Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Узаемасувязь паміж эўрапейскай працоўнай і міграцыйнай палітыкамі | Маркус Тэрмонен | 03.11.2004

Перакладзена паводле тэксту, зьмешчанага на сайце: www.no-racism.net

Артыкул напісаны на аснове выступу аўтара 12 ліпеня 2004 году ў No Border Camp, Іматра (Фінляндыя) – адным зь міжнародных летнікаў, прысьвечаных праблемам мігрантаў, барацьбе супраць межаў, за свабоднае перасоўваньне людзей (http://fi.noborder.org/).

0) Уступ

Гэта – ня вельмі падрабязная, хаця і досыць доўгая прэзэнтацыя дадзенага пытаньня. Яна ёсьць усяго толькі спробай усталяваць агульныя рамкі для абмеркаваньня ўзаемасувязі, што існуе паміж працоўнай і міграцыйнай палітыкамі.

Найперш давайце зьвернемся да дэклярацыі самаарганізаваных групаў мігрантаў, распрацаванай на Эўрапейскім сацыяльным форуме ў Парыжы ў лістападзе 2003 г. Два першыя яе пункты абвяшчаюць:


“1. Лічым неабходным падкрэсьліць, што т.зв. “асобы без дакумэнтаў” (sans papiers) – гэта толькі бачная вяршыня таго айсбэргу зьняпэўніваньня (прэкарызацыі), зь якім сутыкаюцца ўсе мігранты, як зрэшты і іншыя работнікі.

2. Лічым неабходным падкрэсьліць надзвычайную ролю асобаў без дакумэнтаў (sans papiers) у працэсе рэструктурызацыі працоўнае сфэры шляхам ператварэньня агульнага становішча работнікаў у больш ненадзейнае і нетрывалае”.


Галоўная мэта гэтай прэзэнтацыі – паспрабаваць глыбей асэнсаваць названыя аспэкты праблемы. Я засяроджу сваю ўвагу пераважна на мігрантах, якія не зьяўляюцца грамадзянамі Эўразьвязу. Праўда, ёсьць адно выключэньне, якое датычыцца працы ў новых краінах-супольніцах ЭЗ і тамтэйшай сытуацыі, якія я разглядаю як адмысловы выпадак эўрапейскае працоўнае палітыкі. Вядома, лічбы паказьнікаў міжнароднай міграцыі паміж “старымі” краінамі-супольніцамі ЭЗ вельмі значныя, але яны яшчэ ні пра што ня сьведчаць, бо ў большасьці выпадкаў становішча такога кшталту мігрантаў на працоўным рынку ня горшае за становішча астатняга насельніцтва. А што да працаўладкаваньня, дык іх пазыцыі нават лепшыя і яны часта займаюць высокія пасады ў міжнародных карпарацыях і г. д.

Таму важна не ўспрымаць мігрантаў як аднародную групу, што мае выразныя агульныя рысы. Больш за тое, слушна, што, калі статус мігранта натуралізаваны, то бок, калі ён/яна атрымлівае грамадзянства -- гэта зусім не абавязкова раўназначнае зьнікненьню ўсіх тых праблемаў, зь якімі асоба сутыкалася як мігрант/мігрантка. Праблемы прававога характару –- як то атрыманьня дазволу на жыхарства – вядома, вырашаюцца, але ж застаюцца вельмі важныя і шматлікія праблемы, зьвязаныя з дыскрымінацыяй меншасьцяў. Зразумела, што мы маем справу зь вельмі складанай тэмай не ў апошнюю чаргу яшчэ і таму, што статыстычныя і заканадаўчыя азначэньні “чужынца” ці “мігранта” ў розных краінах адрозьніваюцца, што ўскладняе працэс параўнаньня. Таксама існуе і значнае пытаньне прававога статусу, бо іміграцыйная палітыка і палітыка ў дачыненьні меншасьцяў супярэчаць адна адной: калі першая нараджае дыскрымінацыю, напрыклад, ствараючы праблемы для працаўнікоў-замежнікаў, ажыцьцяўленьне апошняй скіраванае супраць дыскрымінацыі – яна абараняе тыя групы меншасьцяў, якія валодаюць прававым статусам.

Што значыць слова зьняпэўніваньне (“прэкарызацыя”), якое згадваецца ў дэклярацыі? Калі казаць сьцісла, дык гэты панятак адлюстроўвае ў сабе тыя зьмены, што адбыліся ў сфэры працы: тэндэнцыю да ўсё больш нетрывалых, няпэўных, прыстасавальных відаў працы, павелічэньне долі няпоўнай занятасьці, часовай працы і працы зь фіксаванымі тэрмінамі занятасьці. Наагул, гэтыя зьмены насамрэч не зьяўляюцца вынікам нейкага палітычнага рашэньня, а таму нельга казаць, што яны ёсьць рэзультатам пасьлядоўнай працоўнай палітыкі дзяржаўнага кіраўніцтва. Хутчэй, “зьняпэўніваньне” ёсьць прадуктам адначасова дынамікі рынку працоўнай сілы ды трансфармацыяў у вытворчасьці, якія былі ў нейкай ступені падмацаваныя адміністрацыйнай палітыкай.

