Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Права на абарону нераскрытай інфармацыі ад незаконнага выкарыстаньня ў беларускіх умовах. | Уладзіслаў Белавусаў і Тацяна Фадзеева | 29.11.2004

У Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь 1998г. (далей – ГК) пытаньню абароны справавой інфармацыі ад недабрасумленнага выкарыстаньня прысьвячаецца цэлая глава (хай і невялічкая ў параўнаньні з багата якімі іншымі замежнымі ГК).

У вызначэньні катэгорыі “службовай і камэрцыйнай таямніцы” арт.140 ГК грунтуецца на чатырох элемэнтах: “інфармацыя складае службовую альбо камэрцыйную таямніцу ў выпадку, калі (а) інфармацыя мае сапраўдную або патэнцыйную камэрцыйную каштоўнасьць у сілу (б) невядомасьці яе трэцім асобам, (в) да яе няма вольнага доступу на законнай падставе і (г) ўладальнік інфармацыі ладзіць захады да аховы яе канфэдэнцыяльнасьці” (зразумела, што ўсе гэтыя элемэнты павінны прысутнічаць адначасова, пра што згадваецца ў п.4 арт.1010 ГК). На практыцы інфармацыя гэтая можа ўяўляць сабою бізнэс-плян, аналіз каньюктуры рынку, запісы перамоваў з контрагентамі, якасныя зьмяненьні тэхналёгіі прадукцыі, сьпісы заўсёдных і/альбо патэнцыйных кліентаў, зьмест нарадаў кіраўніцтва – тэарытычна сьпіс можна доўжыць доўга.

Такім чынам, інфармацыя складае службовую ці камерцыйную таямніцу, калі (А) яна мае сапраўдную ці патэнцыйную камэрцыйную каштоўнасьць, г.зн. падлягае ацэнцы, у тым ліку грашовай, і зьяўляецца абьектам грамадзянскага (дакладней – рынкавага) звароту. Заканадаўца не абмяжоўвае нейкім канкрэтным пералікам кола зьвестак, што маюць стратэгічнае значэньне для субьектаў гаспадараньня; акрамя таго, зьвесткі, якія ня могуць складаць службовай альбо камэрцыйнай таямніцы фактычна ўвасабляюць усё, да чаго (гл. В) ёсьць вольны доступ на законнай падставе (права на маёмасьць і ўгоды зь ёй, што падлягаюць абавязковай дзяржрэгістрацыі; статут альбо заснавальная дамова юрыдычнае асобы; пісьмовае інфармаваньне крэдытораў аб рэарганізацыі юрыдычнае асобы; зьвесткі для дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці і г.д. – часткова названыя ў п.3 арт.1010 ГК). Бясспрэчна пасуючымі да такога азначэньня будуць лічыцца (напрыклад, ў судзе) факты, якія ў якасьці прыкладу (!) ўводзяцца самім ГК: “тэхнічная, арганізацыйная альбо камэрцыйная інфармацыя, у тым ліку сакрэты вытворчасьці (“ноў-гаў”)” (п.1 арт. 1010 ГК).

Зазначым, што службовая таямніца ў адпаведнасьці з Законам “Аб дзяржаўных сакрэтах” ёсьць адной зь дзьвюх катэгорый дзяржаўных сакрэтаў. Другая катэгорыя – дзяржаўная таямніца. Пад службовай таямніцай згаданы закон разумее дзяржаўныя сакрэты, абвяшчэньне альбо страта якіх могуць нанесьці значную шкоду нацыянальнай бяспецы, а таксама канстытуцыйным правам і свабодам грамадзян; зьвесткі, што складаюць службовую таямніцу, маюць характар асобных дадзеных у складзе зьвестак дзяржаўнае таямніцы, але яны не раскрываюць яе ў цэлым. Носьбітам службовае таямніцы надаецца грыф “Сакрэтна”.

У дадзеным артыкуле зьвернем большую ўвагу на камэрцыйную таямніцу. Акрамя ГК, прававыя падмуркі абароны камэрцыйнае таямніцы вызначаюцца Палажэньнем аб камэрцыйнай таямніцы, зацьверджаным пастановай Савета Міністраў ад 6 лістапада 1992 г. № 670. У адпаведнасьці зь ім камэрцыйную таямніцу складаюць эканамічныя інтарэсы і інфармацыя аб розных бакох і сфэрах вытворча-гаспадарчай, упраўленчай, навукова-тэхнічнай, фінансавай дзейнасьці субьекта гаспадараньня, што наўмысна хаваюцца, і ахова якіх абумоўлена інтарэсамі канкурэнцыі і магчымай пагрозай эканамічнае бясьпекі субьекта гаспадараньня.

