць вымушаныя змагацца, а бедныя – загінуць, калі, канечне, нас не захлыне масавая міграцыя”, - да такой ступені кансэрватыўнага францускага мысьляра ды эсэіста Figaro паважаюць палітычныя кансультанты, якія вызначаюць палітычны курс ЗША [3]. Гэта рыхтуе глебу для “мілітарызацыі кантролю над міграцыяй” [4], і таксама ёсьць прыкметай таго, што міжнародная супольнасьць гатовая прынесьці жыцьці людзей ў ахвяру дзеля захаваньня status quo, што вызначаецца сацыяльнай несправядлівасьцю, няроўнасьцю ды выключэньнем. Тое, аднак, што тут падаецца зваротам да ірацыянальнага пачуцьця страху, мае насамрэч вельмі рацыянальныя перадумовы.


Свабода перасоўваньня супраць эканамічнага кіраваньня міграцыяй


Паўсюль у сьвеце міграцыя сталася адной з галоўных тэмаў; зноў і зноў у такіх розных краінах, як Нямеччына, Вялікая Брытанія, Аўстралія ды Малайзія, Лібія, Аргентына, Нігерыя, Кенія, і самы апошні выпадак - Кот-д'Івуар, - узьнікаюць крызы міграцыі ці прытулку, а мігрантаў ператвараюць ў ахвярнага казла. Сьцвярджаецца, што глябалізацыі адпавядае павелічэньне мабільнасьці ды міграцыя. Перадусім “незаконная міграцыя” - тэрмін, які ўжываюць, каб шальмаваць непажаданых (нават калі яе часам і разглядаюць як крыніцу таннай працоўнай сілы), - успрымаецца як пагроза нумар адзін для сусьветнага парадку ды непадзельнасьці нацыянальных дзяржаваў [5]. Паводле МАМ ды іншых крыніцаў, па ўсім сьвеце налічваецца да 33 мільёнаў “нелегальных імігрантаў”, што ў чатыры разы перавышае колькасьць насельніцтва Швэцыі [6]. Публікацыі папярэджаньняў пра тое, што палова мараканскай моладзі ці 50 мільёнаў расейцаў жадаюць пераехаць на поўнач, ці, адпаведна, на захад, – частая зьява; некаторыя проста ўраўноўваюць глябальнае павелічэньне колькасьці насельніцтва з будучай міграцыйнай напружанасьцю [7]. Міграцыю таксама часта зьвязвалі з пэўным спосабам супраціву [8], “рэвалюцыяй прадчуваньняў” (Юнгфэр), “рэвалюцыяй басоты” (Рымскі клюб), “рушэньнем супраць галечы” (Гэлбрэйт). Любое дасьледаваньне міграцыі тыпова высоўвае на першы плян жаданьні, мары, прадчуваньні ды патрэбы імігрантаў. Таму міграцыя таксама да некаторай ступені ёсьць “сацыяльным рухам у кірунку глябальнай сацыяльнай справядлівасьці” [9]. Калі адно ператвараць мігрантаў ў ахвяраў ці проста недаацэньваць іхную ролю, гэта не дапаможа зразумець сутнасьць самой зьявы міграцыі ды глыбокі сэнс антаганізму, якім яна вызначаная; разьмежаваньне паміж міграцыяй у пошуку прытулку, унутранай міграцыяй ды міграцыяй, што зьвязаная зь пераходам мяжы, і мабільнасьцю - таксама не прыносіць плёну. Сыванандан справядліва адцеміў, што варункі, у якія патрапляюць уцекачы, выгнанцы, часовыя працаўнікі ці тыя, хто рушыць зь бедных вёсак у прывабную сталіцу ў межах адной краіны, - завязаныя на адным сацыя-палітыка-эканамічным кантэксьце, усе гэтыя людзі тым ці іншым чынам сталі выгнанцамі ў выніку адной і той жа самай палітыкі ды ейных аспэктаў: глябалізацыі [10].

Фактычна, “сьвет зрушыў зь месца” [11] да такой ступені, што агульны маштаб мабільнасьці па ўсім сьвеце дасягнуў недзе ад прыблізна паловы мільярду да аднаго мільярду чалавек [12]. Таксама слушныя словы зь італьянскага буклету супраць саміту G8: міграцыя - гэта новы прывід, які прыйшоў у сьвет. [13] Сапраўды, у самым цэнтры міграцыі палягае сацыяльнае пытаньне, яна прадстаўляе частку сусьветнага пралетарыяту, мабільнага ў глябальных маштабах. Нібы ў адказ на гэта нацыянальныя ўрады ды міжнародныя арганізацыі дасягнулі згоды ў тым, што міграцыю неабходна рэгуляваць і “слушна кіраваць” ёю (МАМ). Вызначэньне ды аналіз т. зв. “праблемаў” і падрыхтоўка глебы для зьменаў, што маюць адбыцца, часта ажыцьцяўляюцца падчас міжнародных канфэрэнцыяў, такіх, як “Кіраваньне міграцыяй у ХХІ стагодзьдзі” (Гамбург 1998) ці “Міжнародны сімпозыюм па міграцыі: на шляху да рэгіянальнага супрацоўніцтва па праблеме незаконнай міграцыі” (Бангкок 1999). Тым часам складана знайсьці міжнароднае пагадненьне, канвэнцыю па стабілізацыі, двухбаковы плян дзеяньняў ці дамову, якія не зьвярталіся б да праблемы міграцыі ды неабходнасьці супольна чыніць ёй перашкоды. Калі нэалібэралізм, разам зь ягонымі ўтылітарысцкімі прынцыпамі, ухвалены як пануючая ідэалёгія паўсюль у індустрыялізаваным сьвеце, ня дзіва, што менавіта на ягоным тле паўстала сутнасьць міграцыйнае палітыкі.

Мэтаю кантролю над міграцыяй ніколі не было зьмяншэньне яе да ўзроўню “нулявой міграцыі”, не зважаючы на тое, што цягам кароткага пэрыяду паміж 1973 ды 2000 гадамі так сапраўды можна было меркаваць. Наадварот, міграцыю заўжды разглядалі як падставовую зьяву для эканамічнага росту - што да гісторыі ЗША ды мэксыканска-амэрыканскай індустрыі maquiladora1, Рурскага рэгіёну Нямеччыны падчас паваеннага буму, ці індустрыялізацыі краінаў Пэрсідзкае Затокі, а таксама эканамічных посьпехаў “глябальных гарадоў” трохкутніка росту Паўднёвае Азіі2 [14]. Міграцыйная палітыка ёсьць шчыльна зьвязанай з дэмаграфічнай палітыкай, працоўнай палітыкай, а таксама з замежнай палітыкай ды войнамі. Яна мае шмат аспэктаў, да прыкладу, стрымваньне руху бедных да цэнтраў назапашваньня багацьця, ці, наадварот, рэкрутаваньне працаўнікоў-мігрантаў у гэтыя цэнтры, таксама выгнаньне “лішку людзей” зь іхнай зямлі ці стварэньне перашкодаў на шляху міграцыйных рухаў, народжаных вайной ці экалягічнай катастрофай. Міграцыю аналізуюць як зьяву, што патэнцыйна ёсьць перадумовай эканамічнага росту і адначасова пагрозай капіталізму ды назапашваньню багацьця, таму рэкрутаваньне людзей і палітыка перашкодаў так шчыльна зьвязаныя паміж сабой. Гісторыя зусім не ў апошняй ступені ёсьць працяглай барацьбой за доступ да тэрыторыяў і рэсурсаў [15].