Чаму так важна ўбачыць узаемасувязь паміж працоўнай і міграцыйнай палітыкамі? Чаму для нас так важна зразумець міграцыйную палітыку менавіта як частку агульнай працоўнай палітыкі? Калі казаць сьцісла, дык перш за ўсё таму, што праз ажыцьцяўленьне міграцыйнай палітыкі сёньня вызначаюцца новыя межы грамадзянства (new borders of citizenship). Гэтыя межы адпавядаюць новай этнічнай стратыфікацыі ды гіерархізацыі працоўнай сфэры. Мігранты ўтвараюць сабой частку абстрактнага рынкавага тавару – працы; адмысловую частку, чыя дзейнасьць у межах рынку значным чынам адчувае на сабе ўплыў прававой палітыкі ў сфэры іміграцыі. Разуменьне гэтага нам асабліва неабходнае, калі мы хочам высьветліць для сябе, у чым палягае праблема абыходжаньня зь мігрантамі і загадваньня (адміністраваньня) імі, бо шмат што можа быць вытлумачанае акурат з агульнай працоўнай палітыкі. Таму недастаткова разглядаць міграцыю як выключна “гуманітарную” праблему, у межах якой абавязак прымаць уцекачоў успрымаецца перадусім як праява этычнага стаўленьня да людзей, ды назойліва дэкляруецца неабходнасьць “талерантнага” стаўленьня да меншасьцяў.

1) Галоўныя рысы цяперашняга эўрапейскага памежнага рэжыму

Ніжэй я зьвярну ўвагу на асобныя моманты гэтай праблемы, дасьледаваныя Энрыкай Рыга ў яе пакуль не апублікаванай працы “Грамадзяне і чужынцы ўзбуйненай Эўропы”1, напісанай у лістападзе 2003 году ў European University Institute, Флёрэнцыя.

Дэбаты па пытаньні наданьня грамадзянства былі пазначаныя спаборніцтвам паміж традыцыйнай мадэльлю чалецтва – мадэльлю выключэньня, заснаванай на прынцыпе нацыянальнасьці, і мадэльлю ўлучэньня, заснаванай на прынцыпе чалавечай асабістасьці (personhood). У кантэксце Эўразьвязу, якому ўласьцівая больш складаная сістэма чалецтва, гэтая дыхатамія ня можа быць выкарыстаная.

Падпісаньне Шэнгенскіх пагадненьняў, іх уваходжаньне ў склад Амстэрдамскай дамовы і працэс узбуйненьня ЭЗ пацягнулі за сабою структурныя зьмены ў рэжымах памежнага кантролю. Існуе агульнае меркаваньне, што кантроль проста быў перасунуты з нацыянальных межаў на вонкавыя кардоны Эўрапейскага Зьвязу. Але насамрэч сам панятак межаў зазнаў глыбокую трансфармацыю. Менавіта праз зьмены ў памежных рэжымах адбылася дэлякалізацыя дзяржаўнай палітыкі, якая ахапіла цяпер насельніцтва ды адрозных асобаў далёка па-за межамі тэрыторыяў нацыянальных дзяржаваў ці тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу. У той жа час, інтэрналізацыя межаў ёсьць вынікам дзейнасьці інстытуцыяў выключэньня і затрыманьня чужынцаў.

Эўрапейскія краіны значна палепшылі каардынацыю і гарманізавалі свае палітыкі ў дачыненьні іміграцыі і наданьня прытулку з мэтаю ўзмацненьня барацьбы зь нелегальнай іміграцыяй ды пераразьмеркаваньня абавязку прымаць шукальнікаў прытулку. Два галоўныя інструмэнты краінаў-супольніц – прынцып “бясьпечнай краіны” і “пагадненьні аб рэадмісіі”.

Прынцып “бясьпечнай краіны” быў прыняты краінамі-супольніцамі ЭЗ неўзабаве пасьля таго, як ён быў прадстаўлены ў Канстытуцыі Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына ў 1993 г. Так, усе краіны, што мяжуюць з ЭЗ, былі вызначаныя як “бясьпечныя”. Калі асоба, якая шукае прытулку, прыехала з такой “бясьпечнай краіны”, ёй адмовяць ў дазволе на прыезд і яна будзе сілком выдаленая з краіны.

“Пагадненьні аб рэадмісіі” (што абавязваюць краіну, зь якой паходзяць ці праз якую ехалі нелегальныя мігранты, “прымаць” іх паўторна ў выпадку дэпартацыі) – гэта юрыдычны інструмэнт, які фактычна дазваляе высылку чужынцаў з тэрыторыі дзяржавы, а таму яны зьяўляюцца падставовымі для функцыянаваньня палітыкі “бясьпечных краінаў”.