Інфармацыя, што складае камэрцыйную таямніцу, павінна адпавядаць наступным патрабаваньням:

  1. мець сапраўдную ці патэнцыйную каштоўнасьць для субьекта гаспадараньня з камэрцыйных прычынаў;
  2. не зьяўляцца агульнавядомай ці агульнадаступнай у адпаведнасьці з заканадаўствам;
  3. вызначацца адпаведным чынам з ажыцьцяўленьнем субьектам гаспадараньня належных захадаў да аховы яе канфідэнцыяльнасьці (гл. ніжэй);
  4. не зьяўляцца дзяржаўным сакрэтам і не абараняцца аўтарскім ці патэнтным правам;
  5. не быць датычнай нэгатыўнай дзейнасьці субьекта гаспадараньня, здольнай нанесьці шкоду інтарэсам дзяржавы.

У Палажэньні згадваюцца таксама зьвесткі, што не могуць складаць камэрцыйную таямніцу (напрыклад, устаноўчыя дакумэнты).

У адпаведнасьці з Палажэньнем зьмест і абьём інфармацыі, што складае камэрцыйную таямніцу, парадак яе аховы вызначаюцца кіраўніком субьекта гаспадараньня.

(Г) У залежнасьці ад ступені запатрабаванасьці аховы зьвестак ёсьць розныя варыянты прымання захадаў да аховы канфідэнцыяльнасьці: напрыклад, традыцыйныя штампы “канфідэнцыяльна/не для капіяваньня”, “для службовага карыстаньня”, ці стварэньне цэлае сыстэмы “канфідэнцыяльнага справаводства” з выкарыстаньнем тэхнічных прыладаў яго кантраляваньня (тут, безумоўна, ўпэўненасьці болей).

У якасьці элемэнтаў сыстэмы канфідэнцыяльнага справаводства выкарыстоўваюцца :

  • стварэньне сыстэмы лякальных нарматыўных актаў (напрыклад, Палажэньне аб камэрцыйнай таямніцы на прадпрыемстве), дзе прапісваецца канфідэнцыяльны сэгмэнт інфармацыі, кола яе правамоцных карыстальнікаў і абавязак не распаўсюджаваць па-за межамі гаспадарчага субьекту;
  • пісьмова складзеная працоўная дамова (ці кантракт) з адпаведным патрабаваньнем наймальніка да работніка;
  • грамадзянска-прававая дамова з падрабязным вызначэньнем абавязкаў адпаведнага боку ў адносінах да інфармацыі, што складае таямніцу.
У адрозьненьне ад працоўнай дамовы, у якой можна пазначыць патрабаваньне наймальніка да работніка ў агульных рысах, у выпадку выкананьня работаў грамадзянска-прававога характару (напрыклад, падрад, выкананьне навукова-дасьледчых, экспэрымэнтальна-канструктарскіх ды тэхналягічных работаў, перавозка і д.п.) адпаведнае патрабаваньне варта прапісваць больш канкрэтна. Вельмі істотна, каб парадак і ўмовы карыстаньня такой інфармацыяй былі вызначаны пагадненьнем бакоў. Гэта будзе дадатковай гарантыяй, нягледзячы на тое, што, напрыклад, згодна арт.680 ГК, “калі бок, дзякуючы выкананьню свайго абавязальніцтва па дамове падраду, атрымаў ад іншага боку інфармацыю пра новыя рашэньні ды тэхнічныя веды, у тым ліку і не карыстаючыяся прававой аховай, а таксама зьвесткі, якія могуць разглядацца як камэрцыйная таямніца (арт. 140), ён не правамоцны распавядаць іх трэцім асобам бяз згоды іншага боку” (арт. 160 ГК). Мэтазгодна таксама прадугледзіць выплату няўстойкі на выпадак “інфармацыйнае ўцечкі” у контрагента.

У кожным разе, варта памятаць, што захаваньне канфідэнцыяльнасьці ў шэрагу выпадкаў ёсьць абавязкам, наўпрост прадугледжаным заканадаўствам. Той жа Працоўны кодэкс (п.10 арт.53) акрэсьлена патрабуе ад работніка “захоўваць дзяржаўную й службовую таямніцу, не абвяшчаць без адпаведнага дазволу камэрцыйнае таямніцы наймальніка”.