У 1999 годзе Эўрапейскі Зьвяз ды ягоныя краіны-ўдзельніцы падчас саміту ў Тампэры вырашылі мадэрнізаваць сваю іміграцыйную палітыку ў адпаведнасьці з трыма накірункамі: (a) стрымліваньне міграцыі шукальнікаў прытулку, (б) барацьба зь незаконнай міграцыяй, ды (в) стварэньне новых каналаў міграцыі для працаўнікоў-мігрантаў. (пра саміт у Тампэры ды прававыя аспэкты міграцыйнай палітыкі ЭЗ гл. артыкул К. Касьцяна “Ad Tampere da Stakholma: farmavańnie “eŭrapiejskaje prastory svabody, biaśpiekі pravaparadku" – рэдакцыя).

На саміце ЭЗ у Сэвільлі быў ўхвалены яшчэ адзін пункт: (г) пашырэньне дзеяньня эўрапейскае міграцыйнае палітыкі на ўсе астатнія краіны паходжаньня ці транзіту. Прапануючы інтэграваны падыход, ЭЗ імкнецца аб’яднаць захады для разьвязаньня ўнутраных праблемаў, такіх, як “старэньне насельніцтва, недахоп адмысловых спэцыялістаў, нізкая ўнутраная мабільнасьць рынку працы, зьмяншэньне эканамічнага росту” – са спробамі ўсталяваць свой кантроль над т. зв. міграцыйнай напружанасьцю, гандлем людзьмі, а таксама над пазытыўнымі элемэнтамі ў іміграцыі [16]. З часоў саміту ў Тампэры Нямеччына, Італія, Гішпанія ды Вялікая Брытанія сапраўды распачалі мадэрнізацыю сваёй іміграцыйнае палітыкі праз увядзеньне сыстэмы Green Card3, павелічэньне квотаў для замежных працаўнікоў, падпісаньне кантрактаў з “запрошанымі работнікамі” ці павелічэньне колькасьці дазволаў на прыезд. “Эканамічная міграцыя” - тэрмін, які да нядаўняга часу ўжывалі, каб дыскрэдытаваць тых, хто шукае прытулку, хутка набыў пазытыўны падтэкст. Аднак ўрады гэтых краінаў ня толькі адчынілі свае межы для некаторых відаў міграцыі, але і ўзмацнілі ролю галоўнай падставы для забароны на прыезд, якой ёсьць эканамічны разьлік.

Адмову атрымліваюць тыя, на каго няма попыту на рынку працы, - гэта сьведчыць пра тую ступень, на якой законы рынку стаюцца матывам, што дамінуе ў міграцыйнай палітыцы. Такія схемы, як сыстэма ацэнак у балях у Вялікай Брытаніі ці нямецкая Green Card, скіраваная на ацэнку “чалавечага капіталу прэтэндэнтаў на працу”, ці заклік Daily Telegraph да “кантролю за якасьцю” будучых імігрантаў, - акурат функцыянуюць у гэтым рэчышчы [17]. “Непажаданыя” ды “лішак людзей” будуць пакутаваць і ўжо пакутуюць ад гэткай жорсткасьці эканамічных законаў. Як працяг такіх знаёмых расысцкіх мадэляў, менавіта насельніцтва чорнага, азіяцкага ды славянскага сьвету ўспрымаецца як пагроза сусьветнаму парадку, самой структуры эканомікі ды сацыяльнай гіерархіі. Для многіх зь іх няма месца ў сьвеце інвэстыцыяў ды прыбытку. Для насельнікаў бедных частак сьвету, якія сталіся аб’ектам эксплюатацыі ды рабункаў, гэта ёсьць пытаньнем жыцьця ды сьмерці, - як яскрава даводзіць тое, што ў сьвеце сёньня 2,1 мільярды бедных, зь іх 800 000 чалавек пакутуюць на голад [18].


Мадэрнізацыя эўрапейскага міграцыйнага рэжыму


Эўрапейскі міграцыйны рэжым ёсьць найбольш дасканалым і сучасным ў параўнаньні з усімі іншымі. Захады па ягоным усталяваньні, з самых першых дзён, калі ў 1985 годзе да сфэры адказнасьці групы Трэві былі далучаныя праблемы міграцыі, з часоў Шэнгенскага пагадненьня, Дублінскай канвэнцыі ды “гарманізацыі” палітыкі прытулку, і, нарэшце, Амстэрдамскай дамовы ў 1999 годзе, на тле якой была створаная “адзіная тэрыторыя свабоды і бясьпекі”, - сымбалізуюць краепалеглыя камяні наднацыянальнага падыходу да міграцыі. Былі заснаваныя шматлікія ўстановы з такімі ўзьнёслымі назвамі, як Спэцыяльная група па праблемах міграцыі (Ad Hoc Group Migration), Працоўная група вышэйшага ўзроўню па праблемах міграцыі (High Level Working Group on Migration), Стратэгічны камітэт па праблемах міграцыі (Strategic Committee on Migration), цэнтры, што займаюцца зборам і абменам інфармацыяй стасоўна прытулку і пераходу мяжы (CIREA і CIREFI), ці Працоўнае пагадненьне пра ўзаемадзеяньне паліцыі Супольнасьці з краінамі Сярэдняй ды Ўсходняй Эўропы (Working Community Police Cooperation with Middle and East European Countries), - праца многіх зь іх ажыцьцяўляецца пры зачыненых дзьвярах, і не падсправаздачная дэмакратычнаму кантролю. Усе яны займаюцца праблемамі прытулку, міграцыі, “нелегальных імігрантаў”, “гандлю людзьмі” і пераходу мяжы.

З самага пачатку тэмп задавалі такія краіны-галоўныя ўдзельніцы Шэнгенскага пагадненьня, як Францыя, Нямеччына ды Нідэрлянды, - яны заўжды дамагаліся ўсталяваньня выпераджальнага, прэвэнтыўнага падыходу, скіраванага на ахоп як мага большай колькасьці краінаў; пазьней да іх далучыліся Вялікая Брытанія ды Гішпанія. Па-першае, пачатак 90-ых вызначаўся стварэньнем санітарнага кардону для ўсходнеэўрапейскіх суседзяў, а выкананьне Шэнгенскага пагадненьня сталася перадумовай для іх уступленьня ў ЭЗ [19]. Па-другое, ЭЗ прагнуў дамагчыся двухбаковых пагадненьняў з усімі іншымі краінамі, што зь ім мяжуюць, перадусім з тымі, што маюць выхад да Міжземнага мора, да прыкладу, з дапамогай Барсэлёнскай дэклярацыі, а таксама з краінамі, якія цяпер знаходзяцца па-за новымі вонкавымі межамі ЭЗ (такімі, як Югаславія, Малдавія ды Ўкраіна), дзеля гэтага, да прыкладу, быў створаны Балканскі выканаўчы камітэт па міграцыі. Па-трэцяе, памкненьне да ўзаемнага паразуменьня з Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкай увасобілася ў Супольны плян дзеяньняў ЭЗ і ЗША, а таксама Міжрэгіянальнае пагадненьне пра рамы супрацоўніцтва паміж ЭЗ ды Mercosur4. І, нарэшце, ЭЗ мае на мэце падпарадкаваць сваёй міграцыйнай палітыцы ўсе астатнія рэгіёны ці краіны паходжаньня і транзыту.