Палітыка “бясьпечных краінаў” прывяла да ператварэньня памежных з ЭЗ краінаў у “буфэрныя зоны” для транзітнай міграцыі і знаходжаньня шукальнікаў прытулку. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня, “пагадненьні аб рэадмісіі” паўсталі ў выніку дэталізацыі больш агульных дакумэнтаў. Напрыклад, яны ўрэгулявалі працэдуру вяртаньня грамадзянаў трэціх краінаў у тую краіну-ўдзельніцу пагадненьня (яна завецца “трэцяй бясьпечнай краінай”), куды яны прыехалі найперш, ці дзе яны заставаліся нелегальна перад тым, як накіравацца ў іншую краіну-ўдзельніцу “пагадненьня аб рэадмісіі”.

Межы Эўропы не супадаюць ані зь межамі Эўрапейскага Зьвязу, ані зь межамі тых краінаў, тэрыторыя якіх стане часткай ЭЗ паcьля “хваляў” узбуйненьня, якія пройдуць неўзабаве. “Пагадненьні аб рэадмісіі” – гэта сродкі для ажыцьцяўленьня кантролю над перасоўваньнем насельніцтва. Зь іх дапамогай былі заснаваныя адміністрацыйныя межы, функцыя якіх – не толькі не дазваляць прыезд тым, каго лічаць “парушальнікамі межаў тэрытарыяльнага ўладаньня”, але перадусім падпарадкаваць сабе насельніцтва адначасова ў межах і па-за межамі дзяржаўнай тэрыторыі. Добрым прыкладам новага памежнага рэжыму зьяўляецца апошні плян, прапанаваны ўрадам Вялікабрытаніі, які прадугледжвае перанос цэнтраў затрыманьня чужынцаў за межы краінаў-супольніц ЭЗ.

Санкцыі, прадугледжаныя заканадаўствам у дачыненьні нелегальных мігрантаў, вызначаюць прававыя ўмовы затрыманьня і высылкі чужынцаў. Да прыкладу, у Польшчы сам факт нелегальнага прыезду ў краіну і нелегальнага пражываньня на ейнай тэрыторыі цягне за сабою, па-першае, штраф у адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам, па-другое, адміністрацыйную працэдуру, вынікам якой можа стацца фактычнае пакараньне – утрыманьне пад арыштам на працягу аднаго году. То бок, сур’ёзнае абмежаваньне асабістай свабоды заснаванае на адміністрацыйнай, а не карнай працэдуры. Гэтыя нормы ёсьць прыкметай узмацненьня сувязі паміж карнымі ўстановамі і адміністрацыйнымі працэдурамі стасоўна чужынцаў. Гэты працэс, які быў вызначальным для эвалюцыі міграцыйнага заканадаўства краінаў-супольніц, цяпер уплывае на заканадаўства іншых краінаў-кандыдатак.

2) Асобныя аспэкты становішча нелегальных мігрантаў на рынку працы ЭЗ

Узмацненьне жорсткасьці палітыкі стасоўна наданьня прытулку і міграцыі спрычынілася да сітуацыі, калі шматлікія мігранты, якім неабходная абарона, разглядаюць нелегальнае пражываньне як найлепшы для сябе варыянт. Гэтым людзям здаецца, што лепш наагул унікаць любых кантактаў з уладамі, бо верагоднасьць атрымаць прытулак усё роўна надта малая. Калі вынікам спробаў атрымаць статус уцекача хутчэй за ўсё стане высылка, дык выбар процізаконнага шляху, прынамсі, дае чалавеку нейкі шанец застацца ў краіне. Надзвычай складана вызначыць, якая колькасьць нелегальных мігрантаў у Эўропе мае падставы для атрыманьня прытулку ў адпаведнасьці з новымі юрыдычнымі нормамі, бо такой статыстыкі, зразумела, не існуе.

Калі мы разгледзім становішча нелегальных мігрантаў на рынку працы, відавочна, што іх сітуацыя найбольш нетрывалая і няпэўная. Яны ў значнай ступені безабаронныя перад эксплюатацыяй, бо ня маюць вялікага выбару. Наймальнікам вельмі лёгка “шантажаваць” нелегальных мігрантаў, каб прымусіць іх згадзіцца на горшыя ўмовы працы ў тым, што датычыцца заробкаў, бясьпекі, часу працы і г.д. Да таго ж, гаворка ідзе пра неафіцыйны сэктар эканомікі, а таму звычайныя выгоды, даступныя іншым працоўным, напрыклад, паслугі аховы здароўя ці адпачынак у сьвяточныя дні – недасягальныя для нелегальных мігрантаў. Аднак існуюць значныя адрозьненьні паміж групамі мігрантаў з розных асяродкаў у межах адной краіны, што залежаць ад характару занятасьці, а таксама паміж рознымі краінамі, залежныя ад таго, якія існуюць магчымасьці неафіцыйнага працаўладкаваньня. Найбольш экстрэмальнымі зьяўляюцца тыя выпадкі, калі мігранты працуюць як нявольнікі, каб заплаціць кантрабандыстам за дарогу.