Асоба, што валодае нераскрытай інфармацыяй, можа перадаць усе альбо частку зьвестак, якія складаюць зьмест гэтае інфармацыі, іншай асобе па ліцэнзыйнай дамове (арт.985 ГК). Пры гэтым ліцэнзыят абавязаны рабіць належныя захады да аховы канфідэнцыяльнасьці інфармацыі, атрыманай па дамове, і мае тыя ж правы на яе абарону ад незаконнага выкарыстаньня трэцімі асобамі, што й ліцэнзыяр. З улікам таго, што ў дамове не прадугледжана іншае, абавязак захоўваць канфідэнцыяльнасьць інфармацыі ўскладаецца на ліцэнзыята і пасьля спыненьня ліцэнзыйнае дамовы, калі адпаведныя зьвесткі працягваюць заставацца нераскрытай інфармацыяй (арт. 1012).

І, ўрэшце, пра адказнасьць. Варта памятаць, што ў адпаведнасьці са згаданым вышэй Палажэньнем аб камэрцыйнай таямніцы перадача трэцім асобам інфармацыі, што складае камэрцыйную таямніцу, цягне адказнасьць па заканадаўстве пры ўмове, што 1) зьвесткі ўтрымліваліся ў таямніцы, 2) былі ва ўсталяваным парадку давераны пэўнай асобе, і 3) абвяшчэньнем іх была нанесена шкода. Апэляваць можна (у залежнасьці ад сытуацыі, натуральна) да п.2 арт. 140, арт. 1011 ГК, ч.2 арт. 53 Працоўнага Кодэкса, ч. 2-3 арт. 201, арт. 254, 255, 375 Крымінальнага кодэкса. Цалкам рэальна прэтэндаваць у судзе на “пакрыцьцё стратаў”(у поўным абьёме, г.зн. рэальныя страты + упушчаная карысьць), вызначэньне якіх, праўда, ёсьць досыць цяжкай справай. У выпадку грамадзянска-прававое дамовы можна прэтэндаваць на няўстойку (гл. вышэй). Калі атрымаецца давесьці склад правапарушэньня ці нават злачынства (відавочна не абыдзецца без звароту да экспэртных заключэньняў) магчыма ўжываньне да недобрасумленнага боку штрафу і нават пазбаўленьне волі. Акрамя таго, можна запатрабаваць ад незаконнага карыстальніка інфармацыі нябаўнага спыненьня яе выкарыстаньня. Аднак суд (з улікам сродкаў, выдаткаваных добрасумленным набывальнікам нераскрытае інфармацыі на яе выкарыстаньне) можа дазволіць яе далейшае выкарыстаньне на ўмовах аплочваемай выключнай ліцэнзыі (ч.3 арт.1011 ГК). Трэба прызнаць, што складана давесьці не канфідэнцыяльнасьць інфармацыі, а менавіта факт яе абвяшчэньня канкрэтнай асобай. Але здараюцца й абсалютна відавочныя рэчы, напрыклад, апублікаваньне камэрцыйнай таямніцы ў газэтным інтэрвію.

Зразумела, беларускае заканадаўства яшчэ далёкае ад дэталёвага разьвязаньня праблемы камэрцыйнае таямніцы, але першыя крокі ўжо зробленыя й дзеля плённае канкурэнцыі варта зважаць на іх.


Уладзіслаў Белавусаў нарадзіўся ў 1984 годзе ў Гомлі. Навучаецца на IV курсе аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ ды аддзяленьні філязофіі Беларускага Калегіюму. Спэцыялізуецца на вывучэньні эўрапейскага права. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў – вывучэньне прававога мэханізму ўсталяваньня білінгвізму ў розных краінах, прававыя інстытуцыі Эўразьвязу, сацыялёгія права. Апошняя публікацыя – “Карысьці далучэньня да ЭЗ на прыкладзе новых чальцоў”

Тацяна Фадзеева нарадзілася ў 1984 годзе ў Менску. Навучаецца на IV курсе аддзяленьня “правазнаўства” юрыдычнага факультэта БДУ. Галіна навуковых зацікаўленасьцяў – гісторыя права Беларусі, беларуская прававая тэрміналёгія, экалягічнае права. Гл. артыкулы ў раздзелах “Агульная тэорыя, гісторыя й філязофія права” ды “Іншыя раздзелы права”.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!