"Канфэрэнцыя міністраў ASEM5, прысьвечаная ўзаемадзеяньню ў кіраваньні міграцыйнымі плынямі паміж Эўропай ды Азіяй”, што адбылася ў красавіку 2002 году, ілюструе захады для залучэньня 10 найбуйнейшых азіяцкіх дзяржаваў у абсяг міграцыйнае палітыкі ЭЗ [20]. Эўрапейскія пляны дзеяньняў стасоўна Альбаніі, Марока, Ірака, Шры-Лянкі, Самалі ды Афганістану функцыянуюць як канкрэтны інструмэнт для блякаваньня міграцыі. Гэтыя назвы ўводзяць у зман, бо трэба мець на ўвазе, што кожны з плянаў дзеяньняў ахоплівае ўсе адпаведныя суседнія краіны ды краіны транзыту. Плян дзеяньняў стасоўна Іраку, да прыкладу, надае надзвычайную ўвагу Турцыі, і, такім чынам, міграцыі з Пакістану ды Банглядэш праз гэтыя краіны [21]. Ці таксама прыклад Альбаніі, якая была вызначаная як найбуйнейшы транзітны маршрут, які цяпер пачынае пераважаць над міграцыйнымі шляхамі праз Усход. Сутнасьць яшчэ аднаго інструмэнту палягае ў тым, каб разьмясьціць Эўрапейскую паліцыю і супрацоўнікаў іміграцыйных службаў і кансультантаў у міжнародных аэрапортах і штаб-кватэрах памежнай аховы, так, як гэта было зроблена ў Маскве, Бангкоку і Сараева.

Але галоўны дакумэнт, які вызначае стратэгію разьвіцьця ЭЗ - гэта Бэнінская канвэнцыя, наступніца Лёмскай канвэнцыі, якая ахоплівае ўсе краіны Афрыкі, Карыбскага басэйну ды Ціхаакіянскага рэгіёну (ACP). Падрыхтоўка праекту пачалася ў 2000 годзе; на саміце ЭЗ у Сэвільі ў двухбаковыя пагадненьні зь дзяржавамі ACP стасоўна стратэгіі разьвіцьця, тэхнічнага супрацоўніцтва і гандлю пастанавілі дадаць параграф пра кантроль над міграцыяй ды рэадмісію мігрантаў [22]. Вельмі падобным чынам пагадненьне паміж ЭЗ і ASEM дэманструе, што кантроль над міграцыяй ёсьць “важным элемэнтам” і перадумовай для добрых двухбаковых стасункаў. Але ж, каб падстрахавацца, краіны ЭЗ дамовіліся стварыць апошнюю лінію абароны шляхам інтэграцыі Заходнеэўрапейскага Зьвязу, які зьяўляецца ваёсковым альянсам, у ЭЗ і ўтварэньня вайсковазаванай структуры з 5 000 афіцэраў, якая можа быць разгорнутая, да прыкладу, каб стрымаць “масавы рух насельніцтва” [23]. Што да іміграцыі, ЭЗ выяўляе вельмі агрэсіўны падыход, і не спыняецца перад умяшаньнем ва ўнутраныя справы іншых краінаў, выкарыстоўваючы нават шантаж стасоўна субсыдыяў на разьвіцьцё ды пагрозы ўзброенай інтэрвэнцыі. ЭЗ імкнецца дамагчыся паўсюднага пагаджэньня са сваёй міграцыйнай палітыцы, што пашыраецца, нібы ўдарная хваля пасьля выбуху, на ўсе астатнія краіны. Аднак за лёгікай гэткага разьвіцьця можна пабачыць іншы ўзровень транснацыянальнага супрацоўніцтва і плянаваньня.


Транснацыянальныя арганізацыі, што ажыцьцяўляюць кантроль над міграцыяй


“Стратэгіі міжнароднага кантролю над міграцыяй” і “глябальнае кіраваньне міграцыяй” – падставовыя тэрміны ў сёньняшняй міжнароднай палітыцы [24]. Усе тыя адметныя рысы, што ўжо добра знаёмыя нам паводле стратэгіі рэгуляцыі фінансаў і тавараў, перадусім, роля IMF ці WTO, служаць таксама і для стварэньня накідаў глябальнай міграцыйнае палітыкі. Фактычна, Усеагульнае Пагадненьне пра Перасоўваньне Людзей, аналягічнае папярэдняму з гэтага ж шэрагу, пра мытныя тарыфы і гандаль (GATT), - ужо было прапанаванае [25]. Часта даводзяць, што старая сыстэма міграцыйнага кантролю пацярпела паразу, і што палітыка глябалізацыі патрабуе новай канцэпцыі [26]. Ідэя нацыянальнай дзяржавы абвешчаная банкрутам, глябальны таваразварот стала павялічваецца, межы стаюцца больш “порыстымі”, і на кантроль за вонкавымі межамі больш нельга спадзявацца, - у гнуткім сьвеце нягнуткія сыстэмы кантролю, такія, як межы нацыянальных дзяржаваў, стаюцца ўсё больш і больш неадэкватнымі. Таму і адбываецца зрух у кірунку ўсеабсяжнага рэжыму, што павінен ахопліваць увесь працэс міграцыі з краінаў паходжаньня, уздоўж накірункаў руху і праз любыя краіны транзыту да канчатковага пункту маршруту. Такая стратэгія палягае па-за рамамі нацыянальных дзяржаваў, якія перадусім самі адзначаюць патрэбу ў наднацыянальных і транснацыянальных арганізацыях замест састарэлага падыходу. А такімі ёсьць Міжурадавыя кансультацыі па праблемах прытулку, уцекачоў і міграцыйнае палітыкі6 (МК), Міжнародная арганізацыя па праблемах міграцыі (МАМ), да некаторай ступені Міжнародная арганізацыя працы (МАП) і некаторыя навуковыя цэнтры і рэгулярныя канфэрэнцыі.