Нелегальнае працаўладкаваньне надзвычай тыповае для пэўных сэктараў эканомікі, напрыклад, сельскай гаспадаркі, сфэры бытавых паслугаў і будаўніцтва. Буйныя памеры занятасьці ў неафіцыйным сэктары сярод імігрантаў у Паўднёвай Эўропе – гэта адлюстраваньне значнасьці сельскагаспадарчага сэктару ў гэтых краінах, асабліва ў некаторых рэгіёнах (да прыкладу, у Паўднёвай Італіі, Андалузіі, Паўночнай Грэцыі), дзе яна надзвычай пашыраная як сэзонная зьява. Ня дзіва, што надзвычай шматлікія нелегальныя мігранты сталі натуралізаванымі ў такой краіне, як Гішпанія, якая ў гэты ж час ажыцьцяўляе барацьбу зь нелегальнай міграцыяй.

Прыкладам загадваньня (management) нелегальнай працоўнай сілай у Эўропе можа быць італьянскае заканадаўства: калі мігрант падпісвае афіцыйны працоўны кантракт, ён/яна аўтаматычна атрымлівае дазвол на пражываньне. То бок, калі праца абвяшчаецца ўмовай прыналежнасьці да супольнасьці, то адначасова з гэтым прызнаецца наяўнасьць патрэбы ў працоўнай сіле нелегальных мігрантаў. Для мігранта такая магчымасьць, вядома, ёсьць часткова пазытыўнай зьявай, але ж гэта таксама і яўны прыклад эксплюатацыі, якая вымушае яго/яе згаджацца на любую працу, абы атрымаць дазвол на пражываньне. Да таго ж, калі аднаўленьне дазволу на пражываньне прывязанае да дзейнасьці на рынку працы, то бок, калі ў ягоным аднаўленьні чалавеку адмаўляюць у выпадку беспрацоўя, то гэта будзе прымушаць мігрантаў хутчэй абіраць працяглае існаваньне на нелегальным становішчы, чым ненадзейнасьць кароткага дазволу на пражываньне ды афіцыйнага статусу.

У пэўных краінах (напрыклад, у Гішпаніі і Францыі) нелегальных імігрантаў сяк-так падтрымліваюць прафсаюзы. Аднак іх стаўленьне да працаўнікоў без дакумэнтаў даволі супярэчлівае, бо мэта прафсаюзаў – гэта захаваньне і пашырэньне сацыяльных правоў, прывязаных да афіцыйнага працаўладкаваньня.

Дзейнасьць цэнтраў затрыманьня таксама трэба разумець у кантэксце палітыкі рынку працоўнай сілы. Цэнтры затрыманьня служаць для канцэнтрацыі “лішку працоўнай сілы”, і зьмяншаюць, такім чынам, напругу на рынку працы. Гэтыя месцы ўяўляюць сабой іншае аблічча новай гнуткасьці капіталізму: яны ёсьць канкрэтнымі месцамі дзяржаўнага прыгнёту і адначасова агульнай мэтафарай дэспатычнай тэндэнцыі кантраляваць мабільнасьць працоўнай сілы.

3) Асобныя аспэкты становішча “легальных” мігрантаў на рынку працы ў ЭЗ.

Наступная інфармацыя падаецца паводле справаздачы Эўрапейскага цэнтру маніторынгу расізму і варожасьці да чужынцаў “Мігранты, меншасьці ды занятасьць: выключэньне, дыскрымінацыя ды анты-дыскрымінацыйныя захады ў пятнаццаці краінах Эўразьвязу”2, апублікаванай у кастрычніку 2003 г.

Краіны ЭЗ ў адпаведнасьці зь гісторыяй іх стаўленьня да іміграцыі ды падставовымі азначэньнямі мігрантаў і меншасьцяў можна разьмеркаваць на тры групы. Першую групу ўтвараюць краіны з працяглай гісторыяй каляніяльнай іміграцыі (Францыя, Нідэрлянды, Вялікабрытанія), дзе вялікая частка іх сёньняшніх насельнікаў, якія належаць да меншасьцяў, паходзяць з былых калоніяў. Гэтыя меншасьці існавалі ў гэтых краінах цягам доўгага часу і большасьць зь іх мае грамадзянства.

Сярод насельнікаў другой групы краінаў (Аўстрыя, Бэльгія, Данія, Нямеччына, Люксэмбург, Швэцыя) пераважаюць імігранты, якія прыехалі з краінаў, дзе з 1950-ых па 1970-ыя гады ажыцьцяўлялася актыўнае рэкрутаваньне так званых “запрошаных работнікаў” ("guest-workers"). Гэтыя краіны вызначаюцца значнай колькасьцю імігрантаў, якія не зьяўляюцца грамадзянамі краінаў, у якіх яны жывуць.

Трэцюю групу можна пазначыць як “краіны новай іміграцыі” (Грэцыя, Італія, Гішпанія, Партугалія, Фінляндыя, Ірляндыя). Яны перажылі вялікую хвалю іміграцыі з канца 1980-ых ці пачатку 1990-ых гадоў, а да таго часта самі былі краінамі эміграцыі. У апошняй групе краінаў дадзеныя пра колькасьць замежнікаў сьведчаць, што колькасьць імігрантаў павялічваецца. Не зважаючы на гэта, безумоўна, існуюць значныя адрозьненьні ў межах гэтае групы, да прыкладу паміж Фінляндыяй і паўднёва-эўрапейскімі краінамі.

Калі мы параўнаем становішча нелегальнага мігранта з сытуацыяй легальнага мігранта, то ўбачым, што ім уласьцівыя і агульныя рысы, такія, як агульная тэндэнцыя імкнуцца да эксплюатацыі іх ненадзейнага становішча (вядома, у апошнім выпадку яна не дасягае такіх скрайніх формаў і памераў). Акрамя прыкметаў павелічэньня агульнай разнастайнасьці таксама трэба ўлічваць, што нацыянальныя рынкі працоўнай сілы да гэтага часу падзеленыя на сэгмэнты ўздоўж нацыянальных ці этнічных рысаў.

Сярод тых, хто міграваў толькі нядаўна, існуе яўная палярызацыя паміж надзвычай мабільнай фінансавай і тэхнічнай элітай, з аднаго боку, ды імігрантамі, якія працуюць у малааплатнай, часам неафіцыйнай эканоміцы, з другога. Так, грамадзяне трэціх краінаў вельмі часта ўладкоўваюцца на нізкакваліфікаваную, малааплатную, брудную і небясьпечную працу, іх працоўнае становішча вызначаецца ненадзейнасьцю (пераважаюць гнуткія, прыстасавальныя працоўныя кантракты, ды кантракты зь фіксаванымі тэрмінамі). Ніжэйшы ўзровень заробкаў вызначаюць такія чыньнікі, як больш нізкі прафэсійны статус, канцэнтрацыя працаўнікоў-мігрантаў у пэўных галінах прамысловасьці, працягласьць пражываньня, неабароненасьць перад беспрацоўем, адукацыйная база і геаграфічнае становішча.

Імігранты з краінаў, што не належаць да ЭЗ, да гэтага часу канцэнтруюцца ў пэўных сэктарох прамысловасьці (вытворчасьць, будаўніцтва), часткова ў сфэры паслугаў (бытавыя паслугі, прыборка, дастаўка) і сэктарох, якія моцна залежаць ад сэзонных ваганьняў кан'юнктуры (турызм, сельская гаспадарка). Жанчыны зь мігранцкім мінулым часта абмежаваныя пры працаўладкаваньні ў сваім выбары асобнымі сэгмэнтамі рынку, такімі, як бытавыя паслугі, прыборка, дастаўка, догляд.

Сярод грамадзянаў трэціх краінаў адзначаны меншы ўзровень занятасьці працоўнай сілы. Імігранты і этнічныя меншасьці перадусім зь не-заходніх краінаў сутыкаюцца са значна вышэйшым ўзроўнем беспрацоўя, чым большасьць насельніцтва. У Фінляндыі беспрацоўе сярод “чужаземцаў” прыкладна ўтрая вышэйшае за агульны ўзровень. Узровень беспрацоўя сярод былых савецкіх грамадзянаў склаў у 2000 г. 47%, тады як сярод эстонцаў – 29 %. Узровень беспрацоўя надзвычай высокі сярод нядаўніх уцекачоў.

Гэтыя адрозьненьні сьведчаць пра выключэньне, невыгоднае становішча і нават дыскрымінацыю. Аднак было б занадта зручна абвінаваціць ва ўсім “расізм”. Ёсьць багата чыньнікаў, што ўплываюць на характар і лічбы занятасьці мігрантаў ды меншасных групаў, і ня ўсе яны ёсьць вынікам расавай дыскрымінацыі – згадайма пра такія зь іх, як адукацыйны цэнз, веданьне мовы, структурныя зьмены ў эканоміцы і г. д. Аднак, нават калі ўлічваць гэтыя чыньнікі, усё адно застаецца нявытлумачаным тое невыгоднае становішча, якога немагчыма пазбавіцца, і якое зьяўляецца прыкметай дыскрымінацыі.

Заканадаўства краінаў ЭЗ у дачыненьні імігрантаў вельмі падобнае. Да прыкладу, існуе агульная тэндэнцыя прадугледжваць менш абмежаваньняў для высокакваліфікаваных імігрантаў і самазанятых дый дазваляць найманьне сэзоннай працоўнай сілы. Таксама краіны дакладна адрозьніваюць тых замежных грамадзян, што прыбылі нядаўна, і тых, хто даўно ўладкаваўся, ды прадпісваюць розныя тыпы дазволаў на пражываньне/працу ў адпаведнасьці з працягласьцю пражываньня/занятасьці замежніка.

У адпаведнасьці з геаграфічным разьмеркаваньнем у межах краінаў можна вылучыць дзьве мадэлі. Наагул, мігранты вельмі ўрбанізаваныя паўсюль у Эўропе. Гэта перадусім ёсьць адлюстраваньнем галоўных тэндэнцыяў працоўнай міграцыі, то бок, мігранты едуць туды, дзе ёсьць структурны попыт на замежную працоўную сілу. Другая мадэль – міграцыя ў сельскагаспадарчыя раёны, дзе мігранты часта працуюць у сельскай гаспадарцы як сэзонныя работнікі.