МК былі заснаваныя ў 1985 годзе, калі Міжурадавы камітэт па праблемах міграцыі, што ім папярэднічаў, быў ператвораны ў Міжнародную арганізацыю па праблемах міграцыі. МК – гэта маленькі элітоўны “нефармальны форум”, што складаецца толькі з 16 удзельнікаў, якія зьбіраюцца разам, каб “ажыцьцяўляць абмен інфармацыяй і выпрацоўваць інавацыйныя рашэньні ды стратэгіі”. МК – бадай, галоўны дасьледчы цэнтар, што займаецца палітыкай кантролю над міграцыяй, таму цалкам верагодна, што такія падставовыя стратэгіі ды баявыя воклічы, як “гандаль людзьмі” і нават “нелегальная міграцыя” перад тым, як стацца паняткамі, прынятымі міжнароднай супольнасьцю, былі распрацаваныя і зацьверджаныя падчас гэтых кансультацыяў. Іхную арганізацыйную базу ўтварае Міжнародны цэнтар па разьвіцьці міграцыйнае палітыкі7 у Вене, дзе таксама знаходзіцца сакратарыят Будапэшцкага працэсу, што стаўся сынонімам для пашырэньня эўрапейскай міграцыйнай палітыкі на ўсход [27].

Аднак галоўнай арганізацыяй ёсьць МАМ [28]. Яна была заснаваная ў 1951 годзе як Міжурадавы камітэт па праблемах міграцыі ў Эўропе. Не складана вытлумачыць непакой стасоўна намераў камітэту, што ўзьнікае ў чытачоў, якія ведаюць, што ягоны папярэднік з аналягічнай назвай - Міжурадавы камітэт, створаны ў 1938 годзе ў выніку Эвіянскае канфэрэнцыі, - пацярпеў такую жахлівую паразу ў спробе выратаваць эўрапейскіх уцекачоў-габрэяў ад трагедыі, што іх напаткала [29]. Не зважаючы на тое, што база МАМ знаходзіцца побач са штаб-кватэрай ААН у Жэнэве, яна ня ёсьць часткаю гэтай структуры. Акурат наадварот, яна была заснаваная ў процівагу Кіраўніцтву Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў (UNHCR), ўтворанаму на год раней. У адрозьненьне ад UNHCR, якое грунтуецца на гуманітарных прынцыпах, для МАМ галоўным ёсьць эканамічны разьлік. Гэтая арганізацыя працуе ня дзеля дабрабыту людзей, але дзеля павелічэньня багацьця эканомік. Яна таксама функцыянавала як адзін зь інструмэнтаў дактрыны Трумана цягам пэрыяду халоднае вайны [30], і да гэтага часу адлюстроўвае прэтэнзію рэпрэзэнтоўваць адначасова тры бакі: урады, эканоміку і мігрантаў. Але, насамрэч, у мігрантаў ніякага парва голасу няма, яны папросту не прадстаўленыя, а там, дзе іхнымі справамі займаюцца NGO, гаворка ідзе пра апеку, а не пра магчымасьць чыніць уплыў [31]. У 1980 годзе назва камітэту зазнала зьмену: згадка пра Эўропу ў новай назьве - Міжурадавы камітэт па праблемах міграцыі (ICM), - была адкінутая, каб засьведчыць павелічэньне ўдзелу арганізацыі ў пытаньнях Трэцяга сьвету, а з распадам Усходняга блёку ICM быў канчаткова трансфармаваны і пераназваны ў МАМ. У склад арганізацыі ўваходзяць прадстаўнікі каля 100 краінаў-удзельніц, на чые сродкі існуе і дзейнічае арганізацыя, - ейная рэзалюцыя ды абвешчаная місыя робяць яе арганізацыяй, што палягае на чалецтве. Аднак МАМ прэтэндуе яшчэ і на права на атрыманьне грамадзкіх і прыватных фінансавых сродкаў, а таксама на ініцыяваньне разбору справаў у судзе і на недатыкальнасьць для супрацоўнікаў. Гэтыя прывілеі ёсьць гарантыяй унікальнага статусу і робяць МАМ вельмі ўплывовай і магутнай арганізацыяй.

МАМ прэтэндуе на тое, каб быць “галоўнай міжнароднай арганізацыяй па праблемах міграцыі”, і яна знаходзіцца на шляху да таго, каб пашырыць свой уплыў на ўвесь сьвет. Цягам апошніх некалькіх гадоў яна ператварылася ў вельмі складаную транснацыянальную арганізацыю, якая займаецца справамі ня толькі распрацоўкі ды ажыцьцяўленьня міграцыйнае палітыкі, перасоўваньня і часта вяртаньня людзей, але таксама бярэ ўдзел ў раззбраеньні партызанаў у Косава, Конга і Анголе, фармаваньні грамадзкай адміністрацыі ў Косава, рэнтгенаскапіі ды мэдычных аглядах эмігрантаў, да прыкладу, тых, якія атрымалі дазвол на пасяленьне ў ЗША і Канадзе, ці таксама ў выплаце кампэнсацыяў не-габрэям, якія працавалі як нявольнікі на нацыстаў. Праз апошнія пілётныя праекты паміж Фінляндыяй і Філіпінамі і паміж Гішпаніяй і Эквадорам МАМ таксама пачала ўдзельнічаць у найманьні працоўнай сілы, і, здаецца, можа зусім пераняць гэтую функцыю ад МАП. Але ж галоўнай мэтай застаецца кіраваньне міграцыяй (migration management) - МАМ ганарыцца тым, што зь першага году свайго існаваньня паўплывала на лёс ужо 11 мільёнаў чалавек. Толькі ў 2000 годзе яна перасяліла 450 000 чалавек па ўсім сьвеце, пераважана гэта былі высылкі і рэпатрыяцыі. Пералік ейных галоўных пунктаў прызначэньня - гэта сьпіс рэгіёнаў, разьдзіраных войнамі: Косава, Паўночны Ірак, Сьера-Леонэ. Акурат перад пачаткам вайны нават Афганістан быў пазначаны як галоўны накірунак рухаў. Фактычна, галоўная мэта арганізацыі - вяртаньне мігрантаў, якія часта непажаданыя там, дзе яны апынуліся. Да прыкладу, у 2000 годзе 75 000 чалавек выехалі за межы Нямеччыны, дзе ім было адмоўлена ў прытулку, але тое, што спрабавалі прадставіць як добраахвотнае вяртаньне, сталася насамрэч абыякавай “халоднай высылкай”.

Цераз тую ролю, якую МАМ адыграла ў высылцы прадстаўнікоў народу рома (то бок цыганоў) з Заходняй Эўропы, арганізацыя была абвінавачаная Нацыянальным кангрэсам гэтага народу як “вораг народу рома” [32]. Нацыянальны кангрэс распачаў судовую справу ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбурзе супраць МАМ за ейныя безадказныя дзеяньні і адтэрмінаваньне выплаты кампэнсацыяў тым прадстаўнікам народу рома, якія сталіся ахвярамі нацызму.