Што да тыповых прафэсіяў імігрантаў з краінаў, якія не зьяўляюцца супольніцамі ЭЗ, у Фінляндыі, дык вялікая частка грамадзянаў краін былога Савецкага Саюзу працуе ў галіне аховы здароўя, а таксама ў транспарце і прыборцы. Прыбышы з Югаславіі і Самалі працуюць пераважна ў прамысловасьці, тады як імігранты з Усходняй і Цэнтральнай Эўропы - ў забаўляльнай і тэхнічнай сфэрах. Грамадзяне Турэччыны, Індыі, Кітаю, Тайлянду ды краінаў Усходняй Азіі найчасьцей маюць работу, зьвязаную з дастаўкай.

Колькасьць самазанятых імігрантаў з краінаў, што не ўваходзяць у ЭЗ, за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў значна павялічылася. У параўнаньні з прадпрымальнікамі-тубыльцамі самазанятыя імігранты рэдка атрымліваюць фінансавую падтрымку ад грамадзтва і маюць меншы доступ да грашовых пазыкаў. Таму яны мусяць засноўваць свае прадпрыемствы ў галінах бізнэсу, ня вызваленых ад падаткаў, і іх прыватныя прадпрыемствы застаюцца невялікімі. Дух прадпрымальніцтва – не адзіная прычына выбару мігрантамі варыянту самазанятасьці. Іншыя прычыны – незадаволенасьць малааплочванай працай, расчараванасьць у выніку адсутнасьці магчымасьці дасягнуць падвышэньня на працы, спроба пазьбегнуць беспрацоўя ці дыскрымінацыі ў працаўладкаваньні. Да таго ж, структурныя зьмены ў эканоміцы шматлікіх (пост-) індустрыйных краінаў зьменшылі попыт на традыцыйныя прафэсіі “запрошаных работнікаў”. Да тыповых галінаў новага “этнічнага” бізнэсу належаць: дробны гандаль, рэстараны, прыборка, цырульні, аптовы гандаль, дробны гандаль (асабліва бакалейныя тавары), турызм і прамысловасьць. Сярод самазанятых імігрантаў пераважаюць людзі сярэдняга ўзросту і тыя, хто жыве ў краіне даволі працяглы тэрмін.

4) Пераходны пэрыяд (абмежаваньне на перасоўваньне працоўнай сілы з новых краінаў ЭЗ)

Палітыка пераходнага пэрыяду стасоўна свабоднага перасоўваньня працоўнай сілы была ўведзеная ў “старых” краінах-супольніцах ЭЗ (за выняткам Ірляндыі ды Швэцыі), каб абмежаваць прыезд работнікаў з новых краінаў ЭЗ. Канкрэтны тэрмін пераходнага пэрыяду застаецца няпэўным: ён можа быць падоўжаны ці скарочаны ў адпаведнасьці зь індывідуальнымі рашэньнямі краінаў. Варта зазначыць, што стасоўна свабоднага перасоўваньня капіталу ды тавараў падобныя абмежаваньні не былі прадугледжаныя.

Дыскусіі на гэты конт у Фінляндыі зьяўляюцца добрым прыкладам падобных дыскусіяў паўсюль ў Эўропе. Так, прафсаюзы адпачатку былі занепакоеныя тым, што ў выпадку масавай іміграцыі яны могуць згубіць кантроль над калектыўнымі працоўнымі дамовамі паміж арганізацыямі наймальнікаў і найманых. Таксама існаваў страх, што наймальнікі выкарыстаюць гэтую сітуацыю, каб панізіць узровень агульных ўмоваў працы. Аднак апошнім часам ў стаўленьні прафсаюзнага руху да мігрантаў адбыліся некаторыя зьмены. Колькі гадоў таму яны, напрыклад, апублікавалі дасьледаваньне, якое прагназавала надзвычай высокія лічбы магчымай міграцыі з Эстоніі. Гэтае перабольшаньне паўстала ў кантэксце “абароны” нацыянальнай працоўнай сілы. Сёньня прафсаюзы больш абачлівыя і падкрэсьліваюць, што ў іх няма праблем з працаўнікамі-замежнікамі: яны толькі імкнуцца ўпэўніцца, што тых не эксплюатуюць, і што ёсьць падставы спадзявацца на тое, што мігранты таксама заарганізуюцца ў прафсаюзы. Вынікам такой палітыкі можна ўважаць, да прыкладу, спробы прафсаюзу працаўнікоў сфэры паслугаў выпрацаваць больш дакладныя правілы ў кантэксце канцэпцыі часовай пасярэдніцкай працы.

Для наймальнікаў крытыка такога “пратэкцыянісцкага” стаўленьня прафсаюзаў дае магчымасьць набыць “талерантны” ці “ліберальны” імідж. Гэта спраўджваецца ў выпадку некаторых наймальнікаў, якія не падтрымліваюць палітыку пэрыяду пераходу перадусім з-за праблемаў у пошуку адпаведных працаўнікоў. Аднак для наймальнікаў наагул пераходны пэрыяд вельмі выгодны з-за многіх прычын.