Толькі цягам двух гадоў МАМ падвоіла колькасьць сваіх прадстаўнікоў з 40 да 100. Увесь сьвет быў падзелены на 19 рэгіёнаў міграцыі, на чале кожнага зь якіх стаіць рэгіянальная штаб-кватэра, да прыкладу, у Брусэлі, Рыме, Будапэшце, Гельсынкі ці Бангкоку. Ейныя пэрэфэрыйныя філіі, што ажыцьцяўляюць “Праграму збору інфармацыі па праблемах міграцыі”, можна разглядаць як бастыёны глябальнай “сыстэмы папярэджаньня міграцыі”, якая пастаўляе ў краіны-пункты прызначэньня дадзеныя пра міграцыйныя рухі, структуры, сувязі і памагатых [33]. МАМ экспартуе эўрапейскую мадэль кантролю над міграцыяй ва ўсе астатнія часткі сьвету, такія, як Заходняя Афрыка, дзе МАМ і “Эканамічная супольнасьць заходнеафрыканскіх дзяржаваў зьбіраюцца заснаваць Аддзел міграцыйнае статыстыкі, які дазволіць палепшыць разуменьне праблемаў міграцыі і дапаможа заснаваць эфэктыўныя міграцыйныя праграмы і міграцыйную палітыку” [34]. Тое ж самае адбываеццца ў Паўднёвай Амэрыцы ў рамах Пуэблаўскага працэсу і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі ў рамах Манільскага працэсу, кожны зь якіх ёсьць сынонімам рэгіянальнага міграцыйнага рэжыму.

МАМ заўжды распачынае сваю дзейнасьць зь якіх-небудзь дасьледаваньняў, пасьля справаздачу публікуюць, адзначаючы выяўленыя праблемы, такія, да прыкладу, як колькасьць нелегальнага насельніцтва [35]. Часта насамрэч гаворка ідзе пра грамадзянаў суседняй краіны, і ў краіне, зь якой яна мяжуе, дзе яны жывуць і працуюць, іхная прысутнасьць не ўспрымаецца як праблема цераз гістарычныя і культурныя сувязі паміж народамі – прыкладам можа служыць 50-гадовая традыцыя адчыненых межаў паміж краінамі СЭУ8. Калі ўжо “праблема” была створаная, МАМ прыходзіць у краіну і прапануе парады стасоўна стратэгіі ейнага разьвязаньня, дапамогу ў распрацоўцы і ажыцьцяўленьні новай палітыкі, і, нарэшце, навучае карыстацца новымі тэхналёгіямі кантролю над міграцыяй. Да прыкладу, ва Ўкраіне МАМ наладзіла тамтэйшым памежнікам экскурсію на мэксыканска-амэрыканскую мяжу, каб прадэманстраваць, як выглядае эфэктыўны рэжым кантролю.

МАМ ня толькі назапашвае, канцэнтруе і, у сваю чаргу, пашырае сучасны стан рэчаў у палітыцы і тэхналёгіі кантролю над міграцыяй ва ўсіх частках сьвету, яна таксама прапануе ўсеабдымны падыход, утвораны камбінацыяй захадаў, у шэраг якіх уваходзяць схемы дыскрэдытацыі міграцыі (т. зв. “Інфармацыйныя сэмінары”), стварэньне новых пунктаў памежнага кантролю (як ва Ўкраіне), будоўля і падтрымка дзейнасьці лягераў для затрыманых (да прыкладу, у Наўру), высылка непажаданых мігрантаў (т. зв. “добраахвотныя схемы вяртаньня”, што дзейнічаюць у Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Нідэрляндах і шматлікіх іншых краінах) ды найманьне пажаданай працоўнай сілы (да прыкладу, з Эквадору для Гішпаніі). Міжурадавыя кансультацыі па праблемах прытулку, уцекачоў і міграцыйнае палітыкі ды Міжнародная арганізацыя па праблемах міграцыі ня толькі заснаваныя на эканамічных прынцыпах, але таксама выяўляюць надта расысцкую ідэю нацыянальнасьці, дому ды прыналежнасьці. Падставовым для іх ёсьць меркаваньне, што “людзі павінны пераважным чынам жыць там, дзе іхны дом, дзе іхны народ ды іхная зямля” [36].


Міт пра сьвет бязь межаў


Эўрапейская гісторыя паказвае, што вынікам эканамічнай інтэграцыі, мабільнасьці і міграцыі можа стацца пэўнае збліжэньне заробкаў [37]. Некаторыя навукоўцы таму чакаюць, што глябалізацыя пацягне за сабою зьнікненьне нацыянальных дзяржаваў і межаў, – і паўстане сьвет бязь межаў [38]. Іншыя мяркуюць, што нэалібэральная палітыка дэрэгуляцыі ў рэшце рэшт паўплывае на міграцыю, і будуць дазволеныя некантраляваныя масавыя перасоўваньні людзей [39]. Нэаклясычная эканамічная тэорыя спрабуе нас запэўніць, што глябалізацыя плюс міграцыя зьнішчаць няроўнасьць ды пацягнуць за сабою большую справядлівасьць у разьмеркаваньні [40]. Аднак гэта вельмі далёка ад рэалізму. Наадварот, нэалібэральныя навуковыя цэнтры, такія, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (OECD) ці Шматбаковая Камісія (Multilateral Commission) настойваюць на тым, што палітыка дэрэгуляцыі фінансаў і гандлю павінна ажыцьцяўляцца паралельна з палітыкай захаваньня моцнай сыстэмы рэгуляцыі перасоўваньняў працоўнай сілы і мігрантаў [41]. Гэта супадае з тэндэнцыяй стварэньня новых дзяржаваў, працэсамі перадачы паўнамоцтваў (як у Вялікай Брытаніі ды Італіі), прапанаванай канцэпцыяй эўрарэгіёну, што мусіць заступіць месца ідэі нацыянальнае дзяржавы, і адначасова з увядзеньнем новых пілётных схемаў для таго, каб кантраляваць, а калі неабходна, то і абмяжоўваць перасоўваньні хуліганаў, злачынцаў, шукальнікаў прытулку і супраціўнікаў глябалізацыі. Такое відавочнае разьмежаваньне патрабуе вытлумачэньня: імпэрыялізм засноўваецца на эксплюатацыі розьніцы ў заробках і ўзнаўленьні вытворчых выдаткаў паміж рэгіёнамі і краінамі, расамі ды поламі, узаконенымі і нелегальнымі сацыяльнымі групамі [42]. Ён вызначаецца стратэгічным інтарэсам у захаваньні сацыяльных і геаграфічных разьдзяленьняў шляхам падзелу чалавецтва паводле полу, расы і тэрытарыяльнай прыналежнасьці. Уяўленыя, сацыяльна сканструяваныя ці матэрыяльныя межы ёсьць падставовымі для сусьветнага эканамічнага парадку. Мэта міграцыйнае палітыкі – захоўваць сыстэму межаў і тэрыторыяў і ў гэты ж самы час эксплюатаваць розьніцу паміж краінамі ў заробках і вытворчых выдатках. Палітэканомія розьніцы ў заробках паміж Сынгапурам ды Інданэзіяй (1: 289), Мэксыкай і ЗША (1:50), ці Нямеччынай і Польшчай (1:10) добра падмацаваная дакумэнтальна [43]. Узмацьненьне межаў, кантроль над міграцыйнымі рухамі ды мабільнасьцю наагул, стварэньне новых межаў (да прыкладу, на Балканах ці паміж рэспублікамі былога Савецкага Саюзу) і нават тэхналёгіі кантролю за перасоўваньнем, такія, як камэры відэанагляду і біямэтрычнае сканаваньне, - аспэкты аднаго і таго ж працэсу. Ужо існуе “гіерархія мабільнасьці” [44], бо глябальным элітам дазволена вольна перасоўвацца, у той час, калі рухі працаўнікоў жорстка рэгуляваныя, а тым, хто не загадвае капіталамі (да прыкладу, турыстам), ці тым, хто не выяўляе эканамічнае актыўнасьці, перадусім калі яны могуць стацца фінансавым цяжарам для дзяржавы (як у выпадку з уцекачамі) - наагул перашкаджаюць перасоўвацца. Няроўнае стаўленьне да высокаадукаваных імігрантаў, шукальнікаў прытулку, нелегалаў і выгнанцаў - яскрава сьведчыць пра эканамічны разьлік, што існуе за падвойнай нэалібэральнай стратэгіяй дэрэгуляцыі і рэгуляцыі.