Па-першае, у сфэры традыцыйнай прамысловай вытворчасьці новыя краіны-супольніцы ЭЗ могуць быць выкарыстаныя як “маленькі Кітай” Эўропы – месцы з малымі выдаткамі, куды можна перанесьці прамысловыя прадпрыемсты, і дзе становішча працаўнікоў з пункту гледжаньня працоўных дамоваў слабейшае. Пераходны пэрыяд – гэта мэтад, каб захаваць на нізкім узроўні заробкі ў новых краінах-супольніцах ЭЗ.

Па-другое, у межах тамтэйшага рынку працы гэтая сітуацыя можа быць выкарыстаная, каб пагоршыць агульныя ўмовы працы, напрыклад, пагражаючы перанесьці прамысловае прадпрыемства ў іншую краіну. І, па-трэцяе, нават калі наймальнікі ня могуць прымаць на працу працаўнікоў з новых краінаў-супольніц, ім ніхто не забараняе карыстацца паслугамі кампаніяў, якія рэкрутуюць працаўнікоў у гэтых краінах за вельмі нізкі кошт. У адпаведнасьці з заканадаўствам Фінляндыі, калектыўныя працоўныя дамовы дадзенага сэктару павінны выконвацца таксама ў выпадку часовай пасярэдніцкай працы, але, вядома, калі фінская кампанія “арэндуе” эстонскіх працаўнікоў у эстонскай кампаніі, надзвычай складана пракантраляваць выкананьне дамоваў, бо за заробкі працаўнікоў у гэтым выпадку адказвае эстонская кампанія. Сёньня за кантроль над выкананьнем калектыўнай дамовы нясуць адказнасьць фінскія ўрадоўцы. Новая ж дырэктыва Эўрапейскага Зьвязу стасоўна паслугаў (якая яшчэ не была ўхваленая) перадае гэтую адказнасьць Эстоніі. Фінскі прафсаюзны рух пратэстуе супраць гэтай зьмены.

Цяпер, калі мінула ўжо прыблізна два месяцы пераходнага пэрыяду, можна зрабіць некаторыя высновы аб фактычнай сытуацыі ў Фінляндыі. Як і меркавалася раней, на часовую пасярэдніцкую працу ў Фінляндыю прыязджаюць пераважна эстонцы. Сфэра іх працоўнай дзейнасьці – пераважна прыборка і будаўніцтва. Нізкі кошт іх працы на фінскім рынку працоўнай сілы быў неафіцыйна вызначаны фінскімі наймальнікамі. Яшчэ адзін значны момант – працоўнай дамовай прадугледжваецца вельмі малое і неабсталяванае жытло. Групы працаўнікоў, якія выконваюць часовую пасярэдніцкую працу, часьцей за ўсё вымушаныя жыць разам у адным памяшканьні, дзе ёсьць адно кінутыя на падлогу матрасы.

Грамадзкая думка ў новых краінах-супольніцах ЭЗ пазначаная нэгатыўным стаўленьнем да пэрыяду пераходу. Зазвычай лічыцца, што пэрыяд пераходу ёсьць парушэньнем правоў насельнікаў гэтых краінаў, як грамадзянаў Эўразьвязу. Аднак захады, прыманыя эўрапейскай супольнасьцю дзеля разьвязаньня праблемаў, якія ўскосна выкліканыя пэрыядам пераходу, падаюцца недастатковымі. То бок, калі мы згадаем пра нэалібэральную эканамічную палітыку ў Эстоніі, напрыклад, пра нізкі і не-прагрэсіўны падатак на прыбытак, як адну з прычынаў увядзеньня палітыкі пераходнага пэрыяду, то важна зазначыць, што, паводле нядаўняга канстытуцыйнага пагадненьня, краіны-ўдзельніцы надалей захаваюць сваю аўтаномію, што да вызначэньня памеру падаткаў, мінімальны ўзровень якіх таксама ня будзе прадпісаны. Больш за тое, тая самая Эстонія, да прыкладу, зацята супраціўляецца гарманізацыі сваёй падатковай палітыкі адпаведна з вышэйшым, эўрапейскім узроўнем.

5) Высновы і прапановы для дыскусіі

У гэтай прэзэнтацыі я падкрэсьліваю, што мігранты, па сутнасьці, зьяўляюцца працоўнай сілай. Нэгатыўны бок палягае ў тым, што такая сутнасьць самой зьявы міграцыі значыць, што мігранты – гэта тавар на рынку працы, і таму яны зьяўляюцца аб’ектамі эксплюатацыі. Аднак такая сутнасьць таксама значыць, што мігранты як сацыяльная група складаецца з сукупнасьці актыўных суб’ектаў, актыўных вытворцаў, якія будуюць новую рэальнасьць, новыя сацыяльныя фармацыі, суб’ектаў, якія маюць свае адмысловыя жаданьні. Вельмі важна падкрэсьліць гэты аспэкт: гаворка ідзе пра стваральную сутнасьць, а не пра зьневажальную сутнасьць ахвяраў ці аб’ектаў эксплюатацыі. Толькі тады, калі мы дасягнем разуменьня гэтай суб’ектнай сутнасьці, для нас стане магчымым зразумець мігрантаў як сацыяльны рух, а не як зьяву, падобную да сілаў прыроды (“хвалі міграцыі” і г. д.)