Высновы: глябальнае кіраваньне міграцыяй ня ёсьць унёскам у сацыяльную справядлівасьць


XVIII-ае і XIX–ае стагодзьдзі, калі панавала мадэль пераезду дзеля сталага пражываньня на незаселеныя раней кантынэнты, ці туды, дзе імігрантаў прымалі проста для таго, каб вынішчыць тубыльцаў, - даўно прамінулі. Канцэпцыі стасоўна “запрошаных работнікаў” і працаўнікоў-імігрантаў, якія паўсталі пасьля 2-ой сусьветнай вайны і прадугледжвалі, што часовыя працаўнікі вернуцца на радзіму, калі скончыцца эканамічны бум, - пацярпелі паразу, што і вымусіла такія краіны, як Францыя, Вялікая Брытанія ці Нямеччына, пагадзіцца са сваёй роляй шматэтнічных грамадзтваў. Аднак уступ да новага іміграцыйнага закону Нямеччыны відавочна сьведчыць пра тое, што гэтую памылку не зьбіраюцца паўтараць [45]. МАМ і ЭЗ сёньня прымаюць уласна глябальную міграцыю, але настойваюць, што ёю неабходна “слушна кіраваць”. Цяперашнія схемы, якія функцыянуюць у Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Італіі ці Гішпаніі, выяўляюць перавагу што да міграцыі на жорстка вызначаны кароткі тэрмін, якая больш адпавядае эканамічнаму попыту ў параўнаньні з пасяленьнем на працяглы тэрмін. Апошнія тэндэнцыі ў кіраваньні іміграцыяй перадусім адлюстроўваюць палітыку найманьня на кароткі тэрмін і хуткага звальненьня, - у выніку больш гнуткім і рухомым стаецца насельніцтва, а не сама іміграцыйная палітыка. Гэта таксама нагадвае стратэгіі, вядомыя з кейнсіянства, а менавіта тыя элемэнты, што былі скіраваныя на рэгуляцыю сацыяльных канфліктаў праз інтэграцыю працоўнае клясы і ейнага патрабаваньня вышэйшых заробкаў і стандартаў жыцьця ў працэсе капіталістычнага росту. Такая стратэгія, адаптаваная пад міграцыйную палітыку, мае на мэце разьвесьці прадукцыйныя і непрадукцыйныя элемэнты міграцыйных рухаў і ператварыць першыя на рухавік эканамічнага росту. Урады перадусім імкнуцца камбінаваць панятак этнічна аднастайнай нацыянальнай дзяржавы (такімі лічаць Тымор, Косава, Казахстан, Украіну, Кенію і г. д.) з рэжымам часовай міграцыі паміж гэтымі адзінкамі.

Агрэсіўнасьць, зь якой ЭЗ і ЗША, а таксама транснацыянальныя арганізацыі (у якіх яны дамінуюць) навязваюць свае канцэпцыі кантролю над іміграцыяй, ёсьць прыкметай імпэрыялістычнага зруху да таго, каб лёгка дамагацца падатлівасьці і падпарадкаваньня ад трэціх краінаў з дапамогай палітычнай, эканамічнай, фінансавай і нават вайсковай сілы. Што да іміграцыйнае палітыкі, да прыкладу, калі ЭЗ ці IMF разважаюць, як адрэагаваць на спад колькасьці насельніцтва, і нават адзначаюць, што для разьвязаньня гэтае праблемы можа спатрэбіцца да 75 мільёнаў імігрантаў, - гэта адлюстроўвае, што плянаваньне дзеяньняў, якія мусяць ахапіць ня толькі Эўропу, але і ўвесь сьвет, таксама ажыцьцяўляецца на самым высокім узроўні [46]. Такі падыход, паводле былога францускага міністра ўнутраных справаў Швэнэмана, пераўзыходзіць усе вядомыя практыкі, то бок любое зьвязанае з вайной выгнаньне, перасяленьне ці “абмен насельніцтвам” (які адбыўся на Індыйскім паўвостраве), ці папярэднюю палітыку Нямеччыны, скіраваную на тое, каб прывабіць некалькі мільёнаў этнічных немцаў з Расеі ды іншых постсавецкіх краінаў заклікамі “вярнуцца дадому”. У гэтым выпадку міграцыйная палітыка ператвараецца ў найбольш значны працэс дэмаграфічнай палітыкі.

Для асэнсаваньня міграцыйнай і дэмаграфічнай палітыкі , у рэшце рэшт, неабходна мець на ўвазе ўрокі нацыстоўскае палітыкі стасоўна насельніцтва ў межах эўрапейскае прасторы – дзеля таго, каб зразумець канцэпцыю вартасьці насельніцтва, ягонага здароўя і прадукцыйнасьці [47], і, такім чынам, сувязь паміж генацыдам, голадам, выгнаньнем, кіраваньнем міграцыяй, сацыяльным пытаньнем, стратэгіямі разьвязаньня праблемаў стасоўна міграцыі, дэмаграфічнымі праблемамі і зусім не ўсеагульнай сацыяльнай эфэктыўнасьцю капіталістычных грамадзтваў [48]. Існуе трывожная раўнавага паміж тымі, каго дэпартуюць з Эўропы, гэта блізу 350 000 чалавек штогод плюс невядомая лічба тых, хто зьязджае добраахвотна цераз скіраваную супраць іх палітыку, і тымі, хто наймаецца на працу ў Эўропе па адной з схемаў для замежных працаўнікоў. У гэтым сьвятле міграцыйная палітыка стаецца спосабам весьці справы 'UK plc' ці 'Deutschland AG'9, і рэпрэзэнтуе стратэгію сацыяльнай інжынэрыі, скіраваную на тое, каб рацыяналізаваць і перакамбінаваць насельніцтва гэтых краінаў як працоўную сілу. Менавіта на тле транснацыянальнай прыроды міграцыйнае палітыкі і паўстае новая якасьць кантролю над міграцыяй.

І, урэшце, для таго, каб утрымліваць непажаданых (а гэта бальшыня насельніцтва ўсяго сьвету) па-за межамі, былі заснаваныя жорсткая глябальная сыстэма дэпартацыяў і высылкі, падкантрольныя ААН “зоны бясьпекі”, лягеры для ўцекачоў і інтэрнаваных, ціхаакіянскія астравы-турмы, такія, як Наўру, і узброеная памежная ахова. Яны ёсьць характэрнымі для ХХІ стагодзьдзя сымбалямі няроўнасьці, несправядлівасьці ды палітыкі выключэньня. Зь іншага боку, заклікі зачыніць лягеры для затрыманых, спыніць дэпартацыі, рух “Нелегальных людзей не бывае”, патрабаваньні ажыцьцявіць амністыю для “асобаў без дакумэнтаў” (sans papiers), зьнішчыць усялякія формы кантролю над іміграцыяй і адчыніць межы, як сьцьвярджаюць і актывісты, колькасьць якіх увесь час павялічваецца, і навукоўцы [49], - задаюць накірунак для адзінага слушнага шляху да глябальнай сацыяльнай справядлівасьці ды роўнасьці.



1 (ад гішп. maquillar – зрабіць, сабраць) - прадпрыемствы свабоднага гандлю ў Мэксыцы і Цэнтральнай Амэрыцы, на якіх адбываецца зборка гатовых вырабаў на рээкспарт ў ЗША, краіну-пастаўляльніцу кампанэнтаў, якія ўвозяцца ў краіну-“зборачны цэх” у бязмытным рэжыме. Вызначаюцца нізкай аплатай працы, надзвычайнай эксплюатацыяй і бяспраўным станам працаўнікоў, калі іх часта звальняюць і наймаюць паўторна, з тым, каб не надаваць статуса сталых працаўнікоў.

2 Singapore-Jahor-Riau Growth Triangle - эканамічнае аб’яднаньне, у склад якога ўваходзяць Сынгапур, малайзійскі штат Джахор і інданэзійская правінцыя Рыаў

3 - дакумэнт, які надае замежніку дазвол на сталае пражываньне і працу ў краіне

4 скароч. ад “Mercado Comun del Cono Sur” - агульная назва для наступных краінаў на поўдні Паўднёвае Амэрыкі: Аргентыны, Бразыліі, Парагвая і Ўругвая, якія ўтвараюць агульны рынак.

5 скароч. ад “Asia-Europe Meeting”, “Азіяцка-Эўрапейскае пасяджэньне”.

6 Intergovernmental Consultations on Asylum, Refugees and Migration Policies (IGC)

7 International Centre for Migration Policy Development (ICMPD)

8 Рада эканамічнае узаемадапамогі (сацыялістычных краінаў Эўропы), міжурадавая эканамічная арганізацыя, якая існавала з 1949 па 1991гг. У ейна склад уваходзілі: Альбанія (да 1961 г.), Баўгарыя, Вугоршчына, Віетнам, Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка (да 1990 г.), Куба, Манголія, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславаччына.

9 то бок “публічная акцыянэрная кампанія з абмежаванай адказнасьцю Вялікая Брытанія” ды “акцыянэрнае таварыства Нямеччына”

Гэты артыкул ёсьць падсумаваньнем шэрагу дасьледваньняў, зьмешчаных у

Düvell, F. (рэд.) (2002): Die Globalisierung des Migrationsregimes. Materialien für einen Neuen Antiimperialismus 7.

Бэрлін: Assoziation A

1. IOM (1995): Migration Information Programme - Transit Migration in Turkey.

2. Якое, паводле тэорыі справядлівасьці Роўлза, ёсьць другім у шэрагу “падставовых сацыяльных выгодаў”. Гл. Rawls, J. (1971): A theory of justice, Оксфард: OUP.

3. Kennedy, P., Connelly, M. (1994): Must it be the rest against the west?, у: Atlantic Monthly, 12/1994, p. 61 - 91. Кенэдзі, прафэсар Елю і вайсковы экспэрт – прыхільнік мальтузіянства і прарок канцэпцыі дэмаграфічнага выбуху сярод насельніцтва краінаў трэцьцяга сьвету, гл. Kennedy, P. (1993): Preparing for the 21. century, Лондан: Random House.

4. Zolberg, A. (2001): Global migrants - global refugees, Нью-Ёрк: Berghahn.

5. Паводле аднаго з варыянтаў, яе вызначаюць як “не-вайсковую пагрозу бясьпецы”, Pargeter, A. (2001) Italy and the Western Mediterranean, Working Paper 26/01, ESRC "One Europe or Several?" Programme. Лёндан: Centre for Defence Studies, King's College.

6. Гл. да прыкладу International Organisation for Migration (IOM): Assisted Return Service, www.iom.int/new.htm, Siehe Sassen, S. (1996): Migranten, Siedler, Fluchtlinge, Frankfurt: Fischer, развагі аўтара ў Düvell, F. (2002): Die Globalisierung der Migrationskontrolle, у Düvell 2002, p. 45 – 168.

7. Stalker, P. (2000): Workers without frontiers, Лёндан: Rienner.

8. Macdonald, J.S. (1993): Agricultural organisation, migration, and labour militancy in rural Italy, у: Economic History Review, No. 16, p. 61 – 75.

9. Jordan, B., Düvell, F. ( 2003): Migration - Boundaries of Social Justice, Кэмбрыдж: Polity. Аднак дасьледваньне, прысьвечанае суб’ектнасьці мігрантаў, яшчэ толькі належыць зрабіць.

10. Sivanandan, A. (2000): Refugees from globalisation, у: CARF, no. 57.

11. Baumann, S. (2000): Globalisation - the human consequences, Кэмбрыдж: Polity.

12. Гл. Düvell (2002), калі ўлічваць міграцыю зь сельскае мясцовасьці ў гарады, міграцыю, зьвязаную зь пераходам мяжы, вымушаную міграцыю, рост “глябальных гарадоў” і надзвычайную ўнутраную міграцыю ў Кітаі.

13. YaBasta (2001): Breaking the walls of fortress Europe, Італія.

14. Kindleberger, C.P (1967): Europe's post war growth - the role of labour supply, Кэмбрыдж, Масачусэтс: Harvard University Press, Sassen, S. (1991): Global Cities, Princeton and others.

15. Shrestha, N.R. (1987): International policies and migration behaviour: a selective review, у: World Development, Vol. 15, No. 3, p. 329 – 345.

16. European Commission (2001). On a Community Immigration Policy - Communication from the Commission to the Council and the European Parliament, Mr. Vitorino, Mrs Diamantopoulou", COM 11.

17. Daily Telegraph, 4/9/2000.

18. Гл. www.un.org, www.fao.org, www.worldhunger.org.

19. Research Society Refuge and Migration (FFM), некалькі публікацыяў, да прыкладу Ukraine - Vor den Toren der Festung Europas, Бэрлін: Schwarze Risse.

20. Гл. http://europe.eu.int/comm/external_relations/asem/min_other_meeting/mig.htm.

21. Commission Staff Working Paper, (16.03.1998): EU action plan on influx of migrants from Iraq and the neighbouring region, SEC(1998) 466, Брусэль.

22. Гл. http://europa.eu.int/comm/development/cotonou/agreement_de.htm.