Яшчэ мне хацелася б адзначыць некаторыя небясьпечныя моманты, якім ёсьць месца ў дыскурсе, стасоўна ўзаемасувязі паміж працоўнай ды міграцыйнай палітыкамі:


а) Першая небясьпека ўласьцівая разуменьню мігрантаў як ахвяраў і аб’ектаў эксплюатацыі. Пакуль гэты погляд не пераадолены, да міграцыі ставяцца толькі як да “гуманітарнай” праблемы і спрабуюць яе разьвязаць у кірунку “дапамогі ахвярам эксплюатацыі”, а не праз падтрымку самаарганізацыі мігрантаў, якія змагаюцца за лепшую будучыню.

б) Па-другое, часта мы падкрэсьліваем надзвычайную пазітыўнасьць і стваральную сутнасьць перасоўваньня суб’ектаў, іх “качаваньне” (“намадызм”3) і “неўкаранёную свабоду”. Нават калі мы ставімся да аўтаномнага перасоўваньня як да спосабу кінуць выклік уладзе і кантролю, то і тады мы мусім быць асьцярожнымі, каб не зьвесьці разнастайныя досьведы, практыкі ды псыхічныя станы (такія, як адчай), зь якімі зьвязаныя міграцыйныя рухі, да ўзроўню абстрактнай фігуры “валацугі”.

в) Яшчэ адная небясьпека палягае ў тым, што мы падкрэсьліваем неабходнасьць прызнаньня права на свабоднае перасоўваньне для людзей, а ня толькі для капіталу і тавараў. Таму можа падацца, быццам бы праблема толькі ў тым, што рынкавы мэханізм ня ёсьць дасканалым. У адпаведнасьці з гэтым поглядам, свабоднае перасоўваньне людзей акурат удасканаліць рынкавы мэханізм і наагул ягоную тэндэнцыю да “лібэралізацыі”. Аднак мы павінны разумець, што дыскрымінацыя ня толькі не супярэчыць рынкаваму мэханізму, але, наадварот, ёсьць народжаная рынкавым мэханізмам. То бок, уладальнікам капіталу заўжды неабходна шукаць шляхі максымізацыі прыбытку, а эксплюатацыя неабароненых людзей – адзін з такіх шляхоў. “Свабодны рынак” – гэта не рашэньне.

г) Чацьвёртая небясьпека – гэта “легалізм”. Памылкова думаць, што, каб вырашыць праблемы ў гэтай сфэры, трэба толькі ўдасканаліць анты-дыскрымінацыйнае заканадаўства. Такое заканадаўства важнае, але яно не вырашае праблемы ў выпадку зь нелегальнымі імігрантамі, бо анты-дыскрымінацыйнае заканадаўства працуе выключна для грамадзянаў ці замежнікаў, якія маюць дазвол на пражываньне/працу. Дыскрымінацыйная сутнасьць міграцыйнай палітыкі працягвае існаваць нават у выпадку добрай анты-дыскрымінацыйнай палітыкі. Больш за тое, “легалізм” часцяком ня ўлічвае таго, што эксплюатацыя мігрантаў зьвязаная ня толькі з “расісцкім” стаўленьнем, але і з тым, што ёй належыць пэўная функцыя на рынку працы.

д) Пяты аспэкт палягае ў тым, што мы ніколі не павінны забывацца на тое, што пол асобы таксама ёсьць надзвычай важным чыньнікам у гэтым кантэксце. На жаль, гэтая прэзэнтацыя, у якой полавы аспэкт закранаўся толькі вельмі павярхоўна, зьяўляецца, у гэтым пляне, хутчэй адмоўным прыкладам. Прынамсі, праблемы, якія стаяць перад працаўнікамі-мігрантамі, такія, як нізкі заробак, брудныя ды небясьпечныя ўмовы працы, нетрывалае, прыстасавальнае становішча, невысокі ўзровень занятасьці - ствараюць для жанчын-мігрантак значна больш цяжкасьцяў.


пераклад з ангельскай Вольгі Мартыненкі


1 Enrica Rigo, Citizens and foreigners in the enlarged Europe. http://www.iue.it/LAW/Events/WSWorkshopNov2003/Rigo_paper.pdf

2 “MIGRANTS, MINORITIES AND EMPLOYMENT: EXCLUSION, DISCRIMINATION AND ANTI-DISCRIMINATION IN 15 MEMBER STATES OF THE EUROPEAN UNION”, http://eumc.eu.int/

3 то бок валацужніцтва, вандроўніцтва як лад жыцьця



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!