23. Да прыкладу WEU Ministerial Council: Luxembourg Declaration, Люксэмбург, 23.11.99 і некаторыя іншыя дакумэнты.

24. Да прыкладу Hollifield, J. F.(1998): Migration, Trade, and the Nation-State: The Myth of Globalization, у: Paper prepared for a conference on "Managing Migration in the 21st Century", Гамбург, чэрвень 21-23, 1998.

25. Straubhaar, T. (2000): Why Do We Need a General Agreement on Movements of People (GAMP)? HWWA DISCUSSION PAPER 094 Hamburgisches Welt-Wirtschafts-Archiv (HWWA); гл. таксама Ghosh, B. (2000): Managing migration - time for a new international regime, Оксфард: OUP.

26. Bhagwati, J. (1998): A stream of windows, unsettling reflections and trade, immigration and democracy, Кэмбрыдж, Масачусэтс: MIT; Sassen, S. (2000): Immigration im Zeichen der Globalisierung - Ein neues Feld politischer Inhalte, у: Vorgange, No. 2, p. 3 - 13; Harris, N. (2002): Thinking the unthinkable - the immigration myth exposed, Лёндан: Tauris.

27. Гл. www.igc.ch, www.icmpd.org.

28. Больш дэталізаваная інфармацыя - www.iom.int; далейшая крытыка - www.noborder.org/IOM.

29. Трэба памятаць, што падчас гэтай канфэрэнцыі ўсе прадстаўнікі 32 урадаў, якія бралі ў ёй удзел, запэўнілі, што ня могуць прыняць уцекачоў-габрэяў зь Нямеччыны ды Аўстрыі. Асабліва Аўстралія выкарыстоўвала відавочныя антысэміцкія аргумэнты. Такая пазыцыя стасоўна немагчымасьці выратаваньня і заклала падмурак для “канчатковага разьвязаньня”, - гл. Heim, S. (1993): "Deutschland muss ihnen ein Land ohne Zukunft sein - Die Zwangsemigration der Juden 1933 bis 1938, у: Beitrage zur nationalsozialistischen Gesundheits- und Sozialpolitik Nr. 11, Arbeitsmigration und Flucht, Бэрлін, p. 48 – 81.

30. Resolution to establish a Provisional Intergovernmental Committee for the Movement of Migrants from Europe (1951): Annex; Feldblum, M. (1999): Passage-Making and Service Creation in International Migration, Пасадэна: California Institute of Technology; The UNHCR at 50: State Pressures and Institutional Autonomy.

31. Да прыкладу, падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай гандлю людзьмі, ў верасьні 2002 году ў Брусэлі, з 1000 удзельнікаў тыя, хто прадстаўлялі жанчын і арганізацыі працаўнікоў сэкс-індустрыі, фактычна ня мелі права голасу і скардзіліся на тое, што іхная роля была прыніжаная да ролі пасыўнай публікі.

32. Kawczynski, R./RNC (2001): Compensation German Fund and IOM, Гамбург 8.5.2001, у: www.romnews.com/a/32-01.html.

33. IOM (1995): Migration Information Program - irregular migration in Central Europe: the case of Afghan asylum seekers in Hungaria.

34. UN/Integrated Regional Information Network (IRIN), 30/9/2002.

35. Да прыкладу, IOM (1999): Migration in the CIS: 1997 – 1998.

36. Гл. www.no-racism.net, Festung Europa in der Offensive - Staatliche Fluchtlingsabwehr.

37. O'Rourke, Kevin H., and Jeffrey G. Williamson (1995): "Around the European Periphery 1870-1913: Globalization, Schooling and Growth", NBER Working Paper 5392, Кэмбрыдж, Mасачусэтс: National Bureau of Economic Research.

38. Kenichi, O. (1999): The borderless world: power and strategy in the interlinked economy, Нью-Ёрк: Harper Business.

39. Harris (2002), op.cit.

40. Памылковасьць такіх спадзяваньняў яскрава даводзіць Сталкэр (2000).

41. OECD (1998): Open markets: The benefits of trade and investment liberalisation, Парыж; Trilateral Commission (1993): International migration challenges in a new era. Triangle paper 44, Нью-Ёрк.

42. Гл. да прыкладу Meillasoux, C. (1975): Femmes, greniers et capitaux, Парыж: Librairie Francoise Maspero.

43. Azzelini, D., Kanzleiter, B. (1999): Nach Norden, Бэрлін: Schwarze Risse.

44. Bauman (1998), op. cit.

45. The new German Immigration bill: restrictive and repressive, у: Statewatch, Vol. 11, No. 5 2001.

46. Guardian, 28.7.2000, Europe 'should accept' 75 m new migrants.

47. Гэты шэраг узаемазьвязаных паняткаў быў прааналізаваны ў Agamben, G. (1995): Homo Sacer. Il potere sovrano e la nuda vita, Турын: Giulio Einaudi.

48. Гл. Beitrage zur nationalsozialistischen Gesundheits- und Sozialpolitik Nr. 10 (1992): Modelle fur ein deutsches Europa - Okonomie und Herrschaft im Grosswirtschaftsraum, Бэрлін.

49. Да прыкладу, некаторыя такія арганізацыі: No Border, No One is illegal, GISTI, ILPA, ці некаторыя аўтары: Роўлз, Кэрэн (Caren), Гібні (Gibney), Коўлз (Coles), Хейтэр (Hayter), Бодэр (Bauder), Гарыс, Джордан, Дзювэль і г. д.


пераклад з ангельскай Вольгі Мартыненкі


Франк Дзювэль (Franck Düvell)

доктар філязофіі, спэцыяліст у галіне сацыяльных навукаў (нар. у 1961 г. у Вільгельмсхафэне, Нямеччына).

Вывучаў сацыяльныя навукі ў Брэмэнскім унівэрсітэце з 1982 па 1987 гг., у 1998 г. з адзнакай абараніў доктарскую дысэртацыю. Навуковы супрацоўнік унівэрсітэту ва Эксэтэры, супрацоўнічае з European University Institute/Robert-Schumann Centre, Флёрэнцыя, а таксама з унівэрсытэтамі Брэмэну і Ольдэнбургу.

Галоўныя накірункі працы: міграцыя ды мяншыні, дыскрымінацыя ды антырасізм, інтэрнацыяналізм і антыімпэрыялізм, канцэпт глябальнай сацыяльнай справядлівасьці.

Займаецца сацыяльнай працай у MediNetz Bremen - арганізацыі, якая дапамагае мігрантам, шукальнікам прытулку і нелегалам. Зьяўляецца адным з выдаўцоў бюлетэню Statewatch, супрацоўнічае з Antirassismusburo Bremen.

Апошнія публікацыі:

Irregular Migration: The dilemmas of transnational mobility, Cheltenham: Edward Elgar, 2002 (разам з Білам Джорданам);

Die Globalisierung des Migrationsregimes. Materialien für einen neuen Antiimperialismus 7, Berlin: Assoziation A, 2002 (рэдактар і адзін з аўтараў);

Migration: Bounderies of Social Justice, Cambridge: Polity, 2003 , (разам з Білам Джорданам).



